Езэкііля 8 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася шостага году, шостага месяца, пятага дня месяца: я сядзеў у доме сваім, і старцы юдэйскія сядзелі перад імною, і спала на мяне там рука Спадара СПАДАРА.
 
І было на шостым годзе, на шостым месяцы, у пяты дзень месяца, сядзеў я ў доме маім, і старэйшыны Юдэйскія сядзелі перад абліччам маім, і сышла на мяне там рука Госпада Бога.

І бачыў я, і гля, падобнасьць, як выгляд цяпла; ад выгляду сьцёгнаў ягоных аж да далоўя — цяпло, і ад сьцёгнаў ягоных дагары, як выгляд бліску, як бруштыну.
 
І ўбачыў я: і вось падабенства, як бы вогненнае, і ад сьцёгнаў яго і ніжэй — агонь, і ад сьцёгнаў яго і вышэй — як бы зьзяньне, як бы сьвятло полымя.

І выцягнуў Ён падобнасьць рукі, і ўзяў мяне за каслаўкі галавы мае, і дух узьняў мяне меж зямлі й неба, і прынёс мяне ў відзені Божай да Ерузаліму, да варот нутраное брамы, зьверненае на поўнач, ідзе седава абраза завісьці, каторы ўзрушае да завісьці.
 
І працягнуў Ён як бы руку і ўзяў мяне за валасы галавы маёй, і падняў мяне Дух паміж зямлёю і небам і прынёс мяне ва ўявах Божых у Ерусалім да ўваходу ўнутранае брамы, павернутай на поўнач, дзе пастаўлены быў ідал рупнасьці, які абуджае рупнасьць.

І гля, там слава Бога Ізраелявага, як відзень, што бачыў я на раўніне.
 
І вось там была слава Бога Ізраілевага, падобная на тую, якую я бачыў на полі.

І сказаў імне: «Сыну людзкі, узьнімі вочы свае ў кірунку на поўнач». Дык я ўзьняў вочы свае ў кірунку на поўнач, і во, з поўначы ля аброчнае брамы абраз завісьці ў вуходзе.
 
І сказаў мне: сыне чалавечы! падымі вочы твае на поўнач, і я падняў вочы мае на поўнач, і вось, з паўночнага боку каля брамы ахвярніка — той ідал рупнасьці пры ўваходзе.

І сказаў імне: «Сыну людзкі! ці бачыш ты, што яны робяць? вялікія агіды, што робе дом Ізраеляў тут, каб Я аддаліўся ад сьвятыні Свае? і ўзноў абярніся, і абачыш агіды большыя».
 
І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! ці бачыш ты, што яны робяць? вялікія гідоты, якія робіць дом Ізраілеў тут, каб Я адышоў ад сьвятыні Маёй? Але павярніся, і ты ўбачыш яшчэ большыя гідоты.

Дык прывёў мяне да ўходу на панадворак, і як я глянуў — была там адтуліна ў сьцяне.
 
І прывёў мяне да ўваходу ў двор, і я зірнуў, і вось у сьцяне — адтуліна.

І сказаў імне: «Сыну людзкі, пракапай жа ў сьцяне». І пракапаў я ў сьцяне, і во дзьверы адны.
 
І сказаў мне: сыне чалавечы! пракапай сьцяну; і я пракапаў сьцяну і вось нейкія дзьверы.

І сказаў імне: «Увыйдзі й глянь на нягодныя агіды, што яны робяць тут».
 
І сказаў мне: увайдзі і паглядзі на агідныя гнюсоты, якія яны робяць тут.

Дык я ўвыйшоў і бачу, і во рознае хормы паўзуны, і агідная жывёла, і ўсі балваны дому Ізраелявага выразаныя на сьценах навокал, навокал.
 
І я ўвайшоў, і бачу, і вось усялякія выявы паўзуноў і нячыстых жывёл і ўсялякія ідалы дома Ізраілевага, напісаныя на сьценах навакол.

І семдзясят мужоў із старцоў дому Ізраелявага, і Яазаня Шафанёнак меж іх, стаяць перад імі, і ў кажнага ў руццэ свая кадзільніца, і густы булак ад кадзеньня падыймаўся.
 
І семдзесят мужоў са старэйшынаў дома Ізраілевага стаяць перад імі і Езанія, сын Сафанаў, сярод іх; і ў кожнага ў руцэ — сваё кадзіла, і густое воблака пахошчаў узносіцца ўгору.

І сказаў імне: «Ці бачыш, сыну людзкі, што старцы дому Ізраелявага робяць у цямноце, кажны ў сваім размаляваным пакою? бо кажуць: "СПАДАР ня бача нас, СПАДАР пакінуў зямлю"».
 
І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы, што робяць старэйшыны дому Ізраілевага ў цемры, кожны ў сваім расьпісаным пакоі? бо кажуць: «ня бачыць нас Гасподзь, пакінуў Гасподзь зямлю гэтую».

Сказаў таксама імне: «Ізноў зьвярніся, абачыш большыя агіды, што яны робяць».
 
І сказаў мне: абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты, якія яны робяць.

І прывёў мяне да варот брамы дому СПАДАРОВАГА, каторая на поўнач, і во, там сядзелі жанкі, плачучы па Фамузе.
 
І прывёў мяне да ўваходу ў браму дома Гасподняга, якая на поўнач, і вось, там сядзяць жанчыны і плачуць па Тамузе,

І сказаў імне: «Ці бачыў, сыну людзкі? ізноў зьвярніся, абачыш агіды, большыя за гэтыя».
 
і сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты.

І ўвёў мяне на нутраны панадворак дому СПАДАРОВАГА, і вось, у дзьвярох палацу СПАДАРОВАГА, меж ґанку й аброчніка, каля дваццаць пяцёх чалавекаў стаялі плячыма сваімі да палацу СПАДАРОВАГА, а відамі сваімі на ўсход, і яны кланяліся на ўсход сонцу.
 
І ўвёў мяне ва ўнутраны двор дома Гасподняга, і вось, каля брамы храма Гасподняга, паміж бабінцам і ахвярнікам, каля трыццаці пяці мужоў стаяць сьпінамі сваімі да Гасподняга храма, а тварамі сваімі да ўсходу, і кланяюцца на ўсход сонцу.

І сказаў імне: «Ці бачыш, сыну людзкі? ці мала дому Юдзінаму рабіць такія агіды, якія яны робяць тут? яны яшчэ напоўнілі зямлю ўціскам і зьвярнуліся гнявіць Мяне; і гля, яны падыймаюць да носу сваю галузку.
 
І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? ці мала дому Юдаваму, каб рабіць такія гідоты, якія яны робяць тут? але яны яшчэ зямлю напоўнілі крыўдаю, і тым болей гневаюць Мяне, і вось, яны галінкі падносяць да насоў сваіх.

За тое Я таксама буду дзеяць у палкім гневе; вока Мае не пашкадуе іх ані буду Я меці жаласьці да іх; і хоць бы яны гукалі ў вушы Мае вялікім голасам, Я не пачую іх».
 
Затое і Я пачну дзейнічаць люта; не пашкадуе вока Маё, і не памілую; і хай хоць бы крычалі ў вушы Мае моцным голасам, — не пачую іх.