Езэкііля 42 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І вывеў мяне да навоннага панадворку паўночнаю дарогаю, і прывёў мяне да пакою, што супроці аддзеленага току, і каторы перад будоўляю, зьверненаю на поўнач.
І ён вывеў мяне на панадворак вонкавы шляхам у накірунку на поўнач і завёў мяне ў пакой, які насупраць адгароджанай прасторы і насупраць будынку з паўночнага боку.
На вока даўжыня паўночных дзьвярэй сто локцяў, а ўшыркі пяцьдзясят локцяў.
З пярэдняга боку даўжыня ягоная — сто локцяў, выхад на поўнач, а шырыня — пяцьдзясят локцяў.
Насупроці току дваццацёх локцяў, што належыў да нутранога панадворку, і насупроці масткоў, каторыя належылі да навоннага панадворку, быў калідор супроці калідору ў трох пятрах.
Насупраць — дваццаць [локцяў] панадворку ўнутранага, і насупраць — узвышэньне, якое на панадворку вонкавым, і галерэі адна ўздоўж другой на трох [паверхах].
Перад пакоямі быў тачок дзесяцёх локцяў ушыркі ўнутры, ход да яго аднаго локця, і дзьверы яго зьверненыя на поўнач.
А перад пакоямі праход шырынёю ў дзесяць локцяў унутры, на адлегласьць у сто локцяў, і ўваход у яго з поўначы.
Верхнія пакоі вужшыя, бо калідоры забіралі ў іх болей, чымся ад дольняе й сярэдняе пятраў.
Верхнія пакоі былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія [пакоі] будынку, бо галерэі займалі частку [прасторы].
Бо яны трох пятраў, але ня было ў іх стаўпоў, як стаўпы панадворку, затым яны былі паменшаны супроці дольніх і сярэдніх, пачынаючы ад далоўя.
Былі яны трохпавярховыя і ня мелі слупоў такіх, як слупы на панадворках, і таму былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія, якія на зямлі.
А знадворная агарожа супроці пакояў, зьверненая да навоннага панадворку, была пярэдняю стараною пакояў, даўжыня яе пяцьдзясят локцяў;
А мур, які звонку ўздоўж пакояў у накірунку вонкавага панадворку насупраць пакояў, [меў] даўжыню ў пяцьдзясят локцяў.
Бо даўжыня пакояў, што на навонным панадворку, пяцьдзясят локцяў, і вось, перад палацам сто локцяў.
Бо даўжыня пакояў, якія пры вонкавым панадворку, — пяцьдзясят локцяў, а тых, што перад Сьвятыняй — сто локцяў.
А далавах да гэтых пакояў быў ход із усходу, каб падходзіць да іх із навоннага панадворку.
А пад тымі пакоямі — праход ад усходу, калі ўваходзіць у іх з вонкавага панадворку.
Ушыркі гэтага панадворку — агарожа на ўсход супроці аддзеленага точышча, а супроці будоўлі — пакоі.
На шырыню муру панадворку шляхам на поўдзень перад адгароджанай прасторай і перад будынкам — пакоі.
І ход перад імі, як выгляд уходу ў тых пакояў, што на паўночнай старане, і такая ж даўжыня іх, такая шырыня іх, і ўсі выхады іх, і як хорма іх, і як дзьверы іх.
І дарога перад імі, як [уваход] у пакоі, якія на шляху на поўнач, як у даўжыню, так і ў шырыню, з усімі іхнімі выхадамі, уладкаваньнямі і ўваходамі.
І подле дзьвярэй пакояў, што на паўдня, дзьверы на пачатку дарогі, дарогі перад сьцяною проста на ўсход, як уходзіш да іх.
А ўваходы ў пакоі, якія на шляху на поўдзень, былі як уваход на пачатку праходу, які перад адпаведным мурам, на шляху на ўсход, калі ўваходзіць у яго.
І сказаў ён імне: «Паўночныя пакоі і паўднявыя пакоі, што перад аддзеленым токам — пакоі сьвятыні, ідзе ядуць сьвятары, што бліжацца да СПАДАРА, найсьвятшыя рэчы; там яны будуць класьці найсьвятшыя рэчы, і хлебны аброк, і аброк за грэх, і аброк віны, бо месца сьвятое.
І сказаў ён мне: «Пакоі паўночныя і пакоі паўднёвыя, якія перад адгароджанай прасторай, гэта пакоі сьвятыя, дзе сьвятары, якія набліжаюцца да ГОСПАДА, спажываюць сьвятое сьвятых; там яны складаюць сьвятое сьвятых, ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня, бо гэта месца сьвятое.
Як сьвятары ўвыйдуць у яго, то яны ня маюць выходзяць ізь сьвятога месца на навонны панадворак, але там маюць пакінуць адзецьці свае, у каторых правілі, бо яны сьвятыя; і адзенуць іншыя адзецьці, і дабліжацца да месца, каторае люду».
Калі сьвятары ідуць [пасьля служэньня], яны не павінны выходзіць з гэтага месца сьвятога на вонкавы панадворак, але там скінуць шаты свае, у якіх [спраўляюць] служэньне сваё, бо яны сьвятыя, і апрануць шаты іншыя, і [тады] наблізяцца да [месца, прызначанага] для народу».
І, як скончыў мераньне нутранога дому, ён вывеў мяне брамаю, зьверненаю на ўсход, і памераў яго навокал, навокал.
І ён скончыў мераць унутраныя [будынкі] Дому [Божага], павёў мяне шляхам да брамы, зьвернутай на шлях на ўсход, і зьмераў з усіх бакоў наўкола.
Ён памераў меральным прутом усходнюю старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом навокал.
Ён зьмераў бок усходні прутом меральным: пяцьсот прутоў прутом меральным наўкола.
Памераў паўночную старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом навокал.
Зьмераў бок паўночны: пяцьсот прутоў прутом меральным наўкола.
Ён памераў паўднявую старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом.
І зьмераў бок паўднёвы: пяцьсот прутоў прутом меральным.
Зьвярнуўшыся да заходняе стараны, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом.
І павярнуўся да заходняга боку, і намераў пяцьсот прутоў прутом меральным.
З чатырох бакоў памераў яго; сьцяна яго навокал, навокал была пяцьсот прутоў удаўжкі і перак пяцьсот прутоў, каб аддзяліць сьвятое ад будзеннага месца.
Ён зьмераў чатыры бакі. Мур быў з усіх бакоў наўкола даўжынёю ў пяцьсот і шырынёю ў пяцьсот [прутоў], каб аддзяліць сьвятое ад звычайнага.