Ераміі 33 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было слова Гасподняе Ерамію другі раз, калі яго яшчэ трымалі ў двары варты:
 
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі другі раз, калі ён быў яшчэ ўвязьнены на панадворку вартоўні, кажучы:

так кажа Гасподзь, які стварыў зямлю, Гасподзь, Які ўладзіў і ўцьвердзіў яе, — Гасподзь імя Яму:
 
«Гэта кажа ГОСПАД, Які ўчыніў [зямлю], ГОСПАД, Які ўкшталтаваў і ўмацаваў яе, ГОСПАД — імя Ягонае.

пакліч Мяне — і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш.
 
Пакліч Мяне, і Я адкажу табе, і абвяшчу табе вялікае і недасяжнае, чаго ты ня ведаеш.

Бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра дамы горада гэтага і пра дамы цароў Юдэйскіх, якія разбураюцца дзеля завалаў і дзеля бітваў
 
Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра дамы гораду гэтага, пра дамы валадароў Юды, якія руйнуюцца на ўмацаваньні і ад мяча,

тымі, якія прыйшлі ваяваць з Халдэямі, каб напоўніць дамы трупамі людзей, якіх Я паб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і за ўсе беззаконьні якіх Я схаваў аблічча Маё ад горада гэтага.
 
якія ідуць на змаганьне з Халдэйцамі, і якія напоўняцца трупамі людзей, якіх Я заб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і Я схаваў аблічча Маё ад гораду гэтага за ўсе ліхоты ягоныя.

Вось, я прыкладу яму пластыр і гойныя сродкі і вылечу іх і адкрыю ім багацьце міру і ісьціны,
 
Вось, Я загаю ім рану, і вылячу, і аздараўлю іх, і выяўлю ім шчодрасьць супакою і праўды.

і вярну палон Юды і палон Ізраіля і ўладжу іх, як на пачатку,
 
І Я вярну палонных Юды і палонных Ізраіля, і адбудую іх як раней.

і ачышчу іх ад усёй бязбожнасьці іхняй, якой яны грашылі перад Мною, і дарую ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі перад Мною і адпаліся ад Мяне.
 
І Я ачышчу іх ад усіх беззаконьняў, якімі яны грашылі супраць Мяне, і прабачу ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі супраць Мяне, і праз якія яны адыйшлі ад Мяне.

І будзе Мне Ерусалім радасным імем, пахвалою і гонарам перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе даброты, якія Я зраблю яму, і зьдзівяцца і затрымцяць ад усіх дабрадзействаў і ўсяго дабрадзенства, якое Я дам яму.
 
І станецца [Ерусалім] у Мяне імем радасьці і хвалы, і славы для ўсіх народаў зямлі, якія пачуюць пра ўсе дабарадзействы, што Я зрабіў яму. І будуць яны баяцца, і будуць трымцець дзеля ўсяго дабра і дзеля ўсяго супакою, якія Я зрабіў для яго.

Так кажа Гасподзь: на гэтым месцы, пра якое вы кажаце: «яно пустое, бязь людзей і бяз быдла», — у гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, якія пустыя бязь людзей, без жыхароў, бяз быдла,
 
Гэта кажа ГОСПАД. На гэтым месцы, пра якое вы кажаце: “Гэта руіны, без людзей і без жывёлы”, у гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, спустошаных, без людзей, без жыхароў, без жывёлы, зноў будзе чутны

зноў будзе чуцен голас радасьці і голас весялосьці, голас маладога і голас маладое, голас тых, якія кажуць: «слаўце Госпада Саваофа, бо добры Гасподзь, бо навекі міласэрнасьць Яго», і голас тых, якія прыносяць ахвяру падзякаваньня ў доме Гасподнім; бо я вярну палонных гэтай зямлі ў ранейшы стан, кажа Гасподзь.
 
голас вясёласьці і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты, голас тых, якія кажуць: “Хваліце ГОСПАДА Магуцьцяў, бо добры ГОСПАД, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!”, і якія складаюць ахвяры падзякі ў Доме ГОСПАДА, бо Я вярну як [было] раней долю зямлі гэтай, кажа ГОСПАД.

Так кажа Гасподзь Саваоф: на гэтым месцы, якое пустое — бязь людзей, бяз быдла — і ва ўсіх гарадах яго зноў будуць жытлішчы пастухоў, якія будуць пасьвіць статкі.
 
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. На месцы гэтым зруйнаваным, без людзей і без жывёлы, і ў-ва ўсіх гарадах ягоных будзе зноў прыстанішча для пастухоў, якія прыгналі авечак на адпачынак.

У гарадах нагорных, у гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых, і ў зямлі Веньямінавай і ў навакольлях Ерусаліма і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць статкі пад рукою таго, хто іх лічыць, кажа Гасподзь.
 
У гарадах горных, у гарадах лагчынных, у гарадах Нэгеву, у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць авечкі праз рукі таго, хто [іх] лічыць, кажа ГОСПАД.

Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі Я спраўджу тое добрае слова, якое сказаў пра дом Ізраілеў і пра дом Юдаў.
 
Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я споўню добрае слова, якое Я прамовіў дому Ізраіля і дому Юды.

У тыя дні і ў той час узгадую Давіду Галіну праведную, — і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.
 
У тыя дні і ў той час Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе Ён чыніць суд і праведнасьць на зямлі.

У тыя дні Юда будзе выратаваны і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы, і дадуць імя Яму: «Гасподзь — апраўданьне наша!»
 
У тыя дні Юда будзе збаўлены, і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы. І вось імя, якім будуць клікаць яго: “ГОСПАД — праведнасьць нашая”.

Бо так кажа Гасподзь: не зьвядзецца ў Давіда муж, які сядзіць на троне дома Ізраілевага,
 
Бо гэта кажа ГОСПАД. Не застанецца Давід бяз мужа, які сядзіць на пасадзе дому Ізраіля.

і ў сьвятароў-лявітаў ня будзе неставаць мужа перад абліччам Маім, які будзе ўзносіць цэласпаленьне і паліць прынашэньні і ўчыняць ахвяраваньні.
 
І сьвятары лявіты не застануцца бяз мужа перад абліччам Маім, які будзе складаць цэласпаленьні, паліць ахвяры хлебныя і прыносіць ахвяры ў-ва ўсе дні».

І было слова Гасподняе Ерамію:
 
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:

так кажа Гасподзь: калі можаце разбурыць запавет Мой пра дзень і запавет Мой пра ноч, каб дзень і ноч ня прыходзілі ў свой час,
 
«Гэта кажа ГОСПАД. Калі можаце парушыць запавет Мой [адносна] дня і запавет Мой [адносна] ночы, каб не было ані дня, ані ночы ў часе іхнім,

дык можа быць разбураны і запавет Мой з рабом Маім Давідам, так што ня будзе ў яго сына, каб цараваў на троне ягоным, і гэтак сама зь лявітамі — сьвятарамі, службітамі Маімі.
 
тады можа быць парушаны запавет Мой з Давідам, слугою Маім, каб ня меў ён сына, які будзе валадарыць на пасадзе ягоным, і з лявітамі сьвятарамі, слугамі Маімі.

Як нязьлічонае нябеснае войска і нявымерны пясок марскі, так памножу племя Давіда раба Майго, і лявітаў, якія служаць Мне.
 
Як незьлічоныя войскі нябесныя і як нязьмерны пясок марскі, так Я памножу насеньне Давіда, слугі Майго, і лявітаў, слугаў Маіх».

І было слова Гасподняе Ераміі:
 
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:

ці ня бачыш, што народ гэты кажа: «тыя два племені, якія выбраў Гасподзь, Ён адкінуў», і праз гэта яны пагарджаюць народам Маім, як бы ён ужо ня быў народам у вачах іхніх?
 
«Ці не заўважыў ты, што народ гэты кажа: “ГОСПАД адкінуў абедзьве сям’і, якія выбраў!” І яны пагарджаюць народам Маім, як быццам ён ужо не народ перад абліччам іхнім.

Так кажа Гасподзь: калі запавету Майго пра дзень і пра ноч і статутаў неба і зямлі Я не зацьвердзіў,
 
Гэта кажа ГОСПАД. Калі няма запавету Майго адносна дня і адносна ночы, калі Я не паставіў статуты для неба і зямлі,

дык і племя Якава і Давіда, раба Майго, адкіну, каб ня браць болей валадароў зь яго племя племю Абрагама, Ісака і Якава; бо вярну палон іхні і памілую іх.
 
тады Я адкіну насеньне Якуба і Давіда, слугі Майго, і не вазьму з насеньня ягонага тых, хто пануе над насеньнем Абрагама, Ісаака і Якуба, бо Я, перамяняючы, перамяню долю іхнюю і пашкадую іх».