Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 да Карынцянаў 4 2-i ліст да Карынцянаў 4 разьдзел

1 Дзеля таго, маючы гэтае паслугаванне, як памілаваныя, мы не падаем духам,
2 але мы стрымліваемся ад скрытых учынкаў сораму, не кідаемся ў хітрыкі ды не фальшуем слова Божага, але адкрытым вяшчэннем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленню кожнага чалавека.
3 Калі наша Евангелле засланёна, дык засланёна для тых, што гінуць,
4 для няверуючых, якім бог гэтага свету засляпіў розум, каб не заззяла ім святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз Бога.
5 Бо мы не саміх сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — вашы паслугачы праз Ісуса.
6 Бо Сам Бог, Які загадаў: «З цемры заззяць святлу», асвяціў нашы сэрцы, каб асвяціць нас пазнаннем хвалы Божай у вобліку Ісуса Хрыста.
7 І мы гэты скарб захоўваем у гліняных пасудзінах, каб была велічнасць магутнасці Божай, ды не ад нас.
8 Мы ва ўсім церпім прыцясненне, але не прыдушаны; жывём у нястачах, але не ў роспачы;
9 церпім пераследаванні, але не пакінуты; мы павалены, але не гінем;
10 заўсёды носім у целе нашым мёртвасць Госпада Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў целе нашым.
11 Бо мы, якія жывём, заўсёды аддаёмся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе.
12 Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.
13 А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: «Я паверыў, і таму прамовіў», і мы верым, і таму гаворым,
14 ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, таксама і нас уваскрасіць праз Ісуса ды паставіць разам з вамі.
15 Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасць на славу Бога.
16 Таму мы і не падаем духам, бо хоць наш чалавек, той, што звонку, знішчаецца, аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца.
17 Бо караткачасовае, лёгкае гора наша творыць нам важкую славу ў празмерным вечным узвышэнні.
18 Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо бачныя рэчы — часовыя, а нябачныя — вечныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да Карынцянаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017