Езэкііля 47 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І зьвярнуў ён мяне назад да дзьвярэй дому, і вось, вада цякла з пад правага боку дому на паўднявую старану аброчніка.
І ён завёў мяне да ўваходу ў Дом [Божы]. І вось, вада выцякала з-пад парогу Дому [Божага] на ўсход, бо пярэдні бок Дому гэтага [быў] на ўсход; а вада выцякала з-пад правага боку Дому, з паўднёвага боку ад ахвярніка.
І вывеў мяне пераз паўночную браму, і абвёў мяне навоннаю дарогаю да навоннае брамы, дарогаю, што вядзець на ўсход, і гля, вада выцякае па правай старане.
І ён вывеў мяне шляхам праз браму паўночную, і павёў мяне звонку вакол да вонкавай брамы шляхам, скіраваным на ўсход. І вось вада выцякала з-пад правага боку Дому.
І як гэны муж, што меў шнюр у руццэ сваёй, прышоў на ўсход, ён адмераў тысяча локцяў і правёў мяне пераз ваду; вады было па шчыкалатку.
І выйшаў той муж на ўсход, і шнур [меральны] ў руцэ ягонай. І ён адмерыў тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, і вада [была] да костак.
Ізноў адмераў тысяча і правёў мяне па вадзе; вады было па калені. Ізноў адмераў тысяча і правёў мяне; вады было па пояс.
І ён адмерыў тысячу [локцяў], і перавёў мяне праз ваду, і вада была да каленяў. І ён адмерыў тысячу [локцяў], і перавёў мяне, і вада была да паясьніцы.
Потым адмераў тысяча, і быў цурэй, пераз каторы я ня мог перайсьці, бо вада была падняўшыся, вада, каторую надабе было пераплысьці, цурэй нельга было перайсьці.
І ён адмерыў тысячу [локцяў], [і быў] струмень, праз які ня мог я перайсьці, бо вада ўзьнялася, [і стала] вада для плаваньня, струмень, праз які нельга перайсьці.
І сказаў імне: «Ці бачыў ты сыну, людзкі?» Тады павёў мяне і зьвярнуў мяне да берагу цур’я.
І ён сказаў мне: «Ці ты бачыў [гэта], сыне чалавечы?» І ён павёў мяне, і завёў на бераг струмяня гэтага.
Як я зьвярнуўся, гля, на беразе цур’я вельма шмат дзерваў абапал.
Калі я вярнуўся, вось, з абодвух бакоў на беразе струмяня вельмі шмат дрэваў.
І сказаў ён імне: «Гэтая вада цячэць да ўсходняга краю, і цячэць далоў на раўніну, і ўцякае ў мора, і як уцячэць у мора, вада ўздаровіцца.
І ён сказаў мне: «Вада гэтая цячэ на абшар усходні, і зыходзіць на стэп, упадае ў Мора [Салёнае], і разьліваецца ў моры, і воды тыя становяцца здаровымі.
І станецца, што куды пацякуць цур’і, там кажная жывёла, што кратаецца, ажывець; і там будзе вялікая множасьць рыбы, бо вада прыцячэць туды, бо яна будзе ўздароўленая; і кажная жывёла будзе жыць там, куды прыцячэць цурэй.
І станецца, што ўсякая душа жывая, якая там множыцца, куды толькі прыйдзе струмень гэты, будзе жыць, і будзе там вельмі шмат рыбы, бо куды дацякуць тыя воды, там [усё] будзе аздароўлена і будзе жыць усё там, куды дацячэ струмень гэты.
І станецца, што рыбакі будуць стаяць ля яго ад Ен-Ґеды аж да Ен-Еґлаіму, будуць закідаць сеці; рыба ў іх будзе такога ж роду, як рыба ў вялікім мору, надзвычайна шмат.
І станецца, што будуць над ім стаяць рыбакі, ад Эн-Геды аж да Эн-Эгляіму, і будзе гэта месца на стаўленьне сетак, і будуць там рыбы паводле гатунку свайго, як рыбы з Мора Вялікага, [будзе іх] вельмі шмат.
Але балоты яго а лужы яго не ўздаровяцца, яны будуць прызначаны да солі.
Але балоты ягоныя і затокі ягоныя ня будуць аздароўлены, бо яны дадзеныя для солі.
І ля цур’я па берагох яго абапал будзе расьці ўсялякае дзерва да еміны, каторага лісьцё ня будзе вянуць, і ня высіляцца плады яго; яно будзе даваць новыя плады подле месяцаў сваіх, бо воды яго выцякаюць ізь сьвятыні; і плады яго будуць на ежу, і ліст яго на лек».
А пры струмяні на беразе ягоным з аднаго і другога боку будуць расьці ўсялякія дрэвы пладовыя, і лісьце іхняе ня зьвяне, і плады іхнія ня спыняцца, кожны месяц будуць яны радзіць новыя [плады], бо воды гэтыя выходзяць са сьвятыні. І будуць плады іхнія на ежу, а лісьце іхняе — на лекі».
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гэта граніца, у каторай вам спадзець зямля подле двананцацёх плямён Ізраелявых; Язэпу дзьве дзелі.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэта мяжа, у якой вы ўспадкаеміце зямлю для дванаццаці каленаў Ізраіля. Язэп [будзе мець] дзьве часткі.
Яна будзе падзелена па роўнай часьці, бо Я падняў руку сваю даць яе айцом вашым, і зямля спадзець вам на спадак.
І вы ўспадкаеміце яе, кожны так, як брат ягоны, бо Я ўзьняў руку Маю, што дам яе бацькам вашым. І будзе зямля гэтая для вас у спадчыну.
І гэтта граніца зямлі: ад вялікага мора ў кірунку на поўнач дарогаю Гэтлёну, як ісьці да Цэдад,
Гэта межы зямлі: з паўночнага боку ад Мора Вялікага ў накірунку да Хэтлёну, як ісьці ў Цэдаду,
Пераз Гамаф, Берот, Сэфраім, што меж граніцаю Дамашку і граніцаю Гамафу, аж да сярэдняга Гацару, што ля ўзьбярэжжа Гаўрану.
Хамат, Бэроту і Сібраім, якія паміж мяжой Дамаску і мяжой Хамату, Хацар-Гатыхону, які на мяжы Хаўрану.
І будзе граніцаю ад мора Гацар-Енон, граніца Дамашку і на поўнач граніца Гамафу; гэта паўночная старана.
І будзе мяжа ад Мора да Хацар-Энону, паўночная мяжа Дамаску і мяжа Хамату на поўначы. Гэта бок паўночны.
І ўсходнюю старану адмерайце ад Гаўрану а ад Дамашку а ад Ґілеаду а ад зямлі Ізраельскае Ёрданом, ад граніцы аж да ўсходняга мора; і гэта ўсходняя старана.
А з боку ўсходняга — паміж Хаўранам і Дамаскам, паміж Гілеадам і зямлёй Ізраіля, па Ярдану мяжу аж да Мора Усходняга вы будзеце мерыць. Гэта бок усходні.
І паўднявая старана на паўдні цягнецца ад Тамары аж да водаў звады ў Кадэшу, цур’ём да вялікага мора; і гэта паўднявая старана, на паўдні.
А з боку паўднёвага ў правы бок — ад Тамару аж да водаў Мэрывот-Кадэшу, уздоўж ручая да Мора Вялікага. Гэта бок паўднёвы з правага боку ў бок Нэгеву.
І заходняю стараною будзе вялікае мора ад граніцы аж да насупроці ўходу да Гамаф; гэта заходняя старана.
А з боку заходняга — Мора Вялікае ад мяжы аж да месца насупраць уваходу ў Хамат. Гэта бок заходні.
Дык падзеліце зямлю сабе подле плямён Ізраелявых.
І вы падзеліце зямлю гэтую для сябе паводле дванаццаці каленаў Ізраіля.
І станецца, што падзеліце яе жэрабям на спадак сабе й чужаземцам, што перабываюць меж вас, каторыя нарадзілі дзеці меж вас, і яны маюць быць вам як народжаныя ў краю меж сыноў Ізраелявых, яны будуць мець спадак із вамі меж плямён Ізраелявых.
І станецца, што вы падзеліце яе жэрабем на спадчыну для вас і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас і якія нарадзілі сыноў сярод вас, і будуць яны для вас як тутэйшыя сярод сыноў Ізраіля, разам з вамі яны кінуць жэрабя пра спадчыну сярод каленаў Ізраіля.
І станецца, што ў якім пляменю чужаземец перабывае, там дасьце яму спадак, — агалашае Спадар СПАДАР.
І станецца, што ў тым калене, у якім жыве прыхадзень, дасьцё яму спадчыну ягоную, кажа Госпад ГОСПАД.