Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 36 Ярэмы 36 разьдзел

1 І сталася чацьвертага году Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага, што гэтае слова было да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:
2 «Прыдбай сабе зьвіток кнігі й напішы на ім усі словы, што Я казаў табе праз Ізраеля а празь Юду а праз усі народы, адгэнуль, як Я пачаў казаць табе, зь дзён Ёсі аж дагэтуль.
3 Можа дом Юдзін пачуе праз усе ліха, каторае думаю ўчыніць ім, каб яны зьвярнуліся кажны зь ліхое дарогі свае, каб Я дараваў бяспраўе іхнае і грэх іхны».
4 Тады Ярэма гукнуў Боруха Ніранка, і Борух напісаў на зьвіток із вуснаў Ярэмы ўсі словы СПАДАРОВЫ, якія Ён казаў яму.
5 І Ярэма расказаў Боруху, кажучы: «Я замкнёны, я не магу пайсьці да дому СПАДАРОВАГА;
6 Дык ты пайдзі і чытай ізь зьвітка, што ты напісаў з вуснаў маіх, словы СПАДАРОВЫ ў вушы люду ў доме СПАДАРОВЫМ посным днём, а таксама прачытай іх у вушы ўсіх Юдэяў, што прышлі зь местаў сваіх.
7 Можа падзець маленьне іхнае перад СПАДАРОМ, і зьвернуцца кажны зь ліхое дарогі свае, бо вялікі гнеў а абурэньне, каторае СПАДАР вымавіў супроці люду гэтага».
8 І Борух Ніранок зрабіў подле ўсёга, што Ярэма прарока расказаў яму, чытаючы ізь зьвітка словы СПАДАРОВЫ ў доме СПАДАРОВЫМ.
9 І сталася пятага году Егоякіма, Есянка, караля Юдэйскага, дзясятага месяца, што абясьцілі пост перад СПАДАРОМ усяму люду ў Ерузаліме і ўсяму люду, што прышоў да Ерузаліму зь местаў юдэйскіх.
10 І прачытаў Борух із кнігі словы Ярэміны ў доме СПАДАРОВЫМ, у пакою Ґемары Шафанёнка, пісара, на вышшым панадворку, у варотах новае брамы дому СПАДАРОВАГА ў вушы ўсяго люду.
11 І пачуў Міхей, сын Ґемары Шафанёнка, усі словы СПАДАРОВЫ з кнігі,
12 І зышоў ён да дому каралеўскага, да пакою пісаравага, і во, усі князі сядзелі там: Елішама, сакратар, а Дэлая Шэмаёнак а Ельнафан Ахворонак а Ґемара Шафанёнак а Сэдэка Гананёнак а ўсі князі.
13 І паведаміў ім Міхей усі словы, што ён чуў, як Борух чытаў кнігу ў вушы люду.
14 Тады ўсі князі паслалі да Боруха Юду, сына Нефані, сына Шэлемі Хушанка, сказаць: «Вазьмі ў руку сваю зьвітак, што ты чытаў у вушы люду, і пайдзі». І Борух Ніранок узяў зьвітак у руку сваю і прышоў да іх.
15 І сказалі яму: «Сядзь жа й прачытай у вушы нам». І Борух чытаў у вушы ім.
16 І сталася, як яны выслухалі ўсі словы, што зжахнуліся адзін перад адным і сказалі Боруху: «Мы канечне маем паведаміць каралю ўсі гэтыя словы».
17 І яны папыталіся ў Боруха, кажучы: «Скажы ж нам, як ты запісаў усі гэтыя словы з вуснаў ягоных?»
18 Тады Борух сказаў ім: «Ён вымаўляў усі гэтыя словы імне вуснамі сваімі, а я запісаваў іх чэрняю ў кнігу».
19 Тады сказалі князі Боруху: «Ідзі, схавайся, ты а Ярэма, і няхай ніхто ня ведае, ідзе вы».
20 І прышлі да караля да палацу, але зьвіток пакінулі ў пакою Елішамы, пісара, і сказалі ў вушы караля ўсі словы.
21 Кароль паслаў Юду прынесьці зьвіток, і ён узяў яго зь Елішамы, пісара, пакою. І Юда чытаў яго ў вушы каралю і ў вушы ўсіх князёў, што стаялі ля караля.
22 Кароль сядзеў у зімовым доме дзявятага месяца, а перад ім гарэла на вогнішчу.
23 І сталася, як Юда прачытаваў тры-чатыры лісты, што ён адцінаў іх складанчыкам і кідаў у цяпло, што на вогнішчу, пакуль увесь зьвіток ня быў зьнішчаны ў цяпле, што на вогнішчу.
24 Яны, адылі, не спалохаліся ані разьдзерлі адзецьці свае, кароль ані хто-лень із слугаў ягоных, што слухалі ўсі гэтыя словы.
25 Дарма што Елнафан а Дэлая а Ґемара прычыняліся ў караля, каб ён не паліў зьвітка, ён не паслухаў іх.
26 І расказаў кароль Ерагмелю, каралевічу, а Сэраі Азрэелёнку а Шэлеме Аўдыеленку ўзяць Боруха, пісара, а Ярэму прароку; але СПАДАР схаваў іх.
27 Просьле тога, як кароль спаліў зьвіток а словы, што Борух запісаў з вуснаў Ярэмы, было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:
28 «Вазьмі сабе ізноў другі зьвіток і напішы ў ім усі словы першыя, што былі ў зьвітку першым, каторы Егоякім, кароль Юдэйскі, спаліў.
29 А празь Егоякіма, караля Юдэйскага, скажы: "Гэтак кажа СПАДАР: "Ты спаліў гэны зьвіток, кажучы: "Чаму ты напісаў у ім, кажучы: канечне прыйдзе кароль Бабілёнскі, і разбура зямлю гэтую, і зьвядзець на ёй чалавека й жывёлу?"’
30 Затым гэтак кажа СПАДАР празь Егоякіма, караля Юдэйскагага: ’Ён ня будзе мець нікога седзячага на пасадзе Давідавым, і труп ягоны будзе выкінены ўдзень на вар і ночы на мароз;
31 І Я даведаюся да яго а да насеньня ягонага а слугаў ягоных за бяспраўе іхнае; і навяду на іх, і на жыхараў Ерузаліму, і на мужоў юдэйскіх ўсе ліха, што Я вымавіў супроці іх, але яны ня слухалі’"».
32 І ўзяў Ярэма другі зьвіток, і даў яго Боруху Ніранку, пісару, каторы напісаў на ім з вуснаў Ярэмы ўсі словы зьвітка, што Егоякім, кароль Юдэйскі, спаліў на цяпле; і, апрача тога, былі даданы да іх шмат якія падобныя словы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 36 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.