Езэкііля 10 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І бачыў я, і вось, на прасьцягу, што быў над галавою херуваў, быў відаць над імі бы камень шафір, бы зьява, падобная да пасаду.
І я глядзеў, і вось над прасьцягам, раскінутым над галовамі херувімаў, было штосьці, быццам шафір, а з выгляду падобнае да пасаду.
І Ён казаў мужу, што быў адзеўшыся ў палотны, і сказаў: «Увыйдзі меж колаў пад херувамі і напоўні жменю сваю жарам з памеж херуваў, і рассып па месьце». І ён увыйшоў на маім аччу.
І Ён сказаў чалавеку гэтаму, апранутаму ў ільняную шату: «Увайдзі паміж колаў пад херувімамі, і напоўніўшы далоні свае вугольлем агністым з месца паміж херувімамі, раскінь яго па горадзе». І ён увайшоў туды на вачах маіх.
Херувы стаялі на правым баку дому, як муж увыйшоў, і булак напоўніў нутраны панадворак.
А херувімы стаялі з правага боку сьвятыні, калі чалавек той туды ўваходзіў, і воблака запоўніла ўнутраны панадворак.
І паднялася слава СПАДАРОВА ад херува да парогу дому, і дом напоўніўся булаком, і панадворак быў поўны зьзяньня славы СПАДАРОВАЕ.
І слава ГОСПАДА паднялася з-над херувімаў да парогу сьвятыні, і сьвятыня напоўнілася воблакам, а панадворак быў поўны бляску славы ГОСПАДА.
І гук крылаў херувавых быў чуваць на навонным панадворку, як голас Усемагучага Бога, як Ён гукае.
І быў чуцён шум крылаў херувімаў аж на вонкавым панадворку, падобны да голасу Бога Усемагутнага, калі Ён прамаўляе.
І сталася, як Ён расказаў мужу, што быў адзеўшыся ў палотны, кажучы: «Вазьмі цяпла з памеж колаў, з памеж херуваў», што той увыйшоў і стаў ля кола,
А калі чалавеку таму, апранутаму ў ільняную шату, Ён даў такі загад: «Вазьмі агонь спаміж колаў, спаміж херувімаў», — той пайшоў і стаў побач з коламі.
І херуў выцягнуў руку сваю з памеж херуваў да цяпла, што меж херуваў, і ўзяў, і палажыў у прыгоршчы адзетага ў палотны; а гэты ўзяў і вышаў.
Тады адзін з херувімаў выцягнуў руку ў накірунку агню, які між херувімамі, і, узяўшы яго, паклаў на далоні чалавека, апранутага ў ільняную шату. Той узяў [агонь] і выйшаў.
І паказалася ў херуваў хорма рукі людзкое пад крыламі іхнымі.
А пад крыламі херувімаў зьявілася нешта накшталт рукі чалавечай.
І я глядзеў, і вось, чатыры колы ля херуваў, адно кола ля аднаго херува, і другое кола ля другога херува, і выгляд колаў — як колер каменя топазу.
Я глядзеў, і вось, пры боку херувімаў чатыры колы, па адным коле побач кожнага херувіма. Выгляд тых колаў — нібы бляск хрызаліту.
І падобнасьць адна ў вусіх чатырох, быццам кола было сярод кола.
І выглядалі яны так, нібы кожнае з чатырох мела тую самую форму, і быццам адно кола знаходзілася ў другім.
Як яны йшлі, то йшлі на чатыры свае стараны; ня круціліся, як ішлі, бо да месца, куды зьвернена галава, яны йшлі за ёю; ня круціліся, як ішлі.
І калі яны рухаліся, рухаліся ў чатырох сваіх напрамках, не адварочваліся, калі рухаліся ў тым напрамку, куды вяла іх галава, і рухаліся за ёй, і не адварочваліся, калі рухаліся.
І ўсе цела іхнае а плечы іхныя а рукі іхныя а крылы іхныя і колы поўныя ачоў навокал, у чатырох колах.
Усё іх цела, плечы, рукі, крылы і колы ў-ва ўсіх чатырох былі запоўненыя кругом вачыма.
Што да колаў: як я чуў, колы былі званы віхарколы.
І я чуў, што колам была дадзена назва “гальгаль”.
І ў кажнага было чатыры віды: першы від — від херувавы, а другі від — від людзкі, і трэйці від — лявіны, і чацьверты від — арліны.
Кожная [істота] жывая мела па чатыры абліччы. Першае было аблічча вала, другое — аблічча чалавека, трэцяе — аблічча ільва, а чацьвёртае — аблічча арла.
І ўзьняліся херувы. Гэта — жывыя стварэньне што я бачыў ля ракі Хевар.
І падняліся херувімы. І была гэта тая самая істота, якую я бачыў над ракою Кевар.
І як херувы йшлі, колы йшлі ля іх; як херувы распушчалі крылы, каб узьняцца ізь зямлі, колы не заставаліся ад іх, таксама яны былі ля іх.
Калі херувімы ішлі, рухаліся таксама пры боку іхнім колы, а калі херувімы падымалі крылы, каб падняцца з зямлі, колы не адрываліся ад боку іхняга.
Як гэныя стаялі, стаялі; як гэныя ўзьнімаліся, узьнімаліся, бо дух жывых стварэньняў у іх.
Калі херувімы затрымліваліся, таксама і яны затрымліваліся, а калі падымаліся, падымаліся таксама і яны разам з імі, бо дух [істоты] жывой быў у іх.
І адышла слава СПАДАРОВА ад парогу дому, і стала над херувамі.
І адыйшла слава ГОСПАДА ад парогу сьвятыні, і затрымалася над херувімамі.
І распусьцілі херувы крылы свае, і ўзьняліся ізь зямлі на маім аччу; як яны вышлі, колы таксама ля іх; і сталі ў варотах усходняе брамы дому СПАДАРОВАГА, і слава Бога Ізраелявага над імі.
І херувімы ўзьнялі крылы, і паляцелі, і падняліся з зямлі на вачах маіх, і тыя колы разам з імі, і затрымаліся каля ўваходу ўсходняй брамы сьвятыні ГОСПАДА, і слава Бога Ізраіля супачывала над імі ўгары.
Гэта тое жывое стварэньне, што я бачыў пад Богам Ізраелявым ля ракі Хевар; і я пазнаў, што яны — херувы.
Была гэта тая самая [істота] жывая, якую я бачыў пад Богам Ізраіля над ракою Кевар, і я даведаўся, што гэта былі херувімы.
Чатыры віды ў кажнага, і ў кажнага чатыры крылы, і падобнасьць рук людзкіх пад крыламі іхнымі.
Кожны з іх меў чатыры абліччы і чатыры крылы, а пад крыламі — штосьці накшталт рук чалавечых.
І падобнасьць відаў іхных — гэта віды, што я бачыў ля ракі Хевар: у іх былі тыя самыя выгляды, яны былі тыя самыя. Кажны ў кірунку віду свайго йшоў.
Выгляд абліччаў іхніх быў падобны да тых самых абліччаў, якія я бачыў над ракою Кевар. Кожны рухаўся проста перад сабою.