Езэкііля 27 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«І ты, сыну людзкі, завядзі пахоўную песьню па Тыру,
«А ты, сыне чалавечы, узьнімі лямант дзеля Тыру
І скажы Тыру: "О ты, што стаіш ля ўходу ў мора, купец людаў шмат якіх абтокаў, гэтак кажа СПАДАР: "О Тыру, ты казаў: ’Я супоўная харашыня’.
і скажы Тыру, які жыве каля ўваходу ў мора і гандлюе з народамі на астравах шматлікіх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Тыр, ты сказаў: “Я — [карабель] дасканалай прыгажосьці!”
У сэрцу мораў граніцы твае, будаўнічыя твае зрабілі супоўнаю харашыню тваю.
У сэрцы мора межы твае, будаўнікі твае збудавалі прыгажосьць тваю.
Зь кіпрысаў сэнірскіх зрабілі ўсі шалёўкі табе, узялі кедры зь Лібану, зрабіць машты табе;
З кіпарысаў Сэнірскіх пабудавалі табе ўсе барты, узялі кедры Лібанскія, каб зрабіць табе мачты,
З дубоў вашанскіх зрабілі дрыгалкі табе, лавы твае з буку абтокаў Кітымскіх прыбіралі сланёваю косьцю;
з дубоў Башанскіх зрабілі вёслы твае, паклад твой зрабілі з косьці слановай, з самшыта з астравоў Кіттым.
Цянюсенькага вышыванага палатна зь Ягіпту ўжывалі на вятрылы твае, на сьцяг твой; сінь а пурпура з абтокаў Еліскіх былі пакрыцьцям табе.
З вісону аздобнага Эгіпецкага зрабілі ветразь твой, каб быў для цябе сьцягам. Блакіт і пурпур з астравоў Эліша былі накрыцьцём тваім.
Жыхары Сыдону а Арваду былі тваімі плаўбітамі; мудрыцы, Тыру, былі ў цябе, і яны твае штырнікі;
Жыхары Сідону і Арваду былі ў цябе весьлярамі. Мудрацы твае, Тыр, былі ў цябе, яны — мараплаўцы твае.
Старцы Ґевалу й мудрыцы яго былі ў цябе шчытнікамі тваімі. Усі морскія караблі з маравікамі сваімі былі ў цябе, каб таргаваць таварамі тваімі.
Старшыні Гэбалю і мудрацы ягоныя былі пры табе, каб напраўляць пашкоджаньні твае. Усе караблі марскія і маракі іхнія былі пры табе, каб гандляваць таварамі тваімі.
З Пэрсі а Люду а Путу былі ў войску тваім воямі тваімі, шчыт а шолам вешалі ў цябе; яны дадавалі табе прыбору.
Пэрсы, Люд і Пут былі ў войску тваім ваярамі. Шчыты і шаломы яны завешвалі ў цябе і дадавалі табе славы.
Сынове Арваду а Гэлеху былі навокал на сьценах тваіх; людзі з Ґамаду былі ў вежах тваіх, вешалі шчыты свае навокал на сьценах тваіх, завяршалі харашыню тваю.
Сыны Арваду і войска тваё [былі] кругом на мурах тваіх, а Гамадэйцы — на вежах тваіх; яны вешалі шчыты свае кругом на мурах тваіх, завяршаючы аздобу тваю.
З Таршышу былі купцы твае з прычыны вялікага багацьця кажнага роду; срэбра, золата, цыну а волава давалі за тавары твае.
Таршыш гандляваў з табой дзеля мноства ўсякага багацьця; срэбра і жалеза, цыну і волава давалі [табе] за тавары твае.
Яван, Тувал а Мешэх — купцы твае; душы людзкія й мядзянае судзьдзе давалі за торг твой.
Яван, Туваль і Мэшэк вялі гандаль з табой, душу чалавека і вырабы з медзі яны давалі за тавары твае.
З дому Фоґарма коні, цялежкі а мулы давалі за тавары твае.
З Бэт-Тагармы прыводзілі коней, і вершнікаў, і мулаў за тавары твае.
Сынове Дэдановы купцы твае. Шмат якія абтокі былі таварам рукі твае, менаю яны давалі табе сланёвую косьць а чорнае дзерва.
Сыны Дэдану вялі гандаль з табою, і шматлікія астравы гандлявалі з табою. Косьць слановую і дрэва гэбан прыносілі як даніну.
Арам быў купец твой з прычыны множасьці тавараў вырабу твайго; змарагд, пурпуру а вышываныя вырабы а цянюсенькае палатно а караль а аґат давалі за тавары твае.
Арам гандляваў з табою дзеля мноства вырабаў тваіх, давалі за тавары твае пэрліны, пурпур, рознакаляровыя тканіны, ядваб, каралі і рубіны.
Юда а зямля Ізраелява былі купцамі тваімі; пшонкаю мініфскаю а панаскаю а мёдам а аліваю а бальсамам плацілі за торг твой.
Юда і зямля Ізраіля вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае пшаніцу з Мініту, слодычы, мёд, алей і бальзам.
Дамашк — купцы твае множасьці вырабаў тваіх, з прычыны множасьці ўсялякага багацьця, віна з Гэлвону й белае воўны.
Дамаск гандляваў з табой дзеля мноства вырабаў тваіх і мноства багацьця твайго, віно з Хэльбону і воўну з Цахару [давалі табе].
Дан а Яван із Узалу за тавары твае давалі вырабленае зялеза а касю а цынамон за торг твой.
Дан і Яван з Уззалю за тавары твае давалі табе жалеза абробленае, цынамон і трысьнёг як тавары для гандлю твайго.
Дэдан — купец твой дарагімі тканінамі да цялежак.
Дэдан вёў гандаль з табою, дыванкі для сёдлаў [даваў табе].
Араба а ўсі князі Кедару — купцы рукі твае ягнятамі а баранамі а козамі, гэтым яны купцы твае.
Арабія і ўсе князі Кедару куплялі з рукі тваёй, ягнятамі, баранамі і казламі гандлявалі з табою.
Купцы Шэвы а Раавы — купцы твае, духмяныя закрасы й усялякае дарагое каменьне а золата давалі за тавары твае.
Купцы з Шэвы і Рамы вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае найлепшы бальзам, і ўсялякія каштоўныя камяні, і золата.
Гаран а Канне а Едэн, шэўскія купцы, Асур а Хілмад — купцы твае;
Харан, Каннэ і Эдэн, купцы з Шэвы, Асірыі і Кільмаду гандлявалі з табой.
Гэта купцы твае найвыбарнейшымі рэчмі, сінімі тканінамі а вышыванымі вырабамі а прыборамі ў скрыначках, у завязаных аборамі сутніках, і кедровае дзерва было меж тавару твайго.
Яны вялі гандаль з табою, [прывозілі] каштоўныя строі, плашчы з пурпуру, рознакаляровыя тканіны і дываны, скураныя моцныя шнуры на рынак твой.
Таршыскія караблі прывозілі дараваны тавараў тваіх, і ты вельма напоўніўся а ўславіўся сярод мора.
Караблі з Таршышу прывозілі да цябе тавары твае. І стаўся ты багаты і вельмі слаўны ў сэрцы мораў.
У вялікія воды завезьлі цябе плаўбіты твае; усходні вецер разьбіў цябе сярод мораў.
У воды вялікія завялі цябе весьляры твае, вецер усходні разьбіў цябе ў сэрцы мораў.
Багацьці твае а тавары твае, торг твой, маравікі твае а штырнікі твае, шчытнікі твае а загаднікі таварамі тваімі а ўсі воі, што ў цябе, а ўвесь збор твой, што сярод цябе, загінуць сярод мораў у дзень упаду твайго.
Багацьце тваё, тавары твае, гандаль твой, маракі твае і корнікі твае, тыя, што напраўляюць выломы твае, і тыя, што гандлююць таварам тваім, усе ваяры твае, якія ў табе, і ўсё войска тваё, якое пасярод цябе, патопяцца ў сэрцы мораў у дзень падзеньня твайго.
Ад гуку крыку штырнікаў тваіх здрыгануцца перадмесьці.
Ад голасу крыку маракоў тваіх задрыжаць узьбярэжжы.
І зыйдуць із караблёў сваіх усі вяслуючыя, маравікі, усі штырнікі морскія, стануць на зямлю.
І пазыходзяць з караблёў сваіх усе весьляры, маракі і ўсе корнікі марскія стануць на зямлі,
І прычыню, што голас іхны будзе чутны па табе, і горка загалосяць, і пасыпяць пылам галавы свае, і будуць валяцца ў попеле,
і загалосяць дзеля цябе гучна, і будуць крычаць горка, і будуць сыпаць пыл на галовы свае, і будуць качацца ў попеле.
І зробяць самы сабе супоўную лысіну па табе, і папяражуцца зрэбнінаю, і заплачуць па табе ў гарчэлі сэрца гаркім плачам.
І паголяць дзеля цябе галовы сабе, і падпярэжуцца зрэбніцай. І будуць плакаць па табе з горкай душой, галосячы горка.
У плачу сваім завядуць пахоўную песьню па табе, вылічаньне па табе: "Хто, як Тыр, сьцішаны сярод мора?
І ўзьнясуць па табе лямант, і будуць сьпяваць у жалобе: “Хто ж такі, як Тыр, [які] зруйнаваны пасярод мораў!”
Як тавары твае выходзілі з мора, ты сыціў шмат якія люды; множасьцяй багацьця свайго й таварам сваім ты багаціў каралёў зямлі.
Калі тавары твае выходзілі з мора, ты карміў шмат народаў! Дзеля мноства багацьцяў тваіх і тавараў тваіх ты ўзбагаціў валадароў зямлі.
І ў часе, як ты патрышчаны морам у глыбіні водаў, тавар твой і ўвесь груд твой сярод цябе загінулі.
Цяпер ты разьбіты ў моры, і ў глыбіні водаў тавары твае, і ўсё войска тваё, якое ў сярэдзіне цябе, загінула.
Усі жыхары абтокаў зумеліся зь цябе, і каралёве іхныя балюча зьлякаліся, і віды іхныя заклапаціліся.
Усе жыхары астравоў аслупянелі дзеля цябе, а валадары іхнія затрымцелі ад жаху, затрэсьліся абліччы [іхнія].
Купцы іхных людаў засьвісталі празь цябе; ты быў жахам, і ніколі ня будзе цябе"’"».
Купцы з [розных] народаў сьвішчуць дзеля цябе; стаўся ты страхоцьцем для іх, і ня будзе цябе на вякі”».