Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 да Карынцянаў 6 1-ы ліст да Карынцянаў 6 разьдзел

1 Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменне з іншым, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад святымі?
2 Няўжо вы не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? І калі вамі будзе суджаны свет, дык няўжо вы не варты судзіць меншае?
3 Ці не ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей жыццёвае?
4 А вы, калі маеце жыццёвыя справы, ставіце сваімі суддзямі тых, хто нікчэмныя ў царкве.
5 На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, які мог бы вынесці прысуд сярод братоў сваіх?
6 А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад бязвернымі?
7 Ужо і тое для вас прыніжэнне, што судзіцеся між сабой. Чаму вам не лепш прыняць крыўду? Чаму не лепш пацярпець шкоду?
8 Але вы самі чыніце несправядлівасць і адбіраеце, ды нават у братоў!
9 Ці не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Валадарства Божага ў спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распуснікі, ані балванапаклоннікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані садомцы,
10 ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
11 І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы асвяціліся, але вы апраўдаліся ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.
12 «Усё мне можна!» Але не ўсё карысна. «Усё мне можна!» Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною.
13 «Ежа — для жывата, і жывот — для ежы». Але Бог знішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад — для цела.
14 Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама Сваёю магутнасцю ўваскрасіць.
15 Ці ж не ведаеце, што целы вашы ёсць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусніцы? Ніколі!
16 Або ці не ведаеце, што той, хто злучаецца з распусніцай — адно цела ёсць? «Будуць, вось, яны, як сказана, двое адным целам».
17 Той жа, хто злучаецца з Госпадам — адзін Дух ёсць.
18 Уцякайце ад распусты! Кожны грэх, які б ні чыніў чалавек, ёсць па-за целам; хто ж распуснічае, супраць свайго цела грашыць.
19 Ці ж не ведаеце, што цела ваша ёсць святыня Духа Святога, Які ў вас і Якога маеце ад Бога, ды што вы ўжо не свае?
20 Вы ж здабыты за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым і ў духу вашым, якія ёсць Божыя!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Карынцянаў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017