Езэкііля 24 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было імне слова СПАДАРОВА дзявятага году, дзясятага месяца, дзявятага дня месяца, кажучы:
 
І было слова ГОСПАДА да мяне ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, кажучы:

«Сыну людзкі! запішы сабе назоў гэтага дня, гэтага самага дня; абляжа кароль Бабілёнскі Ерузалім гэтага самага дня.
 
«Сыне чалавечы, напішы сабе імя дня гэтага, гэтага вось дня, бо валадар Бабілонскі ў дзень гэты пачаў аблогу Ерусаліму.

Пасулі прыпавесьць бунтоўнаму дому й скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Пастанаві гаршчок, пастанаві й таксама налі вады ў яго.
 
І раскажы гэтаму дому бунтаўнікоў прыповесьць, і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Пастаў кацёл на агонь, пастаў і налі ў яго вады.

Зьбяры кавалкі яго ў яго, кажны добры кавалак, сьцягняк а лапатку; выборнымі косьцьмі напоўні яго.
 
Укінь у яго кавалкі мяса, усе лепшыя кавалкі, кумпяк і лапатку, напоўні яго найлепшымі косткамі.

Выборнае драбнога статку вазьмі, таксама кучу касьцей палажы пад ім, і вары добра, і няхай косьці разварацца ў ім’.
 
І вазьмі на гэта найлепшых з авечак, падкладзі [дровы] пад спод так, каб аж косткі разварыліся”.

Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Авохці крываваму месту, гаршку, гаршку, каторага шумаўё ў ім, і каторага шумаўё ня выходзе зь яго; выбірай зь яго кавалак па кавалку, няхай жэрабя не падзець на яго;
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Гора гораду крыві, катлу, на якім іржа і з якога ржа не зыходзіць. Павыкідай з яго кавалак за кавалкам, жэрабя на іх ня будзе кідацца.

Бо кроў яго сярод яго; ён пастанавіў яго на голай скале; не вылівай зь яго на зямлю, каб пыл не пакрыў яго.
 
Бо кроў ягоная ў сярэдзіне яго, ён разьліў яе на голай скале, ня выліў яе на зямлю, каб прыкрыць яе пылам.

Каб выклікаць гнеў і надта памсьціцца, Я пастанаўлю кроў ягоную на голай скале, каб ня была пакрыта’.
 
Каб распаліць гнеў і адпомсьціць помсту, Я разальлю кроў ягоную на голай скале, каб не была яна прыкрыта”.

Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Авохці крываваму месту! Я павялічу вогнішча.
 
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Гора гораду крыві! Я таксама павялічу вогнішча.

Павяліч дровы, кладзі цяпло, вары мяса й палажы закрасы, і няхай косьці перагараць.
 
Назьбірай дроваў, распалі агонь, звары мяса, запраў прыправамі, і няхай косткі згараць.

І пастанаві яго пусты на вугальле, каб медзь стала гарачай, і каб гаршчок журэў, і бруда яго распусьцілася ў ім, каб шумаўё яго шчэзла.
 
І пастаў гэты кацёл пусты на вугольлі, каб ён разагрэўся і разгарэлася медзь ягоная, каб у нутры ягоным растапілася нячыстасьць ягоная і каб зьнікла іржа ягоная.

Ён стамаваўся сіленьням, і вялікае шумаўё яго ня выходзе зь яго, шумаўё яго ў цяпле.
 
Дарэмная праца, і ня зыйдзе з яго мноства іржы, у агні [застаецца] іржа.

У нечысьці тваёй распуста, бо Я чысьціў цябе, і ты не ачысьціўся; наперад ад нечысьці свае не ачысьцішся, пакуль Я не спаганю на табе гневу Свайго.
 
У нячыстасьці тваёй распуста. Хоць Я чысьціў цябе, але ты не ачысьціўся ад нячыстасьці тваёй. Дзеля гэтага ня будзеш ачышчаны, пакуль не супакоіцца лютасьць Мая супраць цябе.

Я, СПАДАР, вымавіў гэта, гэта станецца; і ўчыню гэта, не адступлю ані пашчаджаю, ані пажалею; подле дарогаў тваіх і подле ўчынкаў тваіх будуць судзіць цябе’, — агалашае Спадар СПАДАР"».
 
Я, ГОСПАД, прамовіў, і прыйдзе [гэта]. І Я зраблю, не занядбаю, і ня буду мець літасьці, і ня буду мець спачуваньня. Будзеш асуджаны паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх, кажа Госпад ГОСПАД”».

І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

«Сыну людзкі! вось, Я адбяру ў цябе болькаю жаданьне аччу тваіх, ты, адылі, ня будзь у жалобе ані плач, і няхай не пакоціцца сьліза Твая.
 
«Сыне чалавечы, вось, Я адбяру у цябе раптам радасьць вачэй тваіх, але ты не галасі і ня плач, і няхай не цякуць сьлёзы твае.

Уздыхай моўчыкам, не рабі жалобы па памерлай, турбан свой завяжы на сябе, абуй вобуй на ногі свае, і не закрывай вуснаў, і хлеба людзкога ня еж».
 
Стагні моўчкі, не рабі жалобы па памёршым, завяжы турбан твой на сабе, азуй сандалы твае на ногі твае, не прыкрывай барады і ня еш хлеба жалобы».

Затым я гукаў люду нараніцы, а жонка мая памерла ўвечары; назаўтрае нараніцы я зрабіў, як імне было расказана.
 
І прамаўляў я да народу раніцаю, а ўвечары памерла жонка мая. І я зрабіў назаўтра так, як мне загадана.

І сказаў імне люд: «Ці ня скажаш нам, што гэта знача нам, што ты робіш?»
 
І народ казаў мне: «Ці ня вытлумачыш нам, што значыць для нас тое, што ты робіш?»

І я адказаў ім: «Слова СПАДАРОВА было імне, кажучы:
 
І я сказаў ім: «Слова ГОСПАДА было да мяне, кажучы:

"Гукай дому Ізраеляваму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я збудзеню сьвятыню Сваю, гордасьць сілы вашае, жаданьне ачоў вашых, і чаго шкадуе душа ваша; а сынове вашы а дачкі вашы, каторых вы пакінулі, загінуць ад мяча.
 
“Скажы дому Ізраіля: "Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я апаганю сьвятыню Маю, велічнасьць сілы вашай, радасьць вачэй вашых, прагненьне душаў вашых. А сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, ад мяча загінуць.

І вы будзеце рабіць, як Я раблю: вуснаў ня будзеце закрываць ані есьці хлеба людзкога;
 
І вы гэтак зробіце, як я зрабіў: барады ня будзеце прыкрываць, ня будзеце есьці хлеба жалобы,

І турбаны вашы будуць на галавах вашых, і вобуй ваш на нагах вашых; ня будзеце ў жалобе ані плакаць, але растаеце ў бяспраўях сваіх і будзеце наракаць адзін перад адным.
 
турбаны вашыя [будуць] на галовах вашых і сандалы вашыя на нагах вашых, ня будзеце лямантаваць і ня будзеце плакаць, а будзеце сохнуць дзеля беззаконьняў вашых і будзеце стагнаць адзін перад адным.

І Езэкіель будзе вам знакам: подле ўсёга, што ён рабіў, вы будзеце рабіць; і як гэта станецца, вы даведаецеся, што Я — Спадар СПАДАР"’.
 
І будзе Эзэкіэль для вас знакам. Тое, што ён зрабіў, будзеце і вы рабіць, калі гэта прыйдзе, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД".

А што да цябе, сыну людзкі, ці ня будзе гэта дня, калі Я адыйму ў іх сілу іхную, радасьць пазору іхнага, жаданьне ачоў іхных і вялікае жаданьне сэрца іхнага, сыноў іхных а дачкі іхныя, —
 
А ты, сыне чалавечы, у дзень, калі Я забяру ад іх сілу іхнюю і радасьць аздобы іхняй, і раскошу вачэй іхніх, і прагненьне душаў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх,

Таго дня ўцеклы прыйдзе да цябе, прынесьці ведамку вушом тваім;
 
ў той дзень прыйдзе да цябе ўцякач, каб паведаміць вушам тваім [пра гэта].

Таго дня адчыніцца рот твой уцекламу, і ня будзеш немы, і будзеш знакам ім; і даведаюцца, што Я — СПАДАР"».
 
У той дзень адкрыюцца вусны твае перад уцекачом, і ты будзеш прамаўляць, і ня будзеш ужо немы. І ты будзеш для іх знакам, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».