Езэкііля 30 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сыну людзкі! праракай і кажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Плачча, авохці дню!
«Сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Галасіце дзеля таго дня!
Бо дзень блізкі, і блізкі дзень СПАДАРОЎ, хмарны дзень; настане пара народаў!
Бо блізкі дзень, блізкі дзень ГОСПАДА! Днём хмараў будзе час [кары] для народаў.
Прыйдзе меч на Ягіпет, і вялікая мука стрэне Ефіопу, як забітыя будуць валяцца ў Ягіпце, і возьмуць багацьце ягонае, і абурацца поды ягоныя;
І прыйдзе меч на Эгіпет, і будзе страх у Кушы, калі будуць падаць забітыя ў Эгіпце, калі забяруць мноства ягонае, калі будуць зруйнаваныя падмуркі ягоныя.
Ефіопа а Пут а Люд а ўсі мешаныя люды а Хуб а люд зямлі, што ў змове, паваляцца зь імі ад мяча’.
Куш, Пут і Люд, і ўсе чужынцы, і Куб, і сыны зямлі запавету [разам] з імі пагінуць ад мяча.
Гэтак кажа СПАДАР: "І тыя, што падпіраюць Ягіпет, паваляцца, і паніжыцца гордасьць сілы; ад вежы Сыеня загінуць у ім ад мяча, — кажа Спадар СПАДАР. —
Гэта кажа ГОСПАД. Упадуць падпоры Эгіпту і ўпадзе пыхлівасць магутнасьці ягонай, ад Мігдолу аж да Сэвэны будуць падаць ад мяча, кажа Госпад ГОСПАД.
І будуць спустошаны яны сярод краёў спустошаных, і месты ягоныя будуць сярод местаў пустых.
І будзе ён спусташэньнем сярод земляў спустошаных, і гарады ягоныя будуць між гарадоў зруйнаваных.
І даведаюцца, што Я — СПАДАР, як Я зацеплю цяпло ў Ягіпце, і будуць патрышчаны ўсі памачнікі ягоныя.
І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я прывяду агонь пад Эгіпет і будуць патрушчаны ўсе, хто дапамагае яму.
Таго дня выйдуць на караблёх пасланцы Мае спалохаць нядбайных Ефіоплян, і вялікі боль стрэне іх, як у дзень Ягіпту; бо, гля, гэта станецца’.
У той дзень выйдуць ад аблічча Майго пасланцы на караблях, каб патрывожыць спакой Кушу, і трывога падымецца сярод іх у дзень Эгіпту, бо вось, ён надыходзіць.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Я спыню множасьць Ягіпту рукою Невухаднецара, караля Бабілёнскага.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я зраблю канец мноству Эгіпта рукою Навухаданосара, валадара Бабілону.
Ён а люд ягоны зь ім, — найстрашнейшы з народаў, — будуць прыведзены зглуміць зямлю, і аголяць мячы свае на Ягіпет, і напоўняць зямлю забітымі.
Ён і народ ягоны, магутныя між народаў, прыйдуць, каб нішчыць зямлю гэтую. Яны выцягнуць мячы свае супраць Эгіпту і напоўняць зямлю забітымі.
І высушу рэкі, і прадам зямлю ў руку нягодных, і спустошу зямлю а ўсе, што ў ёй, рукою чужаземцаў; Я, СПАДАР, вымавіў’.
І Я зраблю рэкі сухадолам, і аддам зямлю ў рукі ліхотнікаў, і спустошу зямлю і ўсё, што ў ёй, рукою чужынцаў. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]”.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Я таксама зьнішчу балваны і спыню абразы Нофу, і ня будзе ўжо князя ізь зямлі Ягіпецкай, і навяду страх на зямлю Ягіпецкую.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я зьнішчу ідалаў і зраблю канец балванам з Нофу, і ня будзе больш князя ў зямлі Эгіпецкай. І Я спашлю страх на зямлю Эгіпецкую.
І спустошу Пафрос, і зацеплю цяпло ў Цоане, і зьдзею суды ў Но.
І Я спустошу Патрос, і пушчу агонь на Цаан, і ўчыню суд у Но.
І выльлю гнеў Свой на Сын, моц Ягіпту, і выгублю множасьць Но.
І Я выльлю гнеў Мой на Сін, крэпасьць Эгіпецкую, і вынішчу шматлюдзтва ў Но.
І зацеплю цяпло на Ягіпет, Сын будзе дрыжэць, дрыжэць, і Но будзе раськеплена, і Ноф будзе мець бяду ўдзень.
І Я спашлю агонь на Эгіпет; будзе качацца ад болю Сін, і Но будзе здабыты, а на Ноф [прыйдуць] ворагі ўдзень.
Маладзёны Авену а Пібесэту загінуць ад мяча, і жанкі пойдуць у палон.
Юнакі з Авэну і Пі-Бэсэту будуць падаць ад мяча, а [гарады] гэтыя пойдуць у няволю.
У Тэґафнегесе дзень зьмеркне, як Я патрышчу там іго Ягіпту, і як гордасьць сілы ягонае перастане. Ён пакрыецца хмараю, а дачкі ягоныя пойдуць у палон.
У Тахпанхэсе сьцямнее дзень, калі Я зламлю там ярмо Эгіпецкае. І скончыцца ў ім пыхлівасьць магутнасьці ягонай. Хмара закрые яго, і дочкі ягоныя пойдуць у няволю.
І зьдзею суды ў Ягіпце, і даведаюцца, што Я — СПАДАР’"».
І Я ўчыню суды [Мае] ў Эгіпце, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
І сталася адзінанцатага году, першага месяца, сёмага дня месяца, што было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І сталася ў адзінаццатым годзе, у першым [месяцы], у сёмы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сыну людзкі! Я зламіў плячо фараону, каралю Ягіпецкаму, і гля, яно не завязана, каб гаіць, і ня будзе абкручана завязкаю, каб зрабіць яго моцным дзяржаць меч.
«Сыне чалавечы, Я зламаў рамяно фараона, валадара Эгіпту, і вось, яно ня будзе перавязанае, каб даць лекі, каб зрабіць павязку, каб перавязаць яго, каб ня меў ён сіл трымаць меч.
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я супроці фараона, караля Ягіпецкага, патрышчу плячукі ягоныя — здаровыя й наломленыя, і прычыню, што меч вываліцца з рукі ягонае.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я супраць фараона, валадара Эгіпецкага, і Я зламлю рамёны ягоныя, тое моцнае і тое зламанае, і выкіну меч з рукі ягонай.
І расьцярушу Ягіпцян меж народаў, і разьвею іх па краёх.
І Я расьцярушу Эгіпцянаў сярод народаў, і раскідаю іх паміж земляў.
І ўмацую плечы караля Бабілёнскага, і дам яму ў рукі меч Свой; фараону зламлю плячукі, і ён будзе якатаць перад ім ёкатам сьмяротна раненага.
І Я ўмацую рамёны валадара Бабілонскага, і дам меч Мой у руку ягоную; і Я зламлю рамёны фараона, і ён будзе стагнаць, як стогне паранены, перад абліччам ягоным.
Але, Я ўмацую плячукі караля Бабілёнскага, а плячукі фараонавы апусьцяцца; і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як дам меч Свой у руку каралю Бабілёнскаму, і ён аголе яго на зямлю Ягіпецкую.
І Я ўмацую рамёны валадара Бабілонскага, а рамёны фараона аслаблю, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі дам меч Мой у руку валадара Бабілонскага і ён выцягне яго супраць зямлі Эгіпецкай.
І расьцярушу Ягіпцян меж народаў, і разьвею іх сярод краёў; і даведаюцца, што Я — СПАДАР"».
І Я расьцярушу Эгіпцянаў сярод народаў, і раскідаю іх паміж земляў, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».