Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 2 Ярэмы 2 разьдзел

1 І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
2 «Ідзі й агаласі ў вушы Ерузаліму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Я памятую цябе, міласэрдзе маладосьці твае, любоў заручэньня твайго, як ты йшоў за Імною па пустыні, па зямлі незасеянай.
3 Ізраель — сьвятасьцю СПАДАРУ, пачатак пладоў Ягоных; усі, што елі яго, будуць вінныя, ліха прыйдзе на іх’, — агалашае СПАДАР"».
4 Слухайце вы слова СПАДАРОВА, доме Якаваў і ўсі радзімы дому Ізраелявага:
5 Гэтак кажа СПАДАР: «Што за бяспраўе знайшлі ў Імне айцове вашы, што яны здаліліся ад Мяне й пайшлі за марнасьцяй, і самы сталі марнасьцяй;
6 І не сказалі яны: "Ідзе СПАДАР, што вывеў нас ізь зямлі Ягіпецкае, вёў нас па пустыні, па зямлі сьцяпоў а ямаў, па зямлі сухой і сьмяротнага сьценю, ідзе не праходзіла людзіна, і йдзе ня жыў чалавек?"
7 І Я прывёў вас да краю ўродлівага, есьці плады яго й дабро яго; і прышлі вы і ўпаганілі зямлю Маю, і спадак Мой зрабілі агідаю.
8 Сьвятарове не казалі: "Ідзе СІІАДАР?" і дзяржаныя права не прызнавалі Мяне, пастырове зрабілі выступ супроці Мяне, прарокі праракалі Ваалам і за бескарыснымі хадзілі.
9 За тое Я яшчэ буду прававацца з вамі, — агалашае СПАДАР, — і із сынамі сыноў вашых буду прававацца;
10 Бо прайдзіце абтокі Хітымскія й паглядзіце, пашліце да Кідару, і разважча вельмі, і глядзіце, ці былі там такія здарэньні;
11 Ці адмяніў народ багі, што нават не багове? але люд Мой памяняў славу сваю на тое, што бескарыснае.
12 Дзівуйцеся з гэтага нябёсы, жахайцеся, будзьце вельма спустошаныя, — агалаше СПАДАР; —
13 Бо два ліхі ўчыніў люд Мой: яны пакінулі Мяне, жарало жывое вады, каб вычасаць сабе студні, студні паломленыя, што ня могуць дзяржаць вады.
14 Хіба Ізраель слуга ці радзіўся нявольнікам? чаму ён стаў здабыткам?
15 Раўлі на яго левяняты, верашчэлі й зрабілі пустынёю зямлю ягоную; месты ягоныя спаленыя, бяз жыхара.
16 Таксама сынове Мэмфіса а Тагпангеса паламілі цемя твае.
17 Ці не за тое сталася з табою гэта, што ты пакінуў СПАДАРА, Бога свайго, як Ён вадзіў цябе дарогаю?
18 І цяпер нашто табе дарога да Ягіпту? піць ваду Шыхору? і нашто табе дарога да Асыры? хіба на тое, каб піць ваду з Ракі?
19 Пакарае цябе нягоднасьць твая, адпады твае зганяць цябе, каб ты пазнаў а абачыў, як блага а горка тое, што ты пакінуў СПАДАРА, Бога свайго, і боязьні Мае няма ў табе, — агалашае Спадар, СПАДАР войскаў; —
20 Бо здаўна Я патрышчыў іго твае, разарваў путы твае, а ты сказаў: "Ня буду служыць балваном", калі на кажным высокім узгорку і пад кажным зялёным дзервам ты клаўся, як бязуля.
21 А Я пасадзіў цябе, як дабрароднае віно, сусім праўдзівым насеньням; як жа ты абярнуўся ў мяне ў выродную галузу чужога віна?
22 Хоць бы ты памыўся салетраю і ўзяў сабе шмат мыла, бяспраўе нарысавана твае перад Імною, — агалашае Спадар СПАДАР.
23 Як ты можаш казаць: "Я не ўпаганіў сябе, я не хадзіў за Вааламі"? глянь на дарогу сваю ў даліне, пазнай, што ты ўчыніў, жвавая вярблюдзіца, працінаючая дарогі свае.
24 Хто ўдзяржыць дзікую асьліцу, прывыклую да пустыні, як яна ў жадзе сваёй і ў распаленьню сваім глытае паветра? Усі, што шукаюць яе, ня стомяцца, у месяцу ейным знойдуць яе.
25 Узьдзержуй нагу сваю, каб ня была босая, і горла свае ад смагі. А ты кажаш: "Безнадзейна, не, бо я люблю чужых і за імі пайду".
26 Як злодзею бывае ганьба, як зловяць яго; так паганьбіў сябе дом Ізраеляў, яны самы, каралі іхныя, князі іхныя, сьвятары іхныя а прарокі іхныя,
27 Каторыя кажуць дзерву: "Ты мой айцец" і каменю: "Ты нарадзіў мяне". Яны абярнуліся да Мяне завыйкам, а ня відам; але ў часе бяды свае кажуць: "Устань, выбаў нас".
28 Ідзе багі твае, каторыя ты сабе зрабіў? хай яны ўстануць, калі могуць выбавіць цябе ў часе бяды твае; бо подле ліку местаў тваіх былі багі твае, Юда.
29 Нашто вам прававацца з Імною? — усі вы адступілі ад Мяне, — агалашае СПАДАР. —
30 Дарма біў Я дзеці вашы: яны не прынялі навукі; прарокаў вашых паеў меч ваш, як леў нішчэньнік.
31 О родзе! ўважайце на слова СПАДАРОВА: ці быў Я пустынёю Ізраелю або зямлёю цемры? За што кажа люд Мой: "Мы самы сабе спадарове, і ня пойдзем да Цябе болей"?
32 Ці забываецца дзеўка ўборы свае альбо княгіня маладая — прыборы свае? а люд Мой забыўся Мяне, — днём няма ліку.
33 Нашто ты прыбіраеш дарогу сваю, шукаючы любосьці? ажно ты нягодных таксама вучыла дарогаў сваіх.
34 Таксама на крысах тваіх знаходзяць кроў душаў бедных, нявінных; не ля падкопаваньня ты знайшла яе, але на ўсіх гэтых.
35 Ты яшчэ кажаш: "Я нявінная; напэўна гнеў Ягоны адвернецца ад мяне". Вось, Я буду прававацца з табою за тое, што ты кажаш: "Я не ізграшыла".
36 Як ты паніжыла сябе вельма, мяняючы дарогі свае! Цябе таксама паганьбе Ягіпет, як паганьбіла Асыра.
37 Нават і адтуль ты выйдзеш, і рукі твае на галаве Тваёй, бо СПАДАР адкінуў усі спадзевы твае, ты ня будзеш мець дасьпеху ў іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.