Езэкііля 22 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:
І было мне слова Гасподняе:
«І ты, сын чалавечы, ці хочаш судзіць? Ці хочаш выдаць прысуд крываваму гораду? І пакажы яму ўсе агіднасці яго,
і ты, сыне чалавечы, ці хочаш судзіць, судзіць горад крыві? выкажы яму ўсе гідоты ягоныя
і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “О горад, што пралівае ўласную кроў, каб гэтым наблізіць час свой, і што паставіў у сябе ідалаў, каб апаганіцца.
і скажы: так кажа Гасподзь Бог: о, горадзе, што праліваеш кроў сярод цябе, каб настаў час твой, што робіш у сябе ідалаў, каб апаганьваць сябе!
Сваёй крывёю, што ты праліў, ты правініўся; і ідаламі сваімі, якіх паставіў, ты апаганіўся; і ты наблізіў дні свае і дайшоў да часу сваіх гадоў. Таму Я зраблю цябе ганьбай перад народамі ды пасмяяннем на віду ўсіх земляў.
Крывёю, якую ты праліў, ты зрабіў сябе вінаватым, і ідаламі, якіх ты нарабіў, ты апаганіў сябе і наблізіў дні твае і дасягнуў часу гадоў тваіх. За гэта аддам цябе на сьмех народам, на паглум ўсім землям.
Суседзі і тыя, што жывуць далёка ад цябе, будуць смяяцца з цябе, горада, слаўнага нячыстасцю, поўнага звадак.
Блізкія і далёкія ад цябе будуць глуміцца зь цябе, што ты апаганіў імя тваё, праславіўся буянствам.
Вось, кіраўнікі Ізраэля, кожны сваім чынам, у цябе пралівае кроў.
Вось начальнікі ў Ізраіля, кожны ў меру сілы сваёй, былі ў цябе, каб праліваць кроў.
У цябе бацька і маці ў знявазе, у цябе пакрыўджаны чужынец, у цябе ў прыгнёце сірата і ўдава.
У цябе бацьку і маці ліхасловяць, прыхадню чыняць крыўду сярод цябе, сірату і ўдаву ўціскаюць у цябе.
Святыні Мае ты зняважыў і зняславіў суботы Мае.
Сьвятыняў Маіх ты не паважаеш і суботы Мае парушаеш.
У цябе былі паклёпнікі, каб праліваць кроў, і ў цябе елі яны на ўзгорках; і пасярод цябе дапусціліся злачынстваў.
Паклёпнікі знаходзяцца ў цябе, каб праліваць кроў, і на горах ядуць у цябе ідалаахвярнае, сярод цябе чыняць мярзоту.
Сорам бацькі адкрылі ў цябе, у цябе зняважылі жанчыну ў пару нячыстасці яе;
Галізну бацькі адкрываюць у цябе, жанчыну ў час ачышчэньня нячыстасьці яе гвалцяць у цябе.
і адзін дапусціўся агіднасці з жонкаю блізкага свайго, і другі апаганіўся распустай з нявесткай сваёй; брат згвалтаваў сястру сваю, дачку бацькі свайго, у цябе.
Той чыніць мярзоту з жонкаю блізкага свайго, той апаганьвае нявестку сваю, той гвалціць сястру сваю, дачку бацькі свайго.
У цябе прынялі падарункі, каб праліваць кроў, ты ўзяў працэнты і займаешся ліхвярствам, і дзеля карысці ўзвёў паклёп на блізкіх сваіх, і пра Мяне забыўся”, — кажа Госпад Бог.
Хабар бяруць у цябе, каб праліваць кроў; ты бярэш рост і ліхву і гвалтам вымагаеш карысьлівае ў блізкага твайго, а Мяне забыў, кажа Гасподзь Бог.
“Вось, Я ўдарыў у далоні Мае дзеля набытку несправядлівага твайго, які ты сабраў, ды з прычыны крыві, якая ў цябе пралілася.
І вось, Я пляснуў рукамі Маімі ад карысталюбства твайго, якое выяўляецца ў цябе, і ад праліваньня крыві, якое чыніцца сярод цябе.
Ці вытрымае тваё сэрца або ці будуць рукі твае настолькі дужыя ў тыя дні, калі Я вазьмуся за цябе? Я, Госпад, сказаў гэта і зраблю;
Ці ўстоіць сэрца тваё, ці будуць цьвёрдыя рукі твае ў тыя дні, у якія будуць дзеяць супроць цябе? Я, Гасподзь, сказаў — і зраблю.
і рассыплю цябе паміж народамі чужымі, і расцярушу цябе па чужых землях, і прыму з цябе тваю нячыстасць.
Я расьсею цябе па народах — і разьвею цябе па землях, і пакладу канец гідотам тваім сярод цябе.
І Я вазьму цябе як уласнасць на вачах паганаў, і ты даведаешся, што Я — Госпад”».
І зробіш сам сябе пагарджаным у вачах народаў, і ўведаеш, што Я — Гасподзь.
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сын чалавечы, дом Ізраэля стаў для Мяне, як жужаль; усе яны — медзь, і срэбра, і жалеза, і свінец у печы; сталі яны жужалем».
сыне чалавечы! дом Ізраілеў зрабіўся ў Мяне мяшанцам; усе яны — волава, медзь і жалеза і сьвінец у гарніле; зрабіліся, як мяшанка срэбра.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што ўсе вы сталі жужалем, вось за гэта Я збяру вас у сярэдзіне Ерузаліма,
Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ўсе вы зрабіліся мяшанкаю, за тое вось Я зьбяру вас у Ерусалім.
падобна як кладзецца разам у печы срэбра, і медзь, і жалеза, і свінец, і волава, каб распаліць у ёй агонь і расплавіць іх, так і вас Я збяру ў абурэнні Маім і лютасці Маёй, і пакладу вас і растаплю,
Як у гарніла кладуць разам срэбра, і медзь і жалеза, і сьвінец і волава, каб разьдзьмуць у іх агонь і расплавіць: так Я ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй зьбяру і пакладу і расплаўлю вас.
і збяру вас, і распалю супраць вас агонь абурэння Майго, і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне яго.
Зьбяру вас і дыхну на вас агнём абурэньня Майго, і расплавіцеся сярод яго.
Падобна, як срэбра плавіцца ў сярэдзіне печы, так і вы будзеце расплаўленыя ў сярэдзіне яго: і даведаецеся, што Я, Госпад, выліў на вас гнеў Свой».
Як срэбра плавіцца ў гарніле, расплавіцеся і вы сярод яго, і ўведаеце, што Я, Гасподзь, выліў лютасьць Маю на вас.
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сын чалавечы, скажы яму: “Ты — зямля, на якую не ўпаў дождж, ані лівень у дзень абурэння,
сыне чалавечы! скажы яму: ты — зямля неачышчаная, не арашаная дажджом у дзень гневу!
князі якой у яе сярэдзіне, як ільвы рыкаючыя, што расхапілі здабычу; яны пажралі душы, сабралі багацці і каштоўнасці, павялічылі лік удоў яе сярод яе.
Змова прарокаў яе сярод яе, як леў рыклівы, які турзае здабычу; зьядаюць душы, абіраюць маёмасьць і каштоўнасьці, і памнажаюць лік удоваў.
Святары яе парушылі законы Мае і апаганілі Мае святыні, не адрознівалі яны паміж святым і неасвячоным, і не навучыліся адрозніваць чыстае і нячыстае, і на суботы Мае закрылі вочы свае, і сярод іх Я меў знявагу.
Сьвятары яе парушаюць закон Мой і апаганьваюць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятога ад несьвятога і не паказваюць розьніцы паміж чыстым і нячыстым, і ад суботаў Маіх яны засланілі вочы свае, і Я прыніжаны ў іх.
Князі яе сярод яе, як ваўкі, што раздзіраюць здабычу; яны разліваюць кроў, забіваюць людзей, каб атрымаць карысць несправядлівую.
Князі ў яе як ваўкі, якія вырываюць здабычу; праліваюць кроў, глумяць душы, каб здабыць карысьць.
А прарокі яе пакрылі для іх усё тынкам, абвяшчаючы прадказанні падманныя і абвяшчаючы ім прароцтвы фальшывыя, кажучы: “Гэта кажа Госпад Бог”, калі Госпад не гаварыў.
А прарокі яе ўсё пэцкаюць брудам, бачаць пустое і прадказваюць ім ілжывае, кажучы: «так кажа Гасподзь Бог», тым часам як не казаў Гасподзь.
Людзі гэтае зямлі чынілі гвалт і рабунак; крыўдзілі ўбогага і беднага, і беззаконна здзекаваліся з чужынца.
А ў народзе прыгнятаюць адзін аднаго, рабуюць і ўціскаюць беднага і гаротнага, і прыхадня прыгнятаюць несправядліва.
І шукаў Я паміж іх чалавека, які паставіў бы мур і стаў бы ў праломе перада Мною, каб бараніць гэтую зямлю і перашкодзіць Мне ў знішчэнні яе, але не знайшоў такога.
Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сьцяну і стаў бы перад Мною ў праломіне за гэтую зямлю, каб Я не загубіў яе, але не знайшоў.
І выліў Я на іх гнеў Мой, у агні Майго абурэння вынішчыў іх, на галовы іх скінуў віну за іх учынкі”, — кажа Госпад Бог».
Дык вось вылью на іх абурэньне Маё, агнём лютасьці Маёй вынішчу іх, паводзіны іхнія абярну ім на галаву, кажа Гасподзь Бог.