Езэкііля 34 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«Сыну людзкі! праракай праз пастыроў Ізраелявых, праракай і скажы ім, пастыром: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Авохці пастыром Ізраелявым, што пасьвяцца самы! ці ня маюць пастыры пасьціць чараду?
 
сыне чалавечы! вымаві прароцтва на пастыраў Ізраілевых, вымаві прароцтва і скажы ім, пастырам: так кажа Гасподзь Бог: гора пастырам Ізраілевым, якія пасьвілі саміх сябе! ці ж ня статак павінны пасьвіць пастыры?

Тук вы ясьце й воўнаю адзяіцеся, рэжаце ўкормленых, але чарады ня пасьвіце.
 
Вы елі тлушч і воўнаю апраналіся, укормленых авечак калолі, а статак ня пасьвілі.

Слабых вы ня сіліце, хворага ня лечыце, зломаў не завязуеце, адпіхнёнага не зварачаеце, згубленага ня шукаеце, але сілаю радзіце іх, ды стродка.
 
Слабых не мацавалі і хворай авечкі ня лекавалі і параненай не перавязвалі, і сагнанай не вярталі і згубленай ня шукалі, а кіравалі імі з гвалтам і жорсткасьцю.

І расьцярушыліся без пастыра, і сталі жырам усім зьвяром палявым, як былі расьцярушыўшыся.
 
І расьсеяліся яны бяз пастыра і расьсеяўшыся парабіліся ежаю ўсякаму зьверу польнаму.

Авечкі Мае блудзяць па ўсіх гарах і на кажным высокім узгорку; але, па ўсім відзе зямлі расьцярушаны авечкі Мае, і ніхто не сачыў і ня шукаў іх’"».
 
Блукаюць авечкі Мае па ўсіх горах і па ўсякіх высокіх пагорках, і па ўсім улоньні зямлі расьсеяліся авечкі Мае, і ніхто не разьведвае пра іх і ніхто ня шукае іх.

Затым, пастыры, слухайце слова СПАДАРОВА:
 
Таму, пастыры, выслухайце слова Гасподняе.

«Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — напэўна з тае прычыны авечкі Мае сталі глабаньням, і авечкі Мае сталі жырам кажнаму зьвяру палявому, што ня было пастыра, і пастыры Мае не сачылі авечак Маіх, але пастыры самы пасьвіліся, а авечак Маіх ня пасьвілі.
 
Жыву Я! кажа Гасподзь Бог; за тое, што авечкі Мае былі пакінутыя, каб іх пахапалі, і бяз пастыра зрабіліся авечкі Мае ежаю ўсякаму зьверу польнаму, і пастыры Мае ня шукалі авечак Маіх і пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі,

Затым, пастыры, слухайце слова СПАДАРОВА:
 
за тое, пастыры, паслухайце слова Гасподняе.

"Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гля, Я супроці пастыроў, і Я спаганю чараду Сваю з рукі іхнае, і аддалю іх ад пашчаньня авец, і наперад пастыры ня будуць пасьвіцца самы, бо Я вывальню авечкі Свае ад роту іхнага, і ня будуць ежаю ім’"»;
 
Так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечак, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім.

Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гля, Я пасачу авечкі свае і разгледжу іх.
 
Бо так кажа Гасподзь Бог: вось Я Сам знайду авечак Маіх і агледжу іх.

Як пастыр разглядае чараду сваю ў дзень, як ён меж расьцярушаных авец сваіх, так Я разгледжу авечкі Свае й вывальню іх із усіх мясцовасьцяў, куды яны былі расьцярушаны хмарнага а цемнага дня.
 
Як пастух правярае статак свой у той дзень, калі ён сярод статку свайго расьсеянага, так Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, у якія яны былі расьсеяны ў дзень хмарны і змрочны.

І вывяду іх із памеж людаў, і зьбяру іх із краёў, і прывяду іх да собскае зямлі іхнае, і буду пасьціць іх на горах Ізраелявых ля рэк і на ўсіх заселеных мясцовасьцях краю.
 
І выведу іх з народаў і зьбяру іх з краін, і прывяду іх у зямлю іхнюю і буду пасьвіць іх на горах Ізраілевых, каля патокаў і на ўсіх населеных мясьцінах зямлі гэтай.

На добрым пасьцьбішчу буду пасьціць іх, і на высокіх горах Ізраелявых будзе загарадня іх, там яны будуць ляжаць у добрай загарадні і на сытым пасьцьбішчу будуць пасьціцца, на горах Ізраелявых.
 
Буду пасьвіць іх на добрай пашы, і кашара іхняя будзе на высокіх горах Ізраілевых; там яны будуць адпачываць у добрым загоне і будуць пасьвіцца на сакавітай пашы — на горах Ізраілевых.

Я буду пасьціць чараду Сваю і зьдзею, што яны будуць супачываць, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
Я буду пасьвіць авечкі Мае і Я буду пакоіць іх, кажа Гасподзь Бог.

Згубленае буду шукаць, прагнаную зьвярну, і раненую абвяжу, і слабую пасілю; але сытую а дужую зьнішчу: буду пасьціць іх судам.
 
Якая згубілася, тую знайду і адагнаную вярну, і параненую перавяжу і хворую ўмацую, і ўтлусьцелую і буйную зьнішчу; буду пасьвіць іх па праўдзе.

І што да вас, авечкі Мае, гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я судзьдзя меж ягняці й ягняці, меж бараноў і казлоў.
 
А вас, авечкі Мае, — так кажа Гасподзь Бог, — вось, Я буду судзіць паміж авечкаю і авечкаю, паміж бараном і казлом.

Хіба мала вам пасьвіцца на добрым пасьцьбішчу, прымеж тога вы топчаце нагамі сваімі астачу свайго пасьцьбішча? і піць із чыстых водаў, прымеж тога астачу муціце нагамі сваімі?
 
Хіба мала вам таго, што пасьвіцеся на добрай пашы, а між тым астатняе на пашы вашай дратуеце нагамі вашымі, п’яце чыстую ваду, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі,

І што да авец Маіх, то яны пасьвяцца на тым, што патаптана нагамі вашымі, і п’юць тое, што замучана нагамі вашымі"».
 
так што авечкі Мае павінны карміцца тым, што патаптана нагамі вашымі, і піць тое, што скаламучана нагамі вашымі?

Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР ім: «Вось, Я буду судзіць меж ягняці сытога й ягняці худога;
 
Таму так кажа ім Гасподзь Бог: вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкаю тлустаю і авечкаю худою.

Бо бакамі а плячыма піхаецеся і рагамі сваімі бадзіце ўсіх няўздолеючых, пакуль не разжаніце іх вон.
 
Як што вы штурхаеце бокам і плячом, і рагамі сваімі бораце ўсіх слабых, пакуль ня выштурхнеце іх вонкі,

Затым Я спасу авечкі свае, і яны ўжо ня будуць глабаньням, і рассуджу меж ягняці й ягняці.
 
дык Я ўратую авечкі Мае, і іх ня будуць ужо расьцягваць, і рассуджу паміж авечкаю і авечкаю.

І пастанаўлю аднаго пастыра над імі, і ён будзе пасьціць іх, слугу Свайго Давіда; ён будзе пасьціць іх і ён будзе ў іх за пастыра.
 
І пастаўлю над імі аднаго пастыра, які будзе пасьвіць іх, раба Майго Давіда; ён будзе пасьвіць іх і ён будзе ў іх за пастыра.

І Я, СПАДАР, буду вам Богам, і Мой слуга Давід князям у вас; Я, СПАДАР, казаў.
 
І Я Гасподзь буду іхнім Богам, і раб Мой Давід будзе князем сярод іх. Я Гасподзь сказаў гэта.

І ўчыню зь імі змову супакою, і аддалю злога зьвера ізь зямлі, і будуць жыць бясьпечна на пустыні, і спаць у лясох.
 
І заключу зь імі запавет міру і выдалю зь зямлі лютых зьвяроў, так што ў бясьпецы жыцьмуць у стэпе і спацьмуць у лясах.

І зраблю іх і аколіцы ўзгорку Свайго дабраславенствам, і зышлю дождж упару; дажджы дабраславенства будуць.
 
Дам ім і ваколіцам пагорка Майго дабраславеньне, і дождж буду пасылаць у свой час; гэта будзе дождж дабраславеньня.

І дасьць палявое дзерва плод свой, і зямля дасьць ўрод свой, і будуць на зямлі сваёй бясьпечнымі; і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як патрышчу вязі йга іхнага, што паняволілі іх.
 
І палявое дрэва будзе даваць плод свой, і зямля будзе даваць утворы свае; і будуць яны ўбясьпечаны на зямлі сваёй, і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі паламаю сувязі ярма іхняга і вызвалю іх з рукі рабаўніка іхняга.

І ня будуць ужо глабаняю народаў, і зьвер земны ня будзе жэрці іх, але будуць жыць бясьпечна, і няма страшучага.
 
Яны ня будуць ужо здабычаю народаў, і палявыя зьвяры ня будуць жэрці іх; яны будуць жыць убясьпечана, і ніхто ня будзе палохаць іх.

І ўладжу ім славутую рошчу, ня будзе ўжо губіць іх галадоў у зямлі, і наперад ня будуць цярпець ганьбы ад народаў.
 
І ўчыню ў іх пасадку слаўную, і ня будуць ужо гінуць ад голаду на зямлі і цярпець ганьбаваньне ад народаў.

І даведаюцца, што Я, СПАДАР, Бог іх — ізь імі, і яны, дом Ізраеляў, люд Мой, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
І ўведаюць, што Я, Гасподзь Бог іхні — зь імі, і яны, дом Ізраілеў — Мой народ, кажа Гасподзь Бог,

А вы, авечкі мае, авечкі пасты Мае, людзі вы, а Я Бог ваш», — агалашае Спадар СПАДАР.
 
і што вы — авечкі Мае, авечкі паствы Маёй; вы — людзі, а Я — Бог ваш, кажа Гасподзь Бог.