Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 17 Ярэмы 17 разьдзел

1 Грэх Юды напісаны зялезным пяром, войстрым канцом дыямэнту, выразаны на табліцах сэрца іхнага і на рагох аброчнікаў вашых;
2 Затым помняць сынове іхныя аброчнікі свае й гаі свае ля кажнага зялёнага дзерва на высокіх узгорках.
3 Гара Мая на полю, маемасьць тваю, усі скарбы твае на глабаньне аддам, узвышшы твае — за грахі ў вусіх граніцах тваіх.
4 І ты, нават ты сам аддасі спадак свой, каторы Я даў табе; і Я ўчыню, што ты будзеш служыць непрыяцелям сваім у зямлі, каторай ты ня знаў; бо ўгарэлася цяпло гневу Майго, на векі будзе гарэць.
5 Гэтак кажа, СПАДАР: «Праклятая тая людзіна, што спадзяецца на чалавека і робе цела цаўём сваім, а ад СПАДАРА адварачаецца сэрца ейнае.
6 Яна будзе — як яленец на пустыні, і не абача прыходзячага дабра, і аселіцца на выпятралых месцах, на пустыні, у зямлі салонай а незаселенай.
7 Дабраславёная людзіна, што спадзяецца на СПАДАРА, і каторае надзея СПАДАР;
8 Бо яна, як дзерва, пасаджанае ля вады й пускаючае карэньне свае ля цур’я, і не баіцца, як настане вар; лісьцё яго зелянее, і ў сухі год яно ня журыцца і не перастаець даваць плады.
9 Найзваднейшае за ўсе сэрца й небясьпечнае: хто пазнае яго?
10 Я, СПАДАР, скумаю сэрца, правую ныркі, каб даць кажнаму подле дарогаў ягоных, подле пладоў учынкаў ягоных.
11 Курапата нясецца, але ня выседжуе, так тый, хто прыдбаець багацьце ня згодна з правам: ён страце яго ў палавіцы дзён сваіх і дурням будзе на канцу сваім».
12 Славуты пасад на вышыні — здаўна ё месца сьвятыні нашае.
13 СПАДАРУ, надзея Ізраелява! усі, што пакідаюць Цябе, будуць засаромлены; тыя, што адвярнуліся ад Цябе, будуць запісаны на зямлі, бо яны пакінулі жарало жывых водаў, СПАДАРА.
14 Уздараві мяне, СПАДАРУ, і я буду здаровы; спасі мяне, і я буду спасёны; бо Ты хвала мая.
15 Вось, яны кажуць імне: «Ідзе слова СПАДАРОВА? Хай жа яно прыйдзе».
16 Што да мяне: я не сьпяшаўся быць пастыром за Табою, не жадаў небясьпечнага дня, Ты ведаеш; тое, што вышла з вуснаў маіх, было перад Табою.
17 Ня будзь спалохам імне, надзея мая ў дзень ліха!
18 Няхай засаромяцца тыя, што перасьлядуюць мяне, а я не засаромлюся; няхай яны лякаюцца, а я ня буду лякацца; навядзі ва іх дзень ліха й патрышчы іх падвойным трышчаньням.
19 Гэтак сказаў імне СПАДАР: «Пайдзі й стань у браме сыноў люду, пераз каторую ўходзяць каралі Юдэйскія і пераз каторую яны выходзяць, і ў вусіх брамах Ерузалімскіх,
20 І скажы ім: "Слухайце слова СПАДАРОВАГА вы, каралі Юдэйскія, і ўся Юдэя, і ўсі жыхары Ерузаліму, што ўходзіце гэтымі брамамі:
21 Гэтак кажа СПАДАР: ’Рупцеся праз душы свае і не насіце цяжараў у дзень сыботні ані ўносьце іх пераз брамы ерузалімскія;
22 І ня выносьце цяжараў з дамоў сваіх у дзень сыботні, і ніякае работы не рабіце, але сьвяціце дзень сыботні, як Я расказаў айцом вашым,
23 Але яны ня слухалі ані нахінулі вуха свайго, але закалянілі завыек свой, каб ня чуць і ня прыймаць навукі.
24 І станецца: калі вы шчыра будзеце слухаць Мяне, — агалашае СПАДАР, — не насіць цяжараў пераз брамы гэтага места ў дзень сыботні, але будзеце сьвяціць сыботні дзень, каб не рабіць ніякае работы ў ім;
25 Тады будуць уходзіць у брамы гэтага места каралі а князі, што сядзяць на пасадзе Давідавым, езьдзіць цялежкамі а конна, яны а князі іхныя, мужы Юдэі а жыхары Ерузаліму, і места гэтае застанецца на векі.
26 І будуць прыходзіць ізь местаў Юдэйскіх, з аколіцаў Ерузаліму, і ізь зямлі Веняміновае, і зь нізіны, і з гары, і з паўдня, прыносячы ўсепаленьне а аброкі а хлебныя аброкі а кадзіла а аброкі падзякі да дому СПАДАРОВАГА.
27 Але калі вы не паслухаеце Мяне, каб сьвяціць дзень сыботні і не насіць цяжару, і ня ўходзіць у брамы ерузалімскія ў сыботні дзень, тады Я зацяплю цяпло ў брамах яго, і яно пажарэць палацы ерузалімскія, і не пагасьне’"».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.