Езэкііля 16 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І было да мяне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«Сыну людзкі! паведамі Ерузаліму агіды яго
 
сыне чалавечы! выкажы Ерусаліму гідоты ягоныя

Й скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР Ерузаліму: ’Паходжаньне твае а нараджэньне твае ад зямлі Канаанскае; айцец твой Аморэй, і маці твая Гэцічанка.
 
і скажы: так кажа Гасподзь Бог дачцэ Ерусаліма: твой корань і твая радзіма — у зямлі Ханаанскай; бацька твой — Амарэй, і маці твая — Хэтэянка;

І што да нараджэньня твайго: як ты нарадзілася, пупа твайго не абразалі й не абмылі цябе вадою, каб ачысьціць, ты ані ня была абсыпана сольлю й ані ня была спавіта.
 
пры нараджэньні тваім — у дзень, калі ты нарадзілася, — пупа твайго не адрэзалі, і вадою ты ня была абмыта дзеля ачышчэньня і сольлю ня была асолена і пялюшкамі не спавіта.

Нічые вока ня зжалілася над табою, каб зрабіць табе што-колечы з гэтых, мець міласэрдзе над табою; але, у дзень нараджэньня свайго, была выкінена на чыстае поле з прычыны агіднасьці свае.
 
Нічыё вока не ўмілажалілася зь цябе, каб зь літасьці да цябе зрабіць табе што-небудзь з гэтага; але ты выкінута была на поле, паводле пагарды да жыцьця твайго, у дзень нараджэньня твайго.

І як Я праходзіў ля цябе, і бачыў, што ты качалася ў крыві сваёй, і сказаў табе: "У крыві сваёй жыві". І сказаў табе: "У крыві сваёй жыві".
 
І праходзіў Я міма цябе і ўгледзеў цябе, кінутую на патаптаньне ў крыві тваёй, і сказаў табе: «у крыві тваёй жыві!» Так Я сказаў табе: «у крыві тваёй жыві!»

Я памножыў цябе, як расьліну палявую; ты вырасла высокая й дужая, і стала прыборам над прыборамі, разьвіліся пелькі і вырасьлі валасы; заставалася ты, адылі, не накрыўшыся а голая.
 
Памножыў цябе як польныя расьліны; ты вырасла і зрабілася вялікая, і дасягнула найвыдатнейшай прыгажосьці; падняліся грудзі, і валасы ў цябе вырасьлі; але ты была голая і ненакрытая.

І як Я праходзіў ля цябе й абачыў цябе, вось, пара твая — пара каханьня; і Я расьцягнуў крысо Свае на цябе, і накрыў голасьць тваю; і Я прысягнуў табе і ўступіў у змову з табою, — агалашае Спадар СПАДАР, — і ты стала Маёй.
 
І праходзіў Я міма цябе, і вось, гэта быў час твой, час любові; і раскінуў Я раскрыльле шатаў Маіх на цябе і накрыў галізну тваю; і прысягнуў табе і ўступіў у спрымірэнства з табою, кажа Гасподзь Бог, — і ты стала Маёю.

І абмыў цябе вадою, і змыў зь цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеям;
 
Абмыў Я цябе вадою і змыў зь цябе кроў тваю і памазаў цябе алеем.

Я адзеў цябе вышыванаю адзежаю, і абуў барсуковаю скураю, і паперазаў цябе цянюсенькім палатном, і накрыў цябе шоўкам;
 
І надзеў на цябе ўзорыстую сукенку і абуў цябе ў саф’янавыя сандалі, і аперазаў цябе вісонам і накрыў цябе шаўковым пакрывалам.

І прыбраў цябе прыборамі, і ўзлажыў бружлеты на рукі твае і ланцужок на шыю тваю;
 
І ўбраў цябе ў строі і паклаў на рукі твае запясьці і на шыю тваю — пацеркі.

І зацягнуў жуковіну ў нос твой і завушніцы — у вушы твае, і ўзлажыў пазорную карону на галаву тваю.
 
І даў табе колца на твой нос і завушніцы — да вушэй тваіх і на галаву тваю — цудоўны вянок.

Гэтак ты прыбіралася золатам а срэбрам, і адзецьце твае зь цянюсенькага палатна а шоўку а вышываных тканінаў; жывілася ты пшоннаю мукою а мёдам а алеям, і была надзвычайнага пазору, і мела дасьпех у каралеўстве.
 
Так упрыгожвалася ты золатам і срэбрам, і вопратка твая была вісон і шоўк і ўзорыстая тканіна; кармілася ты хлебам з найлепшай пшанічнай мукі, мёдам і алеем, і была вельмі-вельмі прыгожая і дасягнула царскай велічы.

І слава твая разышлася меж народаў з прычыны харашыні твае, бо яна была дасканальная ад пазору Майго, каторы Я ўзлажыў на цябе, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
І пранеслася па народах слава твая дзеля прыгажосьці тваёй, бо яна была цалкам дасканалая пры тых цудоўных строях, якія Я ўсклаў на цябе, кажа Гасподзь Бог.

Але ты паспадзявалася на харашыню сваю й бязуліла, карыстаючыся із славы свае, і вылівала бязулства свае на кажнага праходзячага міма, ягонаю ты была.
 
Але ты паспадзявалася на прыгажосьць тваю і, карыстаючыся славаю тваёю, пачала блудадзейнічаць і накідала блудадзейства тваё на кожнага, хто праходзіў міма, аддаючыся яму.

І брала з адзецьцяў сваіх, і зрабіла калярыстыя ўзвышшы сабе, і бязуліла на іх, як ніколі ня бывала й ня мела быць.
 
І ўзяла з вопраткі тваёй і зрабіла сабе каляровыя ўзвышэньні і блудадзеяла на іх, як ніколі ня здарыцца і ня будзе.

І ўзяла харошыя прыборы свае із золата Майго а із срэбра Майго, што Я даў табе, і зрабіла сабе абразы мужчынаў, і бязуліла зь імі.
 
І ўзяла строевыя твае рэчы з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе мужчынскія выявы і блудадзейнічала зь імі.

І ўзяла вышываныя адзецьці, і накрыла іх, алей Мой а кадзіла Мае клала перад імі.
 
І ўзяла ўзорыстыя сукенкі твае і апранула іх у іх, і ставіла перад імі алей Мой і фіміям Мой,

І еміну Маю, што Я даваў табе, пшонную муку а алей а мёд, каторымі Я жывіў цябе, ты клала перад імі на прыемны пах; і гэтак яно было, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
і хлеб Мой, які Я даваў табе, пшанічную муку і алей і мёд, якімі Я карміў цябе, ты ставіла перад імі ў прыемныя пахошчы; і гэта было, кажа Гасподзь Бог.

Адлі ўзяла сыноў сваіх а дачкі свае, каторых ты нарадзіла Імне, і абракла іх пажэрці. Ці мала бязулства твайго?
 
І ўзяла сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх ты нарадзіла Мне, і прыносіла ў ахвяру, каб яны іх зьелі. Ці мала было табе блудадзейнічаць?

Ты рэзала й дзеці Мае й давала іх праводзіць перазь цяпло да іх?
 
Але ты і сыноў Маіх заколвала і аддавала ім, праводзячы іх праз агонь.

І ў вусіх агідах сваіх а бязулствах сваіх ты ня ўспомнела дзён маладосьці свае, як ты была ненакрыўшыся а голая, качалася ў крыві сваёй.
 
І пры ўсіх тваіх гідотах і блудадзействах тваіх ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй, калі ты была голая і ненакрытая і кінутая ў крыві тваёй на патаптаньне.

І сталася просьле ўсяе нягоднасьці твае ("Авохці, авохці табе", — агалашае Спадар СПАДАР),
 
І пасьля ўсіх зладзействаў тваіх, — гора, гора табе! кажа Гасподзь Бог,

Што ты ўладзіла сабе бязульны дом, і зрабіла сабе ўзвышша на кажнай вуліцы,
 
ты збудавала сабе блудзільні і нарабіла сабе ўзвышэньняў на кожнай плошчы;

І на ростанях кажнае дарогі зрабіла сабе ўзвышша, і зрабіла харашыню сваю абрыдлаю, і расклала ногі свае кажнаму праходзячаму, і памножыла бязулствы свае;
 
на пачатку кожнай дарогі нарабіла сабе ўзвышэньняў, ганьбіла прыгажосьць тваю і раскідвала ногі твае кожнаму, хто праходзіў міма, і памножыла блудадзействы твае.

І бязуліла зь Ягіпцянамі, суседзямі сваімі вялікага цела, і памножыла бязулства, каб гнявіць Мяне.
 
Блудадзеяла з сынамі Егіпта — суседзямі тваімі, людзьмі рослымі — і памножыла блудадзействы твае, гневаючы Мяне.

Вось, Я выцягну руку Сваю на цябе, і паменшу прызначанае табе, і аддам цябе на самадыю тым, што ненавідзяць цябе, дачкам Пілісцкім, што засаромлены за бессаромную дарогу тваю.
 
І вось, Я працягнуў на цябе руку Маю і паменшыў назначанае табе і аддаў цябе сваволі дачок Філістымскіх, якія ненавідзяць цябе і пасаромеліся саромных паводзінаў тваіх.

Ты бязуліла таксама із сынамі Асуру з прычыны нянасыці свае; але, ты бязуліла зь імі, і не насыцілася;
 
І блудадзеяла ты з сынамі Асура — і не насыцілася, блудадзеяла зь імі, але тым не задаволілася;

Адлі памножыла бязулства свае ў зямлі Канаанскай аж да Хальдэі, і таксама гэтым не насыцілася’"».
 
і памножыла блудадзействы твае ў зямлі Ханаанскай да Халдэі, але і там не задаволілася.

«Якое кволае сэрца твае, — агалашае Спадар СПАДАР, — бачачы, што ты рабіла ўсе гэта, работу пануючае бязульнае жонкі.
 
Як стомлена павінна быць сэрца тваё, кажа Гасподзь Бог, калі ты ўсё гэта рабіла, бы неакілзаная блудадзейка!

Як ты снудзіла бязульныя дамы свае на ростанях кажнае дарогі і рабіла ўзвышшы свае на кажнай вуліцы, то ты ня была, як бязуля, бо грэбавала заплатаю,
 
Калі ты будавала сабе блудзільні на пачатку кожнай дарогі і рабіла сабе ўзвышэньні на кожнай плошчы, ты была не як блудадзейка, бо ты адхіляла дарункі,

Але як жонка чужаложніца, што бярэць чужых замест мужа свайго.
 
а як жанчына-пералюбніца, якая прымае замест свайго мужа чужых.

Усім бязулям даюць падаркі, але ты даеш падаркі ўсім палюбоўнікам сваім і даеш лапаны ім, каб яны зусуль прыходзілі да цябе на бязулства твае.
 
Усім блудадзейкам даюць дарункі, а ты сама давала дарункі ўсім палюбоўнікам тваім і падкупляла іх, каб яны з усіх бакоў прыходзілі да цябе блудадзеяць з табою.

І ў бязулстве тваім ё наадварот у цябе супроці жанок, бо ня гналіся за табою дзеля бязулства, у бязулстве сваім плаціла ты, прымеж тога ніхто не плаціў табе; значыцца, было наадварот».
 
У цябе ў блудадзействах тваіх было супраціўнае таму, што бывае з жанчынамі: не за табою ганяліся, а ты давала дарункі, а табе не давалі дарункаў; і таму ты рабіла супраціўна іншым.

Затым, бязуля, слухай слова СПАДАРОВА:
 
Таму паслухай, блудадзейка, слова Гасподняе!

Гэтак Спадар СПАДАР: «За тое, што нечысьць твая была выліта, і голасьць твая адкрыта бязулствам тваім із палюбоўнікамі тваімі а ўсімі балванамі агідаў тваіх, і за кроў дзяцей тваіх, каторых ты аддала ім,
 
Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты так сыпала грошы твае і ў блудадзействах тваіх адкрывалася галізна твая перад палюбоўнікамі тваімі і перад усімі мярзотнымі ідаламі тваімі, і за кроў сыноў тваіх, якіх ты аддавала ім,

Вось, за тое Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, з каторымі ты мела ўзаем’е, і ўсіх, што ты любіла, з усімі, што ты ненавідзіла, і зьбяру іх адусюль супроці цябе, і адкрыю голасьць тваю ім, каб яны бачылі ўсю голасьць тваю.
 
за тое вось, Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, якімі ты распацешвалася і якіх ты кахала, з усімі тымі, якіх ненавідзела, і зьбяру іх адусюль супроць цябе і адкрыю перад імі галізну тваю — і ўбачаць усю сарамату тваю.

І буду судзіць цябе судам чужаложніцаў і разьліваючых кроў, і прывяду на цябе крывавы гнеў а завісьць;
 
Я буду судзіць цябе судом пералюбніц і тых, што праліваюць кроў, — і аддам цябе крывавай лютасьці і рэўнасьці;

І аддам цябе таксама ў рукі ім, і спустошаць бязульныя дамы твае, і абураць узвышшы твае, зьдзяруць ізь цябе таксама адзецьці твае, і возьмуць снадзі пазору твайго, і пакінуць цябе ненакрытаю а голаю.
 
аддам цябе ў рукі іх, — і яны разбураць блудзільні твае, і раскідаюць узвышэньні твае, і сарвуць зь цябе вопратку тваю, і возьмуць уборы твае, і пакінуць цябе голую і ненакрытую.

І ўзьвядуць грамаду на цябе, і ўкамянуюць цябе, і пратнуць цябе мячамі сваімі.
 
І склічуць на цябе сход і паб’юць цябе камянямі і перасякуць цябе мечамі сваімі,

І спаляць цяплом дамы твае, і ўчыняць суды на цябе — крывавы гнеў а завісьць; і спыню бязулства твае, і таксама ўжо не дасі платы.
 
спаляць дамы твае агнём і ўчыняць над табою суд на вачах у многіх жанчын; і пакладу канец блудадзейству твайму, і ня будзеш ужо даваць дарункаў.

Дык спаганю Сваю злосьць на табе, і завісьць Мая адступе ад цябе, і Я супакоюся і болей ня буду гневацца.
 
І спатолю табою гнеў Мой, і адступіць ад цябе абурэньне Маё, і супакоюся і ўжо ня буду гневацца.

За тое, што ты ня ўспомнела дзён маладосьці свае, але квяліла Мяне ўсім гэтым, вось, я абярну дарогу тваю на галаву тваю, агалашае Спадар СПАДАР; ці ты не дадала ўсяе гэтае бессаромнае непасьцівасьці да ўсіх агідаў сваіх?
 
За тое, што ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй і ўсім гэтым раздражняла Мяне, вось, і Я паводзіны твае абярну на галаву тваю, кажа Гасподзь Бог, каб ты не аддавалася болей распусьце пасьля ўсіх тваіх мярзотаў.

Гля, кажны прыказьнік ужывець прыказь празь цябе, кажучы: "Якая маці, такая дачка ейная".
 
Вось, кожны, хто гаворыць выслоўямі, можа сказаць пра цябе: «якая маці, такая і дачка».

Ты — дачка маці свае, што брыдзілася мужам сваім і дзецьмі сваімі, і ты — сястра над сёстрамі тым, што брыдзіліся мужамі сваімі й дзецьмі сваімі. Маці твая Гэцічанка і айцец твой Аморэй.
 
Ты — дачка ў маці твае, якая кінула мужа свайго і дзяцей сваіх, і ты — сястра ў сёстраў тваіх, якія кінулі мужоў сваіх. Маці ваша Хэтэянка, і бацька ваш Амарэй.

Сястра твая вялікая — Самара, яна а дачкі ейныя, што жывець налева ад цябе; а малодшая сястра твая, што жывець направа ад цябе, — Содома а дачкі ейныя.
 
А большая сястра твая — Самарыя, якая з дочкамі сваімі жыве зьлева ад цябе; а меншая сястра твая, якая жыве справа ад цябе, ёсьць Садома з дочкамі яе.

Ты, адылі, не хадзіла па дарогах іхных і не рабіла подле агідаў іхных, але быццам вельма мала было табе іхнага, ты папсавалася болей за іх на ўсіх дарогах сваіх.
 
Але ты і ня іхнімі шляхамі хадзіла і не паводле іхніх мярзотаў чыніла; гэтага было мала; ты паводзілася распусьней за іх на ўсіх шляхах тваіх.

Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — Содома, сястра твая, не рабіла, яна ані дачкі ейныя, як рабіла ты, ты а дачкі твае.
 
Жыву Я, кажа Гасподзь Бог; Садома, сястра твая, не рабіла таго сама і яе дочкі, што рабіла ты і дочкі твае.

Вось, гэта было бяспраўе сястры твае Содомы: пыха, пярэсыць і нядбайлівы супакой быў у яе а ў дачок ейных, і рукі ўбогага а беднага ня сіліла.
 
Вось, у чым была беззаконнасьць Садомы, сястры тваёй і дочак яе: у ганарлівасьці, перасычанасьці і гультайстве, і яна рук беднага і ўбогага не падтрымлівала,

І былі яны пыхатыя, і рабілі агіду перад Імною; затым Я адхінуў іх, як абачыў гэта.
 
І заганарыліся яны і рабілі мярзоты перад абліччам Маім, і, убачыўшы гэта, Я адкінуў іх.

І Самара не зрабіла палавіцы грахоў тваіх, але ты памножыла агіды свае болей, як яны, і аправіла сёстры свае ўсімі агідамі сваімі, што ты дзеяла.
 
І Самарыя палавіны грахоў тваіх не награшыла; ты пераўзышла іх мярзотамі тваімі, і праз твае мярзоты, якія рабіла ты, сёстры твае апынуліся справядлівейшыя за цябе.

Таксама ты, што судзіла сёстры свае, нясі сорам свой за грахі свае, што ў цябе агіднейшыя, чымся ў іх: яны справядліўшыя за цябе; і таксама за тое саромяйся а нясі ганьбу сваю, што ты аправіла сёстры свае.
 
Нясі ж пасаромленьне тваё і ты, якая асуджала сёстраў тваіх; паводле грахоў тваіх, якімі ты зганьбіла сябе больш за іх, яны справядлівейшыя за цябе. Чырваней жа ад сораму і ты, і нясі пасарамленьне тваё, як апраўданьне сёстраў тваіх.

І Я зьвярну палон іхны, палон Содомы а дачок ейных і палон Самары а дачок ейных; тады зьвярну палон палоненікаў тваіх сярод іх,
 
Але Я вярну іхні палон, палон Садомы і дочак яе, палон Самарыі і дочак яе, і паміж імі палон паланёных тваіх,

Каб ты несла паганьбеньне свае й саромілася таго, што ты зрабіла, цешачы іх.
 
каб ты несла пасарамленьне тваё і саромелася ўсяго таго, што рабіла, служачы ім суцяшэньнем.

Як сёстры твае, Содома а дачкі ейныя, зьвернуцце да свайго пярэдняга стану, і Самара а дачкі ейныя зьвернуцца да свайго пярэдняга стану, тады ты а дачкі твае зьвернецеся да свайго пярэдняга стану.
 
І сёстры твае, Садома і дочкі яе, вернуцца ў ранейшы свой стан; і Самарыя і дочкі яе вернуцца ў ранейшы стан свой, і ты і дочкі твае вернецеся ў ранейшы стан ваш.

Бо сястры свае Содомы ты не менавала вуснамі сваімі ў дзень пыхі свае,
 
Пра сястру тваю Садому і згадкі ня было ў вуснах тваіх у дні ганарлівасьці тваёй,

Пакуль не адкрылася нягоднасьць твая, як часу ўпікаў ад дачок Арамскіх і ўсіх, што навокал іх, дачок Пілісцкіх, што ўсі навокал грэбуюць табою.
 
пакуль не адкрыта была бязбожнасьць твая, як у час пасарамленьня ад дочак Сірыі і ўсіх навакольных яе, ад дочак Філістымы, якія глядзелі на цябе з пагардай з усіх бакоў.

Ты будзеш насіць бязулства а агіды свае», — агалашае СПАДАР;
 
За распусту тваю і за мярзоты твае церпіш ты, кажа Гасподзь.

Бо гэтак каже Спадар СПАДАР: «Я ўчыню табе, як учыніла ты, грэбуючы прысягаю і ўзрушаючы змову.
 
Бо так кажа Гасподзь Бог: Я зраблю з табою, як рабіла ты, патаптаўшы прысягу парушэньнем спрымірэнства.

Я, адылі, успомню змову Сваю з табою за дзён маладосьці твае, і ўставаўлю вечную змову з табою.
 
Але Я прыгадаю спрымірэнства Маё з табою ў дні маладосьці тваёй, і аднаўлю з табою вечнае спрымірэнства.

Тады ты ўспомніш дарогі свае і засаромішся, як возьмеш сёстры свае, старшую сваю й малодшую сваю, і Я дам табе іх за дачкі, але ня подле змовы твае.
 
І ты ўзгадаеш пра шляхі твае, і будзе сорамна табе, калі пачнеш прымаць да сябе сёстраў тваіх, большых за цябе, як і меншых за цябе, і калі Я буду даваць табе іх у дочкі, а не ад твайго спрымірэнства.

І Я ўстанаўлю змову Сваю з табою, і даведаешся, што Я — СПАДАР,
 
Я аднаўлю спрымірэнства Маё з табою, і ўведаеш, што Я — Гасподзь,

Каб ты ўспамінала й саромілася, і наперад вуснаў сваіх не адчыняла ад сораму, як Я дарую табе ўсе, што ты зрабіла», — агалашае Спадар СПАДАР.
 
дзеля таго, каб ты памятала і саромелася, і каб наперад нельга было табе і рота разьзявіць ад сораму, калі Я дарую табе ўсё, што ты рабіла, кажа Гасподзь Бог.