Езэкііля 31 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І ў адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
 
У адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца было мне слова Гасподняе:

«Сын чалавечы, скажы фараону, цару Егіпецкаму, ды ўсяму мноству яго: “Да каго падобным стаў ты ў сваёй вялікасці?
 
сыне чалавечы! скажы фараону, цару Егіпецкаму, і народу ягонаму: з кім ты раўняеш сябе ў велічы тваёй?

Вось, Асур, як кедр у Лібане, прыгожы галінамі, і густы лісцем, і гонкі вышынёю, і між хмар паднялася яго верхаліна;
 
Вось, Асур быў кедр на Ліване з прыгожымі галінамі і цяністаю лістотаю і высокі ростам: вяршаліна ягоная была сярод тоўстых сукоў.

воды вырасцілі яго, бяздонне ўзняло яго, рэчкі яго абцякалі кругом яго карані, ды ручаіны свае накіраваў да ўсіх дрэў палявых.
 
Воды гадавалі яго, бездань падымала яго, рэкі яе абмывалі гадавальнік ягоны, і яна пратокі свае пасылала да ўсіх дрэў польных.

Таму вышынёй перарос ён усе дрэвы палявыя, і павялічыліся яго галіны, і паднялося галлё яго дзеля мноства вады.
 
Таму вышыня яго перавысіла ўсе дрэвы польныя, і сукоў на ім было многа, і галіны яго памножыліся, і сукі яго рабіліся доўгімі ад мноства вады, калі ён разрастаўся.

І калі пашырыў ён цень свой, на галінах яго парабілі гнёзды ўсе птушкі паднебныя, і пад яго галінамі нарадзіліся ўсе звяры палявыя, і ў засені яго жыло ўсё мноства народаў.
 
На суках яго вілі гнёзды ўсякія птушкі нябесныя, пад галінамі яго выводзілі дзяцей ўсякія зьвяры польныя, і пад ценем яго жылі ўсякія шматлікія народы.

І быў ён вельмі прыгожы ў сваёй вялікасці і ў раскідзістасці галін сваіх, бо корань яго быў блізка да шчодрых водаў.
 
Ён красаваўся вышынёю свайго росту, даўжынёю галін сваіх, бо корань яго быў каля вялікіх водаў.

Кедры ў раі Бога не былі роўныя яму; елкі не маглі параўнацца з галінамі яго, і платаны не маглі параўнацца з галінамі яго; ніводнае дрэва ў раі Бога не было падобным да яго і прыгажосці яго.
 
Кедры ў садзе Божым ня засьцілі яго; кіпарысы не раўняліся з сукамі ягонымі, і каштаны ня былі велічынёю з галіны ягоныя, ніводнае дрэва ў садзе Божым не раўнялася зь ім прыгажосьцю сваёю.

Я аздобіў яго багаццем і шчодрасцю зелені, і зайздросцілі яму ўсе дрэвы Эдэна, якія былі ў раі Бога”.
 
Я ўпрыгожыў яго мноствам галін яго, так што ўсе дрэвы Эдэмскія ў садзе Божым зайздросьцілі яму.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ён так высока вырас, і верхавіну сваю падняў аж да хмар, і сэрца яго ўбілася ў пыху з прычыны сваёй вялікасці,
 
Таму так сказаў Гасподзь Бог: за тое, што ты высокі зрабіўся ростам і вяршаліну сваю выставіў сярод тоўстых сукоў, і сэрца ягонае заганарылася веліччу яго,

дзеля таго Я аддам яго ў рукі магутнага кіраўніка народаў, каб, учыняючы, учыніў яму: адпаведна яго бязбожнасці знішчыў Я яго.
 
за тое Я аддаў яго ў рукі валадару народаў; ён зрабіў зь ім, як трэба: за пахібнасьць яго Я адкінуў яго.

І чужынцы, найгоршыя з народаў, ссякуць яго; і кінуць яго на горы, і на ўсе лагчыны пападаюць яго галіны, і дрэвы яго паламаюцца ва ўсіх ямах зямлі, і з-пад засені яго паадступаюцца ўсе народы зямлі і пакінуць яго.
 
І сьсеклі яго чужаземцы, самыя лютыя з народаў, і скінулі яго на горы: і на ўсе даліны ўпалі галіны яго; і сукі яго паламаліся на ўсіх лагчынах зямлі, і з-пад ценю яго сышлі ўсе народы зямлі і пакінулі яго.

На руінах яго будуць жыць усе птушкі паднебныя і між яго галінамі — усе звяры палявыя,
 
На руінах яго пасяліліся ўсякія птушкі нябесныя, і ў суках былі ўсякія польныя зьвяры.

каб ніводнае дрэва над водамі не падымалася ў вышыні сваёй і не падымала сваёй верхавіны пад хмары, і каб нішто, што бярэ сваю моц з вады, не стаяла ля іх у сваёй вышыні, бо ўсе яны аддадзены смерці ў краіне падземнай, сярод людзей, сярод тых, хто сыходзіць у магілу”.
 
Гэта на тое, каб ніякія дрэвы каля водаў ня пышаліся высокім ростам сваім і не падымалі вяршалін сваіх спасярод тоўстых сукоў, і каб не ляпіліся да іх праз вышыню іх дрэвы, якія п’юць ваду, бо ўсе яны будуць аддадзены сьмерці, у апраметную краіну разам з сынамі чалавечымі, што сышлі ў магілу.

Гэта кажа Госпад Бог: “У дзень, у які ён сышоў да памерлых, учыніў Я стагнанне, зачыніў над ім бездань, і стрымаў рэкі яго, і затрымаў воды вялікія; дзеля яго Я засмуціў Лібан ды ўсе палявыя дрэвы былі ўстрывожаны.
 
Так кажа Гасподзь Бог у той дзень, калі ён сышоў у магілу, Я ўчыніў бедаваньне па ім, загаварыў дзеля яго бездань і спыніў рэкі яе, і затрымаў вялікія воды і запамрочыў па ім Ліван, і ўсе дрэвы польныя былі ў маркоце па ім.

Грукатам яго падзення Я ўстрывожыў народы, калі ўвёў яго ў пекла з тымі, што сыходзілі ў магілу; і ўсцешыліся ў падземнай краіне ўсе дрэвы Эдэнскія, прыгожыя і пышныя дрэвы Лібана, усе, што шчодра арашаюцца водамі.
 
Шумам падзеньня яго Я прывёў у трымценьне народы, калі зьвёў яго ў апраметную, да тых, што адышлі ў магілу, і ўзрадаваліся ў апраметнай краіне ўсе дрэвы Эдэма, адметныя і самыя лепшыя ў Ліване, якія ўсе п’юць ваду;

Бо і яны сышлі з ім у апраметную да забітых мечам і паплечнікаў яго, што сядзелі ў засені яго між народамі.
 
бо і яны зь ім адышлі ў апраметную да пабітых мечам, і супольнікі ягоныя, што жылі пад ягоным ценем, сярод народаў.

Да якога дрэва Эдэнскага падобны ты, слаўны і высокі? І вось, кінуты ты з дрэвамі Эдэнскімі ў краіну падземную; між неабрэзаных ляжыш, з тымі, што загінулі ад меча. Гэта фараон і ўсё мноства яго,” — кажа Госпад Бог».
 
Дык вось, зь якім дрэвам Эдэмскім раўняўся ты ў славе і велічы? Але цяпер нароўні з дрэвамі Эдэмскімі ты будзеш зьведзены ў апраметную, будзеш ляжаць сярод неабрэзаных, з пабітымі мечам. Гэта фараон і ўсё мноства народу яго, кажа Гасподзь Бог.