Езэкііля 16 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І было да мяне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сыну людзкі! паведамі Ерузаліму агіды яго
«Сыне чалавечы, паведамі Ерусаліму пра брыдоты ягоныя,
Й скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР Ерузаліму: ’Паходжаньне твае а нараджэньне твае ад зямлі Канаанскае; айцец твой Аморэй, і маці твая Гэцічанка.
і скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД да Ерусаліму: “Паходжаньне тваё і нараджэньне тваё — з зямлі Ханаан. Бацька твой — Амарэец, а маці твая — Хетка.
І што да нараджэньня твайго: як ты нарадзілася, пупа твайго не абразалі й не абмылі цябе вадою, каб ачысьціць, ты ані ня была абсыпана сольлю й ані ня была спавіта.
Калі ты нарадзілася, у дзень нараджэньня твайго не абрэзалі табе пупавіны, не абмылі цябе ў вадзе, каб ачысьціць [цябе]; не нацерлі цябе сольлю і не спавілі цябе ў пялюшкі.
Нічые вока ня зжалілася над табою, каб зрабіць табе што-колечы з гэтых, мець міласэрдзе над табою; але, у дзень нараджэньня свайго, была выкінена на чыстае поле з прычыны агіднасьці свае.
Не паспагадала табе нічыё вока, каб зрабіць для цябе адну з [паслугаў] гэтых з літасьці да цябе. І выкінулі цябе на аблічча поля з абыякавасьцю да душы тваёй у дзень нараджэньня твайго.
І як Я праходзіў ля цябе, і бачыў, што ты качалася ў крыві сваёй, і сказаў табе: "У крыві сваёй жыві". І сказаў табе: "У крыві сваёй жыві".
І Я праходзіў каля цябе, і ўбачыў цябе, як ты трапяталася ў крыві тваёй, і Я сказаў табе, калі [ты была] ў крыві тваёй: “Жыві!” І Я сказаў табе, калі [ты была] ў крыві тваёй: “Жыві!”
Я памножыў цябе, як расьліну палявую; ты вырасла высокая й дужая, і стала прыборам над прыборамі, разьвіліся пелькі і вырасьлі валасы; заставалася ты, адылі, не накрыўшыся а голая.
І Я вырасціў цябе, як краску палявую, і ты расла, і вырасла, і сталася дарослай, і грудзі твае набылі форму, і валасы твае сталіся густымі, але была ты голая і неакрытая.
І як Я праходзіў ля цябе й абачыў цябе, вось, пара твая — пара каханьня; і Я расьцягнуў крысо Свае на цябе, і накрыў голасьць тваю; і Я прысягнуў табе і ўступіў у змову з табою, — агалашае Спадар СПАДАР, — і ты стала Маёй.
І Я праходзіў каля цябе, і ўбачыў цябе. І вось, [гэта быў] твой час, час каханьня. І Я расьцягнуў плашч Мой над табою, і закрыў голасьць тваю, і прысягнуў табе, і заключыў з табою запавет, кажа Госпад ГОСПАД, і ты сталася Маёю.
І абмыў цябе вадою, і змыў зь цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеям;
І Я абмыў цябе вадою, і абцёр з цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеем,
Я адзеў цябе вышыванаю адзежаю, і абуў барсуковаю скураю, і паперазаў цябе цянюсенькім палатном, і накрыў цябе шоўкам;
і апрануў цябе ў шату вышываную, азуў цябе ў [чаравікі са скуры] тахаш, апаясаў цябе вісонам і акрыў цябе ядвабам.
І прыбраў цябе прыборамі, і ўзлажыў бружлеты на рукі твае і ланцужок на шыю тваю;
І Я ўпрыгожыў цябе пэрлінамі, і ўсклаў бранзалеты на рукі твае, і нашыйнік на шыю тваю,
І зацягнуў жуковіну ў нос твой і завушніцы — у вушы твае, і ўзлажыў пазорную карону на галаву тваю.
і даў кольчык над вусны твае і завушніцы ў вушы твае, і вянок аздобны на галаву тваю.
Гэтак ты прыбіралася золатам а срэбрам, і адзецьце твае зь цянюсенькага палатна а шоўку а вышываных тканінаў; жывілася ты пшоннаю мукою а мёдам а алеям, і была надзвычайнага пазору, і мела дасьпех у каралеўстве.
І ты была апранутая ў золата і срэбра, у вісон, і ядваб, і шаты вышываныя, ела ты муку, мёд і алей, і ставалася вельмі і вельмі прыгожай, і дасягнула годнасьці валадарскай.
І слава твая разышлася меж народаў з прычыны харашыні твае, бо яна была дасканальная ад пазору Майго, каторы Я ўзлажыў на цябе, — агалашае Спадар СПАДАР. —
І распаўсюдзілася імя тваё сярод народаў дзеля прыгажосьці тваёй, бо была ты дасканалай дзеля ўпрыгожваньняў Маіх, якімі Я ўпрыгожыў цябе, кажа Госпад ГОСПАД.
Але ты паспадзявалася на харашыню сваю й бязуліла, карыстаючыся із славы свае, і вылівала бязулства свае на кажнага праходзячага міма, ягонаю ты была.
І паспадзявалася ты на прыгажосьць тваю, і чужаложыла дзеля [славы] імя твайго, і чыніла распусту з кожным, хто праходзіў, хто надарыўся.
І брала з адзецьцяў сваіх, і зрабіла калярыстыя ўзвышшы сабе, і бязуліла на іх, як ніколі ня бывала й ня мела быць.
І брала ты шаты твае, і рабіла сабе ўзгоркі ў разнастайных колерах, і чужаложыла на іх.
І ўзяла харошыя прыборы свае із золата Майго а із срэбра Майго, што Я даў табе, і зрабіла сабе абразы мужчынаў, і бязуліла зь імі.
І брала ты ўпрыгожваньні твае з золата Майго і са срэбра Майго, якія Я даў табе, і рабіла з іх выявы мужчынаў, і чужаложыла з імі.
І ўзяла вышываныя адзецьці, і накрыла іх, алей Мой а кадзіла Мае клала перад імі.
І брала ты шаты вышываныя твае, і апранала іх, і алей Мой і кадзіла Маё прыносіла перад аблічча іхняе.
І еміну Маю, што Я даваў табе, пшонную муку а алей а мёд, каторымі Я жывіў цябе, ты клала перад імі на прыемны пах; і гэтак яно было, — агалашае Спадар СПАДАР. —
І хлеб Мой, які Я даў табе, муку, і алей, і мёд, якімі Я карміў цябе, ты прыносіла перад аблічча іхняе на мілы пах, і было гэтак, кажа Госпад ГОСПАД.
Адлі ўзяла сыноў сваіх а дачкі свае, каторых ты нарадзіла Імне, і абракла іх пажэрці. Ці мала бязулства твайго?
І брала ты сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх ты нарадзіла Мне, і складала іх у ахвяру на зьнішчэньне. Ці ж ня досыць распусты тваёй?
Ты рэзала й дзеці Мае й давала іх праводзіць перазь цяпло да іх?
І ты забівала сыноў Маіх і складала іх у ахвяру, праводзячы праз агонь.
І ў вусіх агідах сваіх а бязулствах сваіх ты ня ўспомнела дзён маладосьці свае, як ты была ненакрыўшыся а голая, качалася ў крыві сваёй.
І [робячы] ўсе брыдоты твае і распусту тваю, ты ня памятала пра дні маладосьці тваёй, калі была ты голай і неакрытай і трапяталася ў крыві тваёй.
І сталася просьле ўсяе нягоднасьці твае ("Авохці, авохці табе", — агалашае Спадар СПАДАР),
І сталася пасьля ўсіх злачынстваў тваіх: "Гора, гора табе!" — кажа Госпад ГОСПАД.
Што ты ўладзіла сабе бязульны дом, і зрабіла сабе ўзвышша на кажнай вуліцы,
І ты будавала сабе ўзвышшы, і рабіла сабе ўзгоркі на кожнай плошчы.
І на ростанях кажнае дарогі зрабіла сабе ўзвышша, і зрабіла харашыню сваю абрыдлаю, і расклала ногі свае кажнаму праходзячаму, і памножыла бязулствы свае;
На кожным скрыжаваньні дарог будавала сабе ўзгоркі, каб там паганіць прыгажосьць тваю, і раскідала ногі твае для кожнага, хто праходзіў [там], і памнажала чужалоствы твае.
І бязуліла зь Ягіпцянамі, суседзямі сваімі вялікага цела, і памножыла бязулства, каб гнявіць Мяне.
Ты чужаложыла з сынамі Эгіпту, суседзямі тваімі, вялікімі целам [сваім], і павялічвала чужалоствы твае, каб гнявіць Мяне.
Вось, Я выцягну руку Сваю на цябе, і паменшу прызначанае табе, і аддам цябе на самадыю тым, што ненавідзяць цябе, дачкам Пілісцкім, што засаромлены за бессаромную дарогу тваю.
І вось, Я выцягнуў руку Маю супраць цябе, зьменшыў вызначанае табе, і аддаў цябе душы тых, якія ненавідзяць цябе, дочкам Філістынскім, якія самі саромеліся шляху распусты тваёй.
Ты бязуліла таксама із сынамі Асуру з прычыны нянасыці свае; але, ты бязуліла зь імі, і не насыцілася;
І ты распусьнічала з сынамі Асірыі, бо ня мела насычэньня, распусьнічала з імі, але не насыцілася.
Адлі памножыла бязулства свае ў зямлі Канаанскай аж да Хальдэі, і таксама гэтым не насыцілася’"».
І ты памножыла распусту тваю з купецкім краем Халдэйцаў, але таксама не насыцілася.
«Якое кволае сэрца твае, — агалашае Спадар СПАДАР, — бачачы, што ты рабіла ўсе гэта, работу пануючае бязульнае жонкі.
Як змучылася сэрца тваё, кажа Госпад ГОСПАД, калі ты рабіла ўсё тое, што робіць бессаромная жанчына распусьніца?
Як ты снудзіла бязульныя дамы свае на ростанях кажнае дарогі і рабіла ўзвышшы свае на кажнай вуліцы, то ты ня была, як бязуля, бо грэбавала заплатаю,
Ты будавала ўзвышшы на скрыжаваньні кожнай дарогі, рабіла сабе ўзгоркі на кожнай плошчы, і не была як блудніца, каб браць плату [за распусту],
Але як жонка чужаложніца, што бярэць чужых замест мужа свайго.
але як жанчына, якая чужаложыць, якая замест мужа свайго прыймае [мужоў] чужых.
Усім бязулям даюць падаркі, але ты даеш падаркі ўсім палюбоўнікам сваім і даеш лапаны ім, каб яны зусуль прыходзілі да цябе на бязулства твае.
Усім блудніцам даецца плата, а ты давала плату тваю ўсім палюбоўнікам тваім і давала падарункі ім, каб яны прыходзілі да цябе адусюль, каб распусьнічаць з табою.
І ў бязулстве тваім ё наадварот у цябе супроці жанок, бо ня гналіся за табою дзеля бязулства, у бязулстве сваім плаціла ты, прымеж тога ніхто не плаціў табе; значыцца, было наадварот».
І было ў цябе адваротна, чым у блудніцаў; ніхто ня гнаўся за табою, гэта ты давала плату, а табе ніхто не даваў платы, і было ў цябе наадварот.
Затым, бязуля, слухай слова СПАДАРОВА:
Дзеля гэтага, распусьніца, слухай слова ГОСПАДА!
Гэтак Спадар СПАДАР: «За тое, што нечысьць твая была выліта, і голасьць твая адкрыта бязулствам тваім із палюбоўнікамі тваімі а ўсімі балванамі агідаў тваіх, і за кроў дзяцей тваіх, каторых ты аддала ім,
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ты выяўляла юрлівасьць тваю, і адкрывала голасьць тваю, і распусьнічала з усімі палюбоўнікамі тваімі, з усімі брыдотнымі ідаламі тваімі, і за кроў сыноў тваіх, якіх ты складала ў ахвяру для іх,
Вось, за тое Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, з каторымі ты мела ўзаем’е, і ўсіх, што ты любіла, з усімі, што ты ненавідзіла, і зьбяру іх адусюль супроці цябе, і адкрыю голасьць тваю ім, каб яны бачылі ўсю голасьць тваю.
вось, Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, якім ты спагадала, і ўсіх тых, якіх кахала, і ўсіх тых, якіх ненавідзела, і зьбяру іх з усіх бакоў супраць цябе, і адкрыю голасьць тваю перад імі, і яны ўбачаць усю голасьць тваю.
І буду судзіць цябе судам чужаложніцаў і разьліваючых кроў, і прывяду на цябе крывавы гнеў а завісьць;
І Я буду судзіць цябе, як судзяць чужаложніц і тых, якія разьліваюць кроў, і аддам цябе на [сьмерць] крывавую, гнеў і ярасьць.
І аддам цябе таксама ў рукі ім, і спустошаць бязульныя дамы твае, і абураць узвышшы твае, зьдзяруць ізь цябе таксама адзецьці твае, і возьмуць снадзі пазору твайго, і пакінуць цябе ненакрытаю а голаю.
І аддам цябе ў рукі іхнія, і яны зруйнуюць узвышшы твае, і зьнішчаць узгоркі твае, і здымуць з цябе шаты твае, і забяруць аздобныя рэчы твае, і пакінуць цябе голаю і неакрытаю.
І ўзьвядуць грамаду на цябе, і ўкамянуюць цябе, і пратнуць цябе мячамі сваімі.
І склічуць супраць цябе супольны сход, і закідаюць цябе камянямі, і пасякуць цябе мячамі сваімі,
І спаляць цяплом дамы твае, і ўчыняць суды на цябе — крывавы гнеў а завісьць; і спыню бязулства твае, і таксама ўжо не дасі платы.
і спаляць агнём дамы твае, і ўчыняць над табою суд на вачах шматлікіх жанчынаў. І Я спыню распусту [тваю], і ўжо больш ты ня будзеш даваць платы [за распусту].
Дык спаганю Сваю злосьць на табе, і завісьць Мая адступе ад цябе, і Я супакоюся і болей ня буду гневацца.
І Я заспакою гнеў Мой на табе, і адыйдзе лютасьць Мая ад цябе, і Я супакоюся, і больш ня буду гневацца.
За тое, што ты ня ўспомнела дзён маладосьці свае, але квяліла Мяне ўсім гэтым, вось, я абярну дарогу тваю на галаву тваю, агалашае Спадар СПАДАР; ці ты не дадала ўсяе гэтае бессаромнае непасьцівасьці да ўсіх агідаў сваіх?
За тое, што ты ня памятала пра дні маладосьці тваёй і ўсімі ўчынкамі гнявіла Мяне, Я таксама, глядзі, ускладу шляхі твае на галаву тваю, кажа Госпад ГОСПАД, і больш не дадасі распусты да ўсіх брыдотаў тваіх.
Гля, кажны прыказьнік ужывець прыказь празь цябе, кажучы: "Якая маці, такая дачка ейная".
Вось, кожны, хто будзе кпіць з цябе, скажа пра цябе прыказку: “Якая маці, такая і дачка”.
Ты — дачка маці свае, што брыдзілася мужам сваім і дзецьмі сваімі, і ты — сястра над сёстрамі тым, што брыдзіліся мужамі сваімі й дзецьмі сваімі. Маці твая Гэцічанка і айцец твой Аморэй.
Ты — дачка маці тваёй, якая здрадзіла мужу свайму і сынам сваім, і ты — сястра сёстраў тваіх, якія здрадзілі мужам сваім і сынам сваім. Маці вашая — Хетка, а бацька ваш — Амарэец.
Сястра твая вялікая — Самара, яна а дачкі ейныя, што жывець налева ад цябе; а малодшая сястра твая, што жывець направа ад цябе, — Содома а дачкі ейныя.
Твая сястра старэйшая — Самарыя, яна і дочкі ейныя жывуць налева ад цябе, а твая малодшая сястра, якая разам з дочкамі сваімі жыла направа ад цябе, — Садом.
Ты, адылі, не хадзіла па дарогах іхных і не рабіла подле агідаў іхных, але быццам вельма мала было табе іхнага, ты папсавалася болей за іх на ўсіх дарогах сваіх.
Толькі кароткі час не хадзіла ты шляхамі іхнімі і не чыніла брыдотаў іхніх, а пасьля рабіла горш за іх на ўсіх шляхах тваіх.
Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — Содома, сястра твая, не рабіла, яна ані дачкі ейныя, як рабіла ты, ты а дачкі твае.
Як Я жывы, кажа Госпад ГОСПАД, сястра твая, Садом, разам з дочкамі ейнымі не рабіла так, як рабіла ты і дочкі твае.
Вось, гэта было бяспраўе сястры твае Содомы: пыха, пярэсыць і нядбайлівы супакой быў у яе а ў дачок ейных, і рукі ўбогага а беднага ня сіліла.
Вось такое было беззаконьне Садома, сястры тваёй: пыха, багацьце хлеба і гультайства было ў яе і дочак ейных, і яны не ўмацоўвалі рукі беднага і нешчасьлівага,
І былі яны пыхатыя, і рабілі агіду перад Імною; затым Я адхінуў іх, як абачыў гэта.
і вывышаліся, і рабілі брыдоты перад абліччам Маім. І Я зьнішчыў іх, калі ўбачыў гэта.
І Самара не зрабіла палавіцы грахоў тваіх, але ты памножыла агіды свае болей, як яны, і аправіла сёстры свае ўсімі агідамі сваімі, што ты дзеяла.
І Самарыя не дасягнула паловы грахоў тваіх, і ты памножыла брыдоты твае больш, чым яны, і ты апраўдала сёстраў тваіх усімі брыдотамі тваімі, якія ты ўчыніла.
Таксама ты, што судзіла сёстры свае, нясі сорам свой за грахі свае, што ў цябе агіднейшыя, чымся ў іх: яны справядліўшыя за цябе; і таксама за тое саромяйся а нясі ганьбу сваю, што ты аправіла сёстры свае.
Дык ты таксама насі ганьбу тваю, ты, якая апраўдала сёстраў сваіх грахамі тваімі, якіх ты ўчыніла больш, чым яны. Яны больш праведныя, чым ты. Дык засаромся і насі ганьбу тваю, бо ты апраўдала сёстраў сваіх.
І Я зьвярну палон іхны, палон Содомы а дачок ейных і палон Самары а дачок ейных; тады зьвярну палон палоненікаў тваіх сярод іх,
І Я адмяню долю іхнюю, долю Садому і дочак ейных, і долю Самарыі і дочак ейных, і долю тваю сярод іх,
Каб ты несла паганьбеньне свае й саромілася таго, што ты зрабіла, цешачы іх.
каб ты насіла ганьбу тваю і была асаромленая за ўсё тое, што ўчыніла, і пацешыла іх гэтым.
Як сёстры твае, Содома а дачкі ейныя, зьвернуцце да свайго пярэдняга стану, і Самара а дачкі ейныя зьвернуцца да свайго пярэдняга стану, тады ты а дачкі твае зьвернецеся да свайго пярэдняга стану.
Твая сястра Садом і дочкі ейныя вернуцца да першага стану свайго. І Самарыя і дочкі ейныя вернуцца да першага стану свайго. І ты, і дочкі твае вернецеся да першага стану свайго.
Бо сястры свае Содомы ты не менавала вуснамі сваімі ў дзень пыхі свае,
Ці ж у дні пыхі тваёй не было гаворкі ў вуснах тваіх пра сястру тваю Садом,
Пакуль не адкрылася нягоднасьць твая, як часу ўпікаў ад дачок Арамскіх і ўсіх, што навокал іх, дачок Пілісцкіх, што ўсі навокал грэбуюць табою.
перш чым распуста твая не была адкрытая? Падобна як яна, так і ты цяпер стала пасьмешышчам для дочак Араму і ўсіх ваколіцаў іхніх і для дочак Філістынскіх, якія пагарджаюць табою.
Ты будзеш насіць бязулства а агіды свае», — агалашае СПАДАР;
Чужалоства тваё і брыдоты твае ты панясеш, кажа ГОСПАД.
Бо гэтак каже Спадар СПАДАР: «Я ўчыню табе, як учыніла ты, грэбуючы прысягаю і ўзрушаючы змову.
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я зраблю з табою так, як зрабіла ты, якая пагардзіла прысягай і парвала запавет.
Я, адылі, успомню змову Сваю з табою за дзён маладосьці твае, і ўставаўлю вечную змову з табою.
Але Я ўзгадаю запавет Мой, які Я заключыў з табою ў дні маладосьці тваёй, і Я заключу з табою запавет вечны.
Тады ты ўспомніш дарогі свае і засаромішся, як возьмеш сёстры свае, старшую сваю й малодшую сваю, і Я дам табе іх за дачкі, але ня подле змовы твае.
І ты ўзгадаеш шляхі твае, і засаромеешся, калі прыймеш да сябе сёстраў тваіх, як старэйшых, так і малодшых ад цябе, і Я дам іх табе за дочак, але не з прычыны запавету з табой.
І Я ўстанаўлю змову Сваю з табою, і даведаешся, што Я — СПАДАР,
І Я заключу запавет Мой з табою, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД,
Каб ты ўспамінала й саромілася, і наперад вуснаў сваіх не адчыняла ад сораму, як Я дарую табе ўсе, што ты зрабіла», — агалашае Спадар СПАДАР.
каб ты памятала і саромелася, і каб ад сораму не адкрывала вуснаў тваіх перад абліччам Маім, калі Я прабачу табе ўсё, што ты зрабіла, кажа Госпад ГОСПАД”».