Езэкііля 6 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
«Сыну людзкі, зьвярні від свой да гораў Ізраелявых і праракай ім,
«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на горы Ізраіля і прароч супраць іх,
І скажы: "Горы ізраельскія, слухайце словы Спадара СПАДАРА: гэтак кажа Спадар СПАДАР горам а ўзгоркам, цур’ём а далінам: ’Гля, Я, Я навяду меч на вас і зьнішчу ўзвышшы вашы,
і кажы: “Горы Ізраіля, слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД гарам і ўзгоркам, ярам і лугам. Вось, Я прывяду на вас меч і зьнішчу ўзгоркі вашыя,
І будуць спустошаны аброчнікі вашы, і сонечныя балваны вашы будуць патрышчаны, і Я кіну забітых вашых перад балванамі вашымі,
і будуць зруйнаваныя ахвярнікі вашыя і паразьбіваныя слупы вашыя, і Я кіну забітых вашых перад ідаламі вашымі.
І палажу трупы сыноў Ізраелявых перад балванамі іхнымі, і разьвею косьці вашы навокал балваноў вашых.
І Я палажу трупы сыноў Ізраіля перад ідаламі вашымі, і косткі вашыя параскідаю вакол ахвярнікаў вашых.
У вусіх сялібных мясцовасьцях вашых месты будуць разбураны, а ўзвышшы спустошаны, каб абурыць а спустошыць аброчнікі вашы; і будуць патрышчаны й перастануць быць балваны вашыя, і сонечныя балваны вашы будуць пасечаны, і ўчынкі вашы сьцерты.
У-ва ўсіх месцах пражываньня вашага гарады будуць зруйнаваныя, узгоркі зьнішчаныя, ахвярнікі вашыя будуць апаганеныя і зруйнаваныя, ідалы вашыя паразьбіваныя і панішчаныя, а слупы вашыя паламаныя, і згінуць усе справы вашыя.
І паваляцца забітыя вашыя сярод вас, і вы даведаецеся, што Я — СПАДАР.
І будуць падаць сярод вас забітыя, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
Пакіну Я, адылі, астачу, каб вы мелі ўцеклых ад мяча памеж народаў, як будзеце разьвеяны па краёх.
Але Я пакіну вам пры жыцьці сярод народаў тых, якія выратуюцца ад мяча, калі расьцярушу вас сярод земляў [чужых].
І ўспомняць уцеклыя вашы Мяне меж народаў, куды яны былі заведзены палоненікамі, як патрышчу бязульныя сэрцы іхныя, што адвярнуліся ад Мяне, і вочы іхныя, што бязульна йшлі за балванамі; і яны самы перад сабою збрыдзяць ліхі, што яны рабілі ў вусіх агідах сваіх;
Тыя, што застануцца пры жыцьці, будуць памятаць пра Мяне сярод народаў, куды будуць пераселеныя, бо Я скрышу сэрца іхняе чужаложнае, якое адступіла ад Мяне, і вочы іхнія, якія чужаложаць з ідаламі. І яны будуць брыдзіцца самімі сабою дзеля бязбожнасьці, якую чынілі ў-ва ўсіх брыдотах сваіх.
І даведаюцца, што Я — СПАДАР, і што Я не дарма казаў, што зраблю гэтае ліха ім’".
І даведаюцца яны, што Я — ГОСПАД, і [што] не дарма Я прамаўляў да іх, што ўчыню супраць іх гэтае ліха”.
Гэтак Спадар СПАДАР: ’Плясьні рукамі сваімі й тупні нагою сваею, і скажы: "Бяда за ўсі ліхія агіды дому Ізраелявага! бо яны паваляцца ад мяча, з галадові а зь ліпучкі.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Ударай у далоні твае, і тупай нагою тваёй, і кажы: "Гора дзеля ўсякіх брыдотаў ліхіх дому Ізраіля, бо будуць яны падаць ад мяча, голаду і заразы".
Хто далёка, памрэць ад ліпучкі; а хто блізка, паваліцца ад мяча; і засталы а ў ваблозе памрэць ад галадові; гэтак высілю гнеў Свой на іх.
Той, які далёка, — памрэ ад заразы; той, які блізка, — загіне ад мяча, а той, што застанецца [ў горадзе] і будзе выратаваны, — памрэ ад голаду. І Я заспакою лютасьць Маю на іх.
І даведаецеся, што Я — СПАДАР, як забітыя іхныя будуць сярод балваноў навокал аброчнікаў іхных на кажным высокім узгорку, на вярхох гораў і пад кажным зялёным дзервам, і пад кажным таўстым дубам, месцам, ідзе яны прыносілі прыемныя пахі ўсім балваном сваім.
І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі забітыя вашыя будуць [ляжаць] паміж ідалаў вашых, вакол ахвярнікаў вашых, на кожным узгорку высокім, на ўсіх вяршынях горных, пад кожным дрэвам зялёным і пад кожным рассахатым дубам, дзе складалі вы пахкія каджэньні ўсім ідалам сваім.
І выцягну руку сваю на іх, і ўчыню зямлю пустою а пустынёю, ад пустыні аж да Рыўлы пераз усі сялібныя мясцовасьці, і пазнаюць, што Я — СПАДАР’"».
І Я выцягну руку Маю супраць іх, і перамяню зямлю гэтую ў бязьлюдзьдзе і пустэчу, ад пустыні аж да Рыўлі, у-ва ўсіх месцах пражываньня іхняга, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».