Ераміі 10 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Слухайце слова, якое Гасподзь кажа вам, доме Ізраілеў.
Слухайце слова, якое прамовіў ГОСПАД да вас, дом Ізраіля!
Так кажа Гасподзь: ня вучэцеся шляхам язычнікаў і ня бойцеся азнакаў нябесных, якіх язычнікі баяцца.
Гэта кажа ГОСПАД. Не вучыцеся шляху народаў гэтых і ня бойцеся знакаў нябесных, бо іх баяцца народы гэтыя.
Бо статуты народаў — пустата: сьсякаюць дрэва ў лесе, абрабляюць яго рукамі цесьлі зь сякерай,
Бо боствы народаў — марнасьць, бо гэта дрэва, высечанае ў лесе, зробленае долатам у руках разьбяра.
пакрываюць срэбрам і золатам, прымацоўваюць цьвікамі і молатам, каб ня хісталася.
Аздабляюць іх срэбрам і золатам, прымацоўваюць іх малатком і цьвікамі, і яны не хістаюцца.
Яны — як абчасаны слуп, і ня кажуць: іх носяць, бо хадзіць ня могуць. Ня бойцеся іх, бо яны ня могуць прычыніць ліха, але і добра рабіць ня маюць сілы.
Яны — як пудзіла на гародзе, яны не гавораць і, носячы, носяць іх, бо ня ходзяць яны. Ня бойцеся іх, бо ня могуць яны рабіць ані ліхое, ані добрае.
Няма падобнага да Цябе, Госпадзе! Ты вялікі, і імя Тваё вялікае магутнасьцю.
Няма такога, як Ты, ГОСПАДЗЕ! Ты вялікі, і вялікае імя магутнасьці Тваёй!
Хто не збаіцца Цябе, Цару народаў? бо Табе аднаму належыць гэта; бо паміж усімі мудрацамі народаў і ва ўсіх царствах іх няма падобнага да Цябе.
Хто ня будзе баяцца Цябе, Валадару народаў? Бо Табе належыць [гэта], бо паміж усіх мудрацоў народаў і паміж усіх валадарстваў іхніх няма такога як Ты!
Усе да аднаго яны бязглуздыя і дурныя; пустое вучэньне — гэта дрэва.
Усе яны дурныя і неразумныя, і пустое вучэньне іхняе, гэта [толькі] дрэва.
Расплюшчанае ў лісты срэбра прывезена з Тарсіса, золата — з Уфаза: твор мастака і рук гутніка; вопратка на іх — гіяцынт і пурпура: усё гэта — творы людзей умелых.
Срэбная бляха прывезена з Таршышу, і золата — з Уфазу, праца майстра і рук залатара. Адзеньне іхняе з пурпуру і блакіту, усё яно — праца спраўных [майстроў].
А Гасподзь Бог ёсьць ісьціна; Ён ёсьць Бог жывы і Цар вечны. Ад гневу Яго дрыжыць зямля, і народы ня могуць вытрымаць абурэньне Ягонае.
А ГОСПАД — Бог праўдзівы. Ён — Бог жывы і Валадар вечны. Ад гневу Ягонага дрыжыць зямля, і народы ня могуць устаяць перад гневам Ягоным.
Так кажэце ім: багі, якія не стварылі неба і зямлі, зьнікнуць зь зямлі і з-пад нябёсаў.
Вось так кажыце ім: “Богі, якія не стварылі неба і зямлю, зьнікнуць з зямлі і з-пад неба гэтага”.
Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцьвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім раскінуў нябёсы.
Ён зрабіў зямлю моцай Сваёй, умацаваў сьвет мудрасьцю Сваёй, і розумам Сваім расьцягнуў неба.
Па голасе Ягоным шумяць воды на нябёсах, і Ён падымае аблокі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
Калі голас Ягоны загучыць, шумяць воды ў небе. Ён узьнімае хмары ад краёў зямлі, Ён выклікае маланкі і дождж і выводзіць вецер з камораў Сваіх.
Вар’яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо выплаўленае ім ёсьць мана, і няма ў ім духу.
Кожны чалавек бяз веданьня — дурны, будзе асаромлены кожны залатар, [які робіць] ідала, бо тое, што зрабіў, падман, і няма духа ў іх.
Гэта — поўная пустата, справа аблудная; у час наведваньня іх яны зьнікнуць.
Яны — марнота, праца, вартая сьмеху, у час наведваньня іхняга яны загінуць.
Не такая, як у іх, доля Якава; бо Бог яго ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай; імя Яго — Гасподзь Саваоф.
Не такая, як яны, частка Якуба, бо Ён —Той, Які ўкшталтаваў усё, а Ізраіль — племя спадчыны Ягонай. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
Прымай зь зямлі маёмасьць тваю, ты, якая маеш сядзець у аблозе;
Пазьбірай з зямлі клункі твае, ты, што сядзіш у аблозе!
бо так кажа Гасподзь: вось, Я выкіну жыхароў гэтай зямлі гэтым разам і заганю іх у цеснае месца, каб схапілі іх.
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я гэтым разам выкіну далёка жыхароў зямлі гэтай, і прыцісну іх, каб яны знайшлі [Мяне]”.
Гора мне ў маім смутку; пакутная рана мая, але я кажу сам сабе: «сапраўды, гэта — мая скруха, і я буду несьці яе;
Гора мне дзеля няшчасьця майго, рана мая невылечная! А я казаў: “Гэта толькі хвароба мая, і я вытрымаю яе”.
намёт мой спустошаны і ўсе вяроўкі мае парваныя; дзеці мае пайшлі ад мяне, і няма іх: няма каму раскінуць намёта майго і разьвесіць кілімы мае;
Намёт мой зьнішчаны, усе вяроўкі мае пазрываныя, сыны мае адыйшлі ад мяне і няма іх, няма ўжо нікога, хто б расьцягнуў намёт мой і хто б павесіў заслоны мае.
бо пастыры зрабіліся бязглуздымі і ня шукалі Госпада, а таму яны і рабілі бязглузда, і ўвесь статак іхні расьсеяны».
Бо неразумныя [былі] пастыры і не зьвярталіся да ГОСПАДА, таму не пашанцавала ім, і ўвесь статак іхні расьсеяўся.
Ляціць чутка: вось ён ідзе, і вялікі шум ад краіны паўночнай, каб гарады Юдэі зрабіць пустыняю, селішчамі шакалаў.
Голас весткі: “Вось, лязгат вялікі ідзе з зямлі паўночнай, каб перамяніць гарады Юды ў пустку, у лежышча цмокаў”.
Ведаю, Госпадзе, што ня ў волі чалавека шлях ягоны, што не ва ўладзе хадыкі даваць кірунак ступакам сваім.
Ведаю, ГОСПАДЗЕ, што не чалавек [вызначае] шлях свой, і ня ў [моцы] чалавека кіраваць крокамі сваімі, калі ён ідзе.
Карай мяне, Госпадзе, але па праўдзе, ня ў гневе тваім, каб ня прынізіць мяне,
Карай мяне, ГОСПАДЗЕ, але паводле правасудзьдзя, ня ў гневе Тваім, каб Ты ня зьнішчыў мяне.
вылі лютасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія ня прызнаюць імя Твайго; бо яны зьелі Якава, зжэрлі яго і зьнішчылі яго і жытло ягонае спустошылі.
Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія імя Твайго ня клічуць, бо яны праглынулі Якуба і зжэрлі яго, і спустошылі сялібы ягоныя».