Езэкііля 22 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«І ты, сыну людзкі, ці будзеш судзіць, ці будзеш судзіць крывавае места? і азнаймі яму ўсі агіды ягоныя,
і ты, сыне чалавечы, ці хочаш судзіць, судзіць горад крыві? выкажы яму ўсе гідоты ягоныя
І скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Места разьлівае кроў сярод сябе, каб настала пара яго, і робе сабе балваны, каб плюгавіцца.
і скажы: так кажа Гасподзь Бог: о, горадзе, што праліваеш кроў сярод цябе, каб настаў час твой, што робіш у сябе ідалаў, каб апаганьваць сябе!
За кроў, што ты разьлівала, ты стала вінна, і балванамі, што ты зрабіла, ты сплюгавілася, і дабліжыліся дні твае, і прышло да год сваіх. За тое Я ўчыню цябе ганьбаю ў народаў і пасьмехам усім землям.
Крывёю, якую ты праліў, ты зрабіў сябе вінаватым, і ідаламі, якіх ты нарабіў, ты апаганіў сябе і наблізіў дні твае і дасягнуў часу гадоў тваіх. За гэта аддам цябе на сьмех народам, на паглум ўсім землям.
Блізкія й далёкія ад цябе будуць сьмяяцца зь цябе, вельмі клопатная, што сплюгавіла імя.
Блізкія і далёкія ад цябе будуць глуміцца зь цябе, што ты апаганіў імя тваё, праславіўся буянствам.
Гля, князі ізраельскія, кажны подле сілы свае, былі ў цябе, каб разьліваць кроў.
Вось начальнікі ў Ізраіля, кожны ў меру сілы сваёй, былі ў цябе, каб праліваць кроў.
Айца й маці ўлегцы мелі ў цябе, чужаземцу рабілі ўціск у цябе, дакучалі, сірату а ўдаву крыўдзілі ў цябе.
У цябе бацьку і маці ліхасловяць, прыхадню чыняць крыўду сярод цябе, сірату і ўдаву ўціскаюць у цябе.
Сьвятасьцямі Маімі ты грэбавала й сыботы Мае будзеніла.
Сьвятыняў Маіх ты не паважаеш і суботы Мае парушаеш.
У цябе людзі, што ўдаюць, каб разьліваць кроў, і ў цябе ядуць на горах, і сярод цябе бязуляць.
Паклёпнікі знаходзяцца ў цябе, каб праліваць кроў, і на горах ядуць у цябе ідалаахвярнае, сярод цябе чыняць мярзоту.
Голасьць айца ў цябе адкрывалі, адлучаную з прычыны нечысьці паніжылі ў вас.
Галізну бацькі адкрываюць у цябе, жанчыну ў час ачышчэньня нячыстасьці яе гвалцяць у цябе.
Іншы із жонкаю прыяцеля свайго робе агіду, іншы сплюгавіў бязулствам нявестку сваю, іншы ў цябе паніжыў сястру, дачку айца свайго.
Той чыніць мярзоту з жонкаю блізкага свайго, той апаганьвае нявестку сваю, той гвалціць сястру сваю, дачку бацькі свайго.
Лапаны бяруць у цябе, каб разьліваць кроў; працэнты зь лішніцаю ты бярэш, непасьцівай карысьцяй уціскаеш прыяцеля свайго, а Мяне забылася, — агалашае Спадар СПАДАР. —
Хабар бяруць у цябе, каб праліваць кроў; ты бярэш рост і ліхву і гвалтам вымагаеш карысьлівае ў блізкага твайго, а Мяне забыў, кажа Гасподзь Бог.
Вось, затым Я лясну даланёю Сваёю на непасьцівы здабытак, што ты мела, і на кроў, што была сярод цябе.
І вось, Я пляснуў рукамі Маімі ад карысталюбства твайго, якое выяўляецца ў цябе, і ад праліваньня крыві, якое чыніцца сярод цябе.
Ці можа вытрывае сэрца тваё альбо можа рукі твае будуць моцныя тых дзён, калі Я займуся табою? Я, СПАДАР, казаў і ўчыню.
Ці ўстоіць сэрца тваё, ці будуць цьвёрдыя рукі твае ў тыя дні, у якія будуць дзеяць супроць цябе? Я, Гасподзь, сказаў — і зраблю.
І рассыплю цябе меж народаў, і разьвею цябе па краёх, і здыйму нечысьць ізь цябе.
Я расьсею цябе па народах — і разьвею цябе па землях, і пакладу канец гідотам тваім сярод цябе.
І ты будзеш будзеніць сябе на ачох народаў і даведаешся, што Я — СПАДАР’"».
І зробіш сам сябе пагарджаным у вачах народаў, і ўведаеш, што Я — Гасподзь.
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сыну людзкі! дом Ізраеляў стаў Імне выгаркамі: яны ўсі медзь а цына а зялеза а волава ў горне, срэбра стала выгаркамі.
сыне чалавечы! дом Ізраілеў зрабіўся ў Мяне мяшанцам; усе яны — волава, медзь і жалеза і сьвінец у гарніле; зрабіліся, як мяшанка срэбра.
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што вы ўсі сталі выгаркамі, гля, Я зьбяру вас да Ерузаліму.
Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ўсе вы зрабіліся мяшанкаю, за тое вось Я зьбяру вас у Ерусалім.
Як зьбіраюць да горна срэбра а медзь а зялеза а волава а цыну, каб разьдзьмухаць цяпло на іх, пералітаваць; так Я зьбяру ў гневе Сваім, у палкім гневе Сваім, і пакіну, і пералітую вас.
Як у гарніла кладуць разам срэбра, і медзь і жалеза, і сьвінец і волава, каб разьдзьмуць у іх агонь і расплавіць: так Я ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй зьбяру і пакладу і расплаўлю вас.
Але, Я зьбяру вас і хукну на вас цяплом гневу Свайго, і будзеце пералітаваны сярод яго.
Зьбяру вас і дыхну на вас агнём абурэньня Майго, і расплавіцеся сярод яго.
Як літуецца срэбра ў горне, так вы будзеце пералітаваны ў ім; і даведаецеся, што Я, СПАДАР, выліў гнеў Свой на вас"».
Як срэбра плавіцца ў гарніле, расплавіцеся і вы сярод яго, і ўведаеце, што Я, Гасподзь, выліў лютасьць Маю на вас.
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сыну людзкі! скажы ёй: "Ты зямля, неачышчаная й ненаводненая дажджом у дзень абурэньня".
сыне чалавечы! скажы яму: ты — зямля неачышчаная, не арашаная дажджом у дзень гневу!
Змова прарокаў ейных сярод яе, як равучы леў, разьдзіраючы здабытак; яны жаруць душы, яны бяруць скарбы а дарагія рэчы, памнажаюць ўдовы сярод яе.
Змова прарокаў яе сярод яе, як леў рыклівы, які турзае здабычу; зьядаюць душы, абіраюць маёмасьць і каштоўнасьці, і памнажаюць лік удоваў.
Сьвятарове ейныя ўзрушылі права Мае й збудзенілі сьвятасьці Мае, не адрозьнююць сьвятога ад будзеннага й не паказавалі розьніцы меж нячыстага й чыстага, і хавалі вочы свае ад сыботаў Маіх, і Я збудзенены сярод іх.
Сьвятары яе парушаюць закон Мой і апаганьваюць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятога ад несьвятога і не паказваюць розьніцы паміж чыстым і нячыстым, і ад суботаў Маіх яны засланілі вочы свае, і Я прыніжаны ў іх.
Князі ейныя сярод яе, як ваўкі, здабытак разрываючыя, каб разьліваць кроў, губіць душы, прыдбаваць непасьцівую карысьць.
Князі ў яе як ваўкі, якія вырываюць здабычу; праліваюць кроў, глумяць душы, каб здабыць карысьць.
І прарокі ейныя мазалі іх нямернаю вапеннаю рашчынаю, бачачы марнасьць і вяшчуючы ману ім, кажучы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР", як СПАДАР не казаў.
А прарокі яе ўсё пэцкаюць брудам, бачаць пустое і прадказваюць ім ілжывае, кажучы: «так кажа Гасподзь Бог», тым часам як не казаў Гасподзь.
І люд зямлі ўціскалі ўціскам, і глабалі глабаньням і ўбогага і беднага, і ашукавалі; чужаземца ўціскалі бяз суду.
А ў народзе прыгнятаюць адзін аднаго, рабуюць і ўціскаюць беднага і гаротнага, і прыхадня прыгнятаюць несправядліва.
І шукаў Я людзіны меж іх, каторая бы агарадзіла агарожу й стала ў праломе перад Імною за зямлю, каб Я не загубіў яе; але не знайшоў.
Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сьцяну і стаў бы перад Мною ў праломіне за гэтую зямлю, каб Я не загубіў яе, але не знайшоў.
Дык Я выліў абурэньне Свае на іх і ў цяпле гневу Свайго выгубіў іх, дарогі іхныя абярнуў на галавы іхныя», — прагалашае Спадар СПАДАР.
Дык вось вылью на іх абурэньне Маё, агнём лютасьці Маёй вынішчу іх, паводзіны іхнія абярну ім на галаву, кажа Гасподзь Бог.