Езэкііля 13 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сын чалавечы, праракуй супраць прарокаў Ізраэля, праракуй і кажы тым, якія праракуюць ад сябе: “Слухайце слова Госпада.
сыне чалавечы! вымаві прароцтва на прарокаў Ізраілевых, якія прарочаць, і скажы прарокам ад свайго сэрца: слухайце слова Гасподняе!
Гэта кажа Госпад Бог:
Так кажа Гасподзь Бог: гора неразумным прарокам, якія водзяцца сваім духам, і нічога ня бачылі!
“Гора неразумным прарокам, якія ходзяць за сваім духам, а нічога не бачаць! Як лісы сярод руінаў, такімі сталі твае прарокі, Ізраэль!
Прарокі твае, Ізраіле, як лісы ў руінах.
Не ўзышлі вы ў выламы і не пабудавалі мур вакол дому Ізраэля, каб стаяць у баі ў дзень Госпадаў.
У праломіны вы не ўваходзіце і не агароджваеце сьцяною дому Ізраілевага, каб цьвёрда стаяць у бітве ў дзень Госпада.
Яны бачаць рэчы пустыя і праракуюць ілжыва, кажучы: “Кажа Госпад”, а Госпад не пасылаў іх; і яны чакаюць здзяйснення слова.
Яны бачаць пустое і наперад узьвяшчаюць ілжу, кажучы: «Гасподзь сказаў»; а Гасподзь не пасылаў іх; і абнадзейваюць, што слова спраўдзіцца.
Ці не мелі вы бачанне падманнае і ці не вясцілі вы прароцтва фальшывае, калі кажаце: “Кажа Госпад”, хаця Я не казаў гэтага?
Ці ня пустую ўяву бачылі вы? І ці ня ілжывае прадвесьце вымаўляеце, кажучы: «Гасподзь сказаў», а Я не казаў?
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што вы прадказвалі падманнае і мелі фальшывае бачанне, вось, таму Я супраць вас, — кажа Госпад Бог, —
Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы гаворыце пустое і бачыце ва ўявах ілжу, за гэта вось Я — на вас, кажа Гасподзь Бог.
і рука Мая будзе на прароках, якія бачаць рэчы падманныя і прадказваюць хлусліва: не будуць яны належаць да супольнасці народа Майго, і не будуць упісаныя ў лік пакаленняў Ізраэля, і не ўвойдуць у зямлю Ізраэля, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог.
І будзе рука Мая супроць гэтых прарокаў, якія бачаць пустое і наперад абвяшчаюць ілжу; на радзе народу Майго яны ня будуць і ў сьпіс дому Ізраілевага ня ўпішуцца, і ў зямлю Ізраілевую ня ўвойдуць; і ўведаеце, што Я — Гасподзь Бог.
За тое, што яны ўводзілі ў зман народ Мой, кажучы: “Супакой”, і гэта не супакой; і ён будаваў мур, а гэтыя тынкавалі яго.
За тое, што яны ўводзяць народ Мой у зман, кажучы: «мір», тым часам як міру няма; і калі ён будуе сьцяну, яны пэцкаюць яе брудам,
Скажы тым, якія яго тынкуюць, што разваліцца ён; бо пойдзе дождж праліўны, і пашлю Я град, што абрушыцца зверху, і раптоўны разбуральны вецер.
скажы тым, якія пэцкаюць сьцяну брудам, што яна ўпадзе. Пачнецца зьліва, і вы, каменныя градзіны, упадзяце, і бурлівы вецер парве яе.
І вось, мур развалены; ці вам не скажуць: “Дзе той тынк, якім вы тынкавалі?”»
І вось, абваліцца сьцяна; тады ці ня скажуць вам: «дзе тая абмазка, якою вы абмазвалі?»
Таму вось што кажа Госпад Бог: «І Я прывяду дух непагоды дзеля лютасці Маёй, і будзе праліўны дождж дзеля Майго абурэння, ды град дзеля гневу, каб усё знішчыць;
Таму так кажа Гасподзь Бог: Я пушчу бурлівы вецер у гневе Маім, і пачнецца зьліва ў лютасьці Маёй, і камяні граду ў абурэньні Маім, на вынішчэньне.
і Я выверну той мур, які вы атынкавалі, і зраўняю яго з зямлёй, і пакажацца яго падмурак, і ён заваліцца, а вы на ім загінеце. Тады даведаецеся, што Я — Госпад.
І разбуру сьцяну, якую вы пэцкалі брудам, абвалю яе на зямлю, і адкрыецца аснова яе, і ўпадзе, і вы разам зь ёю загінеце; і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
Я вылью гнеў Мой на мур і на тых, якія яго атынкавалі, і скажу вам: “Няма мура і няма тых, што яго атынкавалі,
І вычарпаю лютасьць Маю на сьцяне і на тых, што пэцкаюць яе брудам, і скажу вам: няма сьцяны, і няма тых, што пэцкаюць яе
прарокаў Ізраэля, якія прарочаць пра Ерузалім і бачаць дзеля яго бачанне міру, і няма міру”, — кажа Госпад Бог».
прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі Ерусаліму і абвяшчалі яму ўявы міру, тым часам як міру няма, кажа Гасподзь Бог.
І ты, сын чалавечы, звярні сваё аблічча на дачок народа свайго, якія ад свайго сэрца праракуюць, і ты праракуй супраць іх,
А ты, сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да дочак народу твайго, якія прарочаць ад уласнага сэрца свайго, і прамові на іх прароцтва,
і кажы: «Гэта кажа Госпад Бог: “Гора тым, што шыюць стужкі на ўсе перагібы рукі і робяць хусткі ўсякага кшталту на галаву, каб лавіць душы. Няўжо вы ловіце душы народа Майго і свае душы хочаце зберагчы пры жыцці?
і скажы: так кажа Гасподзь Бог: гора тым, якія шыюць чарадзейныя мяшэчкі пад пахі і робяць пакрывалы на галаву ўсякага росту, каб лавіць душы! Няўжо, ловячы душы народу Майго, вы ўратуеце вашыя душы?
І вы знеслаўляеце Мяне перад Маім народам за жменю ячменю і кавалак хлеба, забіваючы душы, якія не павінны памерці, і ашчаджаючы душы, якія не павінны жыць, калі падманваеце Мой народ, які верыць хлусні”».
І няславіце Мяне перад народам Маім за прыгаршчы ячменю і за кавалкі хлеба, усьмерчваючы душы, якія не павінны памерці, і пакідаючы жыцьцё душам, якія не павінны жыць, ашукваючы народ, які слухае ману.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «Вось, Я выступлю супраць стужак, якімі вы ловіце душы, як птушак, і пазрываю іх з рук вашых; і душы, якія вы захапілі, выпушчу на волю, як птушак,
Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на вашыя чарадзейныя мяшэчкі, якімі вы там ловіце душы, каб яны прыляталі, і вырву іх з-пад мышцаў вашых і пушчу на свабоду душы, якія вы ловіце, каб прыляталі да вас.
і паразрываю Я вашы хусткі, і вызвалю народ Мой з рук вашых, і больш не будзе ён здабычай у руках вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад.
І разьдзяру пакрывалы вашыя і выбаўлю народ Мой ад рук вашых і ня будуць ужо ў руках вашых здабычаю, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
За тое, што падманам засмуцілі вы сэрца справядлівага, якога Я не засмуціў, і ўмацавалі рукі бязбожніка, каб не сыходзіў ён са сваёй ліхой дарогі ды жыў,
За тое, што вы хлусьнёю засмучаеце сэрца праведніка, якое Я не захацеў засмучаць, і падтрымліваеце рукі беззаконьніка, каб ён ня збочыў з заганнага шляху свайго і не захаваў жыцьця свайго,
не будзеце больш мець бачанняў падманных, і Я вызвалю народ Мой з рук вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад».
за гэта ўжо ня будзеце мець пустых уяваў і наперад ня будзеце варажыць: і Я выбаўлю народ Мой ад рук вашых, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.