Езэкііля 25 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сыну людзкі! зьвярні від свой да сыноў Амонавых і праракай ім,
сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да сыноў Амонавых і вымаві на іх прароцтва,
І скажы сыном Амонавым: "Выслухайце словы Спадара СПАДАРА: гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’За тое, што ты кажаш: "Ага!" празь сьвятыню Маю, як яна збудзенена, і празь зямлю Ізраеляву, як яна спустошана, і праз дом Юдзін, як ён пайшоў у палон,
і скажы сынам Амонавым: слухайце слова Госпада Бога: за тое, што ты пра сьвятыню Маю гаворыш: ага! ага! бо яно паганьбена, — і пра зямлю Ізраілевую, бо яна спустошана, і пра дом Юдаў, бо яны пайшлі ў палон,
За тое гля, я аддам цябе дзяцём Усходу ў дзяржанньне, і пастановяць вежы свае ў цябе і закладуць сялібы свае ў цябе, і будуць есьці плады твае й піць малако твае.
за тое вось, Я аддам цябе ў спадчыну сынам усходу, і паставяць у цябе кашары свае, і паставяць у цябе намёты свае, і будуць есьці плады твае і піць малако тваё.
І ўчыню Раўву стайняю вярблюдом, і месты сыноў Амонавых пасьцьбішчам драбному статку, і даведаецеся, што Я — СПАДАР’;
Я зраблю Раву стойлам вярблюдам, і сыноў Амонавых — пастухамі авечак, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што ты ляскала рукамі й тупала нагою й цешылася ў душы з усёй тваёй злосьцю да зямлі Ізраелявае,
Бо так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты пляскаў у далоні і тупаў нагою, і з усёю пагардаю да зямлі Ізраілевай душэўна радаваўся,
Вось, за тое Я выцягну руку Сваю на цябе, і аддам цябе на глабаньне народам, і ўчыню, што ты будзеш адцята ад людаў, і выгублю цябе ізь земляў, вынікблю цябе; і ты даведаешся, што Я — СПАДАР’.
за тое вось, Я працягну руку Маю на цябе і аддам цябе на рабунак народам, і вынішчу цябе зь ліку народаў і згладжу цябе зь ліку земляў; зламаю цябе, і ўведаеш, што Я — Гасподзь.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што Моаў а Сэір кажуць: "Гля, як усі народы, дом Юдзін",
Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Мааў і Сэір кажуць: «вось і дом Юдаў, як усе народы!»
За тое, вось, Я адкрыю плячо Моава ад местаў, ад местаў на паграніччу ягоным, славы краю, ад Беф-Ешымофу, Ваал-Меону а Кірафаіму,
за тое, вось Я, пачынаючы ад гарадоў, ад усіх памежных гарадоў ягоных, красы зямлі, ад Бэт-Ешымота, Ваалмэона і Кірыятыма, адкрыю бок Маава
І аддам іх на спадак разам із сынамі Амонавымі людзём Усходу, каб Сыноў Амонавых не менавалі меж народаў,
сынам усходу і аддам яго ў спадчыну ім, разам з сынамі Амонавымі, каб сыны Амона ня згадваліся болей сярод народаў.
І зьдзею суды над Моавам; і даведаюцца, што Я — СПАДАР’.
І над Маавам учыню суд, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’За тое, што дзеяў Едом, помсьцячыся помстаю супроці дому Юдзінага, і завініліся віною, і памсьціліся ім, —
Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Эдом жорстка помсьціў дому Юдаваму і цяжка зграшыў, учыняючы над ім помсту,
За тое гэтак кажа Спадар СПАДАР: — выцягну руку Сваю на Едом і адатну людзіну й жывёлу зь яго, і аддам на спустошаньне: ад Феману аж да Дэдану яны паваляцца ад мяча;
за тое, так кажа Гасподзь Бог: працягну руку Маю на Эдома і вынішчу ў яго людзей і быдла, і зраблю яго пустыняю; ад Тэмана да Дэдана ўсе загінуць ад меча.
І зьдзею помсту Сваю над Едомам рукою люду Майго Ізраеля, і зробяць у Едоме подле гневу Майго й подле палкага гневу Майго; і яны пазнаюць помсту Маю’, — агалашае Спадар СПАДАР.
І ўчыню помсту Маю над Эдомам рукою народу Майго, Ізраіля; і яны будуць дзейнічаць у Ідумэі згодна з Маім гневам і Маім абурэньнем, і ўведаюць помсту Маю, кажа Гасподзь Бог.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’За тое, што Пілішчане дзеялі памсьліва і памсьціліся помстаю із злосьцяй душы свае, зь нянавіднасьці вечнае, —
Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Філістымляне ўчынілі помсьліва і помсьцілі з пагардаю ў душы, на пагібель, паводле вечнай няпрыязнасьці,
За тое гэтак кажа Спадар СПАДАР: — абач, Я выцягну руку Сваю на Пілішчан і выгублю Крыцян, і зьнішчу астачу іх на беразе мора.
за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я працягну руку Маю на Філістымлянаў і зьнішчу Крыцянаў, і вынішчу рэшту іх на беразе мора;
І зьдзею над імі вялікія помсты зь вельмі гнеўнымі казьнераньнямі; і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як зьдзею помсту Сваю над імі’"».
і ўчыню над імі вялікую помсту карамі лютымі; і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі ўчыню над імі Маю помсту.