Ераміі 15 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў мне Гасподзь: хоць бы сталі перад абліччам Маім Майсей і Самуіл, душа Мая ня прыхіліцца да народа гэтага: адгані іх ад аблічча Майго — хай адыдуць яны.
 
І сказаў ГОСПАД мне: «Калі б [нават] Майсей і Самуэль сталі перад абліччам Маім, душа Мая ня [зьвернецца] да народу гэтага! Выгані [іх] ад аблічча Майго, няхай яны адыйдуць!

А калі скажуць табе: «куды нам ісьці?», дык скажы ім: так кажа Гасподзь: хто асуджаны на сьмерць, ідзі на сьмерць; і хто пад меч — пад меч, і хто на голад, — на голад; і хто ў палон, — у палон.
 
І будзе, яны скажуць табе: “Куды мы пойдзем?” І ты адкажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Хто на сьмерць, той [пойдзе] на сьмерць, хто пад меч, той пад меч, хто на голад, той на голад, хто ў палон, той у палон.

І пашлю на іх чатыры роды кары, кажа Гасподзь: меч, каб забіваць, і сабак, каб рваць, і птушак нябесных і зьвяроў польных, каб жэрці і зьнішчаць;
 
І Я наведаю вас чатырма спосабамі, кажа ГОСПАД, мячом, каб забіваў, сабакамі, каб валачылі, птушкамі нябеснымі і зьвярамі зямнымі, каб жэрлі і нішчылі.

і аддам іх на азлобу ўсім царствам зямлі за Манасію, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за тое, што ён зрабіў у Ерусаліме.
 
І Я аддам іх на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі з-за Манасы, сына Эзэкіі, валадара Юды, за тое, што ён учыніў у Ерусаліме”.

Бо хто пашкадуе цябе, Ерусаліме? і хто паспагадае табе? і хто зойдзе да цябе папытацца пра тваю дабрабытнасьць?
 
Бо хто мае літасьць над табою, Ерусаліме? Хто будзе спачуваць табе? Хто зьверне [з дарогі], каб запытацца пра супакой у цябе?

І ты пакінуў Мяне, кажа Гасподзь, адступіўся: таму я падыму на цябе руку Маю і загублю цябе: Я стаміўся літаваць.
 
Ты адкінуў Мяне, кажа ГОСПАД, павярнуўся плячыма. І Я выцягнуў руку Маю над табою і зьнішчыў цябе. Я стаміўся шкадаваць [цябе]!

Я разьвяваю іх веялам за браму зямлі: пазбаўляю іх дзяцей, гублю народ Мой; але яны не вяртаюцца са шляхоў сваіх.
 
І Я разьвеяў іх веялкай у брамах зямлі, пазбавіў нашчадкаў, выгубіў народ Мой, але яны не зьвярнулі са шляхоў сваіх.

Удоваў іхніх у Мяне болей, чым пяску ў моры; навяду на іх, на маці юнакоў, паўдзённага спусташальніка: нападзе на іх зьнянацку страх і жудасьць.
 
Удоваў іхніх стала ў Мяне больш, чым пяску марскога. Я прывёў на іх, на маці юнакоў, апоўдні нішчыцеля, паслаў на іх раптоўна трывогу і жах.

Ляжыць зьнямоглая тая, што нарадзіла сямёра, дух свой выпускае; яшчэ ўдзень закацілася сонца яе: яна паганьбавана і пасаромлена. І рэшту іх аддам мечу на вачах ворагаў іхніх, кажа Гасподзь.
 
Самлела тая, якая сямёх нарадзіла, аддала душу сваю, зайшло сонца ейнае, калі яшчэ дзень [быў], засаромілася і зьбянтэжылася. А рэшту іхнюю Я аддам пад меч перад абліччам ворагаў іхніх, кажа ГОСПАД».

«Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам, які спрачаецца і сварыцца з усёю зямлёю! нікому не даваў я на ліхву, і мне ніхто не даваў на ліхву, а ўсе клянуць мяне».
 
Гора мне, маці мая, што ты мяне нарадзіла, чалавека, які спрачаецца, і чалавека нязгоды для ўсёй зямлі! Не пазычаю і не даю пазыкі, але ўсе мяне праклінаюць.

Гасподзь сказаў: канец твой будзе добры, і Я прымушу ворага абыходзіцца з табою добра ў часіны нягодаў і ў часіны смутку.
 
Сказаў ГОСПАД: «Я, вызваляючы, вызвалю цябе для дабра [твайго]. Я буду заступацца за цябе ў час бяды і ў час уціску ад ворагаў.

Ці можа жалеза зламаць жалеза паўночнае і медзь?
 
Ці крышыцца жалезам жалеза з поўначы і медзь?

Маёмасьць тваю і скарбы аддам на рабунак, бяз платы, за ўсе грахі твае, ва ўсіх межах тваіх;
 
Багацьце тваё і скарбы твае Я аддам на рабунак бяз платы за ўсе грахі твае ў-ва ўсіх межах тваіх.

і адпраўлю з ворагамі тваімі ў зямлю, якое ты ня ведаеш; бо агонь загарэўся ў гневе Маім, — будзе шугаць на вас.
 
І Я аддам цябе служыць ворагам тваім у зямлю, якой ня ведаеш, бо агонь загарэўся ў гневе Маім і будзе гарэць над вамі».

О, Госпадзе! Ты ведаеш усё; успомні пра мяне і наведай мяне, і адпомсьці за мяне ганіцелям маім; не загубі мяне пасьля доўгага трываньня Твайго; Ты ведаеш, што дзеля Цябе я цярплю паганьбеньне.
 
Ты ведаеш [усё], ГОСПАДЗЕ, узгадай пра мяне і заступіся за мяне, і адпомсьці за мяне тым, якія перасьледуюць мяне. У цярплівасьці гневу Твайго не забірай мяне, ведай, што дзеля Цябе цярплю я зьнявагу.

Здабыты словы Твае, і я зьеў іх; і было слова Тваё мне на радасьць і на злагаду сэрца майго; бо імя тваё названа на мне, Госпадзе Божа Саваоф.
 
Я знайшоў слова Тваё і праглынуў яго, і сталася слова Тваё для мяне пацяшэньнем і радасьцю сэрца майго, бо заклікалася імя Тваё нада мною, ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў.

Не сядзеў я на зборні блазнаў і не весяліўся: пад цяжкаю рукою Тваёю на мне я сядзеў самотна, бо Ты напоўніў мяне абурэньнем.
 
Не сядзеў я сярод насьмешнікаў і не весяліўся, а сядзеў я самотна перад абліччам рукі Тваёй, бо Ты гневам напоўніў мяне.

За што такая напорыстая хвароба мая, і рана мая такая незагойная, што адхіляе лекаваньне? Няўжо ты будзеш мне як бы падманліваю крыніцаю, нявернаю вадою?
 
Чаму боль мой безупынны, а рана мая невылечная, ня хоча загаіцца? Няўжо Ты станешся для мяне як воды падманлівыя, [крыніца] няпэўная?

На гэта так сказаў мне Гасподзь: калі ты навернешся, дык Я адраджу цябе, і будзеш стаяць перад абліччам Маім; і калі выдабудзеш каштоўнае зь нікчэмнага, дык будзеш як вусны Мае. Яны самі будуць зьвяртацца да цябе, а ты ня будзеш зьвяртацца да іх.
 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: «Калі ты навернешся, Я вярну цябе, і ты станеш перад абліччам Маім. І калі ты здабудзеш каштоўнае з нікчэмнага, ты будзеш як вусны Мае. Яны самі зьвернуцца да цябе, а ты ня будзеш зьвяртацца да іх.

І зраблю цябе гэтаму народу моцнаю меднаю сьцяною; яны будуць ваяваць супроць цябе, але не адолеюць цябе, бо Я з табою, каб ратаваць і вызваляць цябе, кажа Гасподзь.
 
І Я зраблю цябе для народу гэтага моцным мурам мядзяным, і яны будуць ваяваць супраць цябе, і не перамогуць цябе, бо Я з табою, каб збаўляць і ратаваць цябе, кажа ГОСПАД.

І ўратую цябе ад рукі ліхіх і вызвалю цябе ад рукі прыгнятальнікаў.
 
І Я выратую цябе з рук ліхотнікаў, і вызвалю цябе з рук гвалтаўнікоў».