Езэкііля 45 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Як будзеце дзяліць жэрабям зямлю на спадак, абрачыце аброк СПАДАРУ, сьвятую дзель зямлі ўдаўжкі дваццаць пяць тысячаў прутоў і ўшыркі дзесяць тысячаў; гэта сьвятое месца ў вусіх граніцах яго навокал.
 
Калі будзеце кідаць жэрабя пра зямлю на спадчыну, выдзеліце сьвяты дар для ГОСПАДА з зямлі, даўжынёю на дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю на дваццаць тысячаў [прутоў]. Ён сьвяты ў-ва ўсім абшары сваім наўкола.

Зь яго будзе пад сьвятыню пяцьсот на пяцьсот, чатыракутнік навокал, і пяцьдзясят локцяў на ток яму навокал.
 
З гэтага да сьвятыні будзе [належаць] чатырохкутнік пяцьсот на пяцьсот [прутоў] наўкола, а на пяцьдзясят локцяў вакол будзе вольнае месца.

І адмераеш удаўжкі дваццаць пяць тысячаў і ўшыркі дзесяць тысячаў, і на гэтым будзе сьвятыня, Сьвятое Сьвятых.
 
А з гэтага абсягу адмераеш [абшар] даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў], і на ім будзе сьвятыня, Сьвятое Сьвятых.

Сьвятая дзель зямлі будзе сьвятаром, службітом сьвятыні, каторыя бліжацца служыць СПАДАРУ; яна будзе месцам пад дамы іхныя і сьвятым месцам пад сьвятыню.
 
Гэта сьвятая [частка] зямлі; яна будзе для сьвятароў, якія служаць пры сьвятыні, якія набліжаюцца, каб служыць ГОСПАДУ; і будзе гэта для іх месца на дамы і [месцам] сьвятым для сьвятыні.

І дваццаць пяць тысячаў удаўжкі і дзесяць тысячаў ушыркі таксама будзе Левітам, службітом дому, каб мелі сабе на дзяржаву пад дваццаць пакояў.
 
І [абшар] даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў] будзе для лявітаў, якія служаць пры Доме гэтым; для іх на ўласнасьць дваццаць пакояў.

І азнача дзяржаву месту пяць тысячаў ушыркі і дваццаць пяць тысячаў удаўжкі супроці аброку сьвятое дзелі; гэта будзе цэламу дому Ізраеляваму.
 
А на ўласнасьць гораду дасьцё [абшар] шырынёю ў пяць тысячаў [прутоў] і даўжынёй у дваццаць пяць тысячаў [прутоў], насупраць сьвятой часткі. Гэта будзе для ўсяго дому Ізраіля.

І князю будзе дзель на адным баку і на другім баку аброку сьвятое дзелі і дзяржавы месцкае перад аброкам сьвятое дзелі і перад дзяржаваю месцкаю, із заходняе стараны на захад і з усходняе стараны на ўсход, і ўдаўжкі роўная з аднэй із тых дзеляў ад мяжы заходняе аж да мяжы ўсходняе.
 
А для князя [будзе абшар] па абодвух баках часткі сьвятой і ўласнасьці гораду ўздоўж часткі сьвятой і ўздоўж уласнасьці горада з боку заходняга на захад і з боку ўсходняга на ўсход, і даўжыня такая, як частка [калена] ад мяжы заходняй да мяжы ўсходняй.

Гэта ў зямлі будзе дзяржаваю ягонаю ў Ізраелю, і наперад князі Мае ня будуць уціскаць люду Майго, і зямля будзе дана дому Ізраеляваму подле плямёнаў іхных’.
 
Гэта зямля будзе яму на ўласнасьць у Ізраілі, і ня будуць больш уціскаць князі народ Мой, але дадуць зямлю дому Ізраіля паводле каленаў ягоных.

Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Досыць вам, князі Ізраелявы, аддальце ўсілства а глабань і чыніце суд а справядлівасьць, перастаньце высіляць люд Мой, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Досыць вам, князі Ізраіля! Кіньце гвалт і прыгнёт, а чыніце суд і праведнасьць! Пакіньце выганяць [з зямлі] народ Мой, кажа Госпад ГОСПАД”.

Справядлівая вага а справядлівая ефа а справядлівы бат мае быць у вас.
 
Няхай у вас будзе вага праведная, эфа праведная і бат праведны.

Ефа а бат маюць быць аднае меры, каб бат тоўпіў дзясятую часьць гомера: мера іх мае быць подле гомера.
 
Эфа і бат няхай будуць аднолькавай меры, так, каб бат меў дзясятую частку гомара і эфа мела дзясятую частку гомара. Паводле гомара будзе мера іхняя.

І ў сыклю дваццаць ґер; дваццаць сыкляў, дваццаць пяць сыкляў, пятнанцаць сыкляў будуць вашаю мінаю.
 
Сыкль [мае мець] дваццаць гэраў; дваццаць сыкляў, дваццаць пяць сыкляў і пятнаццаць сыкляў няхай будзе для вас міна.

Во аброк, што вы будзеце абракаць: шостую часьць ефы ад гомера пшонкі, і будзеце даваць шостую часьць ефы ад гомера ячменю.
 
Гэта ёсьць дар, які вы будзеце прыносіць: шостую частку эфы з гомару пшаніцы і шостую частку эфы з гомару ячменю.

Што да загады праз алей (бат мера алею), то будзеце абракаць дзясятую часьць бата з кора; а дзесяць батаў — гомер, бо ў гомеру дзесяць батаў.
 
І пастанова пра алей адносна бату алею — дзясятая частка бату з кору, дзесяць батаў — гэта гомар, бо дзесяць батаў — гомар.

І аднаго баранчыка із стады зь дзьвесьце з пасьцьбішча Ізраелявага на хлебны аброк а на ўсепаленьне а на супакойныя аброкі, каб дастаць залашчэньне ім, — агалашае Спадар СПАДАР.
 
І адно ягня з двухсот авечак з пашаў Ізраіля — на ахвяру хлебную, на цэласпаленьне і ахвяру мірную, каб ачысьціць іх, кажа Госпад ГОСПАД.

Увесь люд зямлі мае даваць гэты аброк князю ў Ізраелю.
 
Увесь народ зямлі гэтай будзе дары гэтыя даваць князю Ізраіля.

А гэта будзе абавязак князя: усепаленьні а хлебныя аброкі а ўзьліваньні ў сьвяты а на маладзікі а ў сыботы, на ўсі ўрочыстасьці дому Ізраелявага; ён будзе гатаваць аброк за грэх а хлебны аброк а ўсепаленьне а супакойныя аброкі, каб дастаць залашчаньне дому Ізраеляваму’.
 
А князь мае рупіцца пра цэласпаленьне, ахвяру хлебную і вадкую на сьвяты, маладзікі, суботы і на ўсе ўрачыстасьці дому Ізраіля. Ён робіць ахвяру за грэх, ахвяру хлебную, цэласпаленьні і ахвяры мірныя, каб ачысьціць дом Ізраіля.

Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Першага месяца, першага дня месяца ты возьмеш цялё-бычка бяз гану і ачысьціш сьвятыню.
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У першым [месяцы], у першы [дзень] месяца возьмеш бычка, сына ялаўкі, без заганы, і ачысьціш сьвятыню.

І сьвятар возьме кроў аброку за грэх і пакропе на вушакі дому, і на чатыры куты выступу аброчніка, і на вушакі брамы нутранога панадворку.
 
І возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх, і пакрапіць ёю вушакі [дзьвярэй] Дому [Божага], чатыры рагі абрамаваньня ахвярніка, вушакі брамы ўнутранага панадворку.

Гэтак зробіш таксама сёмага дня месяца за кажнага, хто ізграшыў з прычыны абмылы альбо з дурноты, і дастанеш залашчаньне дому.
 
І так зробіш у сёмы [дзень першага] месяца, за кожнага, хто саграшыў праз няўвагу або бязглуздасьць, і ачысьціце Дом [Божы].

Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца будзе ў вас Пасха, сьвята сем дзён, маеце есьці праснакі.
 
У першым [месяцы], у чатырнаццаты дзень месяца будзе ў вас Пасха, сьвята сямі- дзённае, калі будзеце есьці праснакі.

І на гэты дзень прыгатуе князь за сябе а за ўвесь люд зямлі цялё-бычка на аброк за грэх.
 
І князь у той дзень складзе бычка як ахвяру за грэх, за сябе і за ўвесь народ зямлі.

І сем дзён сьвята ён будзе гатаваць усепаленьне СПАДАРУ, сем бычкоў а сем бараноў бяз гану сем дзён што дня, і казла з козаў на аброк за грэх што дня.
 
І сем дзён сьвята ён будзе ахвяроўваць цэласпаленьне для ГОСПАДА, сем бычкоў, сем бараноў без заганы штодзень сем дзён, і як ахвяру за грэх штодзень аднаго казла.

І прыгатуе хлебны аброк па ефе на кажнае цялё-бычка, і па ефе на барана, і па гіне алею на кажную ефу.
 
І складзе ахвяру хлебную, эфу на бычка і эфу на барана, і гін алею на эфу.

Сёмага месяца, пятнанцатага дня месяца, у сьвята, толькі ж будзе абракаць сем дзён, як за грэх, так усепаленьне і так хлебны аброк а алей’.
 
У сёмым [месяцы], у пятнаццаты дзень месяца ў сьвята будзе ён ахвяроўваць сем дзён як ахвяру за грэх, так і цэласпаленьне, як ахвяру хлебную, так і алей.