Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ярэміі 21 Ярэміі 21 разьдзел

1 Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, калі валадар Сэдэкія паслаў да яго Пашхура, сына Малькія, і сьвятара Сафонію, сына Маасэі, кажучы:
2 «Парайся, просім, у імя нашае ў ГОСПАДА, бо Навухаданосар, валадар Бабілону, ваюе супраць нас. Можа, ГОСПАД учыніць для нас цуды Свае, і ён адступіць ад нас».
3 І сказаў ім Ярэмія: «Так адкажыце Сэдэкіі:
4 “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Вось, Я адвярну назад прылады ваенныя, якія ў руках вашых і якімі вы ваюеце з валадаром Бабілонскім і з Халдэйцамі, што аблягаюць вас звонку муроў, і зьбяру іх у сярэдзіне гораду гэтага.
5 І Я буду ваяваць супраць вас рукою ўзьнятаю і рамяном дужым, з гневам, ярасьцю і абурэньнем вялікім.
6 І Я ўдару жыхароў гораду гэтага, і чалавека, і жывёлу; паўміраюць яны ад пошасьці вялікай.
7 А пасьля гэтага, кажа ГОСПАД, Я выдам Сэдэкію, валадара Юды, слугаў ягоных і народ, і тых, хто застанецца ў горадзе гэтым пасьля заразы, мяча і голаду, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі ворагаў іхніх, і ў рукі тых, якія шукаюць душы іхняй, і ён заб’е іх вострывам мяча, і не памілуе іх, і ня будзе шкадаваць іх, і ня будзе мець літасьці”.
8 А народу гэтаму скажы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я стаўлю перад абліччам вашым шлях жыцьця і шлях сьмерці.
9 Хто застанецца ў горадзе гэтым, памрэ ад мяча, голаду і пошасьці. А хто выйдзе і патрапіць да Халдэйцаў, якія аблягаюць вас, будзе жыць і атрымае, як здабычу, душу сваю.
10 Бо Я зьвярнуў аблічча Маё на горад гэты на злое, а не на добрае, кажа ГОСПАД. Ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і той спаліць яго агнём”.
11 Адносна дому валадара Юды слухайце слова ГОСПАДА:
12 “Доме Давіда, гэта кажа ГОСПАД. Судзіце справядліва ад раніцы і вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля! Бо іначай гнеў Мой разгарыцца як агонь, і будзе гарэць, і ніхто ня зможа патушыць яго з прычыны ліхіх учынкаў вашых.
13 Вось, Я супраць цябе, жыхарка даліны, скала на раўніне, кажа ГОСПАД. Вы гаворыце: “Хто прыйдзе на нас, і хто ўвойдзе ў памяшканьні нашыя?”
14 Я пакараю вас паводле пладоў учынкаў вашых, кажа ГОСПАД, і запалю агонь у лесе ягоным, і ён праглыне ўсё вакол яго”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ярэміі, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023