Езэкііля 23 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сыну людзкі! дзьве жонкі, дачкі аднае маці былі.
сыне чалавечы! былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці,
І бязулілі яны ў Ягіпце, бязулілі ў маладосьці сваёй; там уцісьнены грудзі іхныя, і там зьмяты пелькі дзявоцтва іхнага.
і блудадзеялі яны ў Егіпце, блудадзеялі ў сваёй маладосьці; там памятыя грудзі іхнія, і там разбэсьцілі дзявоцкія смочкі іхнія.
І ймёны іхныя: Агола — старшай, і Аголіва — сястра ейная. І былі яны Мае, і радзілі сыноў а дачкі; і ймёны іхныя: Самара — Агола, а Ерузалім — Аголіва.
Імёны іх: вялікай — Агола, а сястры яе — Агаліва. І былі яны Мае, і нараджалі сыноў і дочак; і называліся — Агола Самарыяй, а Агаліна Ерусалімам.
І бязуліла Агола пры Імне, і шалела за каханкамі сваімі, Асурам, блізкім,
і пачала Агола блудадзеяць ад Мяне і прынадзілася да сваіх каханкаў, да Асірыянаў, і да суседзяў сваіх,
Што адзяваўся ў сінь, вайводцы а дзяржаўцы, усі яны жаданыя маладзёны, усі яны коньнікі, коньмі езьдзячыя.
да тых, што апраналіся ў адзеньне яхантавага колеру, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, да ўсіх прыгожых хлопцаў, вершнікаў, што езьдзілі на конях;
І бязуліла зь імі, — выборныя сынове Асуру ўсі яны, — і з усімі імі яна шалела, усімі балванамі іхнымі сплюгавілася.
і шчодрылася ў блудадзействах сваіх з усімі адборнымі з сыноў Асура і апаганьвала сябе ўсімі ідаламі тых, да каго ні прынаджвалася;
І бязулства свайго зь Ягіпцянмі не пакінула яна, бо ў маладосьці яе яны ляжалі зь ёю, і зьмялі дзявушчыя пелькі ейныя, і вылілі сваё бязулства на ёй.
не пераставала блудадзейнічаць і зь Егіпцянамі, бо яны зь ёю спалі ў маладосьці яе і разбэшчвалі дзявоцкія смочкі яе, і вылівалі на яе пажаду сваю.
За тое я аддаў яе ў руку каханкаў ейных, у руку сыноў Асуру, за каторымі яна шалела.
За тое Я і аддаў яе ў рукі каханкаў яе, у рукі сыноў Асура, да якіх яна прынадзілася.
Яны адкрылі голасьць ейную, сыноў ейных і дачкі ейныя ўзялі, а яе забілі мячом. І яна адзяржала благое імя меж жанок, бо яны суд над ёй.
Яны адкрылі галізну яе і дочак яе, а яе забілі мечам. І яна зрабілася ганьбаю сярод жанчын, калі ўчынілі над ёю сьмяротную кару.
І бачыла сястра ейная Аголіва, і болей за яе папсавалася ў сваім надзвычайным шале, і бязулства ў яе было болей, чымся бязулства сястры ейнае.
Сястра яе, Агаліва, бачыла гэта, і яшчэ больш распусная была ў каханьні сваім, і блуд яе пераўзышоў блуд сястры яе.
І за сынамі Асуравымі яна шалела, за блізкімі вайводцамі а дзяржаўцамі, што пазорна адзяваліся, за коньнікамі, коньмі езьдзячымі; усі яны жаданыя маладзёны.
Яна прынадзілася да сыноў Асуравых, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, суседзяў яе, раскошна апранутых, да вершнікаў, што езьдзяць на конях, да ўсіх адборных хлопцаў.
І Я бачыў, што яна была сплюгаўлена, у іх абедзьвіх адна дарога.
І Я бачыў, што яна апаганіла сябе, і што ў абедзьвюх іх — адна дарога.
І яна павялічыла бязулствы свае, бо як яна бачыла мужчынаў, выразаных на сьцяне, абразы Хальдэяў, намаляваныя хварбамі,
Але гэтая яшчэ больш прымножыла блудадзействы свае, бо, убачыўшы выразаных на сьцяне мужчын, фарбамі намаляваныя выявы Халдэяў,
Што былі паперазаўшыся паясамі па сьцёгнах сваіх, з хварбаванымі турбанамі на галавах сваіх, усі яны князі на пагляд, падобныя да сыноў Бабілёну, Хальдэя зямля нараджэньня іхнага, —
перапаясаных па паясьніцах сваіх поясам, з раскошнымі на галаве іх павязкамі, з выгляду ваенных правадыроў, падобных на сыноў Вавілона, чыя радзіма — зямля Халдэйская,
Дык шалела за імі ад пагляду ачыма сваімі і паслала паслоў сваіх да іх да Хальдэі.
яна закахалася ў іх з аднаго зірку вачэй і паслала да іх у Халдэю пасланцоў.
І прышлі сынове Бабілёну на ложак любові, і сплюгавілі яе бязулствам сваім, і яна сплюгавілася зь імі, і душа ейная зьбезахоцілася імі.
І прыйшлі да яе сыны Вавілона на любоўны ложак і апаганілі яе блудадзействам сваім, і яна апаганіла сябе імі; і адвярнулася ад іх душа яе.
Як яна адкрыла бязулства сваё й адкрыла голасьць сваю, тады Мая душа зьбезахоцілася ёю, як Мая душа зьбезахоцілася сястрою яе;
Калі ж яна яўна аддалася блудадзействам сваім і адкрыла галізну сваю, тады і ад яе адвярнулася душа Мая, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе.
Нават яна памножыла бязулствы свае, успамінаючы дні маладосьці свае, калі яна бязуліла ў зямлі Ягіпецкай;
І яна памножыла блудадзействы свае, успамінаючы дні маладосьці сваёй, калі блудадзеяла ў зямлі Егіпецкай.
Бо яна шалела за каханкамі сваімі, каторых цела — цела асьлінае, а вытак коні — вытак іх.
і прынадзілася да каханкаў сваіх, у якіх плоць — плоць асьліная, і пажада, як у жарабцоў.
Дык ты ўспомнела распусту маладосьці свае, калі Ягіпцяне любіліся з табою дзеля пелькаў дзявоцкасьці твае.
Так ты ўспомніла распусту маладосьці тваёй, калі Егіпцяне ціскалі смочкі твае за дзявоцкасьць грудзей тваіх.
Затым, Аголіва, гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я падыйму каханкаў тваіх супроці цябе, каторымі зьбезахоцілася душа твая, і прывяду іх з адусюль навокал супроці цябе:
Таму, Агаліва, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я абуджу супроць цябе каханкаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая, і прывяду іх супроць цябе з усіх бакоў:
Сыноў Бабілёну а ўсіх Хальдэяў, Пекоду а Шоа а Коа, усіх Асыран ізь імі, усі яны жаданыя маладзёны, вайводцы а дзяржаўцы, усі князі й славутыя, усі яны езьдзяць коньмі.
сыноў Вавілона і ўсіх Халдэяў, з Пэхода, з Шоа і Коа, і зь імі ўсіх сыноў Асура, прыгожых хлопцаў, начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, санавітых і знакамітых, усіх умельскіх вершнікаў.
І прыйдуць на цябе із снасьцяй, з коньнікам і колам і з грамадою людзёў, і абступяць цябе навокал у панцырах, шчытох а шоламах; і дам ім суд, і будуць судзіць цябе подле судоў сваіх.
І прыйдуць на цябе са зброяю, з конямі і калясьніцамі і з мноствам люду і абступяць цябе вакол у латах, са шчытамі і ў шаломах, і аддам ім цябе на суд, і будуць судзіць цябе сваім судом.
І ськірую гнеў Свой на цябе, і яны абыйдуцца з табою ў палкім гневе: скрывяць нос твой а вушы твае, а засталыя твае падуць ад мяча; яны возьмуць у цябе сыноў тваіх і дачкі твае, а засталыя твае будуць пажэрты цяплом.
І абярну рупнасьць Маю супроць цябе, і абыдуцца з табою люта: адрэжуць табе нос і вушы, а астатняе тваё ад меча адпадзе; возьмуць сыноў тваіх і дочак тваіх, а астатняе тваё агнём будзе зжэрта;
І зьдзяруць ізь цябе адзецьці твае, і адбяруць прыборы пазорнасьці твае.
і здымуць зь цябе вопратку тваю, возьмуць строі твае.
Гэтак Я зраблю канец распусьце Тваёй і бязулству твайму ізь зямлі Ягіпецкае, дык ты не падыймеш аччу сваіх да іх і ўжо ня ўспомніш Ягіпту".
І пакладу канец распусьце тваёй і блуду твайму, прынесенаму зь зямлі Егіпецкай, і ня будзеш зьвяртаць да іх вачэй тваіх, і пра Егіпет ужо ня ўспомніш.
Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я аддам цябе ў руку тых, каторых ты ненавідзіш, у руку тых, каторымі зьбезахоцілася душа твая.
Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддаю цябе ў рукі тым, якіх ты ўзьненавідзела, у рукі тым, ад якіх адвярнулася душа твая.
І абыйдуцца з табою ненавідна, і адбяруць усі працы твае, і пакінуць цябе непакрытаю а голаю, і голасьць бязулства твайго будзе адкрыта, і распуста твая а бязулства твае.
І ўчыняць з сабою жорстка, і возьмуць у цябе ўсё, нажытае працаю, і пакінуць цябе голую і ненакрытую, і адкрытая будзе сараматная галізна твая і распуста твая і блудадзейства тваё.
Гэта будзе зроблена табе за тое, што ты бязуліла з народам й сплюгавілася балванамі іхнымі.
Гэта будзе зроблена з табою за блудадзейства тваё з народамі, ідаламі якіх ты апаганіла сябе.
Па дарозе сястры свае хадзіла ты, за тое Я дам чару ейную ў руку тваю".
Ты хадзіла дарогаю сястры тваёй; затое і дам у руку табе чашу яе.
Гэтак кажа Спадар Бог: "Чару сястры свае ты будзеш піць, глыбокую а шырокую, будзеш пасьмехам а шкелямі, бо яна зьмяшчае шмат.
Так кажа Гаспаодзь Бог; ты будзеш піць чашу сястрынскую глыбокую і шырокую і падпадзеш пад асьмяяньне і ганьбу, па вялізарнай умяшчальнасьці яе.
П’янчаньням а смуткам будзеш напоўнена, чараю зуменьня а спустошаньня, чараю сястры свае Самары.
Ап’яненьня і гаркоты будзеш поўная: чара жудасьці і спусташэньня — чара сястры тваёй, Самарыі!
Ты вып’еш яе і высьсеш яе, і чарапкі яе абліжаш, і грудзі свае разарвеш; бо Я казаў", — агалашае Спадар СПАДАР.
І вып’еш яе і спарожніш, і чарапкі яе абліжаш, і грудзі твае стурзаеш: бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
Затым гэтак казаў Спадар СПАДАР: "За тое, што ты забылася Мяне й адкінула мяне за плечы свае, дык і ты мусіш цярпець за распусту сваю а бязулства сваё"».
Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ты забыла Мяне і адвярнулася ад Мяне, дык і цярпі за беззаконьне тваё і за блудадзейства тваё.
І сказаў імне СПАДАР: «Сыну людзкі! ці будзеш судзіць Аголу а Аголіву? дык азнаймі ім агіды іхныя;
І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! ці хочаш ты судзіць Аголу і Агаліву? выкажы ім мярзоты іхнія;
Бо яны чужаложылі, і кроў на руках іхных, і з балванамі сваімі чужаложылі, і таксама сыноў сваіх, каторых яны радзілі Імне, праводзілі ім, каб пажэрлі.
бо яны пералюбнічалі, і сыноў сваіх, якіх нарадзілі Мне, праз агонь праводзілі, як ежу ім.
Яшчэ гэта яны рабілі Імне: сплюгавілі сьвятыню Маю таго самага дня, і збудзенілі сыботы Мае;
Яшчэ вось, што яны рабілі Мне: апаганьвалі сьвятыню Маю ў той самы дзень, і парушалі суботы Мае;
Бо яны рэзалі дзеці свае балваном сваім і прыходзілі да сьвятыні Мае таго самага дня будзеніць яе; і гля, гэтак яны рабілі пасярод дому Майго.
бо, калі яны калолі дзяцей сваіх дзеля ідалаў сваіх, таго ж самага дня прыходзілі ў сьвятыню Маю, каб апаганьваць яе: вось, як рабілі яны ў доме Маім!
І звыш тога, яны пасылалі да людзёў, каб прыходзілі здалеку, паслоў пасылалі да іх; і гля, яны прыходзілі; дзеля іх ты ўмывалася, сініла вочы свае і прыбіралася прыборамі.
Акрамя гэтага пасылалі па людзей, што прыходзілі здалёк; да іх адпраўлялі пасланцоў, і вось, яны прыходзілі, і дзеля іх умывалася, сурміла вочы твае і ўпрыгожвалася акрасамі,
І садзілася на пачэсны ложак, і стол прыгатаваны перад ім, і кадзіла Мае а алей Мой ты пастанавіла на ім.
і садзілася на цудоўны ложак, перад якім накрывалі стол, і на якім прапаноўвала ты духмяныя пахошчы Мае і алей Мой.
Гом нядбайнага груду зь ёй, і да людзёў вялікага груду прывялі Савеяў з пустыні, каторым узлажылі бружлеты на рукі іхныя й пазорныя вянкі на галавы іхныя.
І чуўся голас народу, які радаваўся ў яе, і да людзей з натоўпу народнага ўводзілі п’яніц з пустыні; і яны клалі на рукі іх бранзалеткі і на галовы іх прыгожыя вянкі.
Тады Я сказаў застарэлай у чужалостве: "Ці яны будуць бязуліць ізь ёю, і яна зь імі?"
Тады сказаў Я пра зьлядашчаную ў пералюбстве: цяпер канчаюцца блудадзействы яе разам зь ёю.
Прыступілі, адылі, яны да яе; як прыступаюць да жонкі-бязулі, так падышлі яны да Аголы а Аголівы, распусных жанок.
Але прыходзілі да яе: як прыходзяць да жанчыны-блудадзейкі, так прыходзілі да Аголы і Агалівы, да распусных жанчын.
Але мужы справядлівыя засудзяць іх судам чужаложніцаў і судам разьліваючых кроў; бо яны чужаложніцы, і кроў на руках у іх;
А мужы праведныя будуць судзіць іх; яны будуць судзіць іх судом пералюбніц і судом тых, хто пралівае кроў, бо яны пералюбніцы, і ў іх кроў на руках.
Бо гэтак казаў Спадар СПАДАР: "Я прывяду грамаду на іх і аддам іх на дрыжэньне а глабаньне.
Бо так сказаў Гасподзь Бог: склікаць на іх сход і аддаць іх азлабеньню і рабунку.
І грамада ўкамянуе іх, і патнець іх мячамі сваімі, і сыноў іхных і дачкі іхныя заб’юць, і дамы іхныя спаляць цяплом.
І сход паб’е іх камянямі і парубае іх мечамі сваімі, і заб’е сыноў іх і дочак іх і дамы іхнія спаліць агнём.
Гэтак спыню распусту на зямлі, каб усі жанкі мелі навуку не рабіць подле распусты вашае.
Так пакладу канец распусьце на гэтай зямлі, і ўсе жанчыны мецьмуць навуку і ня будуць рабіць сараматных учынкаў падобна вам;
І абернуць распусту вашу на вас, і вы пацерпіце за грахі з балванамі сваімі, і даведаецеся, што Я — СПАДАР Бог"».
і ўскладуць на вас вашу распусту, і панесяце кару за грахі зь ідаламі вашымі, і ўведаеце, што Я — Гасподзь Бог.