Ераміі 29 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І вось словы зь пісьма, якое прарок Ерамія паслаў зь Ерусаліма да рэшты старэйшынаў паміж перасяленцамі і да сьвятароў, і да прарокаў і да ўсяго народа, якіх Навухаданосар вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,
А гэта словы ліста, які Ярэмія прарок паслаў з Ерусаліму да рэшты старшыняў, якія на выгнаньні, і да сьвятароў, да прарокаў і да ўсяго народу, які Навухаданосар вывеў у няволю з Ерусаліму ў Бабілон,
пасьля таго, як выйшлі зь Ерусаліма цар Еханія і царыца і еўнухі, князі Юдэі і Ерусаліма, і цесьляры і кавалі,
пасьля выхаду з Ерусаліму валадара Ехоніі, маці валадара, эўнухаў і князёў Юды і Ерусаліму, кавалёў і рамесьнікаў з Ерусаліму.
праз Элеасу, сына Сафанавага, і Герамію, сына Хэлкіінага, якіх Сэдэкія, цар Юдэйскі, пасылаў у Вавілон да Наухаданосара, цара Вавілонскага:
[Ён паслаў яго] праз рукі Элеасы, сына Шафана, і Гемарыі, сына Хількіі, якіх паслаў Сэдэкія, валадар Юды, да Навухаданосара, валадара Бабілонскага, у Бабілон, кажучы:
так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, усім палонным, якіх Я перасяліў зь Ерусаліма ў Вавілон:
«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, да ўсіх выгнаных у няволю, якіх Я выгнаў з Ерусаліму ў Бабілон.
будуйце дамы і жывеце ў іх, і разводзьце сады і ежце плады зь іх;
Будуйце дамы і жывіце ў іх, садзіце сады і спажывайце плады іхнія.
бярэце жонак і раджайце сыноў і дачок; і сынам сваім бярэце жонак і дачок сваіх аддавайце ў замужства, каб яны нараджалі сыноў і дачок, і множцеся там, а не змаляйцеся;
Бярыце жонак і нараджайце сыноў і дачок, і бярыце жонак для сыноў вашых, і дачок вашых давайце мужам, каб яны нараджалі сыноў і дачок; і памнажайцеся там, і не зьмяншайцеся!
і клапацецеся пра дабрабыт горада, у які Я перасяліў вас, і малецеся за яго Госпаду; бо пры дабрабыце яго і вам будзе мір.
І клапаціцеся пра супакой для гораду, у які Я выгнаў вас, і маліцеся за яго да ГОСПАДА, бо ў супакоі ягоным будзе і для вас супакой.
Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: хай ня зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; і ня слухайце сноў вашых, якія вам сьняцца;
Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Няхай ня зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; не зьвяртайце ўвагі на сны вашыя, якія вы сьніцё.
фальшыва прарочаць яны вам імем Маім; Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь.
Бо яны прарочаць вам хлусьню ў імя Маё. Я не пасылаў іх, кажа ГОСПАД.
Бо так кажа Гасподзь: калі споўніцца вам у Вавілоне семдзесят гадоў, тады Я наведаю вас і спраўджу добрае слова Маё пра вас, каб вярнуць вас на месца гэтае.
Бо гэта кажа ГОСПАД. Калі споўніцца для Бабілону семдзясят гадоў, Я наведаю вас і зьдзейсьню для вас добрае слова Маё, каб вярнуць вас на месца гэтае.
Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Гасподзь, намеры на дабро, а не на ліха, каб даць вам будучыню і надзею.
Бо Я ведаю намеры, якія Я маю адносна вас, кажа ГОСПАД, намеры супакою, а ня гора, каб даць вам будучыню і надзею.
І ўсклікнеце Мне, і пойдзеце і памоліцеся Мне, і Я пачую вас;
Вы будзеце клікаць Мяне, і пойдзеце, і будзеце маліцца да Мяне, і Я выслухаю вас.
і пашукаеце Мяне і знойдзеце, калі пашукаеце Мяне ўсім сэрцам вашым.
І будзеце шукаць Мяне, і знойдзеце, калі будзеце шукаць Мяне ўсім сэрцам вашым.
І буду Я знойдзены вамі, кажа Гасподзь, і вярну вас з палону і зьбяру вас з усіх народаў і з усіх мясьцінаў, куды Я выгнаў вас, кажа Гасподзь, і вярну вас у тое месца, адкуль перасяліў вас.
І Я буду знойдзены вамі, кажа ГОСПАД, і Я адмяню няволю вашую і зьбяру вас спасярод усіх народаў і з усіх месцаў, у якія Я выгнаў вас, кажа ГОСПАД, і вярну вас у месца, з якога Я выгнаў вас.
Вы кажаце: «Гасподзь паставіў нам прарокаў і ў Вавілоне».
Бо вы кажаце: “Паставіў нам ГОСПАД прарокаў у Бабілоне!”
Так кажа Гасподзь пра цара, які сядзіць на троне Давідавым, і пра ўвесь народ, які жыве ў горадзе гэтым, пра братоў вашых, якія не адведзены з вамі ў палон,
Але гэта кажа ГОСПАД да валадара, які сядзіць на пасадзе Давіда, і да ўсяго народу, які жыве ў горадзе гэтым, да братоў вашых, якія ня выйшлі з вамі на выгнаньне:
так кажа пра іх Гасподзь Саваоф: вось, Я пашлю на іх меч, голад і паморак з пошасьцю, і зраблю іх такімі, як гнілыя смоквы, якіх нельга есьці за нягоднасьць іх;
“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Вось, Я пашлю на іх меч, голад і заразу, і зраблю з імі так, як з сапсутымі фігамі, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя.
і буду перасьледаваць іх мечам, голадам і паморкам з пошасьцю, і аддам іх на азлабеньне ўсім царствам зямлі, на праклён і жудасьць, на пасьмешышча і паганьбеньне паміж усімі народамі, куды Я выганю іх,
І Я буду перасьледаваць іх мячом, голадам і заразай, і аддам іх на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі, на праклён, на аслупяненьне, на насьмешку і на ганьбу сярод усіх народаў, да якіх Я выгнаў іх,
за тое, што яны ня слухалі словаў Маіх, кажа Гасподзь, зь якімі Я пасылаў да іх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, але яны ня слухаліся, кажа Гасподзь.
за тое, што яны ня слухалі словаў Маіх, кажа ГОСПАД, якія Я пасылаў да іх праз слугаў Маіх прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, а яны ня слухалі, кажа ГОСПАД”.
А вы, усе перасяленцы, якіх Я паслаў зь Ерусаліма, ў Вавілон, слухайце слова Гасподняе:
А вы, усе выгнанцы, якіх Я выгнаў з Ерусаліму ў Бабілон, слухайце слова ГОСПАДА.
так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, пра Ахава, сына Каліінага, і пра Сэдэкію, сына Маасэінага, якія прарочаць вам імем маім ілжу: вось, Я перадам іх у рукі Навухаданосара, цара Вавілонскага, і ён заб’е іх у вас на вачах.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, пра Ахава, сына Каляі, і Сэдэкію, сына Маасэі, якія прарочаць вам хлусьню ў імя Маё. Вось, Я аддам іх у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ён заб’е іх на вачах вашых.
І прынята будзе ад іх усімі перасяленцамі Юдэйскімі, якія ў Вавілоне, праклінаць так: «хай зробіць табе Гасподзь тое самае, што Сэдэкію і Ахаву», якіх цар Вавілонскі спражыў на агні
І будзе ўзяты з іх [прыклад] праклёну для ўсіх выгнанцаў Юды, якія ў Бабілоне, [і будуць казаць], кажучы: “Няхай зробіць табе ГОСПАД як Сэдэкіі і Ахаву, якіх валадар Бабілонскі смажыў на агні”,
за тое, што яны рабілі брыдкае ў Ізраілі: пералюбнічалі з жонкамі блізкіх сваіх і імем Маім гаварылі ілжу, чаго Я не наказваў ім; Я ведаю гэта і Я сьведка, кажа Гасподзь.
за тое, што яны ўчынілі агіду ў Ізраілі, і чужаложылі з жонкамі бліжніх сваіх, і прамаўлялі ў імя Маё слова хлусьні, якога Я ім не загадваў. Я ведаю [гэта], і Я — сьведка [гэтага], кажа ГОСПАД.
І Шэмаію Нэхэламіцяніну скажы:
А Шэмаі з Нэхеламу скажаш, кажучы:
так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: за тое, што ты пасылаў пісьмы ад імя свайго да ўсяго народу, які ў Ерусаліме, і да сьвятара Сафонія, сына Маасэінага, і да ўсіх сьвятароў, і пісаў:
“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. За тое, што ты паслаў лісты ў імя сваё да ўсяго народу, які ў Ерусаліме, і да Сафоніі, сына Маасэі, сьвятара, і да ўсіх сьвятароў, кажучы:
Гасподзь паставіў цябе сьвятаром замест сьвятара Ёдая, каб ты быў паміж прыглядчыкамі ў доме Гасподнім за кожным чалавекам, які шалее і прарочыць, і каб ты вязьніў такога ў цямніцу і ў калодку:
"ГОСПАД паставіў цябе сьвятаром на месца Егаяды сьвятара, каб ты быў наглядчыкам у Доме ГОСПАДА над кожным чалавекам, які шалее і прарочыць, каб яго аддаў у вязьніцу і ў кайданы.
чаму ж ты не забароніш Ерамію Анатоцкаму прарочыць у вас?
І цяпер, чаму ты не забараніў [гаварыць] Ярэміі з Анатоту, які прарочыць да вас?
бо ён і да нас у Вавілон прыслаў сказаць: «палон будзе працяглы: будуйце дамы і жывеце ў іх, разводзьце сады і ежце плады зь іх».
Бо ён прыслаў да нас, у Бабілон, кажучы: 'Доўга гэта [будзе]. Будуйце дамы і жывіце ў іх, садзіце сады, і ешце плады іхнія!'"”
Калі Сафонія сьвятар прачытаў гэта пісьмо ўголас прароку Ерамію,
І прачытаў сьвятар Сафонія ліст гэты ў вушы Ярэміі прарока.
тады было слова Гасподняе Ерамію:
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
пашлі да ўсіх перасяленцаў сказаць: так кажа Гасподзь пра Шэмаію Нэхэламіцяніна: за тое, што Шэмаія ў вас прарочыць, а Я не пасылаў яго, і абнадзейвае вас фальшыва, —
“Пашлі да ўсіх выгнанцаў, кажучы: "Гэта кажа ГОСПАД да Шэмаі з Нэхеламу. За тое, што прарочыў вам Шэмая, а Я не пасылаў яго, і ён умацоўваў спадзяваньне вашае на хлусьню,
за тое, так кажа Гасподзь: вось, Я пакараю Шэмаію Нэхэламіцяніна і племя ягонае; ня будзе ад яго чалавека, каб жыў сярод народа гэтага, і ня ўбачыць ён таго дабра, якое Я зраблю народу Майму, кажа Гасподзь; бо ён гаварыў насуперак Госпаду.
за гэта, кажа ГОСПАД, Я наведаю Шэмаю з Нэхеламу і насеньне ягонае. Ня будзе ён мець чалавека, які будзе жыць сярод народу гэтага, і ня ўбачыць ён дабра, якое Я зраблю народу Майму, кажа ГОСПАД, бо ён прамаўляў бунтоўнае супраць ГОСПАДА"”».