Ераміі 11 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Слова, якое было Ераміі ад Госпада:
Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
слухайце слова запавету гэтага і скажэце мужам Юды і жыхарам Ерусаліма;
«Паслухайце словы запавету гэтага і прамоўце іх да мужоў Юды і жыхароў Ерусаліму.
і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: пракляты чалавек, які не паслухае слоў запавету гэтага,
І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Пракляты чалавек, які ня слухае словаў запавету гэтага,
які Я запавядаў бацькам вашым, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з жалезнай печы, сказаўшы: слухайцеся голасу Майго і рабеце ўсё, што Я запавядаю вам, — і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам,
якія Я загадаў бацькам вашым у дзень, у які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з печы жалезнай, кажучы: "Слухайце голас Мой і рабіце ўсё так, як Я вам загадваю. І вы будзеце народам Маім, а Я буду Богам вашым,
каб выканаць прысягу, якою Я прысягаў бацькам вашым — даць ім зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, як гэта сёньня. І адказваў я, сказаўшы: амін, Госпадзе!
каб Я споўніў прысягу, якою прысягаў бацькам вашым, што дам ім зямлю, дзе цячэ малако і мёд, якую [маеце] сёньня"”». А я адказаў і сказаў: «Амэн, ГОСПАДЗЕ!»
І сказаў мне Гасподзь: агаласі ўсе гэтыя словы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліма і скажы: слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.
І сказаў ГОСПАД мне: «Абвясьці ўсе словы гэтыя ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, кажучы: “Слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.
Бо бацькоў вашых я ўмаўляў пастаянна з таго дня, як вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня: умаўляў іх з самае раніцы, кажучы: слухайцеся голасу Майго.
Бо просьбай прасіў Я бацькоў вашых ад дня, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, аж да дня гэтага, ад раніцы ўмольваў іх, кажучы: “Слухайце голас Мой!”
Але яны ня слухаліся і ня прыхілялі вуха свайго, а хадзілі кожны паводле ўпартасьці ліхога сэрца свайго: таму Я навёў на іх усё сказанае ў запавеце гэтым, які Я запавядаў ім выконваць, а яны ня выконвалі.
Але яны ня слухалі і не прыхілілі вуха сваё, і кожны хадзіў паводле закамянеласьці ліхога сэрца свайго. І Я прывёў на іх усе словы запавету гэтага, якія Я загадаў, каб яны рабілі, а яны не рабілі”».
І сказаў мне Гасподзь: ёсьць змова паміж мужамі Юды і жыхарамі Ерусаліма:
І сказаў ГОСПАД мне: «Выяўлена змова сярод мужоў Юды і жыхароў Ерусаліму.
яны зноў павярнуліся да беззаконстваў прабацькоў сваіх, якія адмовіліся слухацца слоў Маіх і пайшлі па сьледзе чужых багоў, служачы ім. Дом Ізраіля і дом Юды парушылі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.
Яны вярнуліся да беззаконьня бацькоў сваіх даўнейшых, якія не хацелі слухаць словаў Маіх, і яны пайшлі да багоў чужых, каб служыць ім. Дом Ізраіля і дом Юды зламалі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.
Таму так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на іх бедства, ад якога яны ня могуць выбавіцца, а калі паклічуць Мяне, не пачую іх.
Дзеля гэтага так кажа Госпад: “Я навяду на іх ліха, з якога яны ня змогуць выйсьці, і яны будуць клікаць да Мяне, але Я ня выслухаю іх”.
Тады гарады Юды і жыхары Ерусаліма пойдуць і заклічуць багоў, якім яны кадзяць; але яны зусім не дапамогуць ім у час бедства іхняга.
І пойдуць гарады Юды і жыхары Ерусаліму, і будуць клікаць багоў, якім яны кадзілі, але яны ня выратуюць іх у час бяды.
Бо колькі ў цябе гарадоў столькі і багоў у цябе, Юда, і колькі вуліц у Ерусаліма, столькі вы панастаўлялі ахвярнікаў вартаму сораму, ахвярнікаў, каб кадзіць Ваалу.
Бо паводле ліку гарадоў тваіх, Юда, былі богі твае, і паводле ліку вуліцаў у Ерусаліме вы паставілі ахвярнікі на ганьбу, ахвярнікі, каб кадзіць Баалу.
А ты не прасі за гэты народ і ня ўзнось за іх малітваў і просьбаў: бо Я не пачую, калі яны будуць клікаць Мяне ў бядоце сваёй.
А ты не маліся за народ гэты і не прынось за іх просьбы і малітвы, бо Я ня выслухаю іх у час, калі яны будуць клікаць Мяне ў горы іхнім.
Што любаснаму Майму ў доме Маім, калі ў ім робяцца многія непатрэбствы? І сьвяшчэнныя мясы не дапамогуць табе, калі, учыняючы ліхое, ты радуешся.
Навошта каханай Маёй у доме Маім зьдзяйсьняць намеры ліхія з многімі? Ці ж мяса пасьвячонае ўхіліць ад цябе гора тваё і тады ты будзеш радавацца?
Масьлінаю, якая зелянее і красуецца прыемнымі пладамі, назваў цябе Гасподзь. А сёньня, у шуме моцнай сумятні, Ён успалымніў агонь вакол яе, і паламаліся галіны яе.
Зялёнай аліўкай з прыгожымі пладамі назваў ГОСПАД імя тваё. Але з гукам вялікага шуму загарэўся над ёй агонь і былі паламаныя галіны ейныя.
Гасподзь Саваоф, Які пасадзіў цябе, вырак на цябе ліхое за ліха дома Ізраілевага і дома Юдавага, якое яны ўчынілі сабе тым, што спадзьвіжылі Мяне на гнеў каджэньнем Ваалу.
І ГОСПАД Магуцьцяў, Які пасадзіў цябе, прадказаў табе бяду дзеля ліхоцьцяў дому Ізраіля і дому Юды, якія рабілі яны, каб гнявіць Мяне, каб кадзіць Баалу.
Гасподзь адкрыў мне, і я ведаю; Ты паказаў мне іхнія дзеі.
І ГОСПАД даў даведацца мне, і я даведаўся, і тады Ты выявіў мне ўчынкі іхнія.
А я, як паслухмянае ягня, якое вядуць на закол, і ня ведаў, што яны складаюць намыслы супроць мяне, кажучы: «пакладзем атрутнае дрэва за ежу яму і адарвем яго ад зямлі жывых, каб і імя яго болей не спаміналася».
І я быў быццам ягнятка ціхае, якога вядуць на зарэз, і ня ведаў, што супраць мяне яны задумалі думкі [ліхія]: “Зьнішчым дрэва з пладамі і сьсячэм яго з зямлі жывых. Няхай імя ягонае ня ўзгадваецца болей”.
Але, Госпадзе Саваофе, Судзьдзя справядлівы, выпрабавальнік сэрца і нутробы! дай пабачыць мне помсту Тваю над імі, бо Табе даверыў я справу маю.
Але ГОСПАД Магуцьцяў судзіць праведна і даследуе ныркі і сэрца. Няхай я ўбачу помсту Тваю над імі, бо Табе я выявіў справу маю.
Таму так кажа Гасподзь пра мужоў Анатота, якія шукаюць душы тваёй і кажуць: не прарочы ў імя Госпада, каб не памерці табе ад рук нашых;
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра людзей з Анатоту, якія шукаюць душу тваю, кажучы: “Не прароч у імя ГОСПАДА, і не памрэш ад рукі нашай”.
таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я наведаю іх: юнакі іхнія памруць ад меча; сыны іх і дочкі іх памруць з голаду.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, Я наведаю іх. Юнакі іхнія памруць ад мяча, а сыны іхнія і дочкі іхнія памруць з голаду.
І астатку ня будзе ад іх; бо Я навяду бедства на мужоў Анатота ў год наведваньня іх.
Ніхто з іх не застанецца, бо Я навяду ліха на людзей з Анатоту ў год наведваньня іхняга”.