Ераміі 11 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова, якое было Ераміі ад Госпада:
 
Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:

слухайце слова запавету гэтага і скажэце мужам Юды і жыхарам Ерусаліма;
 
«Слухайце словы змовы гэтае, і кажыце іх мужом Юдэі а жыхарам Ерузаліму,

і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: пракляты чалавек, які не паслухае слоў запавету гэтага,
 
І скажыце ім: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: ’Праклятая людзіна, што ня слухае слоў змовы гэтае,

які Я запавядаў бацькам вашым, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з жалезнай печы, сказаўшы: слухайцеся голасу Майго і рабеце ўсё, што Я запавядаю вам, — і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам,
 
Каторую Я расказаў айцом вашым у дню, каторага Я вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, ізь зялезнае печы, кажучы: "Слухайце голасу Майго, і паўніце подле ўсёга, што Я расказаў вам, і будзьце Імне людам, а Я буду вам Богам",

каб выканаць прысягу, якою Я прысягаў бацькам вашым — даць ім зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, як гэта сёньня. І адказваў я, сказаўшы: амін, Госпадзе!
 
Каб здойсьнілася прысяга, каторага Я прысягаў айцом вашым, даць ім зямлю, малаком а мёдам цякучую, як цяпер’"». І адказаў я, і сказаў: «Амін, СПАДАРУ!»

І сказаў мне Гасподзь: агаласі ўсе гэтыя словы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліма і скажы: слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.
 
І сказаў імне СПАДАР: «Агаласі ўсі гэтыя словы ў местах Юдэі й на вуліцах Ерузаліму, кажучы: слухайце словы змовы гэтае й паўніце іх;

Бо бацькоў вашых я ўмаўляў пастаянна з таго дня, як вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня: умаўляў іх з самае раніцы, кажучы: слухайцеся голасу Майго.
 
Бо зглыбока Я сьветчыў айцом вашым адгэнуль, як вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, аж дагэтуль, устаючы рана й сьветчачы, кажучы: "Слухайце голасу Майго".

Але яны ня слухаліся і ня прыхілялі вуха свайго, а хадзілі кожны паводле ўпартасьці ліхога сэрца свайго: таму Я навёў на іх усё сказанае ў запавеце гэтым, які Я запавядаў ім выконваць, а яны ня выконвалі.
 
Але яны ня слухалі ані нахінулі вуха свайго, але хадзіў кажны ў вупорлівасьці ліхога сэрца свайго; і Я павёў на іх усі словы змовы гэтае, каторыя Я расказаў рабіць, але яны не рабілі».

І сказаў мне Гасподзь: ёсьць змова паміж мужамі Юды і жыхарамі Ерусаліма:
 
І сказаў імне СПАДАР: «Змова знойдзена ў людзёў Юдэі а ў жыхараў Ерузаліму:

яны зноў павярнуліся да беззаконстваў прабацькоў сваіх, якія адмовіліся слухацца слоў Маіх і пайшлі па сьледзе чужых багоў, служачы ім. Дом Ізраіля і дом Юды парушылі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.
 
Яны зьвярнуліся да бяспраўяў прашчураў сваіх, каторыя адмовіліся слухаць слоў Маіх, і пайшлі за іншымі багамі, служыць ім. Дом Ізраеляў а дом Юдзін узрушылі змову, што Я зрабіў із айцамі іхнымі».

Таму так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на іх бедства, ад якога яны ня могуць выбавіцца, а калі паклічуць Мяне, не пачую іх.
 
Затым гэтак кажа СПАДАР: «Вось, Я навяду на іх ліха, ад каторага яны ня змогуць уцячы, і, дарма што яны загалосяць да Мяне, Я не пачую іх.

Тады гарады Юды і жыхары Ерусаліма пойдуць і заклічуць багоў, якім яны кадзяць; але яны зусім не дапамогуць ім у час бедства іхняга.
 
Тады месты юдэйскія а жыхары Ерузаліму пойдуць а загалосяць да багоў, каторым яны кадзілі; але яны ніколі ня выбавяць іх увесь час ліха іхнага;

Бо колькі ў цябе гарадоў столькі і багоў у цябе, Юда, і колькі вуліц у Ерусаліма, столькі вы панастаўлялі ахвярнікаў вартаму сораму, ахвярнікаў, каб кадзіць Ваалу.
 
Бо ў цябе, Юда, колькі местаў, толькі й багоў, і колькі вуліцаў у Ерузаліме, толькі ты наставіў аброчнікаў да ганебных рэчаў, аброчнікаў кадзіць Ваалу.

А ты не прасі за гэты народ і ня ўзнось за іх малітваў і просьбаў: бо Я не пачую, калі яны будуць клікаць Мяне ў бядоце сваёй.
 
І ты не маліся за гэты люд ані ўзьнімай галашэньня альбо малітвы за іх; бо Я не паслухаю, як яны будуць гукаць да Мяне ў часе ліха свайго.

Што любаснаму Майму ў доме Маім, калі ў ім робяцца многія непатрэбствы? І сьвяшчэнныя мясы не дапамогуць табе, калі, учыняючы ліхое, ты радуешся.
 
Што любовай Маёй да дому Майго? Ты бязуліла із шмат кім, і мясы сьвятыя адышлі ад цябе; бо як ты робіш ліха, ты захапляешся.

Масьлінаю, якая зелянее і красуецца прыемнымі пладамі, назваў цябе Гасподзь. А сёньня, у шуме моцнай сумятні, Ён успалымніў агонь вакол яе, і паламаліся галіны яе.
 
СПАДАР менаваў цябе "Зялёным аліўным дзервам, харошым, з добраю садавіною", але пры гуку вялікае буры Ён раскладзець цяпло на ім і паломе галузы яго.

Гасподзь Саваоф, Які пасадзіў цябе, вырак на цябе ліхое за ліха дома Ізраілевага і дома Юдавага, якое яны ўчынілі сабе тым, што спадзьвіжылі Мяне на гнеў каджэньнем Ваалу.
 
Бо СПАДАР войскаў, што пасадзіў цябе, вымавіў ліха на цябе за ліха дому Ізраелявага а дому Юдзінага, каторае яны ўчынілі сабе, квелячы Мяне да гневу кадзеньням Ваалу».

Гасподзь адкрыў мне, і я ведаю; Ты паказаў мне іхнія дзеі.
 
І СПАДАР даў імне веданьне, і я ведаю; тады Ты паказаў імне ўчынкі іхныя.

А я, як паслухмянае ягня, якое вядуць на закол, і ня ведаў, што яны складаюць намыслы супроць мяне, кажучы: «пакладзем атрутнае дрэва за ежу яму і адарвем яго ад зямлі жывых, каб і імя яго болей не спаміналася».
 
Але я, як баранчык альбо цялё-бычок, ведзены на зарэз, і я ня ведаў, што яны задумляюць змову на мяне, кажучы: «Зьнішчыма дзерва з пладамі яго і адатнем яго ад зямлі жывых, каб і наперад імя яго не менавалі».

Але, Госпадзе Саваофе, Судзьдзя справядлівы, выпрабавальнік сэрца і нутробы! дай пабачыць мне помсту Тваю над імі, бо Табе даверыў я справу маю.
 
Але Ты, СПАДАРУ, Божа множасьці, што судзіш справядліва, што прабуеш ныркі а сэрца, дазволь імне бачыць помсту Тваю на іх, бо Табе я абясьціў справу сваю.

Таму так кажа Гасподзь пра мужоў Анатота, якія шукаюць душы тваёй і кажуць: не прарочы ў імя Госпада, каб не памерці табе ад рук нашых;
 
Затым гэтак кажа СПАДАР празь людзёў Анафофу, што шукаюць жыцьця твайго, кажучы: «Не праракай імям СПАДАРОВЫМ, каб ты не памер ад рукі нашае».

таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я наведаю іх: юнакі іхнія памруць ад меча; сыны іх і дочкі іх памруць з голаду.
 
Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Вось, Я даведаюся да іх: маладзёны памруць ад мяча; сынове іхныя а дачкі іхныя памруць з галадові.

І астатку ня будзе ад іх; бо Я навяду бедства на мужоў Анатота ў год наведваньня іх.
 
І ня будзе астачы ад іх, бо Я навяду ліха на людзёў Анафофу ў годзе даведаньня да іх».