Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ярэміі 51 Ярэміі 51 разьдзел

1 Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я збуджу супраць Бабілону і супраць жыхароў Лэб-Камай вецер марскі.
2 І Я пашлю ў Бабілон тых, якія веюць, і яны разьвеюць яго і спустошаць зямлю ягоную, бо адусюль зьвернуцца супраць яго ў дзень ліхі [для яго].
3 Няхай ніякі лучнік не нацягне лук свой, і няхай не апране панцыр свой! Не шкадуйце юнакоў ягоных, зьнішчыце ўсё войска ягонае!”
4 І пападаюць забітыя ў зямлі Халдэйскай, і параненыя — на вуліцах ейных.
5 Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ў Бога свайго, у ГОСПАДА Магуцьцяў, бо зямля іхняя перапоўненая злачынствамі супраць Сьвятога Ізраіля.
6 Уцякайце з сярэдзіны Бабілону! Няхай кожны ратуе душу сваю. Ня гіньце ў беззаконьнях ягоных! Бо гэта час помсты ГОСПАДА. Ён аддасьць яму належную плату.
7 Бабілон у руцэ ГОСПАДА быў келіхам залатым, які напаіў усю зямлю. Віно ягонае пілі народы, і дзеля таго шалелі народы.
8 Раптоўна ўпаў Бабілон, і зруйнавалі яго. Галасіце дзеля яго, вазьміце бальзам на боль ягоны, можа, будзе аздароўлены.
9 “Лекавалі мы, лекавалі Бабілон, але ён не паздаравеў. Пакіньце яго, і хадзем кожны ў зямлю сваю! Бо аж да неба дайшоў прысуд над ім і ўзьняўся аж да хмараў.
10 Зьявіў ГОСПАД праведнасьць нашую. Хадземце і распавядзем на Сыёне пра справы ГОСПАДА, Бога нашага!”
11 Вастрыце стрэлы, вазьміце шчыты! Узбудзіў ГОСПАД дух валадара Мадаю, бо супраць Бабілону намер Ягоны, каб зьнішчыць яго, бо гэта помста ГОСПАДА, помста за сьвятыню Ягоную.
12 Супраць муроў Бабілону ўзьніміце сьцяг! Умацуйце варту, растаўце вартаўнікоў, падрыхтуйце засады! Бо так вырашыў ГОСПАД, і ўчыніў тое, што прамовіў супраць жыхароў Бабілону.
13 Ты, які жывеш над водамі вялікімі, са шматлікімі скарбамі, прыйшоў канец твой, [напоўнілася] мера хцівасьці тваёй.
14 ГОСПАД Магуцьцяў прысягнуў на душу Сваю, што напоўніць цябе людзьмі як саранчою, і яны ўзьнімуць над табою гармідар [ваенны].
15 Ён учыніў зямлю сілаю Сваёй, угрунтаваў сусьвет мудрасьцю Сваёй і розумам Сваім расьцягнуў неба.
16 Калі гучыць голас Ягоны, шумяць воды ў небе, Ён прыносіць хмары з канца зямлі, маланкамі суправаджае дождж і выклікае вецер са сховішчаў Сваіх.
17 Бязглузды кожны чалавек, які ня ведае [гэтага], асаромлены кожны залатар з прычыны ідала [свайго], бо хлусьня — тое, што ён зрабіў, няма ў ім духа.
18 Марнота яны, праца, сьмеху вартая. У час наведваньня іхняга яны загінуць.
19 Не такая частка [спадчыны] Якуба, бо Ён укшталтаваў усё, і [Ізраіль —] племя спадчыны Ягонай. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
20 Ты — молат Мой, прылада вайны. Табою Я паб’ю народы і зьнішчу табою валадарствы.
21 Табою Я паб’ю каня і вершніка ягонага, табою паб’ю калясьніцу і возьніка ейнага.
22 Табою Я паб’ю мужчыну і жанчыну, табою паб’ю старога і маладога, табою паб’ю юнака і дзяўчыну.
23 Табою Я паб’ю пастыра і чараду ягоную, табою паб’ю земляроба і воз ягоны, табою паб’ю ваяводаў і ўрадоўцаў.
24 І Я аднагароджу Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю ліхоту іхнюю, якую яны зрабілі супраць Сыёну на вачах вашых, кажа ГОСПАД.
25 Вось, Я на цябе, гара зьнішчэньня, кажа ГОСПАД, якая зьнішчыла ўсю зямлю, і Я выцягну руку Маю да цябе, і сапхну цябе са скалы, зраблю цябе гарой, што палае.
26 І ня возьмуць з цябе ані камяня кутняга, ані камяня на падмурак, але будзеш спустошаная на вякі, кажа ГОСПАД.
27 Узьніміце сьцяг на зямлі! Трубіце ў рог сярод народаў! Пасьвяціце супраць яго народы, склічце супраць яго валадарствы Арарат, Міньні і Ашкеназ! Пастаўце супраць яго гетмана, прывядзіце коней як саранчу калючую!
28 Пасьвяціце супраць яго народы, валадароў Мадаю, князёў ягоных, усіх ваяводаў ягоных і ўсю зямлю панаваньня ягонага.
29 Дрыжыць зямля і трасецца, бо зьдзяйсьняецца намер ГОСПАДА супраць Бабілону, каб зрабіць зямлю Бабілонскую пусткай бязьлюднай.
30 Волаты Бабілонскія кінулі ваяваць, сядзяць у крэпасьцях, зьнікла сіла іхняя, і сталіся яны як жанчыны. Сядзібы іхнія спалены, і засаўкі іхнія паламаныя.
31 Пасланец за пасланцом бяжыць, і вестка за весткаю, каб паведаміць валадару Бабілонскаму, што здабыты горад ягоны ад канца [да канца],
32 што броды захопленыя, умацаваньні спаленыя агнём, а ваяры ў трымценьні.
33 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Дачка Бабілону [сталася] як ток у час малацьбы. Яшчэ крыху, і прыйдзе для яе час жніва”.
34 “Зьядаючы, зьеў мяне і, трушчачы, струшчыў мяне Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і, кідаючы, кінуў мяне як пустую пасудзіну, як цмок праглынуў мяне, і напоўніў жывот свой асалодамі маімі, і выпіхваючы, выпхнуў мяне [з сябе].
35 Пакуты мае і цела маё — на Бабілоне”, — кажа жыхарка Сыёну. “І кроў мая — на жыхарах Халдэі”, — кажа Ерусалім.
36 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я абараню справу тваю, адпомшчу помсту тваю, і высушу мора ягонае, і высушу крыніцу ягоную.
37 І станецца Бабілон руінаю, прыстанішчам цмокаў, страхоцьцем і пасьмешышчам, і бязьлюдзьдзем.
38 Заравуць яны разам быццам ільвы, замуркочуць як малыя львяняты.
39 Калі яны будуць разагрэтыя, Я падрыхтую для іх гасьціну, і напаю іх, каб усьцешыліся і заснулі сном вечным, і не прачнуліся, кажа ГОСПАД.
40 І Я павяду іх на зарэз як ягнятаў, як бараноў з казламі”.
41 Як здабыты Шэшах, як узята хвала ўсёй зямлі! Як стаўся Бабілон пусткаю паміж народаў!
42 Нахлынула мора на Бабілон, і закрыла яго безьліч хваляў ягоных.
43 Гарады ягоныя сталіся пустэчаю, зямлёю сухою і стэпам, зямлёю, дзе ніводзін чалавек не жыве і ня ходзіць па ёй сын чалавечы.
44 І Я наведаю Бэля ў Бабілоне, і вырву з вуснаў ягоных тое, што ён праглынуў, і ня будуць больш да яго плысьці народы, і мур Бабілону ўпадзе!
45 Выйдзі з яго, народзе Мой, і няхай кожны ратуе душу сваю ад лютасьці гневу ГОСПАДА.
46 Няхай ня млее сэрца вашае, і ня бойцеся весткі, якую чуеце на зямлі, бо ў [адзін] год прыйдзе вестка, а пасьля яе [другая] вестка ў год [гэты], і на зямлі [будзе] гвалт, і валадар [паўстане] на валадара.
47 Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, і Я наведаю Бабілон, і ўся зямля ягоная будзе асаромленая, і ўсе забітыя будуць ляжаць пасярод яго.
48 І засьпяваюць над Бабілонам неба і зямля, і ўсё, што ў іх, бо з поўначы прыходзіць на яго спусташальнік, кажа ГОСПАД.
49 Бабілон упадзе за забітых Ізраіля, як упалі за Бабілон забітыя ўсёй зямлі.
50 Хто ўратаваўся ад мяча, уцякайце, ня стойце! [Хоць вы] далёка, памятайце пра ГОСПАДА, і Ерусалім няхай узыйдзе ў сэрцы вашым.
51 “Мы асаромленыя, бо чулі зьнявагу, і ганьба пакрыла абліччы нашыя, бо ўвайшлі чужынцы ў сьвятыню Дому ГОСПАДА”.
52 Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я наведаю ідалаў ягоных, і на ўсёй зямлі ягонай будуць стагнаць параненыя.
53 Калі нават да неба падымецца Бабілон, і на вышынях умацуе сілу сваю, ад Мяне прыйдуць да яго нішчыцелі, кажа ГОСПАД.
54 Голас крыку чуцён з Бабілону, і зьнішчэньне вялікае на зямлі Халдэйскай,
55 бо ГОСПАД нішчыць Бабілон і сьцішае ў ім голас вялікі. І шумяць хвалі іхнія як воды вялікія, і ўздымаецца плёскат голасу іхняга.
56 Бо ідзе на яго, на Бабілон, нішчыцель, і будуць схоплены волаты ягоныя, і будуць зломленыя лукі ягоныя, бо Бог помсты, ГОСПАД, адплачваючы, адплаціць [яму].
57 І Я напаю князёў ягоных, і мудрацоў ягоных, і ваяводаў ягоных, і ўрадоўцаў ягоных, і волатаў ягоных, і яны заснуць сном вечным, і не прачнуцца, кажа Валадар. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
58 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Шырокі мур Бабілону разбурэньнем будзе разбураны, і брамы ягоныя высокія будуць спаленыя агнём, і надарма мучаліся народы, і для агню марнавалі [сілы] плямёны”».
59 Слова, якое загадаў Ярэмія прарок Сэраі, сыну Нэрыі, сына Махсэі, калі той пайшоў з Сэдэкіем, валадаром Юды, у Бабілон у чацьвёртым годзе валадараньня ягонага, а Сэрая [быў] падкаморым.
60 І напісаў Ярэмія ў адной кнізе ўсё ліха, якое мела прыйсьці на Бабілон, усе словы гэтыя, напісаныя супраць Бабілону.
61 І сказаў Ярэмія Сэраі: «Калі ты прыйдзеш у Бабілон, тады ўбачыш і прачытаеш усе словы гэтыя,
62 і скажаш: “ГОСПАДЗЕ, Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што ня будзе ў ім жыхароў, ані людзей, ані быдла, бо будзе яно пустэчаю вечнай”.
63 І станецца, калі скончыш чытаць кнігу гэтую, прывяжы да яе камень і ўкінь яе ў сярэдзіну Эўфрату,
64 і скажы: “Так патоне Бабілон і не падымецца дзеля ліха гэтага, якое Я прывяду на яго, і будуць яны зьнішчаныя”». Дасюль словы Ярэміі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ярэміі, 51 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023