Езэкііля 21 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«Сыну людзкі, зьвярні від свой да Ерузаліму й кажы празь сьвятыя месцы, і праракай празь зямлю Ізраеляву,
 
сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да Ерусаліма і вымаві слова на сьвятыні і мові прароцтва на зямлю Ізраілевую

І скажы зямлі Ізраелявай: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Гля, Я на цябе, і агалю меч Свой із похвы яго, і адатну ад цябе справядлівага й нягоднага.
 
і скажы зямлі Ерусалімавай: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на цябе, і дастану меч Мой з похваў яго і зьнішчу ў цябе праведнага і бязбожнага.

Дык затым, што Я адатну ад цябе справядлівага й нягоднага, дзеля таго меч Мой выйдзе з похвы яго на кажнае цела ад паўдня аж да поўначы.
 
А каб зьнішчыць у цябе праведнага і бязбожнага, меч мой з похваў сваіх пойдзе на ўсякую плоць ад поўдня да поўначы.

І кажнае цела даведаецца, што Я, СПАДАР, агаліў меч свой з похвы яго, ён ня зьвернецца ўжо’".
 
І ўведае ўсякая плоць, што Я, Гасподзь, дастаў меч Мой з похваў яго, і ён ужо ня вернецца.

І ты, сыну людзкі, уздыхай ломячы рукі, і ў гарчэлі ўздыхай перад ачыма іхнымі.
 
А ты, сыне чалавечы, стагні, ламаючы сьцёгны твае, і ў гароце стагні на вачах у іх.

І будзе, як яны скажуць табе: "Чаму ты ўздыхаеш?" то скажы: "Ад ведамкі, бо яна прыходзе, і кажнае сэрца растае, і ўсі рукі скволеюць, і кажны дух зьнемарасьціцца, і ўсі калені зацякуць вадою. Гля, яна прыходзе й станецца", — агалашае Спадар СПАДАР».
 
І калі скажуць табе: «чаго ты стогнеш?», скажы: «ад чуткі, што ідзе», — і растане любое сэрца, і ўсе рукі апусьцяцца, і ўсякі дух зьняможацца, і ўсе калені задрыжаць, як вада. Вось гэта прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог.

І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«Сыну людзкі, праракай а кажы: "Гэтак кажа СПАДАР", кажы: "Меч, меч найстраны а выпаліраваны:
 
сыне чалавечы! мові прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: скажы: меч, меч навостраны і вычышчаны;

Найстраны, каб добра цяў, і паліраваны, каб блішчэў". Дык ці можаш цешыцца, што прут сына Майго грэбуе кажным дзервам?
 
навостраны, каб болей калоць; вычышчаны, каб зьзяў, як маланка. Ці радавацца нам, што жазло сына Майго пагарджае ўсякім дрэвам?

І даў паліраваць яго, каб можна было няць даланёю; гэты меч найстраны а паліраваны, каб даць яго ў руку ўбіўцы.
 
Я даў яго вычысьціць, каб узяць у руку; ужо навостраны гэты меч і вычышчаны, каб аддаць яго ў рукі забойцу.

Галасі а вый, сыну людзкі, бо ён будзе на люд Мой, на ўсіх князёў Ізраелявых: яны даны пад меч зь людам Маім; дык бі сябе па лядзьвях.
 
Стагні і галасі, сыне чалавечы, бо ён — на народ Мой, на ўсіх князёў Ізраіля: яны аддадзены будуць пад меч з народам Маім; таму бі сябе па сьцёгнах.

Бо гэта спроба; і што калі нават ськіпетра пагрэбаваны — гэтак ня будзе, — агалашае Спадар СПАДАР.
 
Бо ён ужо выпрабаваны. І што, калі ён пагарджае і жазло? гэта ня выстаіць, кажа Гасподзь Бог.

Дык ты, сыну людзкі, праракай і плясьні ў ладкі, і няхай меч падвоіцца, патроіцца, меч забіваньня, меч вялікага забіваньня, каторы ўходзе ў патайныя пакоі іхныя.
 
А ты, сыне чалавечы, прароч і пляскай у ладкі, — і падвоіцца меч і патроіцца: меч на забіваных, меч на забіваньне вялікага, які пранікае ўсярэдзіну жытла іхняга.

Я пастанаўлю бліскучы меч, каб сэрца замлела і спатыкненьня памножыліся ля ўсіх брамаў іхных; Я дам лязо мяча, ах, зробленае бліскучым і найстранае на забіваньне.
 
Каб расталі сэрцы і каб забітых было болей, Я каля ўсіх варотаў іхніх пастаўлю грозны меч, ах! бліскучы, як маланка, навостраны на закол.

Задзіночся направа альбо зьвярніся налева, куды від твой уцемлены.
 
Зьбярыся і ідзі направа альбо ідзі налева, куды б ні павярнулася аблічча тваё.

Я таксама плясну ў ладкі й спаганю палкі гнеў Свой; Я, СПАДАР, сказаў».
 
І Я буду пляскаць у далоні і спатолю гнеў Мой; Я, Гасподзь, сказаў.

І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«Таксама ты, сыну людзкі, прызнач сабе дзьве дарогі, каторымі мае прыйсьці меч караля Бабілёнскага; із аднае зямлі абедзьве выйдуць; нарысуй месца, нарысуй на пачатку дарогі да места.
 
і ты, сыне чалавечы, уяві сабе дзьве дарогі, па якіх мае ісьці меч цара Вавілонскага, — абедзьве яны павінны выходзіць з адной зямлі, — і накрэсьлі руку, накрэсьлі на пачатку дарог у гарады.

Прызнач дарогу, каторай мае прыйсьці меч да Раўвы Амонскае а да Юдэі, да ўмацаванага Ерузаліму;
 
Уяві сабе дарогу, па якой меч ішоў бы ў Раву сыноў Амонавых і ў Юдэю, ва ўмацаваны Ерусалім,

Бо адзяржаўся кароль Бабілёнскі на ростанях на пачатку дзьвюх дарог, дзеля варажбы: зрабіў стрэлы бліскучымі, трасець, радзіцца ў тэрафіма, разглядае печані.
 
бо цар Вавілонскі спыніўся на ростані, на пачатку дзьвюх дарог, для варажбы: трасе стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў, разглядвае печань.

У правую руку ягоную пала жэрабя варажбітова на Ерузалім, каб выставіць тараны, адчыніць вусны на ўбіўства, узьняць галосную крыкню, прызначыць тараны супроці брамаў, насыпаць вал, збудаваць абложныя вежы.
 
У правай руцэ ў яго варажба: «у Ерусалім», дзе трэба паставіць тараны, разамкнуць на пабоішча вусны, узьнесьці голас на ваенны крык, падвесьці тараны пад брамы, насыпаць вал, пабудаваць абложныя вежы.

І гэта ў вачох іхных будзе ім як хвальшывая варажба, бо ўрочыстая прысяга ў іх, але ён прыпомне бяспраўе, каб яны былі ўзяты.
 
Гэтая варажба здалася іхнім вачам ілжывай; але як што яны прысягалі прысягаю, дык ён, згадаўшы такое іхняе вераломства, пастанавіў узяць яго.

Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Як вы напомнелі бяспраўе свае, чым адкрылі выступы свае, каб паказаць грахі свае ў вусіх учынках вашых; як вы напомнелі, вы будзеце ўзяты рукою.
 
Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы самі ўзгадваеце беззаконьне вашае, робячы яўнымі злачынствы вашыя, выстаўляючы напаказ грахі вашыя ва ўсіх учынках вашых, і самі ўзгадваеце гэта, дык вы будзеце ўзяты рукамі.

І ты, збудзенены, нягодны княжа Ізраельскі, чый дзень прышоў, як бяспраўя канец!"
 
І ты, нягодны, злачынны правадыр Ізраіля, дзень якога настаў цяпер, калі грахоўнасьці ягонай будзе пакладзены канец!

Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Здыймі й падыймі карону, яна ня будзе такой: нізкое павышыцца, а высокае паніжыцца.
 
так кажа Гасподзь Бог: здымі зь сябе дыядэму і складзі вянок: гэтага ўжо ня будзе: прыніжанае ўзвысіцца і высокае прынізіцца.

У разьвярненьні, разьвярненьні, разьвярненьні Я абярну яго, і наперад яго ня будзе, пакуль ня прыйдзе Тый, Каторага права гэта, і Я аддам яго Яму".
 
Скіну, скіну, скіну, — і яго ня будзе, пакуль ня прыйдзе Той, Каму належыць ён, і Я дам Яму.

І ты, сыну людзкі, праракай і скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР праз сыноў Амонавых і празь вярненьне іх", і скажы: "Меч, меч аголены на сьцяцьце, паліраваны, каб жэр, каб зіхцеў, як маланка.
 
І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог пра сыноў Амонавых і пра паглумленьне іхняе, і скажы: меч, меч аголены на закол, вычышчаны на зьнішчэньне, каб зьзяў, як маланка,

Бачаць марнасьць табе, варожаць ману табе, каб палажыў цябе на шыі забітых нягоднікаў, каторых дзень прышоў, як бяспраўю іхнаму канец.
 
каб тады, калі паказваюць табе пустыя ўявы і ілжыва варожаць табе, і цябе прыклаў да абезгалоўленых бязбожнікам, дзень якіх настаў, калі бязбожнасьці іхняй будзе пакладзены канец.

Ці Я маю зьвярнуць у похву яго? Я буду судзіць цябе на месцу, ідзе ты быў створаны, у зямлі нараджэньня твайго.
 
Ці верне яго ў похвы ягоныя? На месцы, дзе ты створаны, на зямлі паходжаньня твайго судзіцьму цябе:

І выльлю на цябе абурэньне Свае, цяплом гневу Свайго дыхну на цябе і аддам цябе ў руку неразумных, людзёў — майстроў губеньня.
 
і вылью на цябе абурэньне Маё, дыхну на цябе агнём лютасьці Маёй і аддам цябе ў рукі людзей разьюшаных, спрактыкаваных у забойстве.

Ты будзеш палівам цяплу; кроў твая будзе ў зямлі; ня будуць успамінаць цябе, бо Я, СПАДАР, казаў"».
 
Ты будзеш ежаю агню, кроў твая застанецца на зямлі; ня будуць і згадваць пра цябе; бо Я, Гасподзь, сказаў гэта.