Ераміі 51 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Так кажа Гасподзь: вось, Я падыму на Вавілон і на жыхароў ягоных супраціўнікаў Маіх.
 
Гэтак кажа СПАДАР: «Гля, Я ўзрушу згубны вецер на Бабілён і на жывучых сярод тых, што паўстаюць супроці Мяне.

і пашлю на Вавілон вейнікаў, і разьвеюць яго, і спустошаць зямлю яго, бо ў дзень бедства нападуць на яго з усіх бакоў.
 
І пашлю на Бабілён веяньнікаў, каб разьвеяць яго і спустошыць зямлю ягоную; бо ў дзень немарасьці яны будуць навокал яго.

Хай лучнік напінае лук супроць таго, хто напінае лук, і на таго, хто выстаўляецца бранёю сваёю; і ня літуйце юнакоў яго, зьнішчыце ўсё войска ягонае.
 
Няхай стралец моцна напінае лук свой на напінаючага і на тога, хто вяльмуецца панцырам сваім; і не шчаджайце маладзёнаў яго, выгубіце ўсе войска ягонае.

Пабітыя няхай упадуць на зямлі Халдэйскай і прабітыя — на дарогах яе.
 
Гэтак забітыя падуць у зямлі Хальдэйскай, і прабітыя на вуліцах яе»;

Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ад Бога свайго, Госпада Саваофа, хоць зямля іх поўная грахамі перад Сьвятым Ізраілевым.
 
Бо не ўдавец Ізраель ані Юда ў Бога свайго, СПАДАРА войскаў, дарма што зямля іхная напоўнена віною супроці Сьвятога Ізраелявага.

Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона і ратуйце кожны душу сваю, каб не загінуць ад беззаконьня яго, бо гэта час помсты ў Госпада: Ён аддасьць яму аддачу.
 
Уцякайце з пасярод Бабілёну і ратуйце кажны душу сваю, ня гіньце ад бяспраўя ягонага; бо гэта час помсты СПАДАРОВАЕ, Ён аддаець яму заплату.

Вавілон быў залатою чараю ў руцэ ў Госпада, што ап’яняла ўсю зямлю; народы пілі зь яе віно і вар’яцелі.
 
Бабілён быў залатою чараю ў руццэ СПАДАРОВАЙ, з каторае ўпілася ўся зямля: народы пілі зь яе віно, ад гэтага народы ад розуму адышлі.

Раптоўна ўпаў Вавілон і разьбіўся; галасеце па ім, вазьмеце бальзаму на раны яго, можа, ён ацаліцца.
 
Зьнецікі загінуў Бабілён і патрышчыўся; галасіце па ім, вазьміце бальсам на боль ягоны, можа ён ачуняе.

Лекавалі мы Вавілон, але не ацаліўся; пакіньце яго, і хадземце кожны ў сваю зямлю, бо вырак пра яго дастаў да нябёсаў і падняўся да воблакаў.
 
Мы лячылі Бабілён, але ён не ачуняў; Пакіньце яго, і йдзіма кажны да краю свайго, бо суд ягоны дасяг да неба і ўзьняўся аж да булакоў.

Гасподзь вывеў на сьвятло праўду нашу; хадземце і ўзьвесьцімце на Сіёне дзею Госпада Бога нашага.
 
СПАДАР вывеў справядлівасьць нашу; прыходзьце, і азнайміма на Сыёне справу СПАДАРА, Бога нашага.

Вастрэце стрэлы, напаўняйце калчаны; Гасподзь разбудзіў дух цароў Мідыйскіх, бо ў Яго ёсьць намер супроць Вавілона, каб зьнішчыць яго, бо гэта ёсьць помста Госпада, помста за храм Ягоны.
 
Чысьціце стрэлы, напаўняйце сагайдакі; СПАДАР пабудзіў дух каралёў Мідзкіх, бо замер Ягоны да Бабілёну, зьнішчыць яго, бо гэта помста СПАДАРОВА, помста за палац Ягоны.

Насупроць сьцен Вавілона падымеце сьцяг, узмоцніце нагляд, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо, як Гасподзь намысьліў, так і зробіць, што мовіў на жыхароў Вавілона.
 
На сьцены Бабілёну пастанавіце сьцяг, змацніце варту, пастанавіце вартаўнікоў, прыгатуйце засаду, бо СПАДАР замерыў і спраўдзе, што Ён вымавіў на жыхараў Бабілёну.

О, ты, што жывеш каля водаў вялікіх, багаты скарбамі! прыйшоў канец твой, мера прагнасьці тваёй!
 
О ты, што жывеш ля водаў вялікіх, багаты скарбамі, прышоў канец твой, мера прагавітасьці твае.

Гасподзь Саваоф, запрысягнуўся Самім Сабою: у ісьціне кажу, што напоўню цябе людзьмі, як саранчою, і падымуць крык супроць цябе.
 
Прысягаў СПАДАР войскаў на душу Сваю: «Канечне напоўню цябе людзьмі, як шаранчою, і падыймуць крык на цябе».

Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім расхінуў нябёсы.
 
Ён учыніў зямлю сілаю Сваёю, заклаў сьвет мудрасьцю Сваёю й прасьцяг неба розумам Сваім.

Па голасе Яго шумяць воды на нябёсах, і Ён узводзіць воблакі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
 
Як Ён пушчае голас, равуць воды ў нябёсах, і Ён прычыняе, што пары падыймаюцца з канцоў зямлі, прычыняе маланьню дажджу й пасылае вецер із скарбніцаў Сваіх.

Вар’яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо балван ягоны ёсьць хлусьня, і няма ў ім духу.
 
Кажная людзіна шалее із знацьця, сарамаціцца кажны літоўнік балваном, бо літы абраз ягоны — ашука і духа ў іх няма.

Гэта — поўная пустата, дзея аблуды; у час наведаньня іх яны зьнікнуць.
 
Яны марнасьць, работа абмылаў; часу даведаньня да іх яны загінуць.

Не такая, як іхняя, доля Якава, бо Бог ягоны ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай, імя Яго — Гасподзь Саваоф.
 
Не як іх, Дзель Якавава, бо Ён Учыньнік усяго, і Ён посах спадку Свайго; СПАДАР войскаў імя Ягонае.

Ты ў мяне — молат, зброя вайсковая; табою Я пабіваў народы і табою разбураў царствы;
 
«Ты булава Мая, ваенная зброя, бо табою Я трышчыў народы й табою Я бураў каралеўствы;

табою пабіваў каня і вершніка яго і табою пабіваў калясьніцу і калясьнічага яе;
 
І табою трышчыў каня й коньніка яго, і табою трышчыў цялежкі й возьніка іх;

табою пабіваў мужа і жонку, табою пабіваў і старога і маладога, табою пабіваў і юнака і дзяўчыну;
 
І трышчыў табою мужчыну й жонку, і трышчыў табою старога й маладога, і трышчыў табою дзяцюка й дзеўку;

і табою пабіваў пастуха і статак ягоны, табою пабіваў і земляроба і працоўнае быдла ягонае, табою пабіваў і начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў.
 
Трышчыў табою пастыра й чараду ягоную, і трышчыў табою ралейніка й парку запрэжаную яго, і трышчыў табою вайводцаў а дзяржаўцаў.

І аддам Вавілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсё тое ліха, якое яны чынілі на Сіёне на вачах у вас, кажа Гасподзь.
 
І адплачу Бабілёну а ўсім жыхарам Хальдэі за ўсе ліха, што яны зрабілі на Сыёне на ачох вашых», — агалашае СПАДАР.

Вось, Я — на цябе, гара загубная, кажа Гасподзь, што руйнуе ўсю зямлю, і працягну на цябе руку Маю, і скіну цябе са скалаў і зраблю цябе гарою абгарэлаю.
 
«Гля, Я на цябе, згубная гара, што нікбіш усю зямлю, — кажа СПАДАР; — і Я выцягну руку Сваю на цябе, і скачу цябе із скалаў, і зраблю цябе палаючаю гарою.

І ня возьмуць зь цябе каменя для вуглоў і каменя на падмурак, а вечна будзеш запусьценьнем, кажа Гасподзь.
 
І ня будуць браць ізь цябе каменя пад вугол ані каменя на под, але будзеш спусьцелаю навекі», — агалашае СПАДАР.

Падымеце сьцяг на зямлі, трубеце ў трубу сярод народаў, азбройце супроць яго народы, склічце на яго царствы Арарацкія, Мінійскія і Аскеназскія, пастаўце правадыра супроць яго, навядзеце коней, як страшную саранчу.
 
Падыйміце сьцяг на зямлі, трубіце ў трубу памеж народаў, пасьвяціце народы на яго, згукайце на яго каралеўствы Арарату, Міні а Ашкеназу, прызначча супроці яго вайводу, узьвядзіце коні, як шаранчу касматую.

Азбройце супроць яго народы, цароў Мідыі, начальнікаў абласьцей і ўсіх кіроўцаў яе гарадоў і ўсю зямлю, падуладную ёй.
 
Пасьвяціце на яго народы: каралёў Міды, вайводцаў яе, і ўсіх дзяржаўцаў яе, і кажную зямлю дзяржавы яе.

Трасецца зямля і трымціць, бо спраўджваюцца над Вавілонам намеры Госпада зрабіць зямлю Вавілонскую пусткаю без жыхароў.
 
І дрыжыць і хварэе зямля, бо здойсьніў на Бабілёне думкі Свае СПАДАР, каб зрабіць зямлю Бабілёнскую пусташай, бяз жыхара.

Перасталі змагацца асілкі Вавілонскія, сядзяць ва ўмацаваньнях сваіх; вычарпалася сіла іхняя, зрабіліся як жанчыны, жытлішчы іхнія спалены, замкі іхнія патрушчаны.
 
Дужасілы бабілёнскія перасталі біцца, яны перабываюць у гарадох; моц іхная скволела, сталіся як жанкі; запалілі сялібы яго, завалы яго паломлены.

Ганец бяжыць насустрач ганцу, і весьнік — насустрач весьніку, каб узьвясьціць цару Вавілонскаму, што горад яго ўзяты з усіх бакоў,
 
Адзін станьнік бяжыць наўпярэймы другому, і пасланец — наўпярэймы пасланцу, наказаць каралю Бабілёнскаму, што места ягонае пераможана з канца,

і броды захоплены, і агароджы спалены агнём, і ваяры ахоплены страхам.
 
І што броды захоплены, і агарожы спалены цяплом, і ваюны спалохаўшыся.

Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: дачка Вавілона падобная на гумно ў час малацьбы ў ім; яшчэ крыху, і настане час жніва яе.
 
Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Дачка Бабілёну — як такаўня, пара малаціць на ёй; яшчэ крыху й настане час жніва ейнага».

Жэр мяне і грыз мяне Навухаданосар, цар Вавілонскі; зрабіў мяне пустым посудам; праглынуў мяне, як дракон; напаўняў чэрава сваё слодычамі маімі, вывяргаў мяне,
 
«Жэр мяне, трышчыў мяне Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, зрабіў мяне, як дзіўства, напаўняў жывот свой ласонікамі маімі, выкінуў мяне.

Крыўда мая і плоць мая — на Вавілоне, скажа насельніца Сіёна, і кроў мая — на жыхарах Халдэі, скажа Ерусалім.
 
Усілства, зробленае імне, і цела мае — на Бабілёне», — скажа жыхарка Сыёну; і «Кроў мая — на жыхарах Хальдэі», — скажа Ерузалім.

Таму так кажа Гасподзь: вось, я ўступлюся ў тваю дзею і адпомшчу за цябе, і асушу мора яго, і высушу каналы яго.
 
Затым гэтак кажа СПАДАР: «Гля, Я буду прававацца за справу тваю й памшчу помсту тваю, і высушу мора ягонае, і высушу жарало ягонае;

І Вавілон будзе грудаю руінаў, селішчам шакалаў, жудасьцю і пасьмешышчам, без жыхароў.
 
І станецца Бабілён кучамі, сялібаю шакалаў, жахам а сьвістам, бяз жыхара.

Як ільвы зыркаюць усе яны, і заравуць як шчанюкі ільвіныя.
 
Разам, як маладыя лявы, заравуць яны, страпянуцца, як левяняты.

У час іхняга разгарачэньня зраблю ім гасьціну і ўпаю іх, каб яны павесяліліся і заснулі вечным сном, і не прачыналіся, кажа Гасподзь.
 
Як яны разьюрацца, Я зраблю ім чэсьць і дам ім, каб упіліся, каб цешыліся й заснулі вечным сном, і не прачхнуліся, — агалашае СПАДАР. —

Зьвяду іх як ягнят на закол, як бараноў з казламі.
 
Зьвяду іх, як ягняты на зарэз, як бараны з казламі.

Як узяты Сэсах, і заваявана слава ўсёй зямлі! Як зрабіўся Вавілон жахам сярод народаў!
 
Як Шэшах узяты! і як хвала ўсяе зямлі схоплена! Як Бабілён стаў зумленьням меж народаў!

Памкнулася на Вавілон мора; ён пакрыты мноствам хваляў яго.
 
Паднялося мора на Бабілён, пакрыла множасьцяй хваляў сваіх.

Гарады яго зрабіліся пустымі, зямля сухою, стэпам, зямлёю; дзе ня жыве ніводзін чалавек, і дзе не праходзіць сын чалавечы.
 
Месты ягоныя сталі зумленьням, сухою зямлёю а пустынёю, зямлёю, на якой ня жывець ніякая людзіна, ані сын людзкі не праходзе там.

І наведаю Віла ў Вавілоне і вырву з вуснаў ягоных праглынутае ім, і народы ня будуць болей сьцякацца да яго, нават і муры Вавілонскія асыплюцца.
 
І даведаюся да Віла ў Бабілёне, і вырву з роту ягонага тое, што ён глынуў, і народы ўжо не пабягуць да яго; таксама сьцяна бабілёнская паваліцца.

Выходзь з асяродзьдзя яго, народзе Мой, і ратуйце кожны душу сваю ад палымянага гневу Госпада.
 
Выходзьце з пасярод яго, людзе Мой, і ратуй кажны душу сваю ад палкага абурэньня СПАДАРОВАГА.

Хай не аслабне сэрца вашае, і ня бойцеся чуткі, якая будзе пачута на зямлі; чутка прыйдзе ў адзін год, і потым на другі год, і на зямлі будзе гвалт, валадар паўстане на валадара.
 
Хай ня стане лішне млявым сэрца вашае, і ня бойцеся дзейкі, што будзе чуваць у зямлі, дзейкі, што прыйдзе аднаго году, і за ёю дзейкі другога году, і ўсілства ў зямлі, дзяржаўца супроці дзяржаўцы.

Таму вось, прыходзяць дні, калі Я наведаю балваноў Вавілона, і ўся зямля ягоная будзе пасаромлена, і ўсе пабітыя яго ўпадуць сярод яго.
 
Затым, гля, настануць дні, што Я даведаюся да балваноў бабілёнскіх, і ўся зямля засароміцца, і ўсі раненыя ейныя загінуць сярод яе.

І ўзрадуюцца над Вавілонам неба і зямля і ўсё, што на іх; бо з поўначы прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.
 
І запяюць над Бабілёнам неба, і зямля, і ўсе, што на іх; бо з поўначы прыйдуць на яго глабаньнікі», — агалашае СПАДАР.

Як Вавілон не скідаў пабітых Ізраільцян, так у Вавілоне будуць скінуты пабітыя ўсёй краіны.
 
Як Бабілён ськідаў пабітых Ізраялян, так у Бабілёне падуць пабітыя ўсяе зямлі.

Хто ўратуецца ад меча, уцякайце, ня спыняйцеся, спамянеце здалёк пра Госпада, і хай узыдзе Ерусалім на сэрца ваша.
 
Уцеклыя ад мяча йдзіце, не адзержуйцеся; здалеку ўспомніце СПАДАРА, і няхай прыйдзе вам удум Ерузалім.

Сорамна нам было, калі мы слухалі нагану; ганьба пакрывала твары нашыя, калі чужаземцы прыйшлі ў сьвятыню дома Гасподняга.
 
Мы асарамочаны, бо мы чулі ганьбу, сорам пакрыў віды нашы, бо чужаземцы ўвыйшлі ў сьвятыню дому СПАДАРОВАГА.

Затое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі я наведаю балваноў ягоных, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.
 
«Затым, гля, настануць дні, — кажа СПАДАР, — калі Я даведаюся да балваноў ягоных, і па ўсёй зямлі будуць стагнаць раненыя.

Хоць бы Вавілон узвысіўся да нябёсаў, і хоць бы ён на вышыні ўмацаваў цьвярдыню сваю; але ад мяне прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.
 
Хоць бы Бабілён узьняўся да неба і хоць бы ён умацаваў на вышыні сілу сваю, ад Мяне прыйдуць глабаньнікі на яго», — агалашае СПАДАР.

Праляціць гул ляманту ад Вавілона і вялікае разбурэньне — ад зямлі Халдэйскай,
 
Голас галосе з Бабілёну і вялікае патрышчаньне — ізь зямлі Хальдэйскае,

бо Гасподзь спустошыць Вавілон і пакладзе канец ганарыстаму голасу ў ім. Зашумяць хвалі іх як вялікія воды, пачуецца шумны голас іх.
 
Бо СПАДАР пустоша Бабілён і зьнішчыў у яго вялікі голас, хвалі яго равуць, як вялікія воды, гом іх гуку разьлягаецца;

Бо прыйдзе на яго, на Вавілон, спусташальнік, і ўзяты будуць ратаборцы ягоныя, паламаныя будуць лукі іхнія; бо Гасподзь, Бог аддачаў, аддасьць аддачу.
 
Бо глабаньнік прышоў на яго, на Бабілён, і дужасілы ягоныя ўзяты, кажны з лукаў іхных патрышчаны; бо СПАДАР, Бог адплаты, канечне адплаце.

І напаю дап’яна князёў яго і мудрацоў яго, начальнікаў вобласьцяў яго і кіроўцаў гарадоў яго, і ваяроў яго, і заснуць сном вечным і не прачнуцца, кажа Цар, — Гасподзь Саваоф імя Яго.
 
«І дам упіцца князём ягоным а мудрыцом ягоным а вайводцам ягоным а дзяржаўцам ягоным а дужасілам ягоным, і яны заснуць сном вечным, і не прачхнуцца», — агалашае Кароль, — СПАДАР войскаў імя ягонае.

Так кажа Гасподзь Саваоф: тоўстыя муры Вавілона да падмурку будуць разбураны, і высокія брамы яго будуць спалены агнём; і вось, дарма працавалі народы, і плямёны мучылі сябе дзеля агню.
 
Гэтак кажа, СПАДАР войскаў: «Шырокія сьцены Бабілёну будуць супоўна абураны, і высокія брамы ягоныя будуць спалены цяплом; і будуць працаваць народы дарма, і людзі на цяпло, і будуць стамаваны».

Слова, якое прарок Ерамія наказаў Сэраю, сыну Нірыі, сыну Маасэі, калі ён выпраўляўся ў Вавілон з Сэдэкіем, царом Юдэйскім, у чацьвёрты год яго цараваньня; Сэрая быў галоўны пасьцельнік.
 
Слова, што Ярэма, прарока, расказаў Сэраі, сыну Ніра Магсэенка, як гэты йшоў із Сэдэкам, каралём Юдэйскім, да Бабілёну, чацьвертага году дзяржавы ягонае; а Сэрая быў галоўны пакладнік.

Ерамія ўпісаў у адну кнігу ўсе бядоты, якія павінны былі прыйсьці на Вавілон, усе гэтыя прамовы, напісаныя на Вавілон.
 
А Ярэма напісаў усе ліха, што прыйдзе на Бабілён, у вадну кнігу ўсі гэтыя словы, напісаныя на Бабілён.

І сказаў Ерамія Сэраю: калі ты прыйдзеш у Вавілон, дык глядзі, прачытай усе гэтыя прамовы,
 
І сказаў Ярэма Сэраі: «Як ты прыйдзеш да Бабілёну, то разгледзь і чытай усі гэтыя словы,

і скажы: Госпадзе! Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што не застанецца ў ім ні чалавека, ні быдла, а яно будзе вечнаю пустэльняю.
 
І скажы: "СПАДАРУ, Ты казаў праз гэтае месца, каб выгубіць яго, каб ніхто не застаўся ў ім, ад людзіны аж да жывёлы, але будзе яно пустым навекі".

І калі закончыш чытаньне гэтай кнігі, прывяжы да яе камень і кінь яе на сярэдзіну Еўфрата,
 
І будзе, як ты скончыш чытаньне гэтае кнігі, прывяжы да яе камень і кінь на сярэдзіну Еўфрату,

і скажы: так апусьціцца Вавілон і не паўстане ад таго бедства, якое Я навяду на яго, і яны зусім зьнямогуцца. Дагэтуль прамовы Ераміі.
 
І скажы: "Гэтак занурыцца Бабілён і не паўстане зь ліха, што Я навяду на яго, і яны стамуюцца"». Дагэтуль словы Ярэміны.