Ераміі 9 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

О, хто дасьць галаве маёй ваду, і вачам маім — крыніцу сьлёз! я дзень і ноч плакаў бы па забітых у дачкі народа майго.
 
Хто зробіць галаву маю [крыніцай] вады, а вочы мае — фантанам сьлёзаў, і я буду ўдзень і ўначы плакаць дзеля забітых дачкі народу майго?

О, хто даў бы мне ў пустыні прыстанак дарожны! пакінуў бы я народ мой і сышоў бы ад іх: бо ўсе яны пералюбнікі, зграя вераломных.
 
Хто дасьць мне ў пустыні прыстанішча, каб я мог пакінуць народ мой і адыйсьціся ад яго? Бо ўсе яны — чужаложнікі, зборышча здраднікаў.

Як лук, напінаюць язык свой дзеля ілжы, мацуюцца на зямлі няпраўдаю; бо пераходзяць ад аднаго ліха да другога, і Мяне ня ведаюць, кажа Гасподзь.
 
Яны напінаюць язык свой [быццам] лук, хлусьня і няпраўда ўмацаваліся на зямлі, бо ад ліхоты ідуць да ліхоты, а Мяне ня ведаюць, кажа ГОСПАД.

Трымайцеся кожны сябра свайго, і не давярайце ніводнаму з братоў сваіх; бо кожны брат ставіць спатыку другому, і кожны сябар пераносіць паклёпы.
 
Высьцерагаюцца адзін аднаго, і брат да брата ня мае даверу, бо кожны брат, ашукваючы, ашуквае, і кожны бліжні ачарняе падступна.

Кожны ашуквае сябра свайго, і праўды ня кажуць; прывучылі язык свой гаварыць ману, хітруюць да стомы.
 
Чалавек падманвае бліжняга свайго і праўды ня кажа, яны прывучылі язык свой прамаўляць хлусьню, стаміліся, робячы ліхое.

Ты жывеш сярод падступнасьці; з падступнасьці яны адмаўляюцца ведаць Мяне, кажа Гасподзь.
 
Ты жывеш сярод падману, праз падман яны ня хочуць ведаць Мяне, кажа ГОСПАД.

Таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, я растаплю і выпрабую іх; бо як інакш мне трэба рабіць з дачкою народа Майго?
 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, Я ператаплю іх і выспрабую іх, бо што іначай магу ўчыніць адносна дачкі народу Майго?

Язык іхні — забойчая страла, гаворыць падступна; вуснамі сваімі гавораць з блізкімі сваімі прыязна, а ў сэрцы сваім ладзяць яму аковы.
 
Як страла згубная язык іхні, ашуканства кажуць вуснамі сваімі, гавораць бліжняму свайму “супакой”, а ў нутры сваім рыхтуюць пастку.

Няўжо Я не пакараю іх за гэта, кажа Гасподзь? ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?
 
Ці за гэта Я ня маю караць іх? — кажа ГОСПАД. Ці народу такому не адпомсьціць душа Мая?

Па горах падыму плач і лямант, і па стэпавых пашах — галашэньне, бо яны выпалены, так што ніхто там не праходзіць, і ня чуваць, каб статкі бляялі: ад птушак нябесных да быдла — усе расьсеяліся, сышлі.
 
У гарах Я ўзьніму плач і галашэньне, а на пашах у пустыні — сьпеў жалобны, бо яны спаленыя, няма нікога, хто там праходзіць, і не чутно там рыку быдла; ад птушкі нябеснай аж да дзікага зьвера ўсе разьбегліся, зьніклі.

І зраблю Ерусалім крушняю, селішчам шакалаў, і гарады Юдэі зраблю пустыняю, без жыхароў.
 
І Я зраблю Ерусалім купай друзу і лежышчам цмокаў, а гарады Юды замяню на пустэчу, дзе ніхто не жыве”.

Ці ёсьць такі мудрэц, які зразумеў бы гэта? І да каго гавораць вусны Гасподнія — растлумачыў бы, за што загінула краіна і выпалена, як пустыня, так што ніхто не праходзіць па ёй?
 
Хто чалавек мудры і зразумее гэта? Да каго вусны ГОСПАДА прамовілі і абвясьцілі, чаму загінула зямля, спаленая, як пустыня, дзе няма каму хадзіць?

І сказаў Гасподзь: за тое, што яны пакінулі закон Мой, які Я ўстанавіў ім, і ня слухалі голасу Майго і не рабілі паводле яго;
 
І сказаў ГОСПАД: “За тое, што яны пакінулі Закон Мой, які Я даў перад абліччам іхнім, і ня слухалі голас Мой, і не хадзілі паводле [Закону],

а хадзілі паводле ўпартасьці сэрца свайго і па сьледзе Ваала, як навучылі іх бацькі іхнія.
 
але пайшлі паводле закамянеласьці сэрца свайго і за Баалам, як навучылі іх бацькі іхнія”.

Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я накармлю іх, гэты народ, палыном, і напаю іх вадою з жоўцю;
 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я накармлю народ гэты палыном і напаю іх вадой атрутнай.

і расьсею іх сярод народаў, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх.
 
І Я расьцярушу іх сярод народаў, якіх ня ведаюць яны і бацькі іхнія, і пашлю ўсьлед за імі меч, аж пакуль ня выгублю іх”.

Так кажа Гасподзь Саваоф: падумайце і паклічце плакальшчыц, каб яны прыйшлі; пашлеце на ўмеліц у гэтай справе, каб яны прыйшлі.
 
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Зважце [на гэта] і паклічце плачак, няхай яны прыйдуць, пашліце па мудрых, і няхай прыйдуць.

Хай яны пасьпяшаюцца і падымуць плач па нас, каб з вачэй нашых ліліся сьлёзы, і зь веек нашых цякла вада.
 
І няхай пасьпяшаюцца, і няхай узьнімуць дзеля нас галашэньне, і няхай пацякуць сьлёзы з вачэй нашых, і няхай вада пацячэ з павекаў нашых”.

Бо голас плачу чуцен зь Сіёна: «як мы абрабаваны! мы жорстка пасаромленыя, бо пакідаем зямлю, бо разбурылі жытлішчы нашы».
 
Бо голас галашэньня чуваць з Сыёну: “Як мы зьнішчаны, мы вельмі асаромленыя, бо мусім пакінуць зямлю сваю, пакінуць паселішчы нашыя!”

Дык вось, слухайце, жанчыны, слова Госпада, і хай уважае вуха ваша слову вуснаў Ягоных; і вучэце дачок вашых плакаць, і адна адну — песьням плачу.
 
Паслухайце, жанчыны, слова ГОСПАДА, і няхай прыймуць вушы вашыя слова вуснаў Ягоных, і навучыце дочак вашых галашэньням, а адна другую — песьням жалобным.

Бо сьмерць уваходзіць у нашыя вокны, урываецца ў харомы нашыя, каб вынішчыць дзяцей з вуліцы, юнакоў з плошчаў.
 
Бо сьмерць улезла праз вокны нашыя, увайшла ў дамы нашыя, нішчыць дзяцей на вуліцах і юнакоў на плошчах.

Скажы: так кажа Гасподзь: і будуць кінуты трупы людзей, як гной на поле і як снапы за жняцом, і ня будзе каму пазьбіраць іх.
 
Прамаўляй гэтак, кажа ГОСПАД. І будуць ляжаць трупы чалавечыя, як гной на абліччы поля і як снапы за жняцом, і няма каму зьбіраць [іх].

Так кажа Гасподзь, хай не хваліцца мудры мудрасьцю сваёю, хай ня хваліцца дужы сілаю сваёю, хай ня хваліцца багаты багацьцем сваім.
 
Гэта кажа ГОСПАД: “Няхай ня хваліцца мудры мудрасьцю сваёй, і няхай ня хваліцца асілак сілаю сваёй, і няхай ня хваліцца багаты багацьцем сваім,

а хвалько хваліся тым, што разумееш і ведаеш Мяне, што Я — Гасподзь, Які творыць міласьць, суд і праўду на зямлі: бо толькі гэта заўгодна Мне, кажа Гасподзь.
 
але хто хваліцца, няхай хваліцца тым, што ён разумны і ведае Мяне, што Я — ГОСПАД, Які чыніць міласэрнасьць, суд і праведнасьць на зямлі, бо гэта падабаецца Мне, кажа ГОСПАД.

Вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я наведаю ўсіх абрэзаных і неабрэзаных:
 
Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я наведаю ўсіх абрэзаных, але са скуравінкай,

Егіпет і Юдэю, і Эдома і сыноў Амонавых, і Маава і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях, што жывуць у пустыні: бо ўсе гэтыя народы неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраілеў зь неабрэзаным сэрцам.
 
Эгіпет, Юду, Эдом, сыноў Амона, Мааў і ўсіх, якія падразаюць валасы і жывуць у пустыні, бо ўсе народы неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраіля — з неабрэзаным сэрцам”.