Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Ярэміі 50 Ярэміі 50 разьдзел

1 Слова, якое прамовіў ГОСПАД пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз рукі Ярэміі прарока:
2 «Паведаміце сярод народаў і абвяшчайце, узьніміце сьцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Здабыты Бабілон! Асаромлены Бэль! Зламаны Мэрадах! Асаромлены балваны іхнія, паразьбіваныя ідалы іхнія!”
3 Бо ідзе супраць яго народ з поўначы. Ён пераменіць зямлю іхнюю ў пустэчу, і ніхто ня будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, [усе] ўцякуць і адыйдуць [адтуль].
4 У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, прыйдуць сыны Ізраіля разам з сынамі Юды, ідучы і плачучы, і пойдуць, і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго.
5 Яны будуць пытацца пра шлях на Сыён, і [зьвернуць] абліччы свае да яго: “Хадземце, злучымся з ГОСПАДАМ запаветам вечным, якога не забудзем”.
6 Народ Мой як авечкі заблуканыя, пастыры іхнія завялі іх бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку яны хадзілі, і забыліся пра месца адпачынку свайго.
7 Усе, якія знаходзілі іх, зьядалі іх, і прыгнятальнікі іхнія казалі: “Не вінававтыя мы, бо яны саграшылі супраць ГОСПАДА, Пашы праведнасьці і надзеі бацькоў іхніх, ГОСПАДА”.
8 Уцякайце з Бабілону, выходзьце з зямлі Халдэйскай, і будзьце як казлы перад авечкамі.
9 Бо вось, Я абуджу і прывяду на Бабілон грамаду народаў вялікіх з зямлі паўночнай; і яны пашыхтуюцца супраць яго і адтуль здабудуць яго. Стрэлы іхнія — як у спраўнага волата, не вяртаюцца дарэмна.
10 І станецца Халдэя здабычаю, і насыцяцца ўсе, хто пустошыць яе, кажа ГОСПАД.
11 Радуйцеся і цешцеся, рабаўнікі спадчыны Маёй! Бо вы скачаце, як цяляты па траве, і іржыцё, як жарэбчыкі.
12 Зьбянтэжылася маці вашая, асаромленая тая, якая вас нарадзіла. Вось, яна будзе апошняй з народаў, пустыняй, сухою [зямлёй] і стэпам.
13 Дзеля гневу ГОСПАДА ня будзе ніхто жыць на ёй, але ўся яна станецца пусткаю. Кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.
14 Пашыхтуйцеся супраць Бабілону навокал усе, якія нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо ён саграшыў супраць ГОСПАДА.
15 Гаманіце супраць яго вакол яго, бо ён падняў руку сваю. Упалі слупы ягоныя, разбураны муры ягоныя, бо гэта помста ГОСПАДА. Адпомсьціце яму. Як ён рабіў, так зрабіце яму.
16 Зьнішчыце ў Бабілоне таго, хто сее, і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад абліччам мяча забойчага кожны вернецца да народу свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.
17 Ізраіль — заблукалая авечка, ільвы пагналі яго. Першы еў яго валадар Асірыйскі, а апошні, Навухаданосар, валадар Бабілонскі, паламаў яму косткі.
18 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю валадара Бабілонскага і зямлю ягоную, як наведаў валадара Асірыйскага.
19 І Я прывяду Ізраіль на пашы ягоныя, і ён будзе пасьвіцца на Кармэлю і ў Башане, і на гары Эфраіма, і ў Гілеадзе, і насыціцца душа ягоная”.
20 У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, будуць шукаць беззаконьне ў Ізраіля, і ня будзе яго, і [шукаць] грахі ў Юды, і ня знойдуць іх, бо Я прабачу тых, якіх пакіну.
21 Выруш супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пэкоду! Руйнуй і зьнішчы з закляцьцем, кажа ГОСПАД, і зрабі ўсё, што Я табе загадаў!
22 Гармідар ваенны ў зямлі і зьнішчэньне вялікае.
23 Як пабіты і зламаны молат усёй зямлі! Як стаўся пустэчаю Бабілон сярод народаў!
24 Я паставіў на цябе сіло, і ты схоплены, Бабілон, а ты ня ведаў. Ты знойдзены і схоплены, бо ты паўстаў супраць ГОСПАДА.
25 Адкрыў ГОСПАД скарбніцу Сваю і дастаў начыньні гневу Свайго, бо справу мае Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, у зямлі Халдэйскай.
26 Прыходзьце да яе з канцоў [зямлі], адкрыйце ўсе клуні ейныя, і раскідайце яе як снапы, і зрабіце яе закляцьцем, няхай ніхто не застанецца ў ёй.
27 Пазабівайце ўсіх валоў ейных, няхай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надыйшоў дзень іхні, час наведваньня іхняга.
28 Голас тых, якія ўцякаюць, і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясьціць на Сыёне пра помсту ГОСПАДА, Бога нашага, пра помсту за сьвятыню Ягоную.
29 Склічце лучнікаў супраць Бабілону. Вы ўсе, якія нацягваеце лукі, станьце табарам вакол яго, няхай ніхто не ўцячэ. Аднагарадзіце яму паводле справаў ягоных і тое, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён выхваляўся супраць ГОСПАДА, супраць Сьвятога Ізраіля!
30 Дзеля гэтага пападаюць юнакі ягоныя на плошчах ягоных; і ўсе ваяры ягоныя змоўкнуць у той дзень, кажа ГОСПАД.
31 Вось, Я супраць цябе, пыхлівец, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго.
32 І спатыкнецца пыхлівец, і ўпадзе, і ня будзе каму яго падняць, і Я запалю агонь у-ва ўсіх гарадах ягоных, і ён спаліць усё навокал.
33 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Уцісканыя сыны Ізраіля і сыны Юды разам з імі, і ўсе, якія зьняволілі іх, трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.
34 Адкупіцель іхні магутны. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае. Баронячы, Ён будзе бараніць справу іхнюю, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілону”.
35 Меч на Халдэйцаў, кажа ГОСПАД, і на жыхароў Бабілону, і на князёў ягоных, і на мудрацоў ягоных!
36 Меч на варажбітоў, і яны стануцца дурнямі; меч на волатаў ягоных, і яны напужаюцца!
37 Меч на коней ягоных і на калясьніцы ягоныя, і на ўсю мешаніну [людзей], якая пасярод яго, і будуць яны, як жанчыны; меч на скарбы ягоныя, і будуць яны разрабаваныя.
38 Меч на воды ягоныя, і яны высахнуць, бо гэта зямля ідалаў, яны хваляцца балванамі сваімі.
39 Дзеля гэтага будуць жыць у ім зьвяры пустыні, і шакалы, і страусы, і ня будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакаленьня ў пакаленьне.
40 Як збурыў Бог Садом і Гамору і суседнія гарады, кажа ГОСПАД, ня будзе жыць там чалавек і не паселіцца там сын чалавечы.
41 Вось, прыходзіць народ з поўначы, народ вялікі, і шматлікія валадары паўстаюць з канцоў зямлі.
42 Яны трымаюць лук і дзіду, яны жорсткія і бязьлітасныя. Голас іхні — нібыта шуміць мора, і яны едуць на конях, яны пашыхтаваныя як адзін чалавек да бою супраць цябе, дачка Бабілону!
43 Пачуў валадар Бабілону вестку пра іх, і аслабелі рукі ягоныя, жах ахапіў яго і боль як тую, якая нараджае.
44 Вось, ён выходзіць як леў з гушчару над Ярданам на паплавы зялёныя. Я ў момант змушу яго ўцякаць ад іх, а выбранага юнака пастаўлю над імі. Бо хто [падобны] да Мяне? І хто пакліча Мяне [на суд]? І які пастыр устаіць перад абліччам Маім?
45 Дзеля гэтага паслухайце пра намер ГОСПАДА, які Ён мае супраць Бабілону, і думкі Ягоныя, якія Ён мае адносна зямлі Халдэйскай. Выцягнуць нават найменшых авечак, і будуць спустошаны пашы іхнія.
46 На вестку, што здабыты Бабілон, задрыжыць зямля, і крык будзе чутны сярод народаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ярэміі, 50 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023