Ераміі 18 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Слова, якое было Ерамію ад Госпада:
Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
Устань і сыдзі ў дом ганчара, і там Я абвяшчу табе Маё слова.
«Устань і зыйдзі ў дом ганчара, і там пачуеш слова Маё».
І сышоў я ў дом ганчара, і вось ён рабіў сваю працу на крузе.
І я зыйшоў у дом ганчара, і вось, ён акурат працаваў пры кружале.
І посуд, які ганчар рабіў з гліны, разваліўся ў руцэ ягонай; і ён зноў зрабіў яго, другі посуд, які ганчар надумаўся зрабіць.
І папсулася пасудзіна, якую ён рабіў з гліны, у руцэ ганчара, і ён зноў зьвярнуўся [да яе], і зрабіў з яе іншую пасудзіну, якая даспадобы была ў вачах ганчара, каб ён зрабіў яе.
І было слова Гасподняе мне:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
Ці не магу Я ўчыніць з вамі, доме Ізраілеў, як гэты ганчар? кажа Гасподзь. Вось, што гліна — у руках у ганчара, тое самае — вы ў Маёй руцэ, доме Ізраілеў.
«Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраіля, як гэты ганчар? — кажа ГОСПАД. Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраіля, у руцэ Маёй.
Часам Я скажу пра які-небудзь народ і царства, што выкарчую, зламаю і загублю яго;
Часам Я прамоўлю адносна народу і валадарства, што Я выкарчую і павалю, і зьнішчу яго.
але калі народ гэты, пра які Я гэта мовіў, адвернецца ад сваіх благіх дзеяў, Я адмяню ліха, якое надумаў зрабіць яму.
Але калі народ гэты, супраць якога Я прамаўляў, адвернецца ад ліхоты сваёй, Я пашкадую [ўчыніць] зло, якое Я задумаў учыніць для яго.
А часам скажу пра які-небудзь народ і царства, што ўладжу і ўмацую яго;
Іншым разам Я прамоўлю адносна народу і валадарства, што збудую і ўгрунтую [яго].
але калі ён будзе рабіць благое перад вачыма Маімі і ня слухацца голасу Майго, Я адмяню тое добрае, якім хацеў удабрачыніць яму.
Але калі ён будзе рабіць ліхоту ў вачах Маіх, ня слухаючы голас Мой, Я пашкадую [ўчыніць] дабро, якое казаў, што зраблю для яго.
Дык вось скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліма: так кажа Гасподзь: вось, Я рыхтую вам ліха і намышляю супроць вас; дык вось, адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і папраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя.
І цяпер кажы, прашу, мужам Юды і жыхарам Ерусаліму, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я рыхтую супраць вас зло і задумаў супраць вас намер. Навярніцеся, прашу, кожны ад шляху свайго ліхога і зрабіце добрымі шляхі вашыя і ўчынкі вашыя”.
Але яны кажуць: «не спадзявайся, мы будзем жыць згодна са сваім намыслам і будзем рабіць кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго».
А яны сказалі: “Надарма! Бо мы будзем хадзіць паводле думак нашых, кожны будзе рабіць паводле закамянеласьці ліхога сэрца свайго”.
Таму так кажа Гасподзь: спытайцеся сярод народаў, ці чуў хто падобнае на гэта? вельмі гнюсотныя дзеі ўчыніла дзева Ізраілева.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Спытайцеся, прашу, у народаў, ці хто чуў пра такое? Агідную [рэч] учыніла дзяўчына Ізраіля.
Ці пакідае сьнег Ліванскі скалу гары? ці канчаюцца халодныя воды, якія цякуць зь іншых мясьцінаў?
Ці зыходзіць сьнег Лібану са скалы ў полі? Ці высыхаюць воды чужыя, халодныя і плыткія?
А народ Мой пакінуў Мяне; яны кадзяць марным, спатыкнуліся на дарогах сваіх, пакінулі шляхі старадаўнія, каб хадзіць па сьцежках шляху непракладзенага,
Бо народ Мой забыўся пра Мяне, для марноты яны паляць кадзіла! І будуць яны спатыкацца на шляхах сваіх, на сьцежках старадаўніх, будуць хадзіць па сьцежках, па дарозе няходжанай.
каб зрабіць зямлю сваю жахам, заўсёдным пасьмешышчам, так што кожны, хто праходзіцьме па ёй, зьдзівіцца і паківае галавою сваёю.
І пераменіцца зямля іхняя ў пустэчу, [будзе] пасьмешышчам на вякі. Кожны, хто будзе праходзіць, аслупянее і будзе ківаць галавою сваёй.
Як усходнім ветрам разьвею іх перад абліччам ворага; сьпінаю, а ня тварам павярнуся да іх у дзень бедства іхняга.
Як вецер усходні, Я раскідаю іх перад абліччам ворага. Патыліцу, а не аблічча Я пакажу ім у дзень зьнішчэньня іхняга”».
А яны сказалі: «прыйдзеце, складзем змову супроць Ераміі; бо ня зьнік жа закон у сьвятара, і рада ў мудрага, і слова ў прарока; прыйдзеце, паб’ем яго языком і ня будзем уважаць словам ягоным».
І яны сказалі: «Хадземце і змовімся супраць Ярэміі, бо ня зьнік Закон у сьвятара, і рада ў мудраца, і слова ў прарока. Хадземце, ударым яго языком, і не зьвяртайма ўвагі на ўсе словы ягоныя».
Уважы мне, Госпадзе, і пачуй голас маіх супраціўцаў.
Паслухай мяне, ГОСПАДЗЕ, і пачуй голас супраціўнікаў маіх.
Ці трэба плаціць злом за дабро? а яны капаюць яму для душы маёй. Уважы, што я стаю перад абліччам Тваім, каб гаварыць за іх добрае, каб адвярнуць ад іх гнеў Твой.
Ці ж за дабро аднагароджваюць ліхам? Бо яны выкапалі яму для душы маёй! Узгадай, як я стаяў перад абліччам Тваім, каб прамаўляць пра іх добрае і каб адвярнуць гнеў Твой ад іх.
Дык вось аддай сыноў іхніх голаду і ўвядзі іх пад меч; хай будуць іх жонкі бязьдзетныя і ўдовы, і мужоў іхніх няхай сьмерць прыбярэ, а юнакі іхнія — хай будуць усьмерчаны мечам на вайне.
Дзеля гэтага аддай сыноў іхніх на голад і вылі [кроў] іхнюю ад вострыва мяча! Няхай жонкі іхнія стануць бязьдзетнымі ўдовамі, а мужы іхнія няхай будуць сьмерцю забітыя, юнакі іхнія няхай будуць пазасяканыя мячом на вайне.
Хай будзе чуцен енк іхні з дамоў іхніх, калі прывядзеш на іх войска зьнянацку; бо яны капаюць яму, каб злавіць мяне, і таемна паставілі сеткі на ногі мае.
Няхай чуецца крык у дамах іхніх, бо Ты навядзеш на іх раптоўна арду злачынцаў, бо яны выкапалі яму, каб схапіць мяне, і пад ногі мае пасткі паставілі.
Але Ты, Госпадзе, ведаеш усе намыслы іх супроць мяне, каб усьмерціць мяне; не даруй іхняй няпраўды і грэху іхняга не загладзь перад абліччам Тваім; хай будуць яны звалены перад Табою; учыні зь імі ў час гневу Твайго.
А Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усе намеры іхнія, каб забіць мяне. Не даруй ім беззаконьня іхняга і грэху іхняга не прымай ад аблічча Твайго. Няхай яны спатыкнуцца перад абліччам Тваім.