Ераміі 40 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова, якое было Ераміі ад Госпада, пасьля таго як Навузардан, начальнік целаахоўцаў, адпусьціў яго з Рамы, дзе ён узяў яго скаванага ланцугамі сярод іншых палонных Ерусалімцаў і Юдэяў, якіх перасялілі ў Вавілон.
 
Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА просьле тога, як адпусьціў яго Невузар-Адан, начэльнік катаў, з Рамы, як ён быў узяўшы яго скаванага зялезьзям памеж усіх выведзеных палоненікаў зь Ерузаліму а Юдэі, як палон выведзеных да Бабілёну.

Начальнік целаахоўцаў узяў Ерамію і сказаў яму: «Гасподзь Бог твой вырак гэта бедства на месца гэтае,
 
І начэльнік катаў узяў Ярэму, і сказаў яму: «СПАДАР, Бог твой, казаў гэтае ліха на гэтае месца;

і навёў яго Гасподзь і зрабіў тое, што сказаў; бо вы зграшылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Ягонага, за тое і спасьцігла вас гэта.
 
Цяпер СПАДАР навёў і спраўдзіў подле тога, як Ён казаў; бо вы ізграшылі супроці СПАДАРА і ня слухалі голасу Ягонага, — і спраўдзілася над вамі гэтае слова.

Дык вось, я вызваляю цябе сёньня з ланцугоў, якія на руках тваіх: калі табе заўгодна ісьці са мною ў Вавілон, — ідзі, і я мецьму клопат за цябе; а калі незаўгодна табе ісьці са мною ў Вавілон, — заставайся. Вось, уся зямля перад табою; куды табе заўгодна, і куды падабаецца ісьці, туды і ідзі».
 
Дык вось, Я вывальніў цябе цяпер ізь зялезьзя, што на руках тваіх: калі хочаш ісьці з імною да Бабілёну, ідзі, і я буду мець вока свае над табою; але калі блага ў ваччу тваім ісьці з імною да Бабілёну, ня йдзі. Во, уся зямля перад табою: куды табе любя і куды ты падабаеш ісьці, туды йдзі.

Калі ён яшчэ не адышоў, сказаў Навузардан: «ідзі да Гадоліі, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, якога цар Вавілонскі паставіў над гарадамі Юдэйскімі, і заставайся зь ім сярод народа; альбо ідзі, куды падабаецца табе ісьці». І даў яму начальнік целаахоўцаў прадуктаў і дарунак і адпусьціў яго.
 
(Але ён яшчэ не адказаваў) або зьвярніся да Ґедалі, сына Агікама Шафанёнка, каторага прызначыў кароль Бабілёнскі да местаў Юдэйскіх, і жыві зь ім памеж люду; альбо куды толькі падабаеш ісьці, туды йдзі». І даў яму начэльнік катаў еміны а падарак, і пусьціў яго.

І прыйшоў Ерамія да Гадоліі, сына Ахзікамавага, у Масіфу, і жыў зь ім сярод народа, які заставаўся ў краіне.
 
І пашоў Ярэма да Ґедалі Агікаменка да Міцпы, і жыў ізь ім памеж люду, што застаўся ў зямлі.

Калі ўсе ваеначальнікі, якія былі ў полі, яны і людзі іхнія, пачулі, што цар Вавілонскі паставіў Гадолію, сына Ахікамавага, начальнікам над краінаю і даручыў Яму мужчын і жанчын і дзяцей, і тых зь беднякоў краіны, якія ня былі пераселены ў Вавілон,
 
І пачулі ўсі вайводцы войскаў, каторыя былі ў полю, яны а людзі іхныя, што кароль Бабілёнскі прызначыў Ґедалю Агікаменка за дзяржаўцу ў зямлі і паручыў яму мужчын а жанкі а дзеці а бедных зямлі з тых, што ня былі выведзеныя як палон да Бабілёну,

тады прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу і Ісмаіл, сын Натаніі, і Ёанан і Ёнатан, сыны Карэевыя, і Сэрая, сын Танасмэта, і сыны Офі з Нэтафаты, і Езанія, сын Махаты, яны і дружына іхняя,
 
Тады прышлі яны да Ґедалі да Міцпы, наймя Ізмайла Нефанёнак а Ёганан а Ёнафан Карэажонкі а Сэрая Фангумефенак а Ефаёнкі зь Нетафафы а Езаня Маахафянін, яны а людзі іхныя.

Гадолія, сын Ахікамаў, сына Сафанавага, запрысягнуўся ім, кажучы: «ня бойцеся служыць Халдэям, заставайцеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і будзе вам добра;
 
І прысягаў ім а людзём іхным Ґедаля, сын Агікама Шафанёнка, кажучы: «Ня бойцеся служыць Хальдэям; жывіце ў зямлі й служыце каралю Бабілёнскаму, і будзе добра вам.

А я застануся ў Масіфе, каб стаяць перад абліччам Халдэяў, якія будуць прыходзіць да нас; а вы зьбірайце віно і летнія плады і алей і зьбірайце ў посуд ваш, і жывеце ў гарадах вашых, якія занялі».
 
Што да мяне, вось, я буду жыць у Міцпе, каб служыць Хальдэям, каторыя будуць прыходзіць да нас; але вы зьбірайце віно а летныя плады а аліву, і кладзіце іх у судзьдзе свае, і жывіце ў местах сваіх, што вы завялі».

Таксама і ўсе Юдэі, якія былі ў зямлі Маавіцкай і сярод сыноў Амона і ў Ідумэі, і ва ўсіх краінах, пачулі, што цар Вавілонскі пакінуў частку Юдэяў і паставіў над імі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага;
 
Падобна і ўсі Юдэі, што былі ў Моаве а меж сыноў Амонавых а ў Едоме а што былі ў вусіх краёх, пачулі, што кароль Бабілёнскі пакінуў астачу Юдэі й прызначыў над імі Ґедалю сына Агікама Шафанёнка;

і вярнуліся ўсе гэтыя Юдэі з усіх мясьцінаў, куды былі выгнаны, і прыйшлі ў зямлю Юдэйскую да Гадоліі ў Масіфу, і сабралі віна і летніх пладоў вельмі шмат.
 
І ўсі Юдэі зьвярнуліся з усіх месцаў, куды яны былі выпіхнены, і прышлі да зямлі Юдэйскае да Ґедалі да Міцпы, і вельма шмат зьбіралі віна а летных пладоў.

Тым часам Янан, сын Карэеў, і ўсе вайсковыя начальнікі, якія былі ў полі, прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу
 
Адлі Ёганан Карэажонак а ўсі вайводцы, бытыя ў полю, прышлі да Ґедалі да Міцпы,

і сказалі яму: «ці ведаеш ты, што Вааліс, цар сыноў Амонавых, прыслаў Ісмаіла, сына Натаніі, каб забіць цябе»? Але Гадолія, сын Ахікамаў, не паверыў ім.
 
І сказалі яму: «Ці ты добра ведаеш, што Вааліс, кароль сыноў Амонавых, паслаў Ізмайлу Нефанёнка, забіць цябе?» Але Ґедаля Агікаменак не паверыў ім.

Тады Янан, сын Карэеў, сказаў Гадоліі патайна ў Масіфе: «дазволь мне, і я пайду і заб’ю Ісмаіла, сына Натаніі, і ніхто не даведаецца; навошта дапускаць, каб ён забіў цябе, і каб усе Юдэі, што сабраліся да цябе, расьсеяліся, і каб загінула рэшта Юдава»?
 
І Ёганан Карэажонак патай казаў Ґедалі ў Міцпе, кажучы: «Дазволь, калі ласка, імне пайсьці й забіць Ізмайлу Нефанёнка, і ніхто ня будзе ведаць: чаму ён мае забіць цябе, і разьвеецца астача Юдэі, што зьберліся да цябе, і загіне астача Юдэі?»

Але Гадолія, сын Ахікамаў, сказаў Янану, сыну Карэеваму: «не рабі гэтага, бо ты няпраўду кажаш пра Ісмаіла».
 
Але Ґедаля Агікаменак сказаў Ёганану Карэажонку: «Не рабі гэтага, бо ты гутарыш непраўдзіва праз Ізмайлу».