Езэкііля 33 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«Сыну людзкі! гукай сыном люду свайго і скажы ім: "Калі я навяду меч на зямлю, возьме люд зямлі мужа зь ліку свайго, і пастанове яго за паночнага свайго,
 
сыне чалавечы! прамові слова да сыноў народу твайго і скажы ім: калі Я на якую-небудзь зямлю навяду меч, і народ той зямлі возьме спасярод сябе чалавека і паставіць яго ў сябе вартаўніком,

І як ён бача, што меч прыходзе на тую зямлю, ён трубе ў трубу й перасьцерагае люд;
 
і ён, як убачыць меч, што ідзе на зямлю, затрубіць у трубу і асьцеражэ народ,

Калі хто чуе гук трубы, але ня прыйме перасьцярогі, калі меч прыйдзе й забярэць яго, кроў ягоная будзе на галаве ягонай.
 
і калі хто будзе слухаць голас трубы, але не асьцеражэ цябе; дык калі меч прыйдзе і захопіць яго, кроў ягоная будзе на яго галаве.

Ён чуў гук трубы, і ня прыняў перасьцярогі — кроў ягоная будзе на ім; але тый, што паслухаў перасьцярогі, вывальне душу сваю.
 
Голас трубы ён чуў, але не асьцярогся, кроў ягоная на ім будзе; а хто асьцярогся, той выратуе жыцьцё сваё.

Але калі паночны бача, што меч прыходзе, і ня трубе ў трубу, і люд ня будзе перасьцярэжаны, то калі прыйдзе меч і возьме душу з памеж іх, гэты будзе ўзяты ў бяспраўю сваім, але кроў ягоную Я спаганю з рукі паночнага".
 
Калі ж вартаўнік бачыў, як ішоў меч, і не затрубіў у трубу, і народ ня быў перасьцярожаны, дык калі прыйдзе меч і адбярэ ў каго зь іх жыцьцё, гэты будзе схоплены за грахі свае, але кроў ягоную спагоняць з рук вартаўніка.

І ты, сыну людзкі! Я прызначыў цябе за паночнага дому Ізраеляваму, затым слухай слова з вуснаў Маіх і перасьцерагай іх ад Мяне.
 
І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартавым дому Ізраілеваму, і ты будзеш чуць з вуснаў Маіх слова і настаўляць іх на розум ад Мяне.

Як Я скажу нягодніку: "Нягодніча, ты сьмерцю памрэш, а ты ня будзеш гукаць, каб перасьцерагчы нягодніка ад дарогі ягонае; то гэны нягодны памрэць у бяспраўю сваім, але кроў ягоную Я спаганю з рукі твае.
 
Калі Я скажу беззаконьніку: «пахібнік! ты сьмерцю памрэш», а ты ня будзеш нічога казаць, каб асьцерагчы пахібніка ад шляху ягонага, дык пахібнік той памрэ за грэх свой, але кроў ягоную спаганю з рукі тваёй.

Калі ты, адылі, перасьцерагаў нягодніка ад дарогі ягонае, каб адвярнуўся ад яе; калі ён не адвярнуўся ад дарогі свае, ён у бяспраўю сваім памрэць, але ты спас душу сваю.
 
Калі ж ты асьцерагаў пахібніка ад шляху ягонага, каб ён адвярнуўся ад яго, але ён ад шляху свайго не адвярнуўся, дык ён памірае за грэх свой, а ты выратаваў душу тваю.

І ты, сыну людзкі, кажы дому Ізраеляваму: "Гэтак вы гукаеце, кажучы: ’Калі выступы нашы а грахі нашы на нас, і мы таім ад іх, дык як мы маглі б жыць?’"
 
І ты, сыне чалавечы, скажы дому Ізраілеваму: вы кажаце так: «злачынствы нашыя і грахі нашыя на нас, і мы растаем у іх: як жа мы можам жыць?»

Кажы ім: "Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР: — Я ня маю прыемнасьці ў сьмерці нягодніка, але каб нягоднік адвярнуўся ад дарогі свае й жыў. Адвярніцеся, адвярніцеся ад благіх дарогаў сваіх, бо нашто вам паміраць, доме Ізраеляў?"
 
Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь Бог: не хачу сьмерці грэшніка, а каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жывы быў. Адвярнецеся, адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых; і навошта паміраць вам, доме Ізраілеў?

А ты, сыну людзкі, кажы сыном люду свайго: "Справядлівасьць справядлівага не спасець яго ў дзень выступу ягонага; што да нягоднасьці нягоднага, то ён не загіне пераз гэта ў дзень адвярненьня ад нягоднасьці свае, і справядлівы ня можа жыць за справядлівасьць сваю ў дзень, што ён грэша".
 
І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: праведнасьць праведніка не ўратуе ў дзень злачынства ягонага, і пахібнік за пахібнасьць сваю не загіне ў дзень, калі адвернецца ад пахібнасьці сваёй, гэтак сама як і праведнік у дзень зграшэньня свайго ня можа застацца жывы за сваю праведнасьць.

Калі скажу справядліваму, што ён канечне будзе жыць, а ён паспадзяецца на справядлівасьць сваю і ўчыне бяспраўе, уся справядлівасьць ягоная ня будзе прыпомнена, і ў бяспраўю сваім, што ён зрабіў, ён памрэць.
 
Калі Я скажу праведніку, што ён будзе жывы, а ён паспадзяецца на сваю праведнасьць і ўчыніць няпраўду, дык усе праведныя ўчынкі яго не ўзгадаюцца, — і ён памрэ ад няпраўды сваёй, якую ўчыніў.

Ізноў, калі скажу нягоднаму: "Ты напэўна памрэш", а ён адвернецца ад грэху свайго й учыне суд а справядлівасьць:
 
А калі скажу пахібніку: «ты сьмерцю памрэш», і ён адвернецца ад грахоў сваіх і будзе чыніць справядлівасьць і праўду,

Нягоднік зьверне заклад, заплаце за паглабанае, будзе хадзіць у вуставах жыцьця, каб не рабіць бяспраўя, — то ён напэўна будзе жыць, ён не памрэць.
 
калі гэты пахібнік верне заклад, за адабранае заплаціць, будзе хадзіць паводле законаў жыцьця, ня робячы нічога благога, — дык ён будзе жывы, не памрэ.

Нішто з грахоў ягоных, што ён зьдзеяў, ня будзе менавана яму: ён чыніў суд а справядлівасьць, ён канечне будзе жыць.
 
Ніводзін грэх ягоны, якія ён зрабіў, не ўзгадаецца яму; ён пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе жывы.

Сынове люду твайго, адылі, кажуць: "Дарога Спадарова няправільная", прымеж тога дарога іхная няправільная.
 
А сыны народу твайго кажуць: «няправільны шлях Госпада», тым часам як іхні шлях няправільны.

Калі справядлівы адвернецца ад справядлівасьці свае і зьдзее бяспраўе, ён памрэць у ім;
 
Калі праведнік адступіўся ад праведнасьці сваёй і пачаў чыніць пахібна, дык ён памрэ за тое.

Але калі нягодны адвернецца ад нягоднасьці свае і ўчыне суд а справядлівасьць, ён пераз гэта будзе жыць.
 
І калі пахібнік адвярнуўся ад пахібнасьці сваёй і пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе за тое жывы.

Вы, адылі, кажаце: "Няправільная дарога Спадарова". Кажнага подле дарогаў ягоных Я буду судзіць вас, доме Ізраеляў».
 
А вы кажаце: «няправільны шлях Госпада!» Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных.

І было двананцатага году палону нашага, дзясятага месяца, пятага дня месяца, што прышоў да мяне адзін уцеклы зь Ерузаліму, кажучы: «Места зражана».
 
У дванаццатым годзе нашага перасяленьня, у дзясятым месяцы, у пяты дзень месяца, прыйшоў да мяне адзін з тых, што выратаваліся, зь Ерусаліма і сказаў: «разбураны горад!»

І рука СПАДАРОВА была на імне ўвечары, і Ён адчыніў вусны мае, пакуль тый прышоў да мяне нараніцы, і мае вусны былі адчыненыя, і я ўжо ня быў немы.
 
Але яшчэ да прыходу гэтага ўратаванага ўвечары была на мне рука Госпада, і Ён разамкнуў мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай. І разамкнуліся вусны мае, і я ўжо ня быў бязмоўны.

Тады было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«Сыну людзкі! жывучыя на тых пусташах зямлі Ізраельскае гутараць, кажучы: "Абрагам быў адзін, і яму спала зямля; але нас шмат, дык зямля дана нам на спадак".
 
сыне чалавечы! тыя, што жывуць на апусьцелых мясьцінах у зямлі Ізраілевай, кажуць: Абрагам быў адзін — і атрымаў на валоданьне зямлю гэтую, а нас многа; дык вось, нам дадзена зямля гэтая на валоданьне.

Дык скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Вы ясьце з крывёю і ўздыймаеце вочы свае да балваноў сваіх, і разьліваеце кроў; і вы маеце дзяржаць зямлю?
 
Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы ясьце з крывёю і падымаеце вочы вашыя да ідалаў вашых і праліваеце кроў, — і хочаце валодаць зямлёю?

Вы апіраецеся на меч, робіце агіду і плюгавіце кажны жонку прыяцеля свайго, — і маеце дзяржаць зямлю?’"
 
Вы абапіраецеся на меч ваш, робіце гідоты, апаганьваеце жонку адзін у аднаго, і хочаце валодаць зямлёю?

Гэтак кажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Жыў Я: напэўна тыя, што ў пустынях, загінуць ад мяча; і таго, хто ў чыстым полю, Я аддам зьверанятам пажэрці, і тыя, што ў гарадох а ў пячорах памруць ад ліпучкі.
 
Вось, што скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! тыя, якія — на мясьцінах спустошаных, загінуць ад меча, а хто — у полі, таго аддам, каб зьелі зьвяры; а якія — ва ўмацаваньнях і ў пячорах, тыя памруць ад згубнай пошасьці.

І абярну зямлю ў пустую а пустынную, і пыха сілы яе спыніцца, спустошаны будуць ізраельскія горы, ня будзе праходзячага.
 
І зраблю зямлю пустыняю з пустынь, і ганарлівая магутнасьць яе спыніцца, і горы Ізраілевыя апусьцеюць, так што ня будзе праходжых.

І даведаюцца, што Я — СПАДАР, як абярну зямлю ў пустую а пустынную за ўсі агіды, што яны ўчынілі’".
 
І ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі зраблю зямлю пустыняю з пустынь за ўсе гідоты іхнія, якія яны рабілі.

Што да цябе, сыну людзкі, то сынове люду твайго гукаюць празь цябе ля сьценаў і ля ўходу дамоў і гутараць адзін аднаму, кажны брату свайму, кажучы: "Прыходзьце, калі ласка, і слухайце што за слова, каторае прыходзе ад СПАДАРА".
 
А пра цябе, сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць каля сьцен і ў дзьвярах дамоў і кажуць адзін аднаму, брат брату: ідзеце і паслухайце, якое слова выйшла ад Госпада.

І прыходзяць да цябе, як люд прыходзе, і садзяцца перад табою, люд Мой, і слухаюць словы твае, але ня поўняць іх; бо любосную песьню ў вуснах сваіх яны пяюць, але сэрца іхнае йдзець за прагавітасьцю сваёй.
 
І яны прыходзяць да цябе, як на народную сходню, і сядае перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх; бо яны ў вуснах сваіх робяць з гэтага забаўку, сэрца іхняе цягнецца за карысьлівасьцю іхняю.

І гля, ты ім, як любосная песьня, пяяная харошым голасам і добра граная на снадзі; бо яны слухаюць словы твае, але ня поўняць іх.
 
І вось, ты для іх — як забаўны сьпявак з прыемным голасам і добра граеш; яны слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх.

Але як гэта станецца, — а вось яно станецца, — тады даведаюцца, што быў прарока меж іх».
 
Але калі збудзецца — вось, ужо і збываецца, — тады ўведаюць, што сярод іх быў прарок.