Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 да Карынцянаў 3 1-ы ліст да Карынцянаў 3 разьдзел

1 І я не мог да вас, браты, прамаўляць як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце.
2 Насычаў я вас малаком, а не ежай, бо былі вы яшчэ кволыя. Ды і цяпер вы яшчэ кволыя,
3 дасюль вы яшчэ цялесныя. Бо калі ў вас зайздрасць, спрэчкі і нязгода, ці ж вы не цялесныя і ці не робіце па-чалавечы?
4 Калі адзін кажа: «Я — Паўлаў», а другі: «Я — Апалосаў», — дык ці ж вы не цялесныя?
5 Хто Апалос? Або хто Паўла? Паслугачы, праз якіх вы ўверылі, ды кожны так, як яму Госпад даў.
6 Я пасадзіў, Апалос паліў, але Бог даў расці.
7 Не важны той, хто садзіць і хто палівае, але Той важны, Хто дае расці, — Бог!
8 Хто садзіць ды хто палівае — адно і тое ж. Кожны атрымае сваю плату паводле працы сваёй.
9 Мы бо — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, будоўля Божая.
10 Дадзенай мне Богам ласкай я, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а хто іншы закончыць пабудову. Хай кожны глядзіць, як будуе.
11 Бо ніхто не можа пакласці іншага падмурка, апрача таго, які пакладзены, які ёсць Ісус Хрыстос.
12 А ці хто на гэтым падмурку будуе з золата, ці са срэбра, ці з дарагіх камянёў, ці з дрэва, ці з сена, ці з саломы, —
13 праца кожнага выявіцца; дзень бо Госпадаў пакажа, бо ў агні выявіцца, і справа кожнага, якая ёсць, будзе выпрабавана агнём.
14 Той, чыя праца, якую ён пабудаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду,
15 а калі чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, аднак, будзе збаўлены, але так, як быццам праз агонь.
16 Ці ж вы не ведаеце, што вы — святыня Божая ды што Дух Божы жыве ў вас?
17 Калі хто знішчыць святыню Бога, таго знішчыць Бог, бо святыня Божая — святая, і гэта ёсць вы.
18 Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто з вас думае, што ён мудры ў гэтым веку, дык хай станецца неразумным, каб быць мудрым.
19 Бо мудрасць гэтага свету ёсць глупства перад Богам, бо напісана: «Ён зловіць мудрых у іх хітрасці»
20 або зноў: «Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя».
21 Дык хай ніхто не хваліцца сярод людзей! Бо ўсё ваша, —
22 ці гэта Паўла, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё ваша,
23 а вы — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Карынцянаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017