Ераміі 48 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Пра Мааў так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: гора Нэво! ён спустошаны; Карыятаім пасаромлены і ўзяты; Мізгаў пасаромлены і разьбіты.
 
Адносна Мааву. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Гора Нэво, бо ён зьнішчаны, і Кірыятаім асаромлены і здабыты, асаромлены замак і напалоханы.

Няма болей славы Маава; у Эсэвоне намышляюць супроць яго ліхое: «хадзем, скасуем яго зь ліку народаў». І ты, Мадмэна, загінеш; меч ідзе сьледам за табою.
 
Няма больш славы ў Мааве! У Хешбоне задумляюць ліхоту супраць яго: “Хадзем, выгубім яго спаміж народаў”. Таксама ты, Мадмэн, замоўкнеш, за табою прыйдзе меч.

Чуцен лямант ад Аранаіма, спусташэньне і разбурэньне вялікае.
 
Голас крыку з Харанаіму: “Спусташэньне і бяда вялікая”.

Разьбіты Мааў; ляманту нарабілі дзеці ягоныя.
 
Мааў пераможаны! Чуваць крык аж да Цаару.

На ўзыходзе ў Лухіт плач і плач падымаецца; і на спуску з Аранаіма непрыяцель чуе лямант пра руйнаваньне.
 
Праз вандол у Люхіт узыходзяць, плачучы, на схіле Харанаіму чутна галашэньне пра загубу:

Уцякайце, ратуйце жыцьцё сваё, і будзьце падобныя на голае дрэва ў пустыні.
 
“Уцякайце! Ратуйце душы вашыя і будзеце як той верас у пустыні”.

Як бо ты спадзяваўся на дзеі твае і на скарбы твае, дык і ты будзеш узяты, Хамос пойдзе ў палон, разам са сваімі сьвятарамі і сваімі князямі.
 
За тое, што ты спадзяваўся на справы твае і на скарбы твае, ты таксама будзеш здабыты, і Кемош пойдзе на выгнаньне, і разам [з ім] сьвятары ягоныя і князі ягоныя.

І прыйдзе спусташальнік на ўсякі горад, і горад не ацалее; і загіне даліна, і апусьцее раўніна, як сказаў Гасподзь.
 
І прыйдзе руйнаваньне ў кожны горад, і [ніводзін] горад не ўратуецца, і загіне даліна, і будзе зьнішчана раўніна, бо [гэта] сказаў ГОСПАД.

Дайце крылы Мааву, каб ён мог паляцець; гарады яго будуць пустыняю, бо ня будзе каму жыць у іх.
 
Дайце крылы Мааву, і ён паляціць, і гарады ягоныя стануцца пустэчаю, і ня будзе жыхароў у іх.

Пракляты, хто справу Гасподнюю робіць абы як, і пракляты, хто стрымлівае меч Яго ад крыві!
 
Пракляты, хто выконвае справу ГОСПАДА нядбала! Пракляты, хто меч Ягоны стрымлівае ад крыві!

Мааў з маладосьці сваёй быў у спакоі, сядзеў на дрожджах сваіх і яго не пералівалі з посуду ў посуд, і ў палон не хадзіў; таму і заставаўся ў ім смак яго, і пах яго не мяняўся.
 
Мааў цешыўся супакоем ад юнацтва свайго і адпачываў спакойна на дражджах сваіх, і ня быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не ішоў на выгнаньне. Таму захаваў ён смак свой, і пах ягоны не зьмяніўся.

Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я прышлю да яго пералівальнікаў, якія перальюць яго і спарожняць посуд яго, і паб’юць збаны ягоныя.
 
Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я пашлю да яго тых, якія наліваюць [віно], і яны перальюць яго, і посуд ягоны спустошаць, і збаны ягоныя патаўкуць.

І пасаромлены будзе Мааў дзеля Хамоса, як дом Ізраілеў пасаромлены быў дзеля Вэтыля, надзеі сваёй.
 
І будзе саромецца Мааў дзеля Кемоша, як дом Ізраіля саромеўся дзеля Бэтэлю, на які спадзяваўся.

Як вы кажаце: «мы людзі адважныя і моцныя для вайны?»
 
Як вы [можаце] казаць: “Мы — волаты і ваяры ў бітве”?

спустошаны Мааў, і гарады яго гараць, і адборныя хлопцы яго пайшлі на закол, кажа Цар, — Гасподзь Саваоф імя Яго.
 
Той, хто зьнішчыць Мааў і гарады ягоныя, прыходзіць, і найлепшыя юнакі ягоныя пойдуць на зарэз, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.

Блізкая пагібель Маава, і вельмі сьпяшаецца бедства ягонае.
 
Набліжаецца загуба Мааву, вельмі сьпяшаецца бяда ягоная.

Пашкадуйце яго ўсе суседзі ягоныя, і ўсе, хто ведае імя яго, скажэце: «як паламана жазло сілы, посах славы!»
 
Спачувайце яму, усе, хто навокал яго, і ўсе, якія ведаеце імя ягонае, і кажыце: “Як зламаны скіпетр моцны, кій слаўны!”

Сыдзі з вышыні велічы і сядзі ў смазе, дачка — жыхарка Дывона; бо спусташальнік Маава прыйдзе да цябе і зруйнуе ўмацаваньні твае.
 
Зыйдзі са славы сваёй і сядзь у сухой [зямлі], дачка Дыбону, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааву, і ён зруйнуе цьвярдыні твае.

Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра, пытайся ў таго, хто бяжыць і ратуецца: «што сталася?»
 
Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэру, і пытайся таго, хто ўцёк, і таго, хто ўратаваўся, і кажы: “Што сталася?”

Пасаромлены Мааў, бо разьбіты; галасеце і енчыце, абвясьцеце ў Арноне, што спустошаны Мааў.
 
Мааў асаромлены, бо зламаны. Крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што спустошаны Мааў.

І суд прыйшоў на раўніны, на Халон і на Яацу, і на Мафат,
 
Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Халён, на Ягцу, на Мэфаат,

і на Дывон і на Нэво, і на Бэт-Дыўлатаім,
 
на Дыбон, на Нэво, на Бэт-Дыблатаім,

і на Карыятаім і на Бэт-Гамул, і на Бэт-Маон,
 
на Кірыятаім, на Бэт-Гамуль, на Бэт-Мэон,

і на Керыот на Васор, і на ўсе гарады зямлі Маавіцкай, далёкія і блізкія.
 
на Керыёт, на Боцру і на ўсе гарады зямлі Мааў, далёкія і блізкія.

Адсечаны рог у Маава, і мышца яго зламана, кажа Гасподзь.
 
Адсечаны рог Мааву, і зломлена рамяно ягонае, кажа ГОСПАД.

Напаеце яго п’яным, бо ён падняўся супроць Госпада: і хай Мааў качаецца ў ванітах сваіх, і сам будзе пасьмешышчам.
 
Напаіце яго, бо ён узьвялічваўся супраць ГОСПАДА, і няхай паваліцца Мааў у ванітаваньні свае і станецца пасьмешышчам.

Ці ня быў пасьмешышчам у цябе Ізраіль? хіба ён быў злоўлены сярод злодзеяў, што ты, бывала, як толькі загаворыш пра яго, круціш галавою?
 
Ці ня быў для цябе пасьмешышчам Ізраіль? Хіба ён знойдзены сярод злодзеяў, што ты ківаеш галавою, калі пра яго гаворыш?

Пакіньце гарады і жывеце на скалах, жыхары Маава, і будзьце, як галубы, якія робяць гнёзды каля ўваходу ў пячору.
 
Пакідайце гарады і жывіце сярод скалаў, жыхары Мааву, і будзьце як голуб, які віе гняздо на збоччах на краі стромы.

Мы чулі пра гонар Маава, гонар надмерны, пра ягоную пыху і фанабэрыю, і задавацтва яго і ганарлівасьць сэрца ягонага.
 
Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, ганарыстасьць вялікую, пра фанабэрыстасьць ягоную і пра зухвальства ягонае, пра пыхлівасьць ягоную і надзьмутасьць сэрца ягонага.

Ведаю Я дзёрзкасьць ягоную, кажа Гасподзь, але гэта — ненадзейна; пустыя словы ў яго: ня так зробяць.
 
Я ведаю, кажа ГОСПАД, дзёрзкасьць ягоную, і што пустая пахвальба ягоная, і нявартае тое, што робяць яны.

Таму буду галасіць па Мааве і енчыць па ўсім Мааве; будуць уздыхаць па мужчынах Кірхарэса.
 
Дзеля таго Я галашу дзеля Мааву, і дзеля ўсяго Мааву лямантую, і бядую дзеля людзей Кір-Хэрэсу.

Буду плакаць па табе, вінаграднік Сэвамскі, плачам Язэра; галіны твае распасьцерліся за мора, дасталі да возера Язэра; спусташальнік напаў на летнія плады твае і на сьпелы вінаград.
 
Больш, чым дзеля Язэру, Я плачу дзеля цябе, вінаграднік Сібмы! Парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да мора Язэру, але напаў нішчыцель на сьпелы плод твой і на вінаград твой.

Радасьць і весялосьць забраны ў Карміла і ў зямлі Маава. Я паклаў крэс віну ў чавільнях; ня будуць болей таптаць у іх зь песьнямі; крык бітвы будзе, а ня крык радасьці.
 
І забраныя радасьць і пацеха з вінаградніку і з зямлі Мааў, і Я скончу віно ў тоўчнях, [ніхто] яго не выціскае з радаснай песьняй, і радасная песьня [ўжо] ня радасная песьня.

Ад ляманту Эсэвона да Элеалы і да Яацы яны падымуць голас свой ад Сігора да Аранаіма, да трэцяй Эглы, бо і воды Німрыма высахнуць.
 
Ад крыку з Хешбону аж да Элеале, аж да Ягацу даходзіць голас іхні, ад Цаару да Харанаіму і да Эглят-Шэлішыі, бо нават воды Німрыму стануць сухой [зямлёю].

Зьнішчу ў Маава, кажа Гасподзь, тых, што прыносяць ахвяры на вышынях і кадзяць божышчам ягоным.
 
Я выгублю ў Мааве, кажа ГОСПАД, таго, хто ўзыходзіць на ўзгоркі і кадзіць багам сваім.

Таму сэрца маё стогне па Мааве як жалейка; па жыхарах Кірхарэса стогне сэрца маё як жалейка, бо багацьці, імі здабытыя, загінулі:
 
Дзеля гэтага сэрца Маё дзеля Мааву як жалейка стогне, і дзеля людзей Кір-Хэрэсу як жалейка стогне, бо ўсё, што яны сабралі, прапала.

у кожнага галава голая і ў кожнага барада ўкарочаная; ва ўсіх на руках драпіны і на сьцёгнах вярэта.
 
Бо кожная галава аблысела, і кожная барада абголена, на ўсіх руках — нарэзы, і на сьцёгнах — зрэбніца.

На ўсіх дахах Маава і на вуліцах яго агульны плач, бо Я разьбіў Маава, як непатрэбны посуд, кажа Гасподзь.
 
На ўсіх дахах Мааву і на плошчах ягоных лямант вялікі, бо Я раструшчыў Мааў, як посуд [гліняны], які не падабаецца, кажа ГОСПАД.

Які разьбіты ён, будуць казаць галосячы; як Мааў пакрыўся сорамам, паказаўшы сьпіну! і будзе Мааў пасьмешышчам і жахам усім, хто акружае яго,
 
Які ён раструшчаны! Галасіце! Як Мааў уцякаў асаромлены! І стаўся Мааў пасьмешышчам і страхоцьцем для ўсіх навокал.

бо так кажа Гасподзь: вось, як арол, паляціць ён і раскіне крылы свае над Маавам.
 
Бо гэта кажа ГОСПАД. Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маавам.

Гарады будуць узятыя, і цьвярдыні заваёваны, і сэрца адважных Маавіцян будзе ў той дзень як сэрца жанчыны, што пакутуе ў родах.
 
Керыёт будзе здабыты, і крэпасьці захопленыя. І будзе сэрца волатаў Мааву ў той дзень, як сэрца жанчыны, якая нараджае.

І вынішчаны будзе Мааў зь ліку народаў, бо ён паўстаў супроць Госпада.
 
І будзе зьнішчаны Мааў як народ, бо ўзьвялічваўся супраць ГОСПАДА.

Жудасьць і яма і шворка — табе, жыхар Маава, сказаў Гасподзь.
 
Жах, яма і пастка для цябе, жыхар Мааву, кажа ГОСПАД.

Хто ўцячэ ад жудасьці, — упадзе ў яму; а хто выйдзе зь ямы, — трапіць у шворку; бо Я навяду на яго, на Маава, гадзіну наведваньня іх, кажа Гасподзь.
 
Хто ўцячэ ад жаху, упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены ў пастку, бо Я прывяду на Мааў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.

Пад ценем Эсэвона спыніліся ўцекачы, зьнясілеўшы; але агонь выйшаў з Эсэвона і полымя з асяродзьдзя Сігона, і зжарэ бок Маава і цемя сыноў мяцежных.
 
У ценю Хешбону стануць зьнясіленыя ўцекачы, але агонь выйдзе з Хешбону, і полымя — з сярэдзіны Сыгону, і праглыне бакі Мааву і цемя сыноў бунту.

Гора табе, Мааве! загінуў народ Хамоса, бо сыны твае ўзяты ў палон, і дочкі твае — у палон,
 
Гора табе, Мааў! Загінуў народ Кемоша, бо сыны твае ўзятыя ў палон, і дочкі твае — у няволі.

але апошнімі днямі вярну палон Маава, кажа Гасподзь. Дагэтуль суд на Маава.
 
Але Я вярну палонных Мааву ў будучыя дні, кажа ГОСПАД. Аж дасюль суд над Маавам».