Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 да Карынцянаў 4 1-ы ліст да Карынцянаў 4 разьдзел

1 Хай лічыць нас чалавек за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
2 Ад аканомаў жа патрабуецца, каб кожны аказаўся верным.
3 Мяне мала турбуе, як вы пра мяне судзіце або людзі. Я і сам сябе не суджу.
4 Бо хоць я не пачуваюся ні ў чым вінаватым, гэтым яшчэ не апраўданы. Госпад — Той, Хто судзіць мяне.
5 Дык ніяк не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Госпад, Які асвеціць тое, што ў цемры скрыта, ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
6 Гэта, вось, браты, прыклаў я да сябе і да Апалоса дзеля вас, каб вы ад нас навучыліся не думаць звыш напісанага; ды каб ніхто ў сваёй пыхлівасці не падымаўся адзін над адным.
7 Хто бо цябе адзначае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
8 Вы ўжо насыціліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо валадарыце. О, каб вы сапраўды валадарылі, ды каб і мы з вамі разам маглі валадарыць!
9 Бо думаю, што Бог нас, Апосталаў, паставіў як апошніх, быццам на смерць асуджаных, бо сталіся мы відовішчам для свету, для анёлаў і для людзей.
10 Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы кволыя, а вы дужыя; вас шануюць, а намі грэбуюць.
11 Аж да гэтай пары мы галадаем, смагнем і голыя ходзім, і б’юць нас, і мы выгнаннікі,
12 і працуем, робячы рукамі нашымі; выклятыя, мы дабраслаўляем; пераследаваныя, церпім;
13 зневажаныя, мы молімся; мы сталіся, быццам смецце гэтага свету, агідай для ўсіх аж дасюль.
14 Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вас, найдаражэйшых маіх дзетак, наставіць на розум.
15 Бо хоць бы вы мелі ў Хрысце тысячу выхавацеляў, але не шмат бацькоў, бо я ў Хрысце Ісусе праз Евангелле нарадзіў вас.
16 Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі.
17 Дзеля гэтага пасылаю да вас Цімафея, які ёсць сын мой найдаражэйшы і верны ў Госпадзе, ён вам прыгадае шляхі мае, якія ў Хрысце, ды як я навучаю ўсюды ў кожнай царкве.
18 Некаторыя заганарыліся, быццам я не маю намеру наведаць вас.
19 Але я прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад дазволіць, і спазнаю не словы тых, што заганарыліся, а моц,
20 бо Валадарства Божае не ў словах, але ў моцы.
21 Што хочаце? Ці каб з дубцом да вас я прыйшоў, ці з любоўю і духам лагоднасці?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Карынцянаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017