Ераміі 9 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
О, хто дасьць галаве маёй ваду, і вачам маім — крыніцу сьлёз! я дзень і ноч плакаў бы па забітых у дачкі народа майго.
Хто дасьць галаве маёй вады і ачом маім — жарало сьлёзаў! дзень і ноч я плакаў бы па забітых дачкі люду майго.
О, хто даў бы мне ў пустыні прыстанак дарожны! пакінуў бы я народ мой і сышоў бы ад іх: бо ўсе яны пералюбнікі, зграя вераломных.
О, каб я меў на пустыні гасподу падарожных! то я пакінуў бы люд свой і адышоў ад іх; бо ўсі яны чужаложнікі, збор ізраднікаў.
Як лук, напінаюць язык свой дзеля ілжы, мацуюцца на зямлі няпраўдаю; бо пераходзяць ад аднаго ліха да другога, і Мяне ня ведаюць, кажа Гасподзь.
«Як лук, яны напінаюць язык свой, лук іхны хвальшывы і ня дзеля вернасьці яны дужэюць на зямлі; бо пераходзяць ад ліха да ліха і ня знаюць Мяне, — агалашае СПАДАР.
Трымайцеся кожны сябра свайго, і не давярайце ніводнаму з братоў сваіх; бо кожны брат ставіць спатыку другому, і кожны сябар пераносіць паклёпы.
Кажны сьцеражыся прыяцеля свайго і на кажнага брата не здавайся, бо кажны брат надта ашукуе, і кажны прыяцель будзе хадзіць із абмовамі.
Кожны ашуквае сябра свайго, і праўды ня кажуць; прывучылі язык свой гаварыць ману, хітруюць да стомы.
Адзін аднаго ашукуюць, а праўды ня кажуць; язык свой прывучылі гукаць ману, аж да стомы дзеюць бяспраўе.
Ты жывеш сярод падступнасьці; з падступнасьці яны адмаўляюцца ведаць Мяне, кажа Гасподзь.
Сяліба твая сярод ашукі; з прычыны ашукі яны адмаўляюцца знаць Мяне», — агалашае СПАДАР.
Таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, я растаплю і выпрабую іх; бо як інакш мне трэба рабіць з дачкою народа Майго?
Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Вось, Я пералітую іх і спрабую іх, бо што маю зрабіць дзеля дачкі люду Свайго?
Язык іхні — забойчая страла, гаворыць падступна; вуснамі сваімі гавораць з блізкімі сваімі прыязна, а ў сэрцы сваім ладзяць яму аковы.
Язык іхны — сьмяротная страла, гукае ашуку; вуснамі сваімі гукаюць прыяцелю свайму супакой, а ў сэрцу сваім гатуюць яму засаду.
Няўжо Я не пакараю іх за гэта, кажа Гасподзь? ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?
Ці не за гэта даведаюся да іх, — агалашае СПАДАР, — ці такому народу ня помсьціць душа Мая?
Па горах падыму плач і лямант, і па стэпавых пашах — галашэньне, бо яны выпалены, так што ніхто там не праходзіць, і ня чуваць, каб статкі бляялі: ад птушак нябесных да быдла — усе расьсеяліся, сышлі.
Па тых горах узьніму Я плач а галашэньне і па пасьцьбішчах пустыні галашэльную песьню; бо яны спалены так, што ніхто ня можа знайсьці, ня можа чуць гуку статку: ад птушкі нябёснае аж да зьвера разьбегліся, пайшлі.
І зраблю Ерусалім крушняю, селішчам шакалаў, і гарады Юдэі зраблю пустыняю, без жыхароў.
І Я зраблю Ерузалім кучамі, логвам шакалаў, і месты юдэйскія аддам на спустошаньне, будуць бяз жыхараў».
Ці ёсьць такі мудрэц, які зразумеў бы гэта? І да каго гавораць вусны Гасподнія — растлумачыў бы, за што загінула краіна і выпалена, як пустыня, так што ніхто не праходзіць па ёй?
Ці ё такі мудрэц, што сьцяміў бы гэта? І што кажуць яму вусны СПАДАРОВЫ — зьясьніў бы, за што загінуў край і спалены, як пустыня, што ніхто ня ходзе па ім?
І сказаў Гасподзь: за тое, што яны пакінулі закон Мой, які Я ўстанавіў ім, і ня слухалі голасу Майго і не рабілі паводле яго;
І СПАДАР кажа: «Бо пакінулі Права Мае, што Я даў ім, і ня слухалі голасу Майго, і ня йшлі за ім;
а хадзілі паводле ўпартасьці сэрца свайго і па сьледзе Ваала, як навучылі іх бацькі іхнія.
І пайшлі за ўпорлівым сэрцам сваім і за Вааламі, каторых айцове іхныя навучылі іх».
Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я накармлю іх, гэты народ, палыном, і напаю іх вадою з жоўцю;
Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Вось, Я дам есьці ім, гэтаму люду, палын, і дам піць атрутную ваду;
і расьсею іх сярод народаў, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх.
І разьвею іх таксама меж народаў, каторых ня зналі яны, ані айцове іхныя, і пашлю за імі меч, аж пакуль ня выгублю іх».
Так кажа Гасподзь Саваоф: падумайце і паклічце плакальшчыц, каб яны прыйшлі; пашлеце на ўмеліц у гэтай справе, каб яны прыйшлі.
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Разважча й гукніце галашэньніцы, каб яны прышлі; пашліце па мудрыя жанкі, каб яны прышлі.
Хай яны пасьпяшаюцца і падымуць плач па нас, каб з вачэй нашых ліліся сьлёзы, і зь веек нашых цякла вада.
Няхай яны пабарзьдзяць і падыймуць галашэньне па нас, каб із ачэй нашых паліліся сьлёзы, і з павеялак вашых цякла вада.
Бо голас плачу чуцен зь Сіёна: «як мы абрабаваны! мы жорстка пасаромленыя, бо пакідаем зямлю, бо разбурылі жытлішчы нашы».
Бо голас галашэньня чутны із Сыёну: "Як мы аглабаны, вельма паганбены, бо мы пакінулі зямлю, бо яны раськінулі гасподы нашы"».
Дык вось, слухайце, жанчыны, слова Госпада, і хай уважае вуха ваша слову вуснаў Ягоных; і вучэце дачок вашых плакаць, і адна адну — песьням плачу.
Але слухайце, жанкі, слова СПАДАРОВА, і няхай вуха вашае прыйме слова вуснаў Ягоных: вучыце дачкі вашы галашэньня і кажная суседку сваю — галашэльнае песьні;
Бо сьмерць уваходзіць у нашыя вокны, урываецца ў харомы нашыя, каб вынішчыць дзяцей з вуліцы, юнакоў з плошчаў.
Бо сьмерць узышла ў вокны нашы, прышла ў палацы нашы, каб адцяць сысуноў звонку, моладзеж із вуліцаў.
Скажы: так кажа Гасподзь: і будуць кінуты трупы людзей, як гной на поле і як снапы за жняцом, і ня будзе каму пазьбіраць іх.
Гукай: «Гэтак кажа СПАДАР: "Трупы людзкія паваляцца, як гной на адкрытым полю, і як снапоўе адзаду жняі, і няма каму зьбіраць іх"».
Так кажа Гасподзь, хай не хваліцца мудры мудрасьцю сваёю, хай ня хваліцца дужы сілаю сваёю, хай ня хваліцца багаты багацьцем сваім.
Гэтак кажа СПАДАР: «Няхай ня хваліцца мудры мудрасьцяй сваёй, няхай ня хваліцца дужы дужасьцяй сваёй, няхай ня хваліцца багаты багацьцям сваім.
а хвалько хваліся тым, што разумееш і ведаеш Мяне, што Я — Гасподзь, Які творыць міласьць, суд і праўду на зямлі: бо толькі гэта заўгодна Мне, кажа Гасподзь.
Але гэтым хай хваліцца, хто хваліцца, што разумее а знае Мяне, што Я СПАДАР, Каторы чыне міласэрдзе, суд а справядлівасьць на зямлі; бо гэта Я любую», — агалашае СПАДАР.
Вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я наведаю ўсіх абрэзаных і неабрэзаных:
«Вось, дні прыходзяць, — агалашае СПАДАР, — што Я даведаюся да кажнага абрэзанага й неабрэзанага:
Егіпет і Юдэю, і Эдома і сыноў Амонавых, і Маава і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях, што жывуць у пустыні: бо ўсе гэтыя народы неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраілеў зь неабрэзаным сэрцам.
Да Ягіпту а Юдэі а Едому а да сыноў Амонавых а Моава а да ўсіх, із адцятымі бакамі; бо ўсі гэтыя народы неабрэзаныя, але ўвесь дом Ізраеляў неабрэзанага сэрца».