Езэкііля 31 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася адзінанцатага году, трэйцяга месяца, першага дня месяца, што было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
У адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца было мне слова Гасподняе:
«Сыну людзкі! гукай фараону, каралю Ягіпецкаму, і множасьці ягонай: "Да каго ты раўнуешся вяліччам сваім?
сыне чалавечы! скажы фараону, цару Егіпецкаму, і народу ягонаму: з кім ты раўняеш сябе ў велічы тваёй?
Вось, Асур — кедра на Лібане з харошымі галузамі і зь лесавым сьценям, гонкі, з галавою меж булакоў.
Вось, Асур быў кедр на Ліване з прыгожымі галінамі і цяністаю лістотаю і высокі ростам: вяршаліна ягоная была сярод тоўстых сукоў.
Воды вырасьцілі яго, глеба падыймала яго на вышыню рэкамі сваімі, што цякуць навокал месца росту яго, і пасылала цуркі свае да ўсіх палявых дзерваў.
Воды гадавалі яго, бездань падымала яго, рэкі яе абмывалі гадавальнік ягоны, і яна пратокі свае пасылала да ўсіх дрэў польных.
Затым вышыня ягоная перайшла ўсі палявыя дзервы, і памножылася сучча ягонае, і гольле стала даўгое ад множасьці водаў, як яно разрасталася.
Таму вышыня яго перавысіла ўсе дрэвы польныя, і сукоў на ім было многа, і галіны яго памножыліся, і сукі яго рабіліся доўгімі ад мноства вады, калі ён разрастаўся.
На суччу ягоным усі птушкі нябёсныя мелі гнезды свае, і пад гольлям ягоным усі зьвяры палявыя прыводзілі дзеці свае, і пад сьценям ягоным жылі ўсі вялікія народы.
На суках яго вілі гнёзды ўсякія птушкі нябесныя, пад галінамі яго выводзілі дзяцей ўсякія зьвяры польныя, і пад ценем яго жылі ўсякія шматлікія народы.
Затым ён быў харошы велічынёю сваёю й даўжынёю гольля свайго, бо карэнь яго быў ля вялікіх водаў.
Ён красаваўся вышынёю свайго росту, даўжынёю галін сваіх, бо корань яго быў каля вялікіх водаў.
Кедры не закрывалі яго ў садзе Божым, кіпрысы не раўнаваліся да галузаў ягоных, і ніякія кіпрысы ў садзе Божым ня былі падобныя да яго харашынёю сваёю.
Кедры ў садзе Божым ня засьцілі яго; кіпарысы не раўняліся з сукамі ягонымі, і каштаны ня былі велічынёю з галіны ягоныя, ніводнае дрэва ў садзе Божым не раўнялася зь ім прыгажосьцю сваёю.
Харошым ўчыніў Я яго множасьцяй гольля ягонага, і завідавалі яму ўсі дзервы едэнскія, што былі ў садзе Божым.
Я ўпрыгожыў яго мноствам галін яго, так што ўсе дрэвы Эдэмскія ў садзе Божым зайздросьцілі яму.
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што ён узьняўся высака, нясучы верх свой да булакоў, і ўзьнялося сэрца ягонае з вышыні свае,
Таму так сказаў Гасподзь Бог: за тое, што ты высокі зрабіўся ростам і вяршаліну сваю выставіў сярод тоўстых сукоў, і сэрца ягонае заганарылася веліччу яго,
За тое Я аддаў яго ў руку дужога з народаў, каторы напэўна, абыйдзецца зь ім подле нягоднасьці ягонае; Я Сам выжану яго.
за тое Я аддаў яго ў рукі валадару народаў; ён зрабіў зь ім, як трэба: за пахібнасьць яго Я адкінуў яго.
І чужаземцы, найстрашнейшыя з народаў, сьсякуць яго й кінуць яго; на горы й на ўсі даліны зваліцца гольле ягонае, і сучча ягонае будзе ламіцца ля ўсіх цур’ёў зямлі, і адыймуць з пад сьценя ягонага ўсі люды зямлі, і пакінуць яго.
І сьсеклі яго чужаземцы, самыя лютыя з народаў, і скінулі яго на горы: і на ўсе даліны ўпалі галіны яго; і сукі яго паламаліся на ўсіх лагчынах зямлі, і з-пад ценю яго сышлі ўсе народы зямлі і пакінулі яго.
На ім упалым будуць жыць усі птушкі нябёсныя, і меж гольля ягонага будуць усі зьвяры палявыя.
На руінах яго пасяліліся ўсякія птушкі нябесныя, і ў суках былі ўсякія польныя зьвяры.
На тое, каб ніякія дзервы ля вады не вяльмуваліся з прычыны вышыні свае й не падыймалі галоваў сваіх да меж булакоў, і вадой жывеныя дзервы не паказавалі вышыні свае; бо ўсі адданы на сьмерць, да дольніх часьцяў зямлі, сярод сыноў людзкіх, з тымі, што адышлі ў яму’.
Гэта на тое, каб ніякія дрэвы каля водаў ня пышаліся высокім ростам сваім і не падымалі вяршалін сваіх спасярод тоўстых сукоў, і каб не ляпіліся да іх праз вышыню іх дрэвы, якія п’юць ваду, бо ўсе яны будуць аддадзены сьмерці, у апраметную краіну разам з сынамі чалавечымі, што сышлі ў магілу.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Таго дня, калі ён зышоў да гробу, Я прычыніў жалобу па ім, зачыніў з прычыны яго бяздоньне, задзяржаў цуркі ягоныя, і вялікія воды былі запынены, і прычыніў, што зацьмеў па ім Лібан, і ўсі дзервы палявыя замлелі з прычыны яго.
Так кажа Гасподзь Бог у той дзень, калі ён сышоў у магілу, Я ўчыніў бедаваньне па ім, загаварыў дзеля яго бездань і спыніў рэкі яе, і затрымаў вялікія воды і запамрочыў па ім Ліван, і ўсе дрэвы польныя былі ў маркоце па ім.
Я ўчыніў, што народы задрыжаць на грукат паду ягонага, як зьвяду яго да шэолю з тымі, што зышлі ў яму, і пацешацца ў дольніх часьцях зямлі ўсі дзервы едэнскія, выборныя а найлепшыя лібанскія, усі, што п’юць ваду;
Шумам падзеньня яго Я прывёў у трымценьне народы, калі зьвёў яго ў апраметную, да тых, што адышлі ў магілу, і ўзрадаваліся ў апраметнай краіне ўсе дрэвы Эдэма, адметныя і самыя лепшыя ў Ліване, якія ўсе п’юць ваду;
Яны таксама зышлі да шэолю зь ім, да забітых мячом, і тыя, што былі плячом ягоным, жылі пад сьценям ягоным сярод народаў.
бо і яны зь ім адышлі ў апраметную да пабітых мечам, і супольнікі ягоныя, што жылі пад ягоным ценем, сярод народаў.
Да каго меж дзерваў едэнскіх ты падобны славаю а вяліччам? ты, адылі, зьведзены зь дзервамі едэнскімі да дольніх часьцяў зямлі, ты ляжаш сярод неабрэзаных із забітымі мячом. Гэта фараон а ўся множасьць яго’", — агалашае Спадар СПАДАР».
Дык вось, зь якім дрэвам Эдэмскім раўняўся ты ў славе і велічы? Але цяпер нароўні з дрэвамі Эдэмскімі ты будзеш зьведзены ў апраметную, будзеш ляжаць сярод неабрэзаных, з пабітымі мечам. Гэта фараон і ўсё мноства народу яго, кажа Гасподзь Бог.