Ераміі 12 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Справядлівы будзеш Ты, Госпадзе, калі я пачну судзіцца з Табою; і аднак жа буду гаварыць з Табою пра правасудзьдзе; чаму шлях бязбожных пасьпяховы, і ўсе вераломныя дабрашчасьцяцца?
Праведны Ты, ГОСПАДЗЕ, калі б я судзіўся з Табою. Аднак пра суд буду гаварыць з Табою. Чаму шлях бязбожных мае посьпех і жывуць у супакоі ўсе крывадушнікі здрадлівыя?
Ты пасадзіў іх, і яны ўкараніліся, вырасьлі і даюць плод. У іхніх вуснах Ты блізкі, але далёкі ад сэрца іх.
Ты пасадзіў іх, і яны запускаюць карані, узрастаюць і даюць плады; блізкі Ты да вуснаў іхніх і далёка ад нырак іхніх.
А мяне, Госпадзе, Ты ведаеш, бачыш мяне і выпрабоўваеш сэрца маё, якое яно к Табе. Аддзялі іх, як авечак на закол, і падрыхтуй іх на дзень забіваньня.
А Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш мяне, бачыш мяне, і дасьледуеш сэрца маё, [што яно] з Табою. Аддзялі іх, як авечкі на зарэз, і прызнач іх на дзень зьнішчэньня.
Ці доўга будзе жаліцца зямля, і трава на ўсіх палях — сохнуць? быдла і птушкі гінуць за бязбожнасьць жыхароў яе; бо яны кажуць: Ён ня ўбачыць, што з намі будзе.
Як доўга будзе ў жалобе зямля, і трава на ўсякім полі будзе сохнуць? З-за ліхоты жыхароў ейных пагінулі быдла і птушкі, бо яны казалі: “[Бог] ня бачыць канца [шляхоў] нашых”.
Калі ты зь пешымі бег, і яны стамілі цябе, як жа табе спаборнічаць з конямі? і калі ў краіне мірнай ты быў у бясьпецы, дык што будзеш рабіць у павадак Ярдана?
Калі ты бег з пешымі і змучыўся, як будзеш бегчы з коньнікамі? І калі ў краіне супакою ты пачуваеш сябе бясьпечна, што ты будзеш рабіць у гушчары Ярдану?
Бо і браты твае і дом бацькі твайго, і яны вераломна ўчыняюць з табою, і яны крычаць усьлед табе гучным голасам. Ня вер ім, калі яны кажуць табе і добрае.
Бо нават браты твае і дом бацькі твайго, нават яны будуць здраджваць табе і будуць крыкам крычаць за табой, а ты ня вер ім, калі будуць прамаўляць да цябе прыхільна.
Я пакінуў Мой дом; пакінуў надзел Мой; самае ласкавае душы Маёй аддаў у рукі ворагаў яго.
Я пакінуў дом Мой, пакінуў спадчыну Маю. Тое, што любіла душа Мая, Я аддаў у рукі ворагаў Маіх.
Доля Мая зрабілася Мне як леў у лесе; узвысіла на Мяне голас свой: за тое я ўзьненавідзеў яе.
Спадчына Мая сталася для Мяне, як леў у лесе; яна падняла супраць Мяне голас свой, таму Я зьненавідзеў яе.
Доля Мая зрабілася ў Мяне, як стракатая птушка, на якую з усіх бакоў напалі іншыя драпежныя птушкі. Ідзеце, зьбірайцеся ўсе польныя зьвяры: ідзеце жэрці яго.
Ці ж спадчына Мая [сталася] для Мяне птушкай стракатай, над якою кружляюць птушкі драпежныя? Прыходзьце, зьбярыцеся, усе зьвяры палявыя, сьпяшайцеся на жыраваньне.
Мноства пастухоў сапсавалі Мой вінаграднік, вытапталі нагамі дзялянку Маю; любімую дзялянку Маю зрабілі пустым стэпам,
Шматлікія пастухі разбурылі вінаграднік Мой, стапталі ўласнасьць Маю і зрабілі поле Маё ўлюблёнае пустыняй бязьлюднай.
зрабілі яе пустыняю, і ў запусьценьні яна плача перад Мною; уся зямля спустошана, бо ніводзін чалавек не бярэ гэтага да сэрца.
Ператварылі яе ў пустку, галосіць да Мяне пустэча; спустошана ўся зямля, бо няма нікога, хто б узяў [гэта] да сэрца.
На ўсе горы ў пустыні прыйшлі спусташальнікі; бо меч Госпада пажырае ўсё ад аднаго краю зямлі да другога: няма міру ніякай плоці.
На ўсе ўзгоркі пустыні прыйшлі рабаўнікі, бо меч ГОСПАДА ўсё зьядае ад краю зямлі да краю зямлі, і няма супакою ніводнаму целу.
Яны сеялі пшаніцу, а зжалі церне; вымучыліся, і не атрымалі ніякай карысьці; пасаромейцеся ж такіх прыбыткаў вашых з прычыны палымянага гневу Госпада.
Пасеялі пшаніцу, а сжалі церні, працавалі, але ня мелі карысьці. Вы асароміцеся дзеля пладоў сваіх з прычыны палючага гневу ГОСПАДА!
Так кажа Гасподзь пра ўсіх ліхіх маіх суседзяў, якія нападаюць на надзел, які Я даў у спадчыну народу Майму, Ізраілю: вось, Я вырву іх зь зямлі іхняй, і дом Юдаў вырву з асяродзьдзя іх.
Гэта кажа ГОСПАД супраць усіх ліхіх суседзяў Маіх, якія чэпяцца да спадчыны, якую Я прызначыў народу Майму, Ізраілю: “Вось, Я вырву іх з зямлі іхняй, і дом Юды вырву спасярод іх.
Але пасьля таго, як Я вырву іх, зноў вярну і памілую іх, і прывяду кожнага ў надзел ягоны, і кожнага — у зямлю яго.
І станецца, калі яны будуць вырваныя, Я вярнуся і зьлітуюся над імі, і вярну іх, кожнага чалавека ў спадчыну ягоную і ў зямлю ягоную.
І калі яны навучацца шляхоў народу Майго, каб прысягаць імем Маім «жывы Гасподзь», як яны навучылі народ Мой прысягаць Ваалам, — дык уцьвердзяцца сярод народу Майго.
І станецца, калі яны, навучыўшыся, навучацца шляхам народу Майго, каб прысягаць у імя Маё: “Як жывы ГОСПАД!”, як яны навучылі народ Мой прысягаць Баалам, тады яны будуць будавацца сярод народу Майго.
Калі ж не паслухаюцца, дык Я выкарчую і зусім ўзьнішчу такі народ, кажа Гасподзь.
А калі не паслухаюць, тады Я вырву народ гэты, вырываючы і нішчачы, кажа ГОСПАД”».