Езэкііля 4 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ты, сыну людзкі, вазьмі цэглу й палажы яе перад сабою, і нарысуй на ёй места Ерузалім.
 
А ты, сын чалавечы, вазьмі таблічку гліняную, пакладзі яе перад абліччам тваім і накрэсьлі на ёй горад Ерусалім.

І нарысуй аблогу супроці яго, і збудуй вартаўнічую вежу, і насып вал супроці яго, разлажы табар супроці яго, і пастанаві навокал абложныя тараны супроці яго.
 
І пастаў аблогу супраць яго, пабудуй мур супраць яго, насып вал супраць яго, пастаў супраць яго табар, пастаў супраць яго тараны кругом.

Адлі вазьмі сабе бляху і пастанаві яе як зялезную сьцяну памеж сябе й места, і зьвярні від свой на яе, яна будзе абложана, і ты будзеш аблягаць яе. Гэта знак дому Ізраеляваму.
 
І вазьмі сабе патэльню жалезную, і палажы яе нібы мур жалезны паміж табою і горадам, і павярні аблічча тваё на яго. І будзе ён абляганы, і ты будзеш аблягаць яго. Гэта будзе знак для дому Ізраіля.

І ты ляж на левы бок свой, і ўзлажы бяспраўе дому Ізраелявага на яго: подле ліку дзён, каторыя праляжыш на ім, ты будзеш несьці бяспраўе іхнае.
 
І ты ляж на левым баку тваім, і складзі на ім беззаконьні дому Ізраіля. Столькі дзён, колькі будзеш ляжаць на [баку], будзеш несьці беззаконьні іхнія.

Бо Я залічу табе гады бяспраўя іхнага подле ліку дзён: трыста дзевяцьдзясят дзён гэтак ты будзеш несьці бяспраўе дому Ізраелявага.
 
І Я вызначыў табе гады беззаконьня іхняга паводле ліку дзён: трыста дзевяноста дзён будзеш несьці беззаконьне дому Ізраіля.

І як ты выпаўніш гэта, другім разам кладзіся на правы бок свой, і ты будзеш несьці бяспраўе дому Юдзінага сорак дзён: дзень за год, дзень за год Я прызначыў табе.
 
А калі іх скончыш, ляжаш тады на правым баку тваім і будзеш несьці беззаконьні дому Юды сорак дзён, і Я вызначыў табе дзень за адзін год.

І на аблогу Ерузаліму прыгатуй від свой, і рука твая няхай будзе голая, і праракай супроці іх.
 
І на абложаны Ерусалім звернеш аблічча тваё і аголенае рамяно тваё, і будзеш прарочыць супраць яго.

І, гля, я ўзлажыў на цябе паварозы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня скончыш дзён аблогі свае.
 
І вось, Я накладаю на цябе путы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня скончыш дзён аблогі тваёй.

І ты вазьмі сабе пшонкі а ячменю а бобу а сачыўкі а проса а палбы, і палажы гэта ў вадну судзіну, і ўчыні хлеб ізь іх подле ліку дзён, што будзеш ляжаць на баку сваім: трыста дзевяцьдзясят дзён будзеш жывіцца імі.
 
І ты вазьмі сабе пшаніцы і ячменю, бобу і сачэвіцы, проса і чарнухі, і ўсё ўкладзі ў адзін посуд, і зрабі сабе з гэтага хлеб. Будзеш яго есьці столькі дзён, колькі будзеш ляжаць на баку тваім, трыста дзевяноста дзён будзеш есьці яго.

І ежа твая, што ты будзеш есьці, мае быць вагою дваццаць сыкляў на дзень; час ад часу будзеш есьці яе.
 
А тая ежа, якую будзеш есьці, [будзе] важыць дваццаць сыкляў на дзень; час ад часу будзеш есьці яе.

І ваду ты будзеш піць мераю, па шостай часьці гіна, ад часу да часу будзеш піць.
 
І ваду ашчадна будзеш піць: будзеш піць час ад часу адну шостую гіну.

І ты будзеш есьці гэта, як ячныя перапечкі, і будзеш пячы іх на людзкім кале на ачох люду».
 
Будзеш гэта есьці як аладку ячменную, і будзеш пячы гэта на вачах іхніх на гною чалавечым».

І сказаў СПАДАР: «Аж так сынове Ізраелявы будуць есьці ўбрудзянены хлеб свой меж народаў, куды Я пражану іх».
 
І сказаў ГОСПАД: «Гэтак будуць есьці сыны Ізраіля свой хлеб нячысты сярод народаў, сярод якіх Я расьцярушу іх».

І сказаў я: «Авохці імне, Спадару Божа! гля, душа мая не забрудзянена, бо з маладосьці свае аж дагэтуль я ня еў здыхаты ані разарванага, і ніякае абрыдонае мяса ня прыходзіла ў рот мой».
 
І я сказаў: «О Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, душа мая [ніколі] не апаганьвалася, ад маладосьці маёй аж да цяпер я ня еў ані падліны, ані таго, што было разьдзёртае; і не ўваходзіла ў вусны мае мяса нячыстае».

І сказаў Ён імне: «Гля, Я дам табе карові кал замест людзкога, і ты ўчыні хлеб свой на ім».
 
І Ён сказаў мне: «Глядзі, Я даю табе гной кароўскі замест гною чалавечага, і ты будзеш рабіць хлеб твой на ім».

Адлі сказаў імне: «Сыну людзкі, гля, Я патрышчу падпору хлеба ў Ерузаліме, і будуць есьці хлеб вагою а із журбою, і будуць піць ваду мераю і із задумленьням,
 
І сказаў мне: «Сыне чалавечы, вось, Я зламлю падпору хлеба ў Ерусаліме, і будуць яны есьці хлеб паводле вагі і са страхам, і будуць піць ваду паводле меры і са смуткам,

Што ня стане хлеба й вады, і будуць зумявацца адзін із аднаго ў страху і нішчэць за бяспраўе свае.
 
каб, [маючы] нястачу хлеба і вады, жахаліся адзін аднаго і гнілі ў грахах сваіх.