Ераміі 31 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У той час, кажа Гасподзь, Я буду Богам усім плямёнам Ізраілевым, а яны будуць Маім народам.
 
У гэты час, кажа ГОСПАД, Я буду Богам для ўсіх родаў Ізраіля, а яны будуць Маім народам”.

Так кажа Гасподзь: народ, які ацалеў ад меча, знайшоў мілажаль у пустыні, іду супакоіць Ізраіля.
 
Гэта кажа ГОСПАД. Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад мяча. Ізраіль пойдзе да месца супачынку свайго.

Здалёк явіўся мне Гасподзь і сказаў: любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, і таму даў табе Маё ўпадабаньне.
 
Здалёк зьявіўся мне ГОСПАД [і сказаў]: “Любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, дзеля гэтага Я выяўлю міласэрнасьць табе.

Я зноў уладжу цябе, і ты будзеш уладжана, дзева Ізраілевая, зноў будзеш упрыгожвацца тымпанамі тваімі і выходзіць у карагодзе тых, якія весяляцца;
 
Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзяўчына Ізраіля. Ты зноў аздобішся бубнамі тваімі і выйдзеш у карагодзе тых, якія радуюцца.

зноў насадзіш вінаграднікі на горах Самарыі; вінаграднікі, якія будуць гадаваць іх, самыя будуць карыстацца імі.
 
Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на гарах Самарыі, і будуць садзіць іх земляробы твае, і будуць спажываць [плады].

Бо будзе дзень, калі вартаўнікі на гары Яфрэмавай абвесьцяць: «уставайце, і пойдзем на Сіён да Госпада Бога нашага».
 
Бо надыйдзе дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыйдзем на Сыён да ГОСПАДА, Бога нашага”.

Бо так кажа Гасподзь: радасна сьпявайце пра Якава і ўсклікайце перад галавою народаў; узьвяшчайце, слаўце і кажэце: уратуй, Госпадзе народ Твой, рэшту Ізраіля!
 
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Усклікайце для Якуба з радасьцю, весяліцеся перад галавою народаў! Абвяшчайце, хваліце і кажыце: "Збаў, ГОСПАДЗЕ, народ Твой, рэшту Ізраіля!"

Вось, Я прывяду іх з краіны паўночнай і зьбяру іх з краёў зямлі; сьляпы і кульгавы, цяжарная і парадзіха разам зь імі, — вялікі гурт вернецца сюды.
 
Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і зьбяру іх з канцоў зямлі, між імі сьляпы і кульгавы, цяжарная і тая, што нараджае, разам, як царква вялікая, яны вяртаюцца сюды.

Яны пайшлі са сьлязьмі, а Я павяду іх з уцехаю; павяду іх бліз патокаў водаў, дарогаю роўнаю, на якой не спатыкнуцца; бо Я — бацька Ізраілю і Яфрэм — першынец Мой.
 
Яны выйшлі з плачам, Я прывяду іх з малітваю, Я павяду іх да струмянёў вады шляхам простым, ня будуць яны спатыкацца на ім, бо Я стаўся для Ізраіля бацькам, і Эфраім — першародны Мой.

Слухайце слова Гасподняе, народы, і ўзьвясьцеце выспам аддаленым і скажэце: «Хто расьсеяў Ізраіля, Той і зьбярэ яго, і будзе ахоўваць яго, як пастух статак свой»;
 
Паслухайце слова ГОСПАДА, народы, і абвясьціце на астравах далёкіх, і кажыце: “Той, Які расьцярушыў Ізраіля, зьбярэ яго, і будзе пільнаваць яго, як пастух статак свой”.

бо адкупіць Гасподзь Якава і пазбавіць яго ад рукі таго, хто быў дужэйшы за яго.
 
Бо адкупіў ГОСПАД Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго.

І прыйдуць яны — і будуць радавацца на вышынях Сіёна; і сьцякуцца да добрасьці Гасподняй, да пшаніцы і віна і алею, да ягнят і валоў; і душа іхняя будзе як напоены вадою сад, і яны ня будуць ужо болей таміцца.
 
І прыйдуць яны, і будуць весяліцца на вяршыні Сыёну, і прыгарнуцца да даброцьцяў ГОСПАДА, да збожжа, і віна, і алею, авечак і быдла; і станецца душа іхняя як сад напоены [вадой], і ня будуць больш жыць у нястачы.

Тады дзяўчына будзе весяліцца ў карагодзе, і хлопцы і старыя разам; і замяню маркоту іхнюю на радасьць і суцешу іх, і парадую іх пасьля смутку іхняга.
 
Тады будзе радавацца дзяўчына ў танцы, і юнакі, і старыя разам [з ёю]. І Я перамяню жалобу іхнюю ў радасьць, і суцешу іх, і ўзьвесялю іх ад смутку іхняга.

І накармлю душу сьвятароў тлушчам, і народ Мой насыціцца дабротамі Маімі, кажа Гасподзь.
 
І Я напоўню душу сьвятароў тлустасьцю, і народ Мой будзе насычаны даброцьцямі Маімі, кажа ГОСПАД”.

Так кажа Гасподзь: голас чуцен у Раме, лямант і горкае галашэньне: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца ў дзецях сваіх, бо іх няма.
 
Гэта кажа ГОСПАД: “Чуецца голас у Раме, галашэньне і горкі плач. Рахель плача над сынамі сваімі і ня хоча быць суцешанай дзеля сыноў сваіх, бо іх няма”.

Так кажа Гасподзь; утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз, бо ёсьць узнагарода за працу тваю, кажа Гасподзь, і вернуцца яны з зямлі варожым.
 
Гэта кажа ГОСПАД: “Стрымай голас твой ад плачу і вочы твае ад сьлёзаў, бо ёсьць нагарода за працу тваю, кажа ГОСПАД, і яны вернуцца з зямлі варожай.

І ёсьць надзея для будучыні тваёй, кажа Гасподзь, і вернуцца сыны твае ў межы свае.
 
І ёсьць надзея дзеля будучыні тваёй, кажа ГОСПАД, і вернуцца сыны твае ў межы свае”.

Чую Яфрэма, які плача: «Ты пакараў мяне, — і я пакараны, як цялё неўтаймоўнае; навярні мяне, — і навярнуся, бо Ты — Гасподзь Бог мой.
 
Чуючы, Я чуў Эфраіма, які скардзіцца: “Ты пакараў мяне, і я пакараны, як цяля ненавучанае. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — ГОСПАД, Бог мой!

Калі я быў навернуты, я каяўся, і калі быў настаўлены на розум, біў сябе па клубах; я быў пасаромлены, я быў зьбянтэжаны, бо нёс няславу маладосьці маёй».
 
Бо калі Ты навярнуў мяне, я каяўся, і калі я быў навучаны, я ўдарыў па сьцёгнах [сваіх], засаромеўся і зьбянтэжыўся, бо я нашу ганьбу маладосьці маёй”.

Ці не дарагі ў Мяне сын Яфрэм? ці ня любае дзіця? бо, як толькі загавару пра яго, заўсёды зь любоўю ўспамінаю пра яго; нутроба Мая абураецца за яго; умілажалюся зь яго, кажа Гасподзь.
 
Ці ты, Эфраім, не дарагі сын для Мяне і ці не дзіцё любае? Бо колькі разоў прамаўляю супраць яго, заўжды, памятаючы, памятаю яго. Таму хвалюецца ўнутранасьць Мая дзеля яго, і, літуючыся, зьлітуюся над ім, кажа ГОСПАД.

Пастаў сабе дарожныя знакі, пастаў сабе слупы, павярні сэрца тваё на дарогу — на шлях, па якім ты ішла; вяртайся, дзева Ізраілевая, вяртайся ў гэтыя гарады твае.
 
Пастаў сабе ўказальнікі, парастаўляй сабе знакі на дарогах, зьвярні сэрца тваё на бітую дарогу, на шлях, па якім ты ішла, і вярніся, дзяўчына Ізраіля, вярніся ў гарады твае!

Ці доўга табе бадзяцца, адпалая дачка? Бо Гасподзь стварыў на зямлі нешта новае: жонка выратуе мужа.
 
Дакуль будзеш бадзяцца, дачка бунтоўная? Бо ГОСПАД стварыў рэч новую на зямлі: жанчына збавіць мужа”.

Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: наперад, калі Я вярну палон іхні, будуць казаць на зямлі Юды і ў гарадах ягоных гэтае слова: «хай дабраславіць цябе Гасподзь, жытлішча праўды, гара сьвятая!»
 
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Усьцяж будуць паўтараць слова гэтае ў зямлі Юды і ў гарадах ейных, калі Я перамяню долю іхнюю: "Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД, жытло праведнасьці, гара сьвятая".

І паселіцца на ёй Юда і ўсе гарады ягоныя разам, земляробы і тыя, што ходзяць са статкамі.
 
І будзе жыць у ёй Юда, і ў-ва ўсіх гарадах ейных, разам земляробы і тыя, што ходзяць за статкам.

Бо Я напаю душу стомленую і накармлю душу скрушную.
 
Бо Я напаю душу спрагнёную, і кожную душу саслабелую насычу”».

Пры гэтым я прачнуўся і паглядзеў, і сон мой быў прыемны мне.
 
На гэтым я прачнуўся і разгледзеўся, і сон мой быў прыемны для мяне.

Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я засею дом Ізраілеў і дом Юдаў насеньнем чалавека і насеньнем быдла.
 
«Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я засею дом Ізраіля і дом Юды насеньнем людзей і насеньнем быдла.

І як Я назіраў за імі, выкараняючы і ламаючы, і разбураючы і губячы, і пашкоджваючы, так буду назіраць за імі, будуючы і насаджваючы, кажа Гасподзь.
 
І станецца, як Я чуваў на імі, каб вырываць і раскідаць, руйнаваць і нішчыць, і рабіць зло, так буду чуваць на імі, каб адбудаваць і засадзіць, кажа ГОСПАД.

У тыя дні ўжо ня будуць казаць: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах — аскома»,
 
У тыя дні ня будуць яны больш казаць: "Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здрантвелі",

а кожны будзе паміраць за сваё ўласнае беззаконьне; хто будзе есьці кіслы вінаград, у таго на зубах і аскома будзе.
 
бо кожны памрэ за беззаконьне сваё, і кожнаму, хто будзе есьці горкія ягады, здрантвеюць зубы ягоныя.

Вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
 
Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет.

не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў той дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; той запавет Мой яны парушылі, хоць я заставаўся ў еднасьці зь імі, кажа Гасподзь.
 
Не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў Гаспадаром іхнім, кажа ГОСПАД.

А той запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу закон Мой у іхнюю нутрыну і на сэрцах іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
 
Бо вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля дзён тых, кажа ГОСПАД. Я разьмяшчу Закон Мой у нутры іхнім, і ў сэрцы іхнім напішу яго, і буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам.

І ўжо ня будуць вучыць адзін аднаго, брат — брата і казаць: «спазнайце Госпада», бо ўсе самі будуць ведаць Мяне, ад малога да старога, кажа Гасподзь, бо Я дарую беззаконьні іхнія і грахоў іхніх ужо не спамяну болей.
 
І ня будзе вучыць больш чалавек бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнайце ГОСПАДА”, бо ўсе, ад найменшага з іх да найбольшага, будуць ведаць Мяне, кажа ГОСПАД, бо Я прабачу беззаконьні іхнія, і пра грахі іхнія ня буду больш узгадваць.

Так кажа Гасподзь, Які даў сонца на асьвятленьне ўдзень, пастановы месяцу і зоркам на асьвятленьне ўначы, Які хвалюе мора, што аж хвалі яго равуць; Гасподзь Саваоф — імя Яму.
 
Гэта кажа ГОСПАД, Які дае сонцу сьвяціць днём, парадак месяцу і зоркам сьвяціць ноччу, Які хвалюе мора, і шумяць хвалі ягоныя, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.

Калі гэтыя пастановы перастануць дзейнічаць перад Мною, кажа Гасподзь, дык і племя Ізраілевае перастане быць народам перад Мною назаўсёды.
 
Калі адыйдзе парадак гэты ад аблічча Майго, кажа ГОСПАД, тады насеньне Ізраіля перастане быць народам перад абліччам Маім на ўсе дні.

Так кажа Гасподзь: калі неба можа быць абмерана ўгары, а асновы зямлі — дасьледаваныя ўнізе, дык і Я адкіну ўсё племя Ізраілевае за ўсё тое, што яны рабілі, кажа Гасподзь.
 
Гэта кажа ГОСПАД. Калі магчыма зьмераць неба ўгары і дасьледаваць падваліны зямлі ўнізе, тады Я адкіну ўсё насеньне Ізраіля за ўсё тое, што яны зрабілі, кажа ГОСПАД.

Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі горад уладжаны будзе на славу Госпаду ад вежаў Анамэіла да брамаў вугольных,
 
Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і будзе адбудаваны горад ГОСПАДА ад вежы Хананээль аж да Кутняй Брамы.

і каморніцкая вяроўка пойдзе проста да пагорка Гарыва і абыдзе Гаат.
 
І будзе цягнуцца далей шнур меральны аж да ўзгорку Гарэб, і зьверне да Гааты.

І ўся даліна трупаў і попелу, і ўсё поле да патока Кедрона, да кута конскае брамы на ўсход, будзе сьвятыняю Госпада; не разбурыцца і не распадзецца векавечна.
 
І ўся даліна трупаў і попелу, усе палі аж да ручая Кедрон, да рагу Брамы Конскай на ўсход [будуць] сьвятыняй ГОСПАДА, і ня будуць яны больш зруйнаваныя і зьнішчаныя на вякі».