Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 23 Эзэкіэля 23 разьдзел

1 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы! Былі дзве жанчыны, дочкі адной маці,
3 і распуснічалі яны ў Егіпце, ад маладосці займаліся распустай; там ціскалі іх саскі і закраналі грудзі дзявоцтва іх.
4 А імёны іх: старэйшай — Агола, і сястры яе — Агаліба; і сталі яны Маімі, і нарадзілі сыноў і дачок; і імёны іх: Агола — Самарыя, а Агаліба — Ерузалім.
5 Такім чынам, Агола, адступаючы ад Мяне, распуснічала; і загарэлася любоўю да сваіх палюбоўнікаў асірыйцаў:
6 да ваяроў, апранутых у гіяцынт, да кіраўнікоў і намеснікаў, да ўсіх прывабных юнакоў, да вершнікаў на конях.
7 І ўсім пасярод абраных асірыйцаў аддавала яна свае распусныя пяшчоты; і апаганілася ўсімі ідаламі ўсіх тых, што распалілі пажадлівасць яе.
8 Акрамя таго, не спыніла яна свайго чужаложства з Егіптам, бо і там спалі з ёй у маладосці яе, і ціскалі саскі дзявоцтва яе, і распуснічалі з ёю.
9 Дзеля таго Я аддаў яе ў рукі палюбоўнікаў яе, у рукі асірыйцаў, да якіх гарэла яна пажадлівасцю;
10 яны адкрылі сорам яе, забралі сыноў яе і дачок і яе самую забілі мечам; і стала яна ганьбаю для жанчын, бо здзейснілі над ёю прысуд.
11 Хоць бачыла гэта сястра яе Агаліба, але загарэлася яна пажадлівасцю і чужаложствам сваім яшчэ большым, чым распуснасць сястры яе.
12 Загарэлася пажадлівасцю да асірыйцаў: магнатаў і намеснікаў, ваяроў, багата апранутых, да коннікаў, што ездзілі вярхом на конях, да ўсіх прывабных юнакоў.
13 І ўбачыў Я, што яна апаганілася і што абедзве ідуць тою самаю дарогай.
14 І калі ўбачыла на сцяне намаляваных мужчын, маляваныя фарбай выявы халдэяў,
15 падперазаных вакол сцёгнаў паясамі, і тыяры, надзетыя на іх галовах, — усіх з выгляду мужных ваяроў, падобных да бабілонцаў, родам з зямлі Халдэйскай,
16 дык загарэлася пажадлівасцю да іх толькі дзеля выяў, якія бачылі яе вочы, ды выправіла пасланцоў да іх, у зямлю Халдэйскую.
17 І калі прыйшлі да яе бабілонцы на ложак чужаложны, апаганілі яны яе распуснасцю сваёю, і калі яе апаганілі, душа яе адвярнулася ад іх.
18 Калі выявіла яна свае ўчынкі распусныя ды адкрыла сорам свой, тады душа Мая адвярнулася ад яе, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе.
19 Памножыла ж яна сваю распуснасць, калі ўспомніла дні маладосці сваёй, калі чужаложыла ў зямлі Егіпецкай,
20 і загарэлася пажадлівасцю да сваіх палюбоўнікаў, у якіх цела, як цела ў аслоў, і ў якіх жаданне, як жаданне ў коней.
21 Ды зажадала ты злачынства маладосці сваёй, калі ў Егіпце ціскалі саскі твае і чапалі грудзі дзявоцтва твайго.
22 Дзеля таго, Агаліба, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я падніму супраць цябе палюбоўнікаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая; і збяру іх супраць цябе з усіх бакоў,
23 бабілонцаў і ўсіх халдэяў, з Пакода, Шуа і Куэ, а з імі ўсіх асірыйцаў, прывабных юнакоў, кіраўнікоў і намеснікаў усіх, магутных ваяроў і слаўных мужоў усіх, якія гатовы сесці на коней.
24 І нахлынуць на цябе на вазах жалезных і калясніцах і з вялікімі дружынамі; зусюль падымуцца супраць цябе ў панцырах, са шчытамі і шлемамі, і дам ім судзіць цябе паводле судоў іх.
25 І звярну супраць цябе Маю лютасць, так што люта будуць з табою абыходзіцца: адрэжуць табе нос і вушы твае, а тое, што ад цябе застанецца, упадзе ад меча; яны забяруць у цябе сыноў тваіх і дачок тваіх, і рэшту цябе знішчыць агонь.
26 І здымуць яны з цябе адзенне тваё, і забяруць пасудзіны славы тваёй;
27 і выдалю Я злачынства тваё ад цябе і чужаложства тваё з зямлі Егіпецкай, і ўжо больш не падымеш на іх вачэй тваіх ды не ўзгадаеш пра Егіпет”.
28 Бо гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я аддам цябе ў рукі тых, каго ненавідзіш, у рукі тых, ад каго адвярнулася душа твая,
29 і з нянавісцю будуць яны абыходзіцца з табою, і забяруць усе плады працы тваёй, і пакінуць цябе голай і поўнай сораму, і выявіцца сорам распусты тваёй, злачынства і твая распуснасць.
30 Гэта зрабілі яны з табою, бо чужаложыла ты з чужымі народамі, сярод якіх апаганілася іх ідаламі.
31 Пайшла ты шляхам сястры сваёй, і яе келіх Я дам у тваю руку”.
32 Гэта кажа Госпад Бог: “Будзеш ты піць келіх сястры сваёй, глыбокі і шырокі, будзеш ты ў пасмяянне і ганьбаванне, бо вельмі многа змяшчаецца ў ім.
33 Напоўнішся ты ап’яненнем і болем, келіхам жалобы і смутку, келіхам сястры тваёй, Самарыі,
34 і вып’еш яго, і вып’еш аж да дна ды яшчэ на кавалкі разаб’еш і грудзі свае скалечыш, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог.
35 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ты забылася пра Мяне і кінула Мяне за плечы свае, ты нясі таксама сваё злачынства і чужаложнасць сваю”».
36 І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, ці не маеш судзіць Аголу і Агалібу? Выяві, такім чынам, ім іх злачынствы.
37 Бо яны чужаложылі, і кроў на іх руках, і распуснічалі яны з ідаламі сваімі; а таксама сыноў сваіх, якіх для Мяне нарадзілі, прынеслі ім на пажыранне.
38 Але і гэта Мне яны зрабілі: святыню Маю апаганілі ў той дзень, а таксама зняважылі Мае суботы.
39 І калі ахвяроўвалі яны сваіх сыноў ідалам сваім і ў той самы дзень прыходзілі ў святыню Маю, каб апаганіць яе, вось так рабілі яны ў сярэдзіне дома Майго.
40 І нават паслалі па мужчын, што прыходзілі здалёк, да якіх пасланец быў адпраўлены; такім чынам, яны зараз жа прыйшлі. “Дзеля іх ты выкупалася, падвяла сурмою вочы свае і адзелася ў жаночыя аздобы;
41 і села на найпрыгажэйшым ложку, і перад табою быў застаўлены стол, ты паклала на ім Маё кадзіла і Мае духмянасці”.
42 І гучалі ў яе разгульныя галасы, і да мужчын мноства людзей далучаліся, якіх прыводзілі з пустыні; і ўсклалі яны ім на рукі бранзалеты, а на галовы іх — раскошныя тыяры.
43 І Я так сказаў аб той, што знішчыла сябе ў чужаложстве: “Цяпер яна таксама будзе распуснічаць у распуснасці сваёй”.
44 І прыйшлі да яе, як да чужаложніцы; так прыходзілі да Аголы і Агалібы, жанчын распусных.
45 Такім чынам, людзі справядлівыя: будуць яны судзіць іх так, як судзяць чужаложніц і забойцаў, бо яны чужаложнічалі, і кроў на руках іх.
46 Бо вось што кажа Госпад Бог: “Прывядзі супраць іх сход і выдай іх на гора і на рабунак;
47 і сход гэты ўкамянуе іх, і пасячэ іх мечамі на кавалкі; заб’е іх сыноў і дачок і дамы іх спаліць агнём.
48 І ачышчу Я зямлю ад злачынства, і ўсе жанчыны атрымаюць перасцярогу, каб не рабіць паводле злачынства вашага;
49 і пакладуць яны на вас ваша злачынства, і будзеце несці грахі сваіх ідалаў, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эзэкіэля, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017