Езэкііля 43 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прывёў мяне да брамы, да брамы, што на ўсход.
 
І ён павёў мяне да брамы, брамы, якая была зьвернута на шлях на ўсход.

І вось, слава Бога Ізраелявага йшла з усходняе дарогі, і голас Ягоны — як шум шмат водаў, і зямля зазьзяла славаю Ягонаю.
 
І вось, слава Бога Ізраіля прыйшла па шляху з усходу, а голас Ягоны — быццам шум водаў вялікіх, і зямля сьвяцілася ад славы Ягонай.

І гэта было подле зьявы відзені, што я відзеў, подле відзені, каторую я відзеў, як я прыходзіў зьнішчыць места; і відзені былі падобныя да відзені, што я відзеў ля ракі Хевар. І паў я на від свой.
 
І выгляд таго, што я бачыў, такі, як выгляд таго, што я бачыў, калі прыйшоў, каб зьнішчыць горад, выгляд такі, як выгляд таго, што я бачыў над ракой Кевар. І я ўпаў на аблічча маё.

І слава СПАДАРОВА ўвыйшла ў дом брамаю, што на ўсход.
 
І слава ГОСПАДА ўвайшла ў Дом [Божы] праз браму, якая была скіраваная на шлях на ўсход.

І падняў мяне дух, і прывёў на нутраны панадворак; і вось, слава СПАДАРОВА напоўніла панадворак.
 
І падняў мяне дух, і завёў на ўнутраны панадворак. І вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом.

І я чуў Гукаючага да мяне з дому, і муж стаяў ля мяне;
 
І я пачуў Таго, Хто прамовіў да мяне з Дому [Божага], а той муж стаяў каля мяне.

І Ён сказаў імне: «Сыну людзкі! гэтае месца пасаду Майго і месца ступам ног Маіх, ідзе я буду жыць сярод сыноў Ізраелявых на векі; і наперад сьвятога імені Майго ня будзе плюгавіць дом Ізраеляў, яны ані каралёве іхныя бязулствам сваім, ані здыхатою каралёў сваіх на ўзвышшах іхных,
 
І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, [гэта] месца пасаду Майго, месца стопаў ног Маіх, дзе Я буду вечна жыць сярод сыноў Ізраіля. І больш не апаганіць дом Ізраіля імя Маё сьвятое, яны і валадары іхнія, распустаю сваёю і парэшткамі валадароў сваіх на ўзгорках іхніх.

Ставячы парог свой ля парогаў Маіх і вушакі ля вушакоў Маіх, адно ізь сьцяною памеж іх; яны нават плюгавілі сьвятое імя Мае брыдамі сваімі, што яны рабілі; за тое Я загубіў іх у гневе Сваім.
 
Яны паставілі парог свой каля парогу Майго і вушакі свае каля вушакоў Маіх, так што [толькі] сьцяна была паміж Мною і імі, і апаганілі яны імя Маё сьвятое брыдотамі сваімі, якія рабілі, і Я вынішчыў іх у гневе Маім.

Цяпер няхай яны аддаляць ад Мяне бязулства сваё і здыхату каралёў сваіх, і Я буду жыць сярод іх на векі.
 
Цяпер няхай яны аддаляць ад Мяне распусту сваю і парэшткі валадароў сваіх, і Я буду жыць сярод іх на вякі.

Ты, сыну людзкі, паведай праз гэты дом дому Ізраеляваму, каб яны засароміліся бяспраўяў сваіх, і няхай памераюць зразу яго.
 
А ты, сыне чалавечы, паведамі дому Ізраіля пра Дом гэты, і яны будуць саромецца беззаконьняў сваіх, і няхай зьмераюць [памеры] ўзору гэтага.

І, як яны засаромяцца ўсяго, што яны рабілі, зьясьні ім рысунак дому а зразу яго а выхады зь яго а ўходы ў яго а ўсі хормы яго а ўсі ўставы яго а ўсі рысункі яго а ўсі правы яго, і напішы на ачох іх, каб яны дзяржалі цэлы рысунак яго і ўсі ўставы яго і подле іх рабілі.
 
І калі яны будуць саромецца з прычыны ўсяго, што зрабілі, паведамі ім выгляд Дому гэтага і ўладкаваньне яго, выхады ягоныя і ўваходы ягоныя, і ўсе рысункі ягоныя, і ўсе правілы ягоныя, і ўсе пастановы ягоныя, і ўсе законы ягоныя, і запішы іх перад вачыма іхнімі, каб яны трымаліся ўсіх рысункаў гэтых і ўсіх пастановаў гэтых, і выканалі іх».

Гэта права дому: на версе гары ўся граніца яго навокал, навокал —Сьвятое Сьвятых; вось, гэта права дому!
 
Гэта закон Дому [Божага].На вяршыні гары ўвесь абшар з усіх бакоў наўкола — Сьвятое Сьвятых. Вось гэта закон Дому гэтага.

І гэта памеры аброчніка ў локцях, а локаць ё локаць із даланёю: под — локаць, і ўшыркі — локаць, і аблямаваньне яго па краёх яго навокал аднае пядзі; і гэта выступ аброчніка.
 
А гэта памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць па адным локці і адной далоні. Аснова [ягоная] — локаць і шырыня локаць, а абрамаваньне на краі ягоным кругом — адна пядзя. Гэта вышыня ахвярніка:

Ад поду ля зямлі да ніжшага выступу — два локці, а ўшыркі — адзін локаць; і ад меншага выступу да большага выступу — чатыры локці, а ўшыркі — локаць.
 
ад асновы на зямлі да ніжняга абрамаваньня — два локці, а шырыня — адзін локаць, а ад малога абрамаваньня да вялікага абрамаваньня — чатыры локці, а шырыня — локаць.

І аброчнік чатырох локцяў увышкі, а ад аброчніка дагары чатыры рагі.
 
Вогнішча [на ахвяры] — чатыры локці, і з вогнішча ўгару — чатыры рагі.

І аброчнік — двананцаць локцяў удаўжкі, двананцаць ушыркі, чатыракутні на чатырох старанах сваіх.
 
Вогнішча [мае] дванаццаць [локцяў] даўжыні і дванаццаць [локцяў] шырыні, чатырохкутнае, на чатыры свае бакі [роўнае].

І выступ — чатырнанцаць локцяў удаўжкі і чатырнанцаць ушыркі на чатырох старанах сваіх, і аблямаваньне навокал яго паў локця, і под яго — локаць навокал; і ўступы да яго з усходу».
 
Абрамаваньне — чатырнаццаць [локцяў] даўжыні і чатырнаццаць [локцяў] шырыні на чатыры бакі свае, а ўзьмежак, які вакол яго, — палову локця, а аснова ягоная — локаць наўкола. А прыступкі ягоныя скіраваныя на ўсход.

І сказаў Ён імне: «Сыну людзкі! гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гэта ўставы аброчніка на тый дзень, калі зробяць яго, каб абракаць усепаленьні на ім і крапіць крывёю на яго.
 
І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось пастановы адносна ахвярніка на дзень, калі ён будзе пабудаваны, каб на ім складаць цэласпаленьні і каб акрапляць яго крывёй.

І ты дай цялё-бычка на аброк за грэх сьвятаром Левітам, што з насеньня Садокавага, каторыя бліжацца да Мяне, служыць Імне, кажа Спадар СПАДАР.
 
І ты дасі сьвятарам лявітам, якія з насеньня Цадока і маюць набліжацца да Мяне, кажа Госпад ГОСПАД, каб служыць Мне, бычка, сына ялаўкі, як [ахвяру] за грэх.

І вазьмі з крыві яго, і палажы на чатыры рагі яго, і на чатыры куты выступу яго, і на аблямаваньне навокал; гэтак ачысьціш і адзяржыш ласкіўчыненьне яму.
 
І возьмеш крыві ягонай, і пакропіш ёю чатыры рагі ахвярніка, і чатыры рагі абрамаваньня і ўзьмежак наўкола, і ачысьціш яго, і будзеш перамольваць [за яго].

І вазьмі цялё-бычка на аброк за грэх, і спалі яго на прызначаным месцу дому вонках сьвятыні.
 
І возьмеш бычка ахвяры за грэх, і спаліш яго на вызначаным месцы Дому [Божага] па-за [месцам] сьвятым.

І назаўтрае абрачы з роду козаў бяз гану на аброк за грэх, і ачысьцяць аброчнік, як ачысьцілі цялём.
 
А на другі дзень ахвяруеш казла без заганы як ахвяру за грэх, і ачысьціш ахвярнік так, як ачысьцілі яго, [ахвяроўваючы] бычка.

Як скончыш ачышчэньне, абрачы цялё бяз гану й барана бяз гану з авец,
 
І калі скончыш ачышчэньне, ахвяруеш бычка, сына ялаўкі, без заганы, і барана спаміж авечак без заганы.

І дабліж іх да СПАДАРА, і хай сьвятары кінуць солі на іх і абракуць іх на ўсепаленьне СПАДАРУ.
 
І ахвяруеш іх перад абліччам ГОСПАДА, і сьвятары кінуць на іх соль, і ахвяруюць іх як цэласпаленьне для ГОСПАДА.

Сем дзён гатуй кажны дзень казла на аброк за грэх, а яны хай прыгатуюць таксама цялё-бычка а барана бяз гану з авец.
 
Сем дзён будзеш ахвяроўваць казла як ахвяру за грэх штодзень. І ахвяруеш бычка, сына ялаўкі, і барана спаміж авечак, без заганы.

Сем дзён няхай чыняць залашчаньне за аброчнік і ачышчаюць яго, і пасьвячаюць яго.
 
Сем дзён будзеш перамольваць за ахвярнік, і ачышчаць яго, і будуць напоўненыя рукі [сьвятароў].

І як гэтыя дні скончацца, і будзе на восьмы дзень і далей, што зробяць сьвятары на аброчніку ўсепаленьне вашае а супакойныя аброкі вашы, і Я ўпадабаю вас", — кажа Спадар СПАДАР».
 
І скончацца тыя дні, і станецца ў восьмы дзень і пазьней, што сьвятары будуць ахвяроўваць на ахвярніку цэласпаленьні вашыя і ахвяры мірныя вашыя, і Я буду для вас спагадны, кажа Госпад ГОСПАД».