Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 13 Эзэкіэля 13 разьдзел

1 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, праракуй супраць прарокаў Ізраэля, праракуй і кажы тым, якія праракуюць ад сябе: “Слухайце слова Госпада.
3 Гэта кажа Госпад Бог:
4 “Гора неразумным прарокам, якія ходзяць за сваім духам, а нічога не бачаць! Як лісы сярод руінаў, такімі сталі твае прарокі, Ізраэль!
5 Не ўзышлі вы ў выламы і не пабудавалі мур вакол дому Ізраэля, каб стаяць у баі ў дзень Госпадаў.
6 Яны бачаць рэчы пустыя і праракуюць ілжыва, кажучы: “Кажа Госпад”, а Госпад не пасылаў іх; і яны чакаюць здзяйснення слова.
7 Ці не мелі вы бачанне падманнае і ці не вясцілі вы прароцтва фальшывае, калі кажаце: “Кажа Госпад”, хаця Я не казаў гэтага?
8 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што вы прадказвалі падманнае і мелі фальшывае бачанне, вось, таму Я супраць вас, — кажа Госпад Бог, —
9 і рука Мая будзе на прароках, якія бачаць рэчы падманныя і прадказваюць хлусліва: не будуць яны належаць да супольнасці народа Майго, і не будуць упісаныя ў лік пакаленняў Ізраэля, і не ўвойдуць у зямлю Ізраэля, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог.
10 За тое, што яны ўводзілі ў зман народ Мой, кажучы: “Супакой”, і гэта не супакой; і ён будаваў мур, а гэтыя тынкавалі яго.
11 Скажы тым, якія яго тынкуюць, што разваліцца ён; бо пойдзе дождж праліўны, і пашлю Я град, што абрушыцца зверху, і раптоўны разбуральны вецер.
12 І вось, мур развалены; ці вам не скажуць: “Дзе той тынк, якім вы тынкавалі?”»
13 Таму вось што кажа Госпад Бог: «І Я прывяду дух непагоды дзеля лютасці Маёй, і будзе праліўны дождж дзеля Майго абурэння, ды град дзеля гневу, каб усё знішчыць;
14 і Я выверну той мур, які вы атынкавалі, і зраўняю яго з зямлёй, і пакажацца яго падмурак, і ён заваліцца, а вы на ім загінеце. Тады даведаецеся, што Я — Госпад.
15 Я вылью гнеў Мой на мур і на тых, якія яго атынкавалі, і скажу вам: “Няма мура і няма тых, што яго атынкавалі,
16 прарокаў Ізраэля, якія прарочаць пра Ерузалім і бачаць дзеля яго бачанне міру, і няма міру”, — кажа Госпад Бог».
17 І ты, сын чалавечы, звярні сваё аблічча на дачок народа свайго, якія ад свайго сэрца праракуюць, і ты праракуй супраць іх,
18 і кажы: «Гэта кажа Госпад Бог: “Гора тым, што шыюць стужкі на ўсе перагібы рукі і робяць хусткі ўсякага кшталту на галаву, каб лавіць душы. Няўжо вы ловіце душы народа Майго і свае душы хочаце зберагчы пры жыцці?
19 І вы знеслаўляеце Мяне перад Маім народам за жменю ячменю і кавалак хлеба, забіваючы душы, якія не павінны памерці, і ашчаджаючы душы, якія не павінны жыць, калі падманваеце Мой народ, які верыць хлусні”».
20 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «Вось, Я выступлю супраць стужак, якімі вы ловіце душы, як птушак, і пазрываю іх з рук вашых; і душы, якія вы захапілі, выпушчу на волю, як птушак,
21 і паразрываю Я вашы хусткі, і вызвалю народ Мой з рук вашых, і больш не будзе ён здабычай у руках вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад.
22 За тое, што падманам засмуцілі вы сэрца справядлівага, якога Я не засмуціў, і ўмацавалі рукі бязбожніка, каб не сыходзіў ён са сваёй ліхой дарогі ды жыў,
23 не будзеце больш мець бачанняў падманных, і Я вызвалю народ Мой з рук вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эзэкіэля, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017