Ераміі 2 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І было слова Гасподняе мне:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: так кажа Гасподзь; Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную.
«Ідзі і абвяшчай у вушы Ерусаліму, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Я памятаю міласьць маладосьці тваёй і любоў, калі ты была нарачонаю, калі ты хадзіла за Мною ў пустыні, у зямлі, якой ніхто не засявае.
Ізраіль быў сьвятыняю Госпада, пачаткам пладоў Ягоных: усе, што паядалі яго, асуджаліся, бедства спасьцігла іх, кажа Гасподзь.
Ізраіль — гэта сьвятасьць для ГОСПАДА, першы плод Ягоны. Усе, што ядуць яго, робяцца вінаватымі, няшчасьце прыходзіць на іх, кажа ГОСПАД.
Паслухайце слова Гасподняе, доме Якаўлеў і ўсе роды дому Ізраілевага!
Слухайце слова ГОСПАДА, дом Якуба і ўсе сем’і дому Ізраіля!
Так кажа Гасподзь: якую няпраўду знайшлі ўва Мне бацькі вашыя, што адышлі ад Мяне і пайшлі за марнасьцю, і змарнелі;
Гэта кажа ГОСПАД. Што благога знайшлі ў-ва Мне бацькі вашыя, што адыйшлі ад Мяне і пайшлі за марнотай, і самі сталіся марнасьцю.
і не сказалі: дзе Гасподзь, Які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, вёў нас па пустыні, па зямлі пустой і неабжытай, па зямлі сухой, па зямлі ценю сьмяротнага, па якой ніхто не хадзіў і дзе ня жыў чалавек?
І яны не казалі: “Дзе ГОСПАД, Які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, вёў нас праз пустыню, праз зямлю неабжытую і поўную ямаў, праз зямлю сухую і цёмную, праз зямлю, па якой ніхто ня ходзіць, і ніводзін чалавек там не жыве?”
І Я ўвёў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе; і вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю.
А Я ўвёў вас у зямлю ўрадлівую, каб вы елі плады ейныя і даброцьці ейныя. І вы ўвайшлі, і спаганілі зямлю Маю, і зрабілі агідай спадчыну Маю.
Сьвятары не казалі: дзе Гасподзь? і настаўнікі закона ня ведалі Мяне, і пастыры адпаліся ад Мяне, і прарокі прарочылі ў імя Валаала і хадзілі сьледам за тымі, якія не дапамагаюць.
Сьвятары не казалі: “Дзе ГОСПАД?” І тыя, што трымаюць Закон, ня ведалі Мяне; і пастухі паўсталі супраць Мяне, і прарокі прарочылі на карысьць Баала і пайшлі за тымі, якія не даюць дапамогі.
Таму Я яшчэ буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь, і з сынамі сыноў вашых буду судзіцца.
Дзеля таго буду далей спрачацца з вамі, кажа ГОСПАД, і сыноў сыноў вашых буду вінаваціць.
Бо ідзеце на выспы Хітымскія і паглядзеце, і пашлеце ў Кедар і разьведайце старанна і разгледзьце, ці было там што падобнае да гэтага?
Пайдзіце на астравы Кіттым і паглядзіце, пашліце ў Кедар і прасачыце добра, ці сталася там нешта падобнае?
ці памяняў які-небудзь народ багоў сваіх, хоць яны і не багі? а Мой народ памяняў славу сваю на тое, што не дапамагае.
Ці [нейкі] народ зьмяніў багоў? А яны зусім ня Бог! А народ Мой зьмяніў славу сваю на тое, што ня можа дапамагчы!
Падзівуйцеся з гэтага, нябёсы, і здрыганецеся і жахнецеся, кажа Гасподзь.
Аслупянейце, нябёсы, дзеля гэтага, і дрыжыце, і палохайцеся, кажа ГОСПАД.
Бо два ліхі ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разьбітыя, якія ня могуць трымаць вады
Бо падвойнае ліха ўчыніў народ Мой: пакінулі Мяне, крыніцу вады жывой, каб выкапаць для сябе сажалкі, сажалкі дзіравыя, якія ня могуць трымаць вады.
Хіба Ізраіль раб? альбо ён дамачадзец? чаму ён зрабіўся здабычаю?
Ці ж Ізраіль — слуга? Ці ён — [нявольнік], які народжаны ў доме? Чаму ж ён стаўся здабычай?
Зарыкалі на яго маладыя ільвы, падалі голас свой і зрабілі зямлю яго пустэльняю; гарады яго спалены, без жыхароў.
Над ім рыкаюць ільвы, выяўляючы голас свой; яны перамянілі зямлю ягоную ў пустэчу, і гарады ягоныя спаленыя, няма каму жыць у іх.
І сыны Мэмфіса і Тафны аб’елі цемя тваё.
Таксама сыны Нофу і Тахпанхэсу абгалілі табе галаву.
Ці ня ўчыніў ты сабе гэтага тым, што занядбаў Госпада Бога твайго ў той час, калі Ён вёў цябе па дарозе?
Ці ж не зрабілася з табою гэта з-за таго, што ты пакінуў ГОСПАДА, Бога твайго, калі Ён вёў цябе дарогаю?
І сёньня навошта табе дарога ў Егіпет, каб піць ваду зь Ніла? і навошта табе дарога ў Асірыю, каб піць ваду з ракі яе?
І цяпер, навошта табе шлях у Эгіпет, каб піць ваду з Нілу? І навошта табе шлях у Асірыю, каб піць ваду з ракі?
Пакарае цябе бязбожнасьць твая, і адступніцтва тваё выкрые цябе: дык вось, спазнай і разваж, як блага і горка тое, што ты занядбаў Госпада Бога твайго, і страху Майго няма ў табе, кажа Гасподзь Бог Саваоф.
Карае цябе ліхота твая, і адступніцтва тваё асуджае цябе. Дык ведай і пабач, што ліхім і горкім ёсьць тое, што ты пакінуў ГОСПАДА, Бога твайго, і ня маеш страху Майго ў табе, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў.
Бо даўно я паламаў ярмо тваё, парваў путы твае, і ты казаў: «ня буду служыць ідалам», а тым часам на кожным высокім пагорку і пад кожным галінастым дрэвам ты блудадзейнічаў.
Бо здаўна ты зламала ярмо тваё, парвала путы твае і сказала: “Ня буду служыць!” На кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным ты лажылася як распусьніца.
Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, — найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы?
А Я пасадзіў цябе як выборную лазу вінаградную, лазу з насеньня праўдзівага. І як жа ты ператварылася ў Мяне на дзічку вінаграду звыраднелага?
Таму хоць бы ты ўмыўся мылам і шмат ужыў на сябе шчолаку, — бязбожнасьць твая пазначана перад Мною, кажа Гасподзь Бог.
Нават калі ты будзеш мыцца содаю і будзеш ужываць шмат мыла, пляма беззаконьня твайго [застанецца] перад абліччам Маім, кажа Госпад ГОСПАД.
Як можаш ты сказаць: «я не апаганіў сябе, я не хадзіў па сьледзе Ваала? паглядзі на паводзіны свае ў даліне, уведай, што рабіла ты, увішная вярблюдзіца, якая ганяецца па шляхах тваіх?
Як ты можаш казаць: “Я не апаганеная, я за Бааламі не хадзіла”? Паглядзі на шляхі твае ў даліне, даведайся, што ты зрабіла, маладая, хуткая вярблюдзіца, якая кідаецца ў-ва ўсе бакі.
Дзікую асьліцу, якая прывыкла да пустыні, якая ў запале душы сваёй глытае паветра, хто можа стрымаць? Усе, хто шукае яе, ня стомяцца; у яе месяцы яны знойдуць яе.
[Ты — як] дзікая асьліца, якая прывыкла да пустыні, якая ў пажаданьні душы сваёй уцягвае паветра, і жарсьць ейную хто стрымае? Усе, хто шукаюць яе, ня мусяць намагацца, яны знойдуць яе ў месяцы ейныя.
Не давай нагам тваім атоптваць абутак, і гартані тваёй — таміцца ад смагі. Але ты сказаў: не спадзявайся, не! бо люблю чужых і буду хадзіць па сьледзе іхнім.
Стрымай нагу тваю ад голасьці, і горла тваё ад прагненьня. А ты кажаш: “Надарма, ніколі! Бо я люблю чужынцаў і пайду за імі!”
Як злодзей, калі зловяць яго, бывае пасаромлены, — так пасароміў сябе дом Ізраілеў: яны, цары іхнія, князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,
Як асаромлены злодзей, калі зловяць яго, так асаромлены дом Ізраіля, яны і валадары іхнія, і князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,
кажучы дрэву: «ты мой бацька», і каменю: «ты нарадзіў мяне»; бо яны абярнуліся да мяне сьпінаю, а ня тварам; а ў час бедства свайго будуць казаць: «устань і выратуй нас!»
якія кажуць дрэву: “Ты — бацька мой”, і камяню: “Ты мяне нарадзіў”. Бо яны павярнуліся да Мяне плячыма, а не абліччам, але ў часе гора свайго клічуць: “Устань і ратуй нас!”
Дзе ж багі твае, якіх ты зрабіў сабе? — хай яны ўстануць, калі могуць выратаваць цябе ў час бедства твайго; бо колькі ў цябе гарадоў, столькі і багоў у цябе, Юда.
Дзе богі твае, якіх ты для сябе зрабіў? Няхай яны ўстануць, каб ратаваць цябе ў час гора твайго. Бо які лік гарадоў тваіх, столькі багоў тваіх, Юда!
Навошта вам спаборнічаць са Мною? — усе вы зграшылі супроць Мяне, кажа Гасподзь.
Навошта вы спрачаецеся са Мною? Усе вы адступіліся ад Мяне, кажа ГОСПАД.
Марна пабіваў Я дзяцей вашых: яны не прынялі настаўленьня на розум; прарокаў вашых пажыраў меч ваш, як зьнішчальны леў.
Надарма Я караў сыноў вашых, настаўленьня вы не прынялі. Прарокаў вашых пазьядаў меч ваш нібы леў нішчыцель.
О, родзе! уважце вы слову Гасподняму; ці быў Я пустэльняю дому Ізраілеваму? ці быў Я краінаю змроку? Навошта ж народ Мой кажа: мы самыя сабе гаспадары; мы ўжо ня прыйдзем да Цябе?
Што вы за пакаленьне? Даведайцеся слова ГОСПАДА. Ці ж Я быў пустыняй для Ізраіля або зямлёй цемры? Дзеля чаго кажа народ Мой: “Мы вызваліліся! Ня прыйдзем больш да Цябе!”
Ці ж забывае дзяўчына акрасы свае і нявеста — убор свой? а народ Мой забыў Мяне, — няма ліку дням.
Ці ж дзяўчына забудзецца пра аздобы свае, а нарачоная — пра стужкі свае? А народ Мой забыўся пра Мяне ўжо безьліч дзён.
Як умела кіруеш ты дарогі твае, каб здабываць любоў! і дзеля гэтага нават са злачынствамі стасавала ты дарогі твае.
Якая спраўная ты на шляху сваім, каб шукаць каханьня! Таму ты прывучыла шляхі свае да ліхоты!
Нават на полках вопраткі тваёй ёсьць кроў людзей бедных, невінаватых, якіх ты не засьпела пры ўзломе: і нягледзячы на ўсё гэта,
На краях шатаў тваіх — кроў душаў нявінных і ўбогіх, якіх ты не злавіла на зладзействе. Але ты не глядзіш на гэта.
кажаш: як бо я невінаватая, дык, мусіць, гнеў Яго адхінецца ад мяне. — Вось, Я буду судзіцца з табою за тое, што кажаш: «я не зграшыла».
Ты кажаш: “Я невінаватая, гнеў Ягоны хіба адвярнуўся ад мяне”. Вось, Я буду судзіць цябе, бо ты сказала: “Я не саграшыла”.
Навошта ты так многа бадзяешся, мяняючы дарогу тваю? Ты гэтак сама будзеш пасаромленая і Егіптам, як была пасаромлена Асірыяй;
Як лёгка ты мяняеш шляхі твае! Таксама Эгіпет асароміць цябе, як асароміла цябе Асірыя.
і ад яго ты выйдзеш, паклаўшы рукі на галаву, бо адхіліў Гасподзь надзеі твае, і ня мецьмеш зь імі посьпеху.
Таксама ад яго зыйдзеш ты, і рукі твае [будуць] на галаве тваёй, бо ГОСПАД адкінуў тых, на якіх ты спадзявалася, і ты ня будзеш мець посьпеху з імі”».